Пасхальнае віншаванне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія
Хрыстос уваскрэс!
Дарагія браты і сёстры!
Шчыра віншую вас з найвялікшым святам – Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, з Пасхай Гасподняй! Гэтыя велічныя словы пасхальнага вітання будуць гучаць пераможным гімнам Жыццю, якое для нас ёсць Хрыстос, у нашых храмах, дамах, сем’ях, а таксама ў сэрцах і душах, напаўняючы іх невычэрпнай радасцю аб Уваскрэслым Госпадзе.
Пасха Хрыстова – гэта свята дзівоснай перамогі над смерцю і цялеснай, і духоўнай. Бягучы 2017 год асаблівы, знакавы і для Царквы, і для грамадства: мы ўспамінаем драматычныя падзеі, якія разгарнуліся амаль сто гадоў назад і на тэрыторыі нашай краіны. У мінулым ХХ-м стагоддзі Праваслаўнай Царкве Промыслам Божым наканавана было прайсці праз суровыя выпрабаванні: тысячы святароў і простых вернікаў перанеслі жорсткія пакуты і нават прынялі лютую смерць за веру Хрыстову.Савецкі Саюз быў абвешчаны атэістычнай краінай, а з былых рэспублік Саюза менавіта БССР павінна была стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай.Беларуская Праваслаўная Царква, яе архіпастыры, святары і вернікі разам з усім народам прайшлі крыжовым шляхам Беларусі ад вар’яцкага і крывавага віру рэвалюцыі і братазабойчай грамадзянскай вайны праз гвалтоўныя змены ў грамадскім ладзе жыцця ў дваццатых-трыццатых гадах мінулага стагоддзя, вогненнае гарніла Вялікай Айчыннай да атэістычных часоў так званых “адлігі” і “застою”.
Як уваскрэс Хрыстос, так і Царква сёння ўваскрасае да новага жыцця. Спраўдзіліся словы Збавіцеля: “Збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не адолеюць яе”(Мф.16:18).З гэтай хвалі атэістычнага вар’яцтва і крывавых рэпрэсій, што накрыла нашу краіну і народ яе, Праваслаўная Царква выйшла ўзмоцненай крывёю навамучанікаў і вызнаўцаў веры, здолеўшы захаваць свой кананічны лад, іерархію і чысціню веравучэння.Па малітвах Прачыстай Дзевы Багародзіцы і ўсіх святых Зямлі Беларускай Праваслаўная Царква, распятая, але ўваскрасаючая, зараз адраджаецца, і будзем спадзявацца і верыць у тое, што Гасподзь благаславіць Сваёю ласкаю нашу зямлю і наш беларускі народ, які паступова вяртаецца да сваіх спрадвечных хрысціянскіх вытокаў і каранёў.
Светлая радасць Уваскрасення Хрыстова спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці. У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю вам найвялікшай радасці – узаемнай любві і адзінства ў Хрысце. З Пасхай Гасподняй! Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
+ АРЦЕМІЙ, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі
Пасха Хрыстова, 2017 г.
г. Гродна