Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 04 » 18 » Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля 5-я Вялікага посту. Прп. Марыі Егіпецкай

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля 5-я Вялікага посту. Прп. Марыі Егіпецкай

Евангелле паводле Марка, якое чытаецца сёння за Боскай літургіяй, не мае ніякага дачынення да подзвігу прападобнай Марыі, але гаворыць пра тое самае, пра што гаворыць і яе жыціе. Пра вернасць.

Евангельскае чытанне 5-й Нядзелі Вялікага посту, якое цяпер прагучала, ставіць перад намі адну з самых глыбокіх тэм рэлігійнага жыцця, як жа цяжка Богу быць разам з намі, з людзьмі. Невыпадкова Збаўца тады, калі яшчэ заставалася дастаткова часу да Яго крыжовай смерці, раптам вырашыў прама і лаканічна распавесці Сваім вучням пра тое, што Яго чакае.

Ён адкрыў ім страшную таямніцу пра гістарычную няўдачу справы Хрыстовай на зямлі, пра няўдачу, якой не чакаў ніхто з тых, хто гатоў быў пайсці за Хрыстом як за Месіяй і, перш за ўсё, самі апосталы. Не будзе Месія зямным царом. Ён будзе здраджаны, схоплены, аддадзены язычнікам, Яго будуць аплёўваць, Яго будуць зневажаць, Яго нават распнуць на крыжы.

Страшны адказ атрымлівае Хрыстос ад найлепшых Сваіх вучняў; адказ вельмі нам зразумелы, вельмі чалавечы; адказ, які мы заўсёды самі даем Богу на Яго зварот да нас; адказ і адначасова пажаданне, нават патрабаванне. Калі мы з Богам, дай нам з правага боку ці хаця б з левага боку сесці з Табой, дай нам зямную славу і дай нам зямную пашану. Бо які ж Ты Бог, калі не ўзнагароджваеш тых, хто веруе ў Цябе. І гэта павінен быў перажыць Збаўца тады, калі Ён захацеў раздзяліць з імі Сваю Богачалавечую тугу. І што Ён пачуў – ды тое ж, што Ён чуе па большай частцы ўсе гэтыя дзве тысячы год: дай нам што-небудзь тут, зараз, адчувальна і бачна. Благадаць Святога Духа – гэта, канечне, добра, але лепш было б атрымаць ад Бога штосьці больш адчувальнае і канкрэтнае: дабрабыт, здароўе, дастатак.

І тут перад намі адкрываецца тое, што канечне ж, не магло не ўзмацняць тугі Збаўцы. Надзвычайная чалавечая бязлітаснасць чалавека ў адносінах да Бога. І зноў Збаўца тлумачыць, што тое царства, якога яны чакалі, не прыйдзе да іх з Хрыстом ніколі. Можа быць, і будзе гэта зямное царства, у якім хтосьці з іх будзе сядзець з правага боку, а хтосьці – з левага боку, толькі гэта будзе не Царства Хрыстова. І мы ведаем, што многія хрысціяне гатовыя будуць у наступныя стагоддзі прамяняць гэта Царства Нябеснае на царства зямное. І так ужо будзе ім хацецца сесці побач з кім там ні было з правага боку ці з левага боку, што нават калі той нехта не будзе нагадваць Хрыста, а, магчыма, нават будзе нагадваць антыхрыста, некаторыя з хрысціянаў будуць аддаваць перавагу нават такому сядалішчу, каб толькі ўбачыць зямное ўвасабленне Царства Божага.

Царква Хрыстова вельмі часта ў імкненні замацавацца ў гэтым свеце, прыпадабніцца да гэтага свету, забывае Хрыста. Гэта праблема як Царквы ў цэлым, так і кожнага хрысціяніна паасобку. Хрыстос вельмі выразна гаворыць ім пра тое, што хрысціяне – гэта тыя, хто жыве па зусім іншых законах быцця, быцця ўжо нябеснага, а не зямнога.

Мы просім аб тым, каб Бог дапамог нам у свеце, які не прыняў Яго, уладкавацца так, каб нам было добра. Здаецца, што няма выйсця з гэтага заганнага, замкнёнага кола чалавечага неразумення. І, канечне, чалавеку было б не вырвацца з гэтых сваіх хімер зямнога царства.

Нам трэба паспрабаваць задумацца пра тое, наколькі мы не разумеем Бога, наколькі ж часта мы хочам навязаць Богу наша разуменне таго, што ж такое ўратаванне. Гасподзь спадзяецца, што, пераўзышоўшы гэта неразуменне, мы ўзвысімся да апостальскага подзвігу, мы ўзвысімся і над самімі сабой, і над гэтым светам, які так шчыра не хоча прыняць Бога. І ў нашых адносінах праявяцца, нарэшце, абрысы таго Царства Нябеснага, якія і явіў нам у гэтым свеце Хрыстос.

Мы жывем у свеце, дзе нечысціня ўсё больш перамагае, бо свет не ведае самай галоўнай таямніцы жыцця. У гэтай начы грэху, у якой мы знаходзімся сёння, мы павінны мець вочы, каб не толькі плакаць аб сваіх грахах, але і бачыць гэтымі вачыма небяспеку, якая пагражае і нам. Мы жывем у свеце, пра які Хрыстос кажа: “Ведаю твае справы, і што ты жывеш там, дзе прастол сатаны…” (Адкр. ІІ, 13). “Звер апакаліпсісу” ўжо прысутнічае ў свеце і ўжо паказвае свае кіпцюры.

Што такое апакаліптычная распусніца на чырвоным зверы? Спадкаемніца таталітарнага камунізму, якая насаджае разбэшчанасць? Сатане недастаткова разбэсціць, галоўнае – не дапусціць пакаяння. Для гэтага ствараецца ў грамадстве атмасфера насмешкі з пакаяння. І перш за ўсё з гэтай мэтай вядзецца раз’юшаная атака на Царкву. Не ўдалося яе спаліць дашчэнту, не атрымалася разбурыць яе знутры – цяпер спрабуюць яе змяшаць з граззю. Цяжкую спадчыну пакінулі нам папярэднія пакаленні, цяжкі грэх і нашага часу.

Але ў гэтым змроку яўна чуецца голас Гасподні, што заклікае нас не да паныласці і адчаю, а да бадзёрасці і духоўнай працы. Разбэшчанасць і беззаконне патрабуюць ад верных Хрысту такой самай мужнасці ў супрацьстаянні злу, якое патрабавалася ад мучанікаў у часе адкрытых ганенняў на Царкву. Да гэтай мужнасці заклікае нас сёння Гасподзь, нагадваючы пра Свой Крыж.

Памяць прападобнай Марыі, якая адзначаецца сёння, – гэта і ўрок надзеі, жывое сведчанне таго, што самыя цяжкія грахі даруе Любасны Гасподзь. Да мужнасці заклікае нас сёння Гасподзь. Гэта вобраз подзвігу ў стаянні за запаведзь Божую дае прападобная Марыя Егіпецкая.

Усё жыццё Госпада Іісуса Хрыста – шлях да Крыжовай смерці. І як сёння нагадаў нам апостал Павел у пасланні да яўрэяў, Хрыстос прынёс Сябе ў ахвяру, каб “падняць грахі многіх” (Яўр. ІХ, 28).

Гасподзь Іісус Хрыстос, прынёсшы Сябе ў ахвяру адзін раз за ўсіх, пазбавіў чалавецтва ад вечнай смерці, абмыў людзей ад іх грахоў Сваёй Крывёю і адкрыў ім шлях да вечнага жыцця і да Царства Нябеснага.

Гасподзь усё дае нам, але мы надта лёгка забываем, што толькі Крыжам Хрыстовым прыходзіць велікодная радасць усяму свету, і радасць Уваскрасення адкрываецца толькі для таго, каб мы маглі на большай глыбіні прыняць Крыж Хрыстоў. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля 5-я Вялікага посту. Прп. Марыі Егіпецкай
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut