Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля пра самаранку
Сённяшняе Евангельскае чытанне ўяўляе сабой дзівосна выразны, напоўнены вельмі кранальнымі падрабязнасцямі аповед пра тыя зносіны, якія мелі з уцялесненым Хрыстом, з уцялесненым Богам, людзі, якім суджана было ўбачыць Яго пры жыцці.
Шлях Госпада ляжаў праз Самарыю – вобласць, якая знаходзілася на поўнач ад Іудзеі. У гэтай вобласці знаходзіўся горад Самарыя, былая сталіца Ізраільскай дзяржавы. Асірыйскі цар Салманасар пакарыў ізраільцянаў і аддаў іх у палон, а на іх месцы пасяліў язычнікаў з Вавілона ды іншых мясцін. Ад змяшэння гэтых перасяленцаў з яўрэямі, што засталіся, і мелі паходжанне самаране. Самаране прынялі Пяцікніжжа Маісея, пакланяліся Іегаве, але не забывалі сваіх багоў. Прыняўшы кнігі Маісея, самаране, аднак, выракліся пісанняў прарокаў і ўсіх паданняў, і за гэта іудзеі ставіліся да іх горш, чым да язычнікаў, усяляк унікалі якіх-небудзь зносінаў з імі, грэбуючы і пагарджаючы імі.
Праходзячы праз Самарыю, Гасподзь з вучнямі Сваімі спыніўся адпачыць каля студні, якая, паводле падання, была выкапана Іакавам, каля горада Сіхема. Не дайшоўшы да самага горада, Хрыстос, стомлены ад падарожжа па моцнай спякоце, – час быў ужо паўдзённы, спякотны, калі на ўсходзе людзі звычайна сядзяць дома – спыніўся адпачыць каля студні. Студня напаўнялася крыніцамі, якія білі з-пад зямлі. Вада стаяла ў студні вельмі нізка, так што без асаблівага чарпала нельга было напіцца. Вучні пайшлі ў Сіхар купіць ежу. Змораны Хрыстос сеў каля студні. Царкоўнаславянскі тэкст кажа пра тое, што Ён “тако сел”, гэта значыць сеў наўпрост на зямлю, стаміўшыся ад спёкі гэтага летняга дня.
У гэты час прыйшла да студні адна самаранская жанчына, магчыма, з найбліжэйшага горада Сіхар. Хрыстос звяртаецца да яе з просьбай даць Яму вады, каб наталіць смагу. Самаранка, верагодна, пазнала ў Хрысце іудзея, выразіла сваё здзіўленне з прычыны таго, што Ён, будучы іудзеем, просіць піць у яе, самаранкі.
І яна, замест таго, каб даць Яму ваду, выказвае Яму сваё здзіўленне. І тады пачынаецца дзіўная размова. З аднаго боку, у гэтай размове Гасподзь пачынае наўпрост гаварыць з гэтай незнаёмай Яму жанчынай пра такія ісціны, пра якія Ён і з апосталамі не заўсёды гаворыць. Ён раптам пачынае казаць пра тое, што калі б яна ведала аб тым, Хто гаворыць з ёю, то яна зразумела б тады, што не Ён у яе, а яна ў Яго мусіць прасіць той самай вады вечнага жыцця, наталіўшыся якой адзін раз, ужо не адчуваеш смагі. Ён гаворыць з гэтай простай жанчынай пра вельмі складаныя, светам да цяперашняга часу не зразуметыя да канца ісціны. І яна штосьці адчувае, штосьці чуе.
Іісус, які прыйшоў у свет уратаваць усіх, а не толькі іудзеяў, тлумачыць жанчыне, што калі б яна ведала, Хто просіць у яе піць, то сама б папрасіла Яго наталіць яе духоўную смагу, і Ён даў бы ёй ваду “жывую”, пад чым варта разумець благадаць Святога Духа, якую Ён павінен быў даць тым, хто верыць у Яго.
Каб яна зразумела, нарэшце, што гаворыць не са звычайным чалавекам, Гасподзь спачатку загадвае ёй пазваць свайго мужа.
Тут мы зноў сутыкаемся з тым, што не можа не ўражваць нас у Евангеллі, – з дзіўным сведчаннем таго, што Хрыстос ведае пра кожнага чалавека, з якім Ён гаворыць, усё, і гатоў гэтыя свае веды зусім нечакана, але заўсёды з маральна-настаўленчай мэтай выкарыстаць. Ён нечакана пачынае выпрабоўваць гэту жанчыну, выпрабоўваць яе маральную чысціню, выпрабоўваць яе шчырасць, бо толькі маральная чысціня, толькі шчырасць дапаможа чалавеку зразумець тыя вялікія ісціны Боскага Адкрыцця, пра якія толькі што гаварыў Збаўца. І жанчына шчыра кажа Яму пра тое, што ў яе няма мужа. Кажа, напэўна, збянтэжыўшыся, бо яна знаходзіцца ў пазашлюбнай сувязі з чалавекам, будучы па сутнасці ў распусце. І Хрыстос ацэньвае гэту яе шчырасць. Ён кажа ёй пра тое, што ў яе, сапраўды, няма мужа, гэтаксама як яе законнымі мужамі не былі і пяць іншых мужчынаў, з якімі яна мела такія ж стасункі раней. Нам не дадзена ведаць усёй, магчыма, вельмі драматычнай гісторыі жыцця гэтай жанчыны. Яна не хітруе, а ўражаная тым, што гэты незнаёмы ёй іудзейскі Настаўнік ведае ўсё пра яе жыццё, прызнае ў Ім прарока.
