"Апостал беларускай нацыі"
Узгадваючы гадавіну смерці Васіля Быкава, размаўляем са святаром Паўлам Каспяровічам пра хрысціянскія матывы ў творчасці гэтага таленавітага пісьменніка, які, дарэчы, шмат гадоў жыў і працаваў у Гароднi.
Фото 1: Васіль Быкаў на беразе Нёмана (hrodna.life)
Можна не верыць у супадзенні, але здаецца вельмі сімвалічным тое, што Васіль Быкаў, які ўсе сваё жыццё прысвяціў ваеннай тэме, памёр у дзень, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Аб гэтым мне распавёў айцец Павел Каспяровіч і прапанаваў ушанаваць памяць гэтага выдатнага чалавека нашым артыкулам.
Быкаў і праўда
Айцец Павел кажа, што ў яго ёсць традыцыя кожны год, падчас летняга адпачынку на вёсцы, перачытваць па некалькі твораў Быкава.
- Чым ён Вас натхняе?
- Ну вось я, напрыклад, назваў свайго малодшага сына Васілём у яго гонар, - усміхаецца айцец Павел. - Не памятаю, каб у школе Быкаў мяне закрануў. Можа таму, што тады я яшчэ не дарос да яго прозы. Але ў апошнія гады я адкрыў для сябе гэтага пісьменніка. Ён падабаецца мне і мовай, і сюжэтамі, і вобразамі, мне важна знаць тую праўду, якую ён гаворыць пра вайну. У перыяд складанага жыццёвага выбару можна ўспомніць Быкава і натхніцца паводзінамі яго герояў. Часам я бяру нейкія прыклады з яго творчасці для царкоўнай пропаведзі. Мне здаецца, што ўрыўкі з твораў, якія чалавек праходзіў у школе, могуць лепш дайсці да сэрца, чым нейкая абстрактная мудрагелістасць.
Канешне, мяне цікавіць, якія адносіны ў Быкава былі з рэлігіяй.
- У сваей кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дамоў” Быкаў расказвае, што, калі ён жыў у дзяцінстве на Віцебшчыне, ён хадзіў з мамай у царкву, прычашчаўся, - гаворыць айцец Павел. - У ранняй творчасці пісьменнік мала ўзгадвае рэлігійные тэмы. А ў апошніх творах мы бачым, што сітуацыя змяняецца. Напрыклад, у апавяданні “Знак бяды” галоўная гераіня Сцепаніда неаднойчы ў сваіх разважаннях ўспамінае Біблію. Калі перачытаць завяршэнне аповесці “Сотнікаў”, дзе адбылося прылюднае катаванне, бачыш, што гэта зварот да евангельскіх падзей. Ці яшчэ прыклад з гэтага твору: жанчына з дзецьмі, якая пускае ў сваю хату партызан, хоць ведае, што за гэта можа быць пакаранай. І пакаранне прыходзіць, тут Быкаў не падманвае. У цэнтры ўсіх яго твораў – чалавек, які выпрабоўваецца на мужнасць, вернасць, адказнасць, які вагаецца і выбірае здраду ці геройства.
Васіль Быкаў на вуліцах Гародні
І тут мы падыходзім да важнага вызначэння, якое, можа быць, найбольш дакладна апісвае Васіля Быкава. Айцец Павел гаворыць, што пісьменніца Данута Янаўна Бічэль, якая сябравала з Быкавым падчас яго жыцця ў Гародні, называе яго “апосталам беларускай нацыі”. Хтосьці можа пасміхнуцца такому параўнанню, але глядзіце: у нашай рэспубліцы, якую абяцалі зрабіць першай на ўвесь Саюз атэістычнай, калі вымушана была маўчаць Царква, гаварыла літаратура. І адзін з гэтых літаратараў падымаў пытанні, якія можна назваць маральнымі і рэлігійнымі, а яго кнігі чытаў увесь Савецкі Саюз.
Васіль Быкаў і Данута Бічэль
- Можа, гэта было на эзопавай мове, можа, гэта было завуалявана, але роля літаратуры і, у прыватнасці, Быкава, была вялікай, - кажа айцец Павел. – Ён заўсёды пісаў праўду – і пра вайну, і пра жыццё. Да яго, да 60-х гадоў, пісалі пра прыгожыя подзвігі на фронце і здымалі прыгожыя фільмы, дзе мы смелыя і мужныя, а фашысты – недарэчныя і недалёкія. А творы Быкава нездарма адносяць да “лейтэнанцкай прозы” – ваеннай літаратуры, напісанай сведкам, без прыкрас.
Быкаў пісаў не толькі пра вайну. На старонках яго твораў узнімаюцца і такія цяжкія падзеі нашай краіны, як калектывізацыя. У адным з твораў Васіль Уладзіміравіч апісвае чалавека, які скончыў жыццё самагубствам, бо ён не змог вынесці болю, які нанёс людзям у мінулым. І ўсё гэта – пра адказнасць за свае ўчынкі, пра магчымасць і патрэбу ў пакаянні, гэта тыя сур’ёзныя пытанні, якія дарослы чалавек заўсёды павінен сабе задаваць.
Быкаў і Гародня
Быкаў прыехаў у Гародню пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе і пражыў тут ажно да 1978-га – значны кавалак жыцця. Ён працаваў тут у рэдакцыі газеты “Гарадзенская праўда”, узначальваў гарадзенскі аддзел Саюза пісьменнікаў Беларусі.
- Для нашага горада вельмі значна, што Быкаў быў на чале мясцовай беларускай пісьменніцкай арганізацыі. Нейкі шараговы супрацоўнік газеты пісаў творы, якія чытала ўся краіна! Гэты сціплы чалавек хадзіў па нашых вулачках, сядзеў на гэтых лавачках. Уся моладзь Савецкага саюза ганялася ў свой час за часопісамі, які друкавалі яго творы.Адзін літаратар узгадваў, як чакаў чарговы часопіс з аповесцю Быкава ці Караткевіча ў паштовай скрынцы. І, уявіце, скрынку тую зламалі і часопіс скралі. А цяпер хто будзе ўзламываць паштовыя скрынкі і красці часопісы? – усміхаецца айцец Павел.
Васіль Быкаў (справа) ля Пакроўскага сабора
Увогуле, у савецкі перыяд Гародня, па словах айца Паўла, мела нейкі таямнічы сэнс для інтэлігенцыі. Тут жыў і працаваў Быкаў. Сюды прыязжаў Караткевіч натхняцца перад напісаннем аднаго са сваіх значных твораў – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Апісанне Гародні перад пачаткам вайны, летняй, пяшчотнай, ёсць у Быкава ў аповесці “Дажыць да світання”. Галоўны герой, будучы параненным і хаваючыся ад фашыстаў, у паўзабыцці ўспамінае, як сустрэў напярэдадні 22 чэрвеня на вакзале ў Гародні дзяўчыну, дапамог ёй, і як затым яны ўсю ноч гулялі па горадзе. Тая ноч стала самай шчаслівай для галоўнага героя і ён успамінае яе з удзячнасцю.
- Чаму Быкаў такі светлы эпізод памясціў у Гародню? У Дануты Янаўны Бічэль ёсць свая версія наконт гэтага, - тлумачыць айцец Павел. - Яна лічыць, што светлае пачуццё ў Гародні перажыў і сам аўтар і, мабыць, перанес у гэту аповесць гісторыю свайго кахання. Глядзіце, Васіль Быкаў прыехаў у Гародню ў 1947 годзе маладым хлапцом. Да вайны, калі пачытаць яго біяграфію, у яго жыцці была галодная вёска з нішчымніцай, затым мастацкая вучэльня, у якую ён паступаў, каб крыху палепшыць умовы жыцця, вайна з яе жахамі, разбуранная краіна… Наўрад ці нейкі лірычны досвед быў у пісьменніка да яго прыезда ў Гародню. Але, як гучыць у песні Высоцкага на словы Сямёна Гудзенкі, “Вот когда мы вернемся и победу штыками добудем - все долюбим, ровесник, и работу найдем для себя”. Можа, гэтыя словы збыліся і для Васіля Уладзіміравіча.
Прыемна думаць, што адны з самых светлых успамінаў знакамітага пісьменніка маглі быць звязаныя з нашым горадам. Напрыканцы нашага артыкула мы хочам падзяліцца з вамі ўрыўкам з аповесці “Дажыць да світання”, дзе галоўныя героі наведваюць старажытную Каложу ў ноч на 22 чэрвенія, пасля чаго пачынаецца вайна.
“Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам кінулася лезці кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, ашчаджаючы свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышэй, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышэй, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголаса:
— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз...
Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець...
— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка. — Паспееш. А цяпер ідзі сюды...
Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубІць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе, і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.
Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
— Не бойся: то галубы.
— Я не баюся, — шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось...
Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
— О-о!
— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.
— О-о-о-о! О-о-о-о!.. — пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.
— Якія галаснікі?
— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды... Во сюды, сюды...
Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражаныяў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.
А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штосьці аб тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.
— Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю...
Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.
— Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!
Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адхоне ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.
— Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш...
— Якая ты, аднак! — сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.
— Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?
— Цудоўная!
— Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!
Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.
— Ану, хапайся. А то панясе...
Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву.
— Раніцай рыбакі адгоняць... А цяпер... Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе, мой домік. Ты не вельмі стаміўся? — раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.
— Не, нічога.
Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцю і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.
— Янінка, — ціха паклікаў ён, набліжаючыся да яе ззаду, але яна толькі таропка набавіла кроку.
— Янінка...
— Во абыдзем гэтую хатку, пасля павернем на сцежачку, перабяжым цераз сад...
— Янінка!
— Давай, давай, не адставай! А то хутка татка ўстане ды як спахопіцца...
Аброслаю дзядоўнікам сцежкай уздоўж плота яны ўзлезлі вышэй. Пачынала світаць. Побач у росным змроку садоў яшчэ драмала Занёманне. Добра ўтаптаная сцяжынка вывела іх на край бульбянога поля, скрозь усыпанага белымі зоркамі кветак. Дужа пахла маладым бульбоўнікам і свежай роснай зямлёй. Янінка таропка ішла наперадзе, і ён, шоргаючы ў бульбоўніку сваімі ботамі, ледзьве спраўляўся за ёй. Ужо зусім блізка на светлым ускрайку неба відаць былі стромкія купалы касцёла, за якім дзесьці ў цёплай рачной вадзе ціха плёскаліся яе плыты. Заставалася прайсці яшчэ, можа, сотню крокаў, якія аддзялялі іх ад касцельнай агароджы, як у начной цішыні яшчэ соннага горада з’явіўся нейкі чужы, незразумелы, настойлівы гул.
Янінка наперадзе адразу ж спынілася.
— Што гэта? Што гэта гудзе? Гэта самалёты?
Так, гэта набліжаліся ў небе самалёты, але ён проста не верыў, што так недарэчна і не ў час можа пачацца тое самае страшнае, што ўсе апошнія дні благім прадчуваннем жыло, мацнела, прыгнятала людзей. Хапаючыся за слабенькую надзею, што, можа, яны памыляюцца, ён душыў у сабе страх і чакаў.
Але памыліцца было немагчыма.
Спалоханая Янінка, быццам шукаючы абароны, кінулася да яго, і толькі ён паспеў яе абняць, як шэраг блізкіх магутных выбухаў кінуў іх на цвёрдае сцебле бульбоўніку. Ранні світанак асвятліўся серыяй вогненна-чорных бліскавак, тугія гарачыя хвалі ўдарылі ім у спіны, густа закідалі бульбоўнік зямлёй...
Як толькі мінуўся першы грымотны грукат, ён падхапіўся, Янінка таксама ўскочыла побач і з паблытанымі на гала-ве валасамі, у запэцканай кофтачцы невядома навошта старалася надзець на брудную нагу свой туфель. Аглушаны выбухамі, ён не адразу пачуў яе надзіва аслабелы голас, якім яна гукала яму:
— На мост бяжы! Хутчэй на мост! Там за касцёлам мост!..
Ну, ведама, яму трэба было на мост, у штаб, ён ужо разумеў, што здарылася, і іначай не мог.
Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, ён памчаўся на мост, несучы ў збянтэжанай свядомасці ледзьве ўхопленае зрокам аблічча дзяўчыны з чорным бліскучым туфлем у росным бульбоўніку...”
Падрыхтавала Святлана Паўлюкевіч