[БЕЛАПАН] У працы з моладдзю трэба карыстацца прынцыпам: калі штосьці забараняеш, прапануй наўзамен іншае, мяркуе святар Вячаслаў
Штогадовы злёт праваслаўнай моладзі Гарадзенскай епархіі, які сёлета прайшоў 28—30 чэрвеня ў вёсцы Коматава Скідальскага благачыння, праводзіцца з мэтай аб`яднання і згуртавання царкоўнай моладзі, каб сучасная моладзь перадавала свой досвед прыхадскога, царкоўнага служэння наступным пакаленням і магла выступаць адзінай сілай.
Вiдэа: http://by.belapan.com/archive/2013/07/02/by_media_slet/
Месца злёту абранае невыпадкова. Менавіта тут выдзелены ўчастак зямлі пад будаўніцтва царкоўнага моладзевага цэнтра.
"Сёлета злёт сабраў прадстаўнікоў усіх благачынняў Гродзенскай епархіі. Праграма разлічаная на тры дні. Яна складаецца з лекцыі на багаслоўскія тэмы, гутаркі па групах на гістарычныя і іншыя актуальныя тэмы духоўнага жыцця. Абавязкова здзяйсняюцца малітвы", — расказаў ў інтэрв`ю БелаПАН протаіерэй Вячаслаў Гаплічнік, настаяцель храма ў гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага.
Паводле слоў святара, таксама ў лагеры адбылася сустрэча з кіравальным архірэем епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем, які адказваў на пытанні, якія хвалююць моладзь. Тэма гутаркі, як і сам злёт, была прымеркаваная да 1025-годдзя хрышчэння Русі.
"Моладзь жывая і вельмі таварыская. Ёй нельга знаходзіцца на злёце без песень, рухомых гульняў і спартовых мерапрыемстваў, без жартаў, смеху, — распавёў айцец Вячаслаў. —Чалавек не павінен браць на сябе непасільных подзвігаў, перагружаць сябе, нават якімі-небудзь духоўнымі працамі. Таму малітва, духоўныя зносіны, духоўнае чытанне павінна спалучацца з нейкім адпачынкам, жартамі, рознымі моладзевымі мерапрыемствамі і спартовымі спаборніцтвамі. Гэта робіць цікавымі падобныя зборы. Таму праграмы нашых злётаў заўсёды ўтрымліваюць вясёлыя цікавыя мерапрыемствы, акрамя сур`ёзных царкоўных падзей".
Паводле меркавання святара, "у працы з моладдзю трэба карыстацца наступным прынцыпам: калі штосьці забараняеш, прапануй наўзамен штосьці іншае".
Відэа Алеся Невядомага, БелаПАН.