Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 05 » 16 » Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля святых жанчын-міраносіц

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля святых жанчын-міраносіц

Сёння – свята пустога гроба Збаўцы. Сёння дзень не проста тых людзей, якія прыйшлі і ўбачылі, што Хрыста там няма, але ўсіх тых, хто таемна ці яўна Збаўцу паслужыў.

Сёння ўспамінаюцца не толькі жанчыны-міраносіцы, але таксама Іосіф Арымафейскі, які зладзіў гроб і плашчаніцу, і Мікадзім, таемны вучань Збаўцы.

Мы зноў чуем Евангелле, якое апавядае пра тое, як менавіта жанчынам-міраносіцам давялося першымі стаць сведкамі Уваскрасення Хрыстовага, пра тое, што менавіта ім дадзена была вялікая радасць і вялікая туга ўмясціць у сябе гэту таямніцу; таямніцу, якая так і не ўмясцілася ў поўнай меры ў душы саміх апосталаў.

У гэтым ёсць глыбокая ісціна; ісціна, звязаная з тым, што Бог, які бясконца любіць гэты свет, прыходзіць у яго, ведаючы, што мы, якія жывём у гэтым недасканалым свеце, якія пакутуем ад гэтай недасканаласці і якія ўзмацняем гэту недасканаласць, мы не толькі часта не можам, але і не хочам умясціць у сябе добрую вестку пра Хрыста. І як цяжка Богу знайсці Сабе тых абраннікаў, тых вестуноў, якія б абвясцілі свету пра Яго; абвясцілі належным чынам, абвясцілі, ведаючы пра тое, што гэта добрая вестка выкліча ў людзей вельмі розныя пачуцці і думкі, што гэта добрая вестка зробіць іх, яе вестуноў, незразуметымі і зненавіджанымі ў гэтым свеце.

Сапраўды, невыпадкова менавіта жанчыны-міраносіцы, тыя, хто аднымі з першых у чалавечым родзе распазналі ў Хрысце Месію, тыя, хто ніколі не выракаліся Яго, нават тады, калі Яго пакінулі амаль усе апосталы, невыпадкова менавіта яны сталі сведкамі Уваскрасення Хрыстовага. Гэта быў вялікі гонар і радасць, але і вялікае выпрабаванне для іх.

Сталася так, што менавіта жанчыны-хрысціянкі праявілі найбольшую паслядоўнасць, найбольшую вернасць Хрысту. Чаму ж гэта адбылося? Наўрад ці яны лепш за апосталаў разумелі сутнасць Хрыстовай пропаведзі. Хутчэй за ўсё, усё-такі не. Усведамленне, разуменне, увогуле рэфлексія як такая ўсё-такі больш уласцівы мужчынам. Але жанчынам уласціва нешта іншае – здольнасць безаглядна, самааддана, кіруючыся часта толькі сваім сардэчным перажываннем, вельмі паслядоўна ажыццяўляць тое, што для іх дорага, што для іх значна. Гэта была найвялікшая ўзнагарода ім за іх веру, гэта было найвялікшае шчасце ім за тое, што ў вернасці гэтай захавалі ў сэрцы сваім Хрыста, цела Якога катавалі на Крыжы. Любоў і вернасць адны зіхацелі тады, у той безнадзейнай цемры. Не зніклі ні вернасць, ні любоў у свеце. Жыццё чалавечае не мае ніякага сэнсу, акрамя такой любові.

Пройдуць стагоддзі, і вельмі часта менавіта ў эпохі, калі Царква будзе перажываць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні, ганенні, стан духоўнага заняпаду, менавіта жанчыны будуць выступаць актыўнымі ахоўніцамі добрай весткі пра Хрыста. Першымі абвясціўшы Хрыста ўваскрэслага свету, яны і далей стагоддзямі будуць ахоўваць вернасць Хрысту. Можна прыводзіць, напэўна, шмат прыкладаў гэтай вернасці жанчын-хрысціянак у розныя часы.

У нас ва ўсіх перад вачыма досвед распінаемай у ХХ стагоддзі Царквы, у якой амаль ужо не заставалася мужчынаў, але ўсё-такі заўсёды заставаліся жанчыны. І, нягледзячы на тое, што яны схільныя былі прымаць напавер падчас вельмі нават сумнеўныя праявы царкоўнага жыцця, часам здаецца, што калі б не было жанчын, Царква наша не захавалася б і загінула.

Як кажа нам сённяшняе апостальскае чытанне, Хрыстос і апосталы благаслаўлялі перш за ўсё мужчынаў узяць на сябе галоўны цяжар – цяжар стварэння Царквы. Мужчыны часта бываюць нясхільныя займацца сведчаннем пра Хрыста праз паслядоўнае, прадуманае слова, нясхільныя нагадваць людзям пра тое, што жыццё ў Царкве – гэта не ціхая затока, у якой можна набыць ужо тут, на зямлі, спакой, а гэта ўсё ж поле бітвы. Тое самае поле бітвы, на якім у першых шэрагах павінны ісці мужчыны. І вось гэта забыццё таго, што ў Царкве, безумоўна, мужчыны павінны несці асноўны цяжар служэння, не толькі святарскага, прыводзіць часта да відавочнай і не заўсёды апраўданай дамінацыі жанчын у нашым царкоўным жыцці. Вось чаму падчас знешняе хараство храма ў нас пераўзыходзіць духоўную і інтэлектуальную насычанасць унутры храма. Ускладаючы на жанчын цяжар няўдобаносны, мы, самі таго не хочучы, пазбаўляем і сябе, і іх радасці сустрэчы з уваскрэслым Хрыстом. Цяжка ўбачыць у храме радасных, а не заклапочаных жанчын у працэсе пастаянных кулінарных подзвігаў. Вось так, па сутнасці, у паўсядзённасці мы прафануем тое, пра што так велічна абвяшчае нам сённяшняе евангельскае чытанне.

Жыць мёртвым – гэта значыць не прымаць рашэнняў, не рабіць выбару, не хацець ведаць, не імкнуцца да пазнання. У кожнага з нас сваё прызначэнне ў Царкве. Але толькі ў дапаўненні адзін аднаго духоўнай, ды і матэрыяльнай працай у гэтым свеце, хрысціяне і хрысціянкі яўляюць паўнату царкоўнага жыцця. У гэты дзень жанчын-міраносіц мы ўсё-такі стараемся даць адчуць нашым сёстрам у Хрысце, што ў Царкве яны займаюць тое асаблівае месца, якое занялі ў Свяшчэннай гісторыі жанчыны-міраносіцы, стаўшы першымі сведкамі Уваскрасення Хрыстовага.

Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля святых жанчын-міраносіц
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut