Невядомая старонка жыцця мастоўскага святара Анатолія Корзуна
У красавіку гэтага года на адрас архіепіскапа Арцемія быў дасланы вельмі цікавы ліст ад жыхара горада Віцебска Генадзя Васільевіча Буйко. Аўтар ліста – ураджэнец Мастоў – быў сведкай ваенных ліхалеццяў на Гродзеншчыне ў 1941 – 1944 гг. У сваіх успамінах ён вырашыў падзяліцца з Уладыкай даволі цікавым эпізодам з жыцця мясцовага духавенства ў часы вайны, галоўнай дзеючай асобай у якім з’яўляецца мастоўскі праваслаўны святар Анатолій Корзун.
На сённяшні дзень біяграфія протаіерэя Анатолія Корзуна вядома ў агульных рысах. Ён нарадзіўся ў 1916 годзе ў сям’і святара. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю і ў 1937 годзе быў рукапаложаны гродзенскім епіскапам Савай (Саветавым) у іерэя. У 1941 г. айцец Анатолій згадваецца як настаяцель Мікалаеўскай царквы в. Дубна Мастоўскага раёна.
У 1948 – 1949 гг. ён служыў у вёсцы Малыя Сцяпанішкі, а пасля быў пераведзены на прыходы Пскоўскай епархіі. У 1952 годзе святар быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў папраўча-працоўных лагероў. Быў вызвалены ў 1960 годзе і на працягу пяці гадоў працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях.
З 1966 года айцец Анатолій зноў пачаў пастырскае служэнне на прыходах Архангельскай і Калужскай епархій.
Выйшаў за штат у 1980 годзе і праз два гады памёр у Мінску. Нягледзячы на гэту сціплую біяграфію, сёння мы мала ведаем пра асаблівасці штодзённага жыцця і служэння гэтага святара, яго адносіны з паствай, асабліва ў часы апошняй вайны. Ліст спадара Буйко ў значнай ступені дапамагае дапоўніць гэтыя звесткі.
25 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі пасля цяжкіх баёў захапілі мястэчка Масты.
Падчас баёў за гэты невялікі населены пункт акупанты страцілі сотні забітых і шмат параненых.
Таму, захапіўшы Масты, яны пачалі помсціць абаронцам. Адразу на вуліцах яны забівалі савецкіх параненых салдат і тых людзей, якія аказаліся па-за сваім домам. Астатніх ваеннапалонных захопнікі гналі за вёску Вялікія Сцяпанішкі і расстрэльвалі ў балоце.
Як прыгадвае Генадзь Васільевіч, насельніцтву быў дадзены загад хаваць забітых на тым месцы, дзе іх і забілі: на дарозе, на дварах, палях, у балоце.
Восенню 1942 года святар Анатолій Корзун, які ў гэтыя часы акрамя прыхода ў Дубна служыў і ў Мастах, пераканаў мясцовую акупацыйную адміністрацыю ў неабходнасці хрысціянскага перазахавання астанкаў забітых, пахаваных у розных месцах. Святар арганізаваў са сваіх прыхаджан групу, якая ездзіла на вазах па ваколіцах мястэчка, адкапвала парэшткі забітых і звозіла іх на праваслаўныя могілкі каля мастоўскай царквы.
Генадзь Васільевіч піша, што ў гэтай брацкай магіле знайшлі свой апошні спачын каля 280 забітых чалавек. На магіле быў усталяваны крыж і служылася паніхіда.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе на ёй таксама быў узведзены абеліск.
Дзякуючы гэтаму лісту з Віцебска, патрыятычны подзвіг мастоўскага бацюшкі Анатолія Корзуна не трапіў у гістарычную бездань і забыццё.
Спадзяемся, што вышэй агучаныя звесткі станут падставай для ўвекавечвання памяці аб гэтым святары ў прыходскім жыцці праваслаўных вернікаў горада Масты.
Аляксандр ГОРНЫ