Вiншавальны адрас Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь удзельнiкам фестывалю "Каложскі Благавест"
Паважаныя арганізатары, удзельнікі і госці фестывалю! Дарагія сябры!
Шчыра віншую вас з нагоды правядзення чарговага XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Благавест» у горадзе Гродна.
Сярод шматлікіх мерапрыемстваў рэспублікі гэты фестываль займае асаблівае месца. Кожны год ён збірае разам вялікую колькасць удзельнікаў і гледачоў. Так, на сёлетні фестываль прыехалі мастацкія калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Македоніі, Полынчы, Расіі, Румыніі, Узбекістана, Украіны, Чарнагорыі.
Сапраўды, гэта значная падзея ў культурным жыцці нашай краіны - сумесны праект Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства культуры, вынік нашага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення на шляху захавання і прымнажэння культурных традыцый народа, яго хрысціянскіх каштоўнасцей.
Фестывальныя мерапрыемствы традыцыйна ахопліваюць шырокую аўдыторыю гледачоў у храмах, канцэртных і выставачных залах. Вакальна-харавыя калектывы, якія ўдзельнічаюць у фестывалі, і музычныя творы, а некаторыя з іх створаны стагоддзі таму, з'яўляюцца высокамастацкімі ўзорамі праваслаўнай культуры. Яны не страцілі сваёй актуальнасці ў сучасным жыцці - падтрымліваюць у чалавеку духоўнасць, міласэрднасць, аказваюць дабратворнае ўздзеянне на свядомасць чалавека.
Дазвольце выказаць шчырую падзяку арганізатарам фестывалю - Гродзенскім гарадскому і абласному выканаўчым камітэтам, і, вядома, асаблівую ўдзячнасць Гродзенскай Епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, за адказнасць, прафесіяналізм і гасціннасць, якія дазваляюць праводзіць мерапрыемствы фестывалю на высокім арганізацыйна- творчым узроўні.
Жадаю кожнаму святочнага настрою, творчых адкрыццяў і здзяйсненняў, плённых вынікаў ва ўсіх добрых справах, міру і дабрабыту.
Няхай фестываль надоўга запомніцца яркім святам, прынясе шмат радасных сустрэч, прыгажосці і духоўнага багацця.