Архіепiскап Арцемій - пропаведзь у Нядзелю 25-ю па Пяцідзесятніцы
8 снежня паводле новага стылю, або 25 лістапада паводле старога стылю, у Нядзелю 25-ю па Пяцідзясятніцы, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай Літургіі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна.
Яму саслужылі настаяцель храма протаіерэй Георгій Рой і духавенства сабора. Пасля заканчэння літургіі было ажыццёўлена слаўленне з нагоды Аддання свята Уводзінаў у храм Прасвятой Багародзіцы.
Сваю пропаведзь Уладыка прысвяціў сённяшняму евангельскаму чытанню. У вобразе сагнутай жанчыны ўвасабляецца чалавек, які знаходзіцца ў стане паныласці і які праз яе нічога не бачыць вакол сябе. Прычынай такой паныласці нярэдка ёсць усведамленне чалавекам адсутнасці пераменаў у сваім духоўным жыцці. Чалавек робіць намаганні, каб ачысціцца ад грэху, але яны бываюць беспаспяховыя. І чалавека агортвае паныласць. Вобраз сагнутай і ўнуранай поглядам уніз жанчыны таксама ёсць увасабленнем чалавека, які знаходзіцца ў стане прэлесці. Гэта чалавек, цалкам сканцэнтраваны на сабе і на сваіх праблемах, толькі ўжо па дыяметральна адваротнай прычыне. І ацаленне сагнутай дае нам надзею на тое, што Міласэрны Гасподзь падасць нам ацаленне ад нашага грэху, толькі трэба набрацца цярпення, пакоры і мудрасці і працягваць працу над сабой, каб прычакаць той час, калі Гасподзь пазбавіць нас ад грэху.
Многія на сённяшні дзень схільныя сцвярджаць, што каб Гасподзь явіў ім свой цуд, яны, несумненна, паверылі б у Яго. Аднак сённяшняе евангельскае чытанне сведчыць аб адваротным. Ці паверыў начальнік сінагогі Хрысту, убачыўшы ацаленне жанчыны? Наадварот, ён асудзіў Яго, абгрунтаваўшы тым, што ў суботу нельга нічога рабіць. У імкненні выканаць пэўныя царкоўныя прадпісанні, да прыкладу, пэўныя гастранамічныя абмежаванні ў пост, мы часта забываемся на самае галоўнае - на выкананне запаведзі любові да Бога і бліжняга. А гэта якраз тое, што павінна праходзіць чырвонай ніткай праз усё жыццё хрысціяніна.
Няхай сённяшняе евангельскае чытанне паслужыць нам сур'ёзным духоўным імпульсам у справе нашага збаўлення.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч
Вiдэа: Мiкалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