Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 04 » 24 » Архiепiскап Арцемiй. Уваход Гасподнi ў Iерусалiм

Архiепiскап Арцемiй. Уваход Гасподнi ў Iерусалiм

Сёння адзначаецца свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Увесь трагізм падзеі, якую цяпер успамінае Святая Хрыстова Праваслаўная Царква, заключаецца ў тым, што народ хацеў бачыць у Хрысце перш за ўсё палітычнага правадыра, вызваліцеля ад Рымскага валадарства.

Іудзеі ўрачыста сустракалі Збавіцеля, што ішоў у Іерусалім, ведаючы Яго моц, бо Ён уваскрасіў з мёртвых Лазара. Хто ж яшчэ можа ажыццявіць усе жаданні і чаканні людзей? Хто можа паспяхова ўладкаваць грамадскія адносіны? Хто можа стаць справядлівым, мудрым, моцным, непераможным царом, калі не Той, Хто сілай Сваёй перамог смерць?..

Гасподзь ніяк не адгукаўся на гэтыя вітанні – глыбокай тугой было ахоплена Яго сэрца. Ён бачыў, што словы Яго не зразуметыя. Цуд уваскрашэння Лазара не прывёў да таго, да чаго павінен быў бы прывесці.

Хрыстос стаў чалавекам не для таго, каб санкцыянаваць Сваім благаславеннем які-небудзь грамадскі строй, бо Ён – Збавіцель душ і целаў, а не палітычных структур ці этнасаў. Неабходна ўратаванне самога жыцця, якое так безнадзейна адарвалася ад уласнага свайго зместу, ад Бога, ад Святла, ад Ісціны, ад Вечнасці.

Хрыстос не даваў ніякіх рэкамендацый па ўладкаванні грамадскага жыцця. Немагчыма ўявіць сабе вечнае Царства Бога, раздзеленае на класы і нацыі. Уратаванне і паўната жыцця не могуць быць набыты сілай дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага ўздзеяння.

Хрыстос нікога не вядзе да Сябе гвалтоўна, нікога не прымушае верыць Сабе і ў Сябе прымусам, не пераконвае праз сілу, не прыгнятае волю людзей. Бог шукае толькі свабоднай веры, і гэта значыць веры як свабоды. Звязвае Бога і чалавека, злучае іх не знешні “прымус”, а толькі любоў, самую свабодную з усіх уласцівасцей чалавечых. Сама сутнасць Бога – Любоў. Царства Божае – гэта і Любоў Бога да чалавека.

Гасподзь ідзе на вольную страсць, бо чалавек не верыць, што адна толькі сіла любові можа пераўтварыць свет. Вераваць ва ўсемагутнасць любові значыць адмовіцца ад усякай іншай сілы. Бог перамагае свет, калі адмаўляецца заклікаць Сабе на дапамогу “больш, чым дванаццаць легіёнаў Ангелаў”, і замест гэтага змірэнна прасцірае рукі Свае на Крыжы.

Уваскрасеннем Лазара Гасподзь апярэджвае агульнае ўваскрасенне. Гасподзь перамог смерць для таго, каб нас усіх, без выключэння, заклікаць да вечнага, блажэннага жыцця, а значыць, да супольнасці з Самім Богам. Наша часовае зямное быццё ўступае ў зносіны з жыццём Бажэственным і ў ім набывае вечнасць. Уваскрасенне ў любові Божай – такая мэта, такі найвышэйшы сэнс чалавечага жыцця.

Яго сведчанне пра Божую праўду аказалася непатрэбным. Людзі хутка адвярнуліся ад Яго, убачыўшы, што Ён не адлюстроўвае нападкі тых, хто вырашыў узяць Яго пад варту. Хрыстос не апраўдаў надзеі іудзеяў толькі таму, што Ён зваў іх на Неба, а яны аддалі перавагу зямлі. Яны чакалі за́клікаў да славы і перамогі на зямлі, а Ён прапаведаваў пакаянне і ўратаванне на Небе.

Гасподзь аказаўся ім не патрэбен. Народ, расчараваны ў Збавіцелю як у рэальным правадыры, адвярнуўся ад Яго, здрадзіў Яму і зняважыў Яго, калі Яго прачыстае Цела прыкоўвалася да Крыжа.

Усё, што адбылося тады, пры ўваходзе Гасподнім у Іерусалім, пастаянна паўтараецца ў гісторыі. Вось ужо дзве тысячы год, мы, хрысціяне, то шукаем Бога, то бяжым ад Яго. Так вера ў нашых душах змяняецца здрадніцтвам. Так з даўніх часоў і па сёння, усё ў той самай Царкве, усе тыя самыя людзі, мы, хрысціяне, то радасна крычым “асанна”, то раз’юшана – “распні Яго”! І наш Бог бачыць і ведае гэта. Ведаў і тады ў Іерусаліме, ведае і зараз. Ён ведаў, што чакае вялікі горад, Ён ведаў, што чакае ўвесь свет, і таму – плача.

Ён плакаў над Іерусалімам, Ён спачуваў людзям. Ён не сышоў бы на зямлю, Ён не ўцялесніўся б і не стаў бы падобным да чалавека, Ён не ўзяў бы на Сябе Крыж і не распяўся б на ім, не паміраў і не ўваскрасаў бы, калі б хрысціянства не павінна было б быць такім – спачувальным і міласэрным у адносінах да ўсіх і да ўсяго, што акружала і акружае яго ў гэтым свеце!

У гады ганенняў на Царкву ў Маскве ратаваліся манахіні і паслушніцы, якія, пакінуўшы закрытыя і разбураныя манастыры, духоўна акармляліся ў епіскапа Аўгусціна. І вось якое паслушанне, акрамя малітоўнага правіла, даваў Уладыка гэтым падзвіжніцам: яны павінны былі хадзіць на Мікольскі вакзал, каб сустракаць паязды са зняволенымі. Вагоны гэтых паяздоў адрозніваліся ад іншых – яны былі з кра́тамі. І на свой страх гэтыя юныя падзвіжніцы павінны былі, прайшоўшы праз канвой, падысці да арыштантаў і перадаць ім розныя цёплыя рэчы і прадукты. Аднойчы яны ўбачылі узбекаў, якія ў тонкіх халатах выходзілі на прамёрзлы вакзал, а іх чакаў яшчэ доўгі шлях на поўнач. “Мне асабліва было шкада ўзбекаў, – распавядала адна з манахінь. – Што будзе з імі там, на поўначы, куды павязуць іх вагоны, і мы стараліся хутка, абмінаючы канваіраў, уручыць ім рукавіцы, шапкі, шарсцяныя рэчы”. Звярніце ўвагу, што гэтым дзяўчатам былі дарагія і гэтыя людзі іншай веры, за якіх таксама балелі іх сэрцы, і якім яны імкнуліся таксама хоць чым-небудзь дапамагчы. Гэта было іх жыццё, гэта быў іх подзвіг. У гэтым бачылі яны сваё хрысціянскае прызначэнне і азарэнне тым Боскім святлом, якое гарэла ў іх сэрцах. І яшчэ яны хадзілі кожную ноч у Бутырскую турму, садзіліся на прамёрзлую лесвіцу і чакалі трох гадзін ночы. Так у цемры і на марозе яны спраўлялі сваё малітоўнае правіла, а ў тры гадзіны ночы займалі чаргу на наведванне зняволеных. У іх у турме нікога не было, а чаргу яны займалі для тых людзей, хто не мог прыйсці ноччу запісацца, і ранкам яны аддавалі сваю чаргу тым, для каго немагчымасць убачыць сваіх блізкіх была б катастрофай.

Можна было б сказаць, што неабавязкова ім было ўсё гэта рабіць, бо гэта, бадай, да іх не мела ніякага дачынення, гэта адбывалася ў свецкім жыцці. Яны маглі шукаць асаблівага Боскага азарэння праз малітву і быць глухімі і сляпымі да таго, што адбываецца ў свеце. Ну, везлі зняволеных на поўнач – на ўсё воля Божая! Ім якая справа? Хрысціяне ніколі не былі сляпымі і глухімі ў адносінах да таго, што адбываецца ў свеце! Хрыстос не быў такім! Гасподзь наш плача аб нас з вамі, і гэтыя слёзы Хрыста – горкі дакор нам усім, і адначасова, як гэты ні дзіўна, гэтыя слёзы нашага Бога – знак надзеі. Бо толькі ўчора Гасподзь плакаў аб памерлым Лазару, і вось – Лазар жывы! Значыць і ў нас ёсць надзея на жыццё, значыць і для нас не ўсё страчана.