Самаранка звяртаецца да Яго з мэтай вырашэння праблемы, якая найбольш за ўсё непакоіла самаранаў у іх узаемаадносінах з іудзеямі, – пытанне пра месца сапраўднага пакланення Богу.
Далей гэта паражальная размова працягваецца. І зноў простая самаранская жанчына пачынае задаваць Хрысту пытанні, якія зрабілі б гонар кніжніку і фарысею, бо задаюцца яны проста, шчыра, без імкнення паказаць сваю набожнасць, сваё веданне Закона, але са шчырым жаданнем зразумець, што ж за новае дабравесце абвяшчае гэты Настаўнік.
Гасподзь абвяшчае самаранцы, што настане новы парадак рэчаў, пры якім супярэчнасць паміж іудзеямі і самаранамі ў адносінах да месца богапакланення будзе знішчана. Людзі будуць пакланяцца Богу, як Айцу, на ўсякім месцы, бо і набажэнства будзе тады насіць іншы, духоўны характар.
Толькі такое пакланенне ёсць сапраўдным, бо яно адпавядае прыродзе Самога Бога, Які ёсць Дух. Пакланяцца Богу духам і ісцінай – значыць імкнуцца дагаджаць Богу не адным толькі знешнім спосабам, а шляхам ісціннай і чыстасардэчнай скіраванасці да Бога як да Духа, усімі сіламі сваёй духоўнай істоты; гэта значыць пазнаваць і любіць Бога, непрытворна і некрывадушна жадаючы дагадзіць Яму выкананнем Яго запаведзяў.
Самаране таксама чакалі Месію. Уяўленні самаранаў пра Месію не былі так сапсаваны, як у іудзеяў, бо яны ў Яго асобе чакалі прарока, а не палітычнага правадыра. Таму Іісус, які доўга не называў сябе Месіяй пры іудзеях, гэтай простай самаранскай жанчыне наўпрост гаворыць, што Ён і ёсць абяцаны Маісеем Месія-Хрыстос.
У захапленні ад шчасця, што яна бачыць Месію, самаранка кідае каля студні свой ваданос і спяшае ў горад абвясціць усім пра прышэсце Месіі, Які, як Сэрцаведзец, сказаў ёй усё, што яна зрабіла.
Гэта адзіная сустрэча Хрыста і самаранкі для жанчыны-грэшніцы і для ўсяго свету абарачаецца сустрэчай з Жывым Богам, бо тут, у студні жыцця часовага, упершыню пачала біць невядомая да гэтага часу крыніца Жыцця Вечнага. І крыніца гэта на зямлі – Царква Божая Святая, а жывая вада яе – гэта моц Божай благадаці, даравальная, прасвятляльная і асвячальная для кожнага чалавека, які прынікае да яе.
Прага ісціны – вось першая ўмова, неабходная нам, каб, падобна да самаранкі, сустрэць у жыцці Жывога Бога. Прага следавання за Хрыстом патрабуе ад нас подзвігу, які абавязкова спалучаны з цярпеннем шматлікіх нягод. Гасподзь многае дае кожнаму з нас, але і кожны з нас павінен папрацаваць, каб прыняць гэты Боскі дар. Сведчанне самаранкі пра Бога распаўсюдзілася ў ёй да святасці. Яна прыняла пакутніцкую смерць за сваю пропаведзь Хрыста, будучы кінутай у студню. Бог у сіле ўратаваць кожнага чалавека, але Ён бяссільны перад нашай хлуснёй, калі мы аблытваем сябе ёю, хлусім перад сабою, перад людзьмі, хлусім перад Богам. Хрыстос можа ўратаваць грэшніка, які каецца, але не можа дапамагчы прытворнаму праведніку, якім мы любім уяўляць сябе.
Самаранка вучыць усіх нас, каб у нашым жыцці мы былі адкрытыя, здольныя прыняць Боскае слова, быць ачышчанымі яго чысцінёй, быць прасветленымі Боскім святлом і прыняць яго ў глыбіню нашага сэрца, прыняць яго ўсім нашым жыццём так, каб людзі, бачачы, чым мы сталі, маглі паверыць, што Святло прыйшло ў свет. Амінь!