Главная » Епархия » Правящий архиерей » Слова и речи » 2018 » 07 » 15 » Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя ў Нядзелю 7-ю пасля Пяцідзесятніцы

Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя ў Нядзелю 7-ю пасля Пяцідзесятніцы

У апостальскім пасланні мы чулі сёння словы, якія звернуты не толькі да рымлянаў, але і да кожнага з нас: “Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую” (Рым.15.7).

Хрыстос прыняў нас такімі, якія мы ёсць: сляпымі, апантанымі. Ён, не грэбуючы нечыстатой паўшага чалавека, дакранаецца да нашай апаганенай плоці. Ён уваходзіць у наш занядбаны грэхападзеннем лёс не для таго, каб асудзіць і пакараць, а для таго, “каб знайсцí і спасцí тое, што загíнула” (Лк.19.10).

Цуды, апісаныя ў сённяшнім Евангеллі, маюць дачыненне не толькі да тых сляпых, што сталі відушчымі, і не толькі да таго нямога, што пачаў гаварыць, нейкі больш глыбокі сэнс заключаны ў гэтых дзвюх падзеях, сэнс, які відавочна не зводзіцца да чыста клінічнай праблемы ачуньвання ад хваробы.

Справа, вядома, не ў ацаленні цела. Важней за ўсё – несмяротная чалавечая душа, дзеля вечнага быцця якой уцялесніўся, памёр і ўвакрэс наш Збаўца.

Досыць часта мы ў сваім жыцці маем справу з наступствамі, а не з прычынай. Ёсць немач, якая сапраўды жахае: гэта душэўнае захворванне людзей, цялесна здаровых, жыццёва папяховых, але страціўшых здольнасць прагнуць найвышэйшага. Такая хвароба вядзе не толькі да смерці, але і да вечнай пагібелі.

Нуда, маркота, упадак волі да жыцця, пагоня за ветрам, разгубленасць і знішчальнае пачуццё адзіноты – ці не характэрна ўсё гэта для большасці сучасных людзей? Жах бязмэтнасці і жах бяссілля – вось два жахі, якія паражаюць сёння многіх.

Будучы незадаволеным, чалавек траціць час на забавы, якія не спрыяюць цэльнасці яго асобы, а якія, наадварот, знішчаюць яе, разбураюць адзінства волі, думак і пачуццяў.

Той, хто не ведае Бога, не жыве, а існуе, нібы драпежная або пераследаваная, сытая або загнаная жывёла.

Сучасны чалавек знаходзіцца ў стане апантанасці, ён страціў гармонію сваіх сіл унутры сябе, ён пакутуе ад пустаты. Але як і ў нас саміх заключаецца прычына немачы, гэтаксама ў нашай жа душы закладзены і сродак яе лячэння – пакаянне. Ведаючы гэта, мы павінны ўсёй душой захацець вызваліцца ад граху. Са слоў святога Ісаака Сірына, “хто ўбачыў свае грахі, той блажэннейшы за таго, хто спадобіўся ўбачыць ангела”.

Ацаліць нас, нашу сляпую і нямую душу, вярнуць чалавеку зрок, вярнуць яму святло можа толькі Хрыстос – Святло ісціннае, гэтаксама, як і наталіць несмяротную душу можа толькі Бог – не ідэя Бога, а Бог жывы, Існы. Бога недастаткова мець у розуме, у мысленні, але трэба даць Яму месца ў нашым сэрцы, у нашай волі, у жыцці штодзённым.

“Будзь заўсёды заняты Богам, бо Бог усяму навучыць цябе і адкрые Святым Духам вышняе – нябеснае і ніжняе – зямное”, – кажа прападобны старац Паісій Велічкоўскі.

Справа нашага ратавання ажыццяўляецца таемнай сустрэчай Боскай благадаці і нашай уласнай волі, што скіроўваецца да Госпада.

На тое і дадзена нам свабодная воля, каб мы ўсімі сіламі шукалі Госпада, а знайшоўшы – следавалі за Ім.

Нам з вамі заўсёды хочацца стаць сведкамі якой-небудзь незвычайнай падзеі або цуду, што патрасае ўяўленне. Хочацца нам, каму таемна, неўсвядомлена, каму і яўна, каб заміраструменілі раптам іконы, каб ацаліліся ад пакутлівых хвароб блізкія і знаёмыя, каб Божая моц яўна і відавочна перамагла ў свеце і менавіта на нашых вачах, пры нашым экспертным удзеле.

Каб раз і назаўсёды, у выніку цудоўнай падзеі, зрабіліся мы праведнікамі, без асаблівага напружання, без празмерных намаганняў.

Але ж такое пасіўнае чаканне цуду асуджана Самім Госпадам. Малітва і ўздыханне, калі за імі не следуе духоўная актыўнасць, прыводзяць да самападману, да душэўнай пустаты і да расчараванняў. Мы закліканы ў меру сваіх сіл, у меру тых дараванняў, якія кожнаму з нас даў Гасподзь, вучыцца таму хрысціянскаму подзвігу, які ажыццяўлялі ўсе святыя падзвіжнікі веры і набожнасці, а не сядзець склаўшы рукі і не плыць па цячэнні, бо па цячэнні плыве толькі здохлая рыба.

Сапраўдны цуд, ды і сапраўдная мудрасць: жыць у гэтым свеце і заставацца хрысціянамі. Жыць сярод граху і разбурэння і не злаваць, не асуджаць, не праклінаць бязбожнікаў.

Не хвалюйцеся, калі прыйдзецца перажыць мноства няўдач на гэтым шляху. Мы павіны ведаць, што жыццё хрысціяніна – гэта жыццё, злучанае з пастаянным подзвігам, пастаянным напружаннем.

Калі Гасподзь кажа Сваім вучням пра “закваску фарысейскую” (Мф.16.6), Ён, вядома, мае на ўвазе рэальную для іх небяспеку заразіцца самім і заразіць іншых крывадушнай набожнасцю, якая асабліва страшная таму, што падмяняе сапраўдную працу душы, што называецца пакаяннем, сімуляцыяй такой працы, яе выяўленнем, своеасаблівай духоўнай паказухай.

І тут мы зноў задумваемся над гэтай дзіўнай здольнасцю чалавека, а значыць кожнага з нас, спрабаваць верыць у таго Бога, якога мы самі ствараем у сваёй душы. Мы хочам верыць у Бога, мы хочам спадзявацца на Бога, мы хочам атрымліваць ад Яго якую-небудзь дапамогу, таму што нам вельмі хочацца, каб Бог быў такім, якім ён павінен быць паводле нашага меркавання.

Калі звернемся да гісторыі, то колькі разбураных і яшчэ існуючых вавілонскіх вежаў нашага нядаўняга мінулага нагадваюць нам пра тыя ідалы, якія стваралі нашы з вамі продкі ў нядаўнім мінулым і дзеля якіх прыносілі мільёны чалавечых ахвяр. Але самае страшнае, калі людзі пачынаюць ствараць сабе ідалаў, заходзячыся ў Царкве. Яны пачынаюць верыць у такога Бога, які адпавядае іх меры духоўнага развіцця. І так бывае досыць часта. Невыпадкова больш за ўсё разлад узнікае і між хрысціянамі аб тым, які ж Хрыстос сапраўдны. Хрыстос іх царквы, Хрыстос іх прыхода, Хрыстос іх настаяцеля, Хрыстос іх уласны ў параўнанні з іншымі “хрыстамі”. І тут д’ябал улоўлівае чалавека самым вытанчаным спосабам. Людзі бачаць Царкву Хрыстову, бачаць хрысціянаў, і бачаць, як непадобныя яны адзін да аднаго.

Хрысціяне і не павінны быць аднолькавымі па сваіх асобасных дараваннях, але іх павінен яднаць той адзіны сапраўдны Хрыстос, пра якога апавядае Евангелле, і які так рэдка прысутнічае ў душы многіх хрысціянаў. Няхай сённяшняе Евангельскае чытанне, што выкрывае фарысеяў у тым, што яны, не верачы Хрысту, не прынялі Бога, бо стварылі Бога на сваё ўласнае падабенства, – няхай сённяшняе Евангельскае чытанне прымусіць нас задумацца, а ці дарагі нам Бог такі, які Ён ёсць, магчыма, у многім яшчэ схаваны ад нас? Ці гатовы мы прыняць Бога такім, якім Ён прыйшоў у гэты свет? Ці гатовы мы таму змяніцца самі, каб, пазнаўшы Хрыста, перамяніць на добрае і ўласную душу і навакольны свет? Амінь.

Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut