Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля пра Фаму
Жывы Гасподзь, у гэтым пераконваліся вучні. Уваскрэслы Хрыстос не явіўся ні Анне, ні Каіафе, ні каму-небудзь са Сваіх катаў. Чаму? Ды таму, што іх злая воля працівілася відавочнасці, працівілася ўладзе Святла. Але явіўся Ён “добраму нявер’ю” Фамы.
Верыць у існаванне якога-небудзь найвышэйшага абсалюту, якога-небудзь найвышэйшага пачатку, якога можна назваць богам, напэўна, лёгка. Сёння можна знайсці вельмі мала людзей, якія б не верылі ў тое, што Бог існуе. Лёгка, напэўна, проста верыць у якога-небудзь трансцэндэнтнага Бога.
Мы павінны не проста паверыць у існаванне Бога, а паверыць у Таго Бога, Які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення стаў чалавекам, Які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення прыняў пакуты і смерць, праліў Сваю Боскую Кроў, Які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення ўваскрэс, каб і ўсе мы разам з Ім уваскрэслі і былі ўзнесены на неба.
На гэтым пабудавана ўсё жыццё Царквы, увесь хрысціянскі светапогляд, уся веліч чалавека, усё бязмежнае змірэнне Божае. У Хрысце нам раскрыта і тое, і другое, і мы радуемся не толькі з прычыны таго, што Бог ёсць Бог любоўю, што Бог ёсць нашым Збаўцам, але радуемся мы і таму, што ў Ім нам адкрыта, наколькі вялікі чалавек. Чалавек настолькі вялікі, што Бог можа ўмясціцца ў яго, чалавек настолькі вялікі, што Хрыстос можа прайсці праз браму смерці і ўвайсці ў вечнае жыццё, і з Сабой забраць, унесці нас у вечнасць.
Чалавек настолькі вялікі, што Хрыстос, далучыўшыся да нашага чалавецтва ва ўсіх адносінах, акрамя грэху, робіць нас дазвання супольнікамі Свайго Боства, калі толькі мы адкрываемся Яго ўздзеянню.
Але наша ўваскрасенне і наша ўзнясенне на неба не адбудзецца, калі мы не зменімся, калі мы не зазнаем перамяненне. Менавіта тут і заключаецца тая складанасць, з якой сутыкаюцца вельмі многія людзі. Аказваецца, мы не проста павінны верыць, а ЖЫЦЬ па веры. А гэта няпроста, бо прызнаць Бога, Які дзесьці там існуе, могуць усе, але прызнаць Бога, Які не толькі існуе, але Які мяне любіць і Які ад мяне чакае ўзаемнай любові, – у Такога Бога не кожны паверыць. Нам трэба не проста паверыць у існаванне ці быццё Бога, а пастарацца сустрэць гэтага Бога як доўгачаканага Госця, як такую дарагую Істоту, без Якой жыць немагчыма, без Якой усё разбураецца ў жыцці.
Апостал Фама нагадвае нам тую відавочную ісціну, што хрысціянін абавязаны сумнявацца: сумнявацца ў сабе, сумнявацца ў сваім перажыванні Бога, у сваёй веры ў Бога, і ў гэтым няма абсалютна ніякага грэху. Бо вера не ёсць даверлівасцю. А даверлівасць і вера – гэта розныя рэчы, часам нават дыяметральна супрацьлеглыя. Даверлівасць пазбаўляе чалавека ад працы веры, даверлівасць дазваляе яму з лёгкасцю звяртацца то да адной хімеры, то да іншай, якія, як здаецца, могуць афарбаваць яго жыццё, аблегчыць жыццё. На працягу нашай гісторыі гэта было не раз, асабліва ў тыя часы, якія прынята было называць смутнымі часамі.
Тая даверлівасць, з якой наш народ пайшоў за тымі, хто заклікаў яго знішчаць уласную Царкву, уласную краіну, якраз і ёсць сведчаннем таго, што яму неставала здольнасці ўсумніцца ў тых, хто прапанаваў яму гэта лёгкае права на ганьбу. Так нядаўняя гісторыя паказала нам, наколькі важны досвед святога апостала Фамы.
Справа ў тым, што мы з вамі належым не да самага веруючага народа, а да народа, які з лёгкасцю кідаецца ад крайнасці стыхійнай веры да крайнасці стыхійнага нявер’я. Тых жа, хто выпрабоўвае сваю веру пазнаннем, мы не прымаем, мы ім не давяраем.
І можа быць варта нам пакінуць разважанні пра тое, што нейкія цёмныя сілы паўсталі на Царкву са знешняга боку, звярнуць погляд на саміх сябе і задацца пытаннем, ці няма гэтых цёмных сіл у душы кожнага з нас? І можа быць, таму на Царкву паўстае хто-небудзь са знешняга боку, што ўнутры ў тых, хто ёсць прадстаўнікамі Царквы, няма таго Святла, якое павінна было б асвятліць наша жыццё.
Гісторыя апостала Фамы – гэта гісторыя ўсёй хрысціянскай царквы – і наша з вамі. З намі адбывалася і адбываецца тое, што адбылося з апосталам Фамой. Мы верай сваёй перамагаем слабасць, спакусу, нявер’е, малавер’е, сумненне. Пасля ўпадку веры, пасля крызісу мы зноў набываем у сабе моц веры, глыбока, аддана верым Госпаду, кажам Яму: “Гасподзь мой і Бог мой!” І мы маем большае абяцанне, чым апостал Фама, бо Гасподзь сказаў: “Ты паверыў, бо ўбачыў, а блажэнныя тыя, хто не ўбачылі і ўверавалі”. Мы не бачым фізічна, мы не маем ніякага рэчыўнага доказу, але мы ўсе душой веруем. Бо калі не веруем ва ўваскрасенне Хрыста, то, як апостал Павел кажа, вера наша будзе дарэмная, марная. Бо калі Хрыстос не ўваскрэс, тады наша дабравесце, наша хрысціянскае вучэнне будзе проста адной з філасофскіх, ідэалагічных сістэм, якіх многа было, ёсць і будзе.
Але мы ведаем, дарагія браты і сёстры, ведаем разам з апосталамі, якія бачылі, якія адчувалі вобмацкам, якія пераканаліся, што Хрыстос сапраўды, насамрэч уваскрэс. І з Ім разам уваскрэснем і мы, уваскрэсне ўсё чалавецтва.
Ісціна Хрыстовага Уваскрасення ёсць Ісцінай ўсяцэлай, поўнай, не толькі Ісцінай веры, але таксама і Ісцінай розуму, перамогай Праўды і Дабра.
За гэту Ісціну былі распятыя апосталы Пётр і Андрэй, абезгалоўлены апосталы Іакаў і Павел, пакараныя смерцю апосталы Філіп і Нафанаіл. Апостал Фама быў зняволены ў цямніцы, зазнаў катаванні, і, нарэшце, працяты пяццю коп’ямі, адышоў да Госпада. Невыпадкова ён аказаўся сярод апосталаў і невыпадкова пакутніцкай смерцю за Хрыста сцвердзіў Царкву Хрыстову ў гэтым свеце.
Амінь.