Ад Царквы патрабуюць не таго, што Царква ў імя Божае заклі́кана абвяшчаць. Патрабуюць іншага – заняць тую ці іншую палітычную пазіцыю, узначаліць той ці іншы рух. Калі ж Царква адмаўляецца ад такога правадырства, то адварочваюцца ад Царквы як ад непатрэбнай гэтаму свету.

Царква ніколі не зверне з таго шляху, з той невялікай сцяжынкі, па якой на ўбогім асле ўваходзіў у Іерусалім яе Заснавальнік. Хрыстос дайшоў да крыжа, не здрадзіўшы Свайму пакліканню абвяшчаць Божую праўду і адкрываць людзям дзверы да ўратавання. Тое ж заклі́кана рабіць і Царква Божая, не паддаючыся ніякім спакусам, пагрозам, хлусні, паклёпам, не паддаючыс ніякім жаданням магутных сіл гэтага свету прапанаваць ёй іншы шлях.

Мы павінны дакладна ўсвядоміць, што тыя падзеі, якія адбыліся дзве тысячы год таму ў старажытным Іерусаліме, не сышлі ў мінулае, а ажыццяўляюцца і па сённяшні дзень у духоўным жыцці кожнага верніка. Таму невыпадкова Святая Царква з году ў год вяртае нас у гэтыя падзеі, каб мы былі няпроста іх староннімі назіральнікамі, а каб усе мы былі саўдзельнікамі іх. І тут вельмі важна вызначыцца, з кім жа мы ўсё-такі: ці з тымі, хто сёння захоплена лікуе, а праз некалькі дзён будзе крычаць “Распні Яго!”, ці з тымі, хто да канца пранясе з Хрыстом Яго Крыж, хто будзе пакутаваць разам з Ім у часе Яго распяцця і не пакіне Яго тады, калі ад Яго адвернецца ўвесь свет, хто застанецца побач з Ім. З кім мы ў гэтым жыцці? Вельмі важна кожнаму чалавеку адказаць на гэта пытанне.

Таму напярэдадні Страсной сядміцы мы павінны неперадузята, а вельмі глыбока, строга зірнуць на саміх сябе, так сказаць, у кантэксце пакут Хрыстовых. І няхай гэты дзень, які папярэджвае Страсной сядміцы, стане для нас днём бесстаронняга ўсведамлення сябе тымі, кім мы ёсць у Царкве па сутнасці.

Бог ёсць жыццём і крыніцай жыцця, а гэта значыць, што жыццё ў поўным сэнсе толькі там, дзе Бог. Хрыстос Сваім Уваскрасеннем зрабіў магчымым далучэнне да Бажэственнага жыцця і нас. Менавіта гэта агульнае ўваскрасенне, папярэджваючы Пасхальнае свята, мы і адзначаем сёння.

І што перад гэтай вечнасцю ў зносінах з Богам спыненне фізічнага чалавечага жыцця? Няхай ніхто не сыходзіць са шляху вернасці Хрысту, абвяшчаючы Яго праўду нават да смерці, смерці ж Крыжовай. Жыццё там, дзе Бог. А дзе няма Бога, там бачнасць жыцця. Вечным і нязменным застаецца Бог, Які моцай Сваёй уваскрашае чалавека да жыцця вечнага.

Верым, што толькі моц Бажэственнай любові здольна змяніць гэты свет. Няхай наш погляд накіроўваецца ў вечнасць – туды, дзе ўладарыць Той, Хто змірэнна ўваходзіў, не зразуметы людзьмі, у Іерусалім. І верым, што накіроўваючыся да Хрыста, мы здольны змяняць сваё жыццё і жыццё навакольнага свету. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Уваход Гасподнi ў Iерусалiм
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut