ВОБРАЗ КАЛОЖЫ Ў МАСТАЦКІМ АСЭНСАВАННІ БЕЛАРУСКІХ ПАЭТАЎ
На высокім правым беразе Нёмана стаіць старажытная Свята-Барыса-Глебская царква. Яе сцены былі маўклівымі сведкамі гісторыі каралеўскага горада Гродна ледзь-ледзь не ад яго заснавання: сведкамі яго заняпаду і росквіту, крывапралітных войнаў і страшных пажарышчаў, аднаўленняў і ўзвышэння горада. І яны могуць распавесці гэтую гісторыю кожнаму, хто сапраўды жадае гэтага.
Можна смела сцвярджаць, што Каложа – гэта візітная картка г.Гродна. Таму выявы гэтага гістарычнага помніка мы сустракаем на паштоўках, літаграфіях і іншых сувенірных вырабах. Не ў меншай меры карыстаецца папулярнасцю Каложская царква ў беларускіх мастакоў.
Сваю даніну ўвагі аддалі Каложы і беларускія пісьменнікі, выказаўшы непамернае захапленне самабытнасцю, загадкавасцю, непаўторнасцю гэтага гістарычнага помніка.
Прыцягальнасць Каложскай царквы вытлумачваецца яшчэ адным фактарам: гэта культавы будынак, святое, ці як кажуць, “намоленае” месца, у якім і сёння праводзяцца набажэнствы. Паводле азначэння, дадзенага ў “Школьным тлумачальным слоўніку” [4], Храм – “гэта збудаванне, прызначанае для адпраўлення набажэнства і рэлігійных абрадаў, царква, касцёл, мячэць”, а ў пераносным значэнні – “месца, якое выклікае пашану, павагу”. Таксама слова ўжываецца, калі гаворка ідзе “пра высокія духоўныя каштоўнасці”.
Гэтыя адрозныя вызначэнні дакладна адлюстроўваюць палярныя людскія ўспрыманні святога месца: адно выяўляе бачанне храма як з’явы матэрыяльнай, зямной з яе прыкладным прызначэннем, другое ўказвае на месца, дзе чалавек далучаецца да Бога, дзе перажывае і адчувае існае яднанне з Ім.
Аналізуючы набыткі літаратуры ў гэтым рэчышчы, даследчык І.Багдановіч указвае на дзве ідэйна-стылёвыя дамінанты, якія рэалізаваліся на працягу ХХ ст. у беларускай паэзіі: “Храм як сімвал духоўнага ўзвышэння над заземленым матэрыяльным бытам і Храм як канкрэтная Святыня, апаэтызаваная з мэтаю падкрэсліць яе асаблівае гісторыка-пазнаваўчае альбо культурна-эстэтычнае значэнне” [1].
Зварот да канкрэтных твораў сучасных беларускіх паэтаў сапраўды дае магчымасць бачыць дастаткова розныя ракурсы мастацкага адлюстравання святыні і разнастайнасць яе паэтычнага выяўлення.
Так, значнаю часткай аўтараў Каложа ўспрымаецца як канкрэтная Святыня, апаэтызаваная з мэтаю падкрэсліць яе асаблівае гісторыка-пазнаваўчае альбо культурна-эстэтычнае значэнне. Прыкладам такой інтэрпрэтацыі можа служыць верш У. Караткевіча “Каложа” з прысвячэннем Дануце Бічэль-Загнетавай .
«Каложа, туга мая светлая!..» - гэта першыя радкі верша. Выкарыстанне аўтарам аксюмарану перадае разнастайнасць пачуццяў лірычнага героя, якія ўзнікаюць пад уплывам гэтага цудоўнага помніка архітэктуры ХІІ ст. Туга, сум – таму што на час напісання верша (1967г.) царква ўжо даўно не выконвала сваю прамую функцыю, не служыла месцам яднання людзей з Богам. Зваротак “абраная” сведчыць пра тое, што Каложа ўспрымаецца як грунтоўная выснова, якая так неабходна кожнаму чалавеку.
Дзякуючы звароткам, лірычны герой уступае з храмам у дыялог, як сапраўдны сябар, спачувае, суцяшае і адначасова захапляецца яго хараством. Гэта перадаецца таксама вялікай колькасцю параўнанняў:
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
…Уся – крышталь невыказна сіні,
Уся – як край наш, як сон, як вясна. [9, с. 227]
У параўнанні Каложы з зоркай-ракетай Бэтлеемскай закладзена думка пра тое сакральнае значэнне, якое Бэтлеемская зорка мае для веры, а гродзенскі храм – для людзей, нашчадкаў. Так у вершы нараджаецца чаканне і надзея, што Бог аднойчы аб’явіцца ў гэтым храме і чалавек зможа ісці Яму насустрач.
Калі ж яна “сыну неба” акрэсліць шлях да сябе, г. зн. стане месцам, дзе людзі змогуць памаліцца, то набудзе былую моц,
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы, дзяўчыны
З ніў і пушчаў Беларусі. [9, с. 227]
Нібы ў працяг караткевічаўскай думкі прачулымі радкамі адгукаецца на хараство найстарэйшай гродзенскай святыні паэтка Д.Бічэль-Загнетава, адзначаючы ў першую чаргу яе гарманічную з’яднанасць з наваколлем:
Каложа!
Каложа мая прыгожая!
Ты і ў завею,
як летам пагожая. [3, с.18]
Яна ж ўспрымае Каложу і як помнік старажытнасці, і як сімвал веры:
І вера, і цвёрдасць мая –
Каложа!
О, колькі крыжоў
На тваіх раздарожжах! [3, с.18]
Час Каложы вымяраецца стагоддзямі. Ды існуе непадзельная сувязь гісторыі, сённяшняга і будучага. "Васьмівяковая, і заўтра – сённяшняя", – сцвярджае паэтка ў вершы "Каложа", які ўвайшоў у зборнік "Нёман ідзе".
Лірычная гераіня ўсведамляе далучанасць спраў продкаў, сучаснікаў і нашчадкаў: "Бяссмерце продкаў маіх – Каложа". Гэта выказванне грунтуецца на шчырай упэўненасці ў непахіснасці маральных ідэалаў мінуўшчыны, вернасці ім: "Нішто цябе з сэрца вырваць не можа".
Вобраз Каложы асацыіруецца з вобразам усёй Беларусі, з яе нялёгкім мінулым, людскімі лёсамі. Гэты ж матыў еднасці храма з гісторыяй, Радзімай, чалавекам мы назіралі ў вершы Уладзіміра Караткевіча “Каложа”:
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Уся адзіная, уся са святла,
З небам, з Нёмнам, з зямлёю злітая,
З сэрцам нашым Каложа ўзрасла. [9, с. 227]
У вершах У.Караткевіча, Д.Бічэль, В.Іпатавай Каложская царква разглядаецца як сімвал народа, яго гісторыі, таму яна часта адухаўляецца, набываючы рысы жывой істоты. Вобраз Каложы часта ўпісваецца паэтамі не толькі ў гісторыю, але і ў канкрэтны прыродны краявід, блізкі тым, хто тут нарадзіўся. У вершах паэтаў мы не знойдзем падрабязнага апісання выгляду Каложы, але яе адметныя пазнавальныя дэталі згадваюцца ў вершах Г. Аўчыннікавай (іканастас, галаснікі) [14], Ю. Голуба (галаснікі) [5],Р. Барадуліна (байніцы) [2] . У той жа час у вершах амаль адсутнічае рэлігійна-хрысціянізаваная лексіка, што яшчэ раз падкрэслівае больш свецкі характар успрымання паэтамі вобразу гродзенскай святыні.
У паэзіі беларускіх аўтараў часта сустракаецца азначэнне вобразу Каложы як святога месца, якое надзелена асаблівымі якасцямі, дзе чалавек далучаецца да Бога, перажывае і адчувае існае яднанне з Ім.
Так, гродзенская паэтка Ала Нікіпорчык бачыць у Каложскім храме ахову і выратаванне для сябе і для ўсіх, хто цягнецца душой да Бога:
Каложа — ахоўніца лёсаў нашых,
Каложа — выратавальніца душаў нашых,
Яна нібы крыло — у Неба. [12, с.10]
Магчыма, жаночая паэтычная сутнасць дапамагае ў значнай ступені спасцігнуць сілу таго дабратворнага ўплыву, які адчуваецца кожным пры наведванні гэтага храма. Тут чалавек здольны ўладкаваць парушаную душэўную раўнавагу, правесці шчырую размову з Богам; тут можа нарадзіцца сапраўднае спасціжэнне, для чаго варта жыць чалавеку. У значнай ступені такую думку выяўляе верш Ганны Аўчыннікавай “Каложа”:
Я думала: калі б застацца зараз
У восені, урачыстай і прыгожай,
Калі усё, усё змясціцца можа
І апраўдацца для тваёй душы –
Асветленай, усё пакінуць зараз...
Ды смутак невымоўны
ў дрэве кожным,
І парк мяне праводзіць ад Каложы.
І варта
Жыць. [14, с.6]
Каб усебакова раскрыць тое значэнне, якое нясе Каложа для сучасных людзей, Пятро Ламан у вершы «Каложа» выкарыстоўвае метафарычныя вобразы, у аснове якіх ляжыць матыў спеваў. Так, аднакаранёвыя словы са значэннем «спяваць» ужываюцца 9 разоў, а іх лексічнае значэнне ўскладнена адмысловай экспрэсіяй.
Каложа – частка магутнай стыхіі, непадуладнай чалавеку. Антытэза «пяе так ціха і так магутна» надзяляе яе пяшчотай і адначасова магутнай сілай, бо ў ёй чутны «вятры стагоддзяў» - сімвалаў гістарычнай даўніны.
Каложа спачувае чалавецтву і сумуе разам з ім, тады яна:
Пяе так чыста,
Як перад сконам
Спявае жораў
Нябёсам сонным. [10, с.22]
Каложа ўвасабляе і чалавечнасць, вучыць і настаўляе людзей, звязвае іх з вышэйшым маральным абсалютам – Богам:
У кожный хвілі
Спявае Вечнасць,
Пяе аб лютасці
Чалавечнасць.
Пяе, як маці,
Інакш не можа,
Як кветка шчасця,
Пяе Каложа. [10, с.22]
Такая шматгранная трактоўка вобразу царквы сведчыць пра яе успрыманне аўтарам як неад'емнай часткі духоўнага жыцця чалавека, якая напаўняе яго асаблівым, духоўным сэнсам.
Аналіз твораў іншых сучасных беларускіх паэтаў, прысвечаных Каложы (А. Дабравольскай [6], С. Законнікава [7], М. Каранкевіча [8], Л. Кебіч [5], А. Ляскова [11], А. Петрушкевіч [13], А. Цыхуна [5], А. Шыдлоўскага [5], А. Янкоўскага [15]), таксама пацвярджае існаванне двух розных ракурсаў мастацкага адлюстравання гэтага вобразу, у прыватнасці, як канкрэтнай святыні, апаэтызаванай з мэтаю падкрэсліць яе асаблівае гісторыка-пазнаваўчае альбо культурна-эстэтычнае значэнне, і як сімвала духоўнага ўзвышэння над заземленым матэрыяльным бытам.
Можа быць, паэтычнае слова не можа перадаць усяго сэнсу ў інтэрпрэтацыі святыні, але любы зварот чалавека да светлага аблічча храма, “Дома Божага”, – гэта крок да духоўнага ачышчэння асобы, далучэння да вечных і мудрых Божых ісцін.
У сваім пакланенні храму чалавек наўрад ці здольны фальшывіць, прытварацца, магчыма, таму ўсе падобныя вершы кранаюць сваёй непасрэднасцю. Жыццё ідзе, мы павінны цаніць тую цудоўную спадчыну, якую пакінулі нам продкі і якую ўяўляе сабой Каложская царква, і карыстацца гэтым для пабудовы будучага жыцця.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 .Багдановіч, І. Шлях да святыні (вобраз святыні ў беларускай паэзіі): электронны часопіс. – 2000.- №4 (14).// http://media.catholic.by/nv/n14/art8.htm (дата звароту 28.10.2015).
2. Барадулін, P. Самота паломніцтва: Кн. паэзіі.— Мн.: Маст, літ., 1990,— 270 с.
3. Бічэль-Загнетава, Д. Браткі: Вершы і паэмы/ Д. Бічэль-Загнетава.-Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. - 240с.
4. Верціхоўская, В.У. Школьны тлумачальны слоўнік/ В.У. Верціхоўская, М.І. Верціхоўская. — Мн. : УніверсалПрэс, 2006. — 384с.
5. Гродна ў вершах і песнях: і памяць, і пашана, і любоў…/уклад.: Л.А.Кебіч, А.І.Ласмінскі.- Гродна: Гродзен.друк., 2008. – 240с.
6. Дабравольская, А. Вершы з нізкі “Каложа”/А.Дабравольская// http://angel-dobro.narod.ru/business5.html (дата звароту 20.12.2014).
7. Законнікаў, С. Святая воля: выбр. лірыка./С.Законнікаў.- Мінск: Маст. літ., 199З.- 174. – 74с.
8. Каранкевіч, М. Усё помняць старыя муры // http://kalozha.by/ru/publikatsii/47-kalozha/vershy-pra-garadzenskuyu-kal... (дата звароту (26.10.2015)
9. Караткевіч, У. Збор твораў. У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы/ У. Караткевіч. Мінск: Маст. літ., 1987. – 431 с.
10. Ламан, П. Каложа [верш]/ Пятро Ламан //Ламан, П. Зерне імгненняў: вершы.-Мінск,1983. – 122 с.
11. Ляскоў, А. Гарадзенская Каложа/А.Ляскоў// http://kalozha.by/ru/kolozha/54-garadzenskaya-kalozha (дата звароту 26.10.2015)
12. Нікіпорчык, А. Сляза і малітва: вершы/ Ала Нікіпорчык. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 68 с.
13. Петрушкевіч, А. Да Каложы [верш] /Ала Петрушкевіч// Петрушкевіч, А.Пярсцёнак: вершы.-Ліда, 1997.- С.54
14. Россып: зб. вершаў/ - Гродна, ПВУП “Ламарк”, 2010. - 117с.
15. Янкоўскі, А. Над Нёманам стромкія вежы // http://kalozha.by/be/kalozha/vershy-pra-kalozhu/419-nad-njomanam-stromki... (дата звароту 02.02.2015)
Аўтар: Мікановіч Паліна Паўлаўна, вучаніца 10 класа ДУА “Сярэдняя школа № 28 г. Гродна”
Настаўнік: Пракопчык Марына Міхайлаўна
Навуковы кансультант: Тарасава Святлана Мікалаеўна,
старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры
УА “ГрДУ імя Янкі Купалы”