Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля чацвёртая Вялікага посту
У 4-ю нядзелю Вялікага посту мы адзначаем памяць святога прападобнага і баганоснага айца нашага Іаана Лесвічніка, які нямала парупіўся пра тое, каб адкрыць нам сэнс духоўнага жыцця.
Узыходжанне да Бога немагчыма без моцнай веры. І таму невыпадкова сёння, у дзень памяці Іаана Лесвічніка, калі Царква прапануе задумацца пра шляхі духоўнага ўзыходжання, мы чулі Евангелле паводле Марка, у якім гаворыцца пра веру як неадменную ўмову ажыццяўлення цуду.
Сённяшняе Евангельскае чытанне нагадала нам пра тое, як пакутны бацька апантанага юнака маліў аб тым, каб Хрыстос уратаваў яго сына, і Хрыстос сапраўды ўратаваў яго. Такое ацаленне вельмі патрэбна і нам. І што вельмі важна, дык гэта тое, што ацаленне можна атрымаць толькі тады, калі ты захочаш стаць іншым чалавекам – не проста з хворага стаць здаровым, а з грэшніка стаць праведнікам. Калі ты ўверуеш у Хрыста, калі захочаш пакаяцца ў сваіх грахах, толькі тады разам з адпушчэннем тваіх грахоў усе немачы, усе беды, усе хваробы будуць у цябе ацалёнымі.
Тут нам варта звярнуць увагу на тое, што мы таксама павінны працягнуць сваю руку Хрысту. Гэта працягванне Яму рукі ёсць выражэннем нашай гатоўнасці да дзеяння. Тое, што пасля гэтага Хрыстос, узяўшы нас за працягнутую да Яго руку, зробіць нас ацалёнымі ад нашых страсцей і пакут, будзе праявай нястворанай і жыватворнай энергіі Бога, Які падае ўсякай душы тое, чаго яна з любоўю просіць.
Дык ці неабходныя малітва і пост для таго, каб з нас выйшла ўсякае зло, якое прыносіць дыявал, які карыстаецца і нашай уласнай неруплівасцю? Безумоўна, неабходныя. Бо толькі постам цела падпарадкоўваецца і робіцца неўспрымальным да ўздзеяння дыявальскіх энергій. Мы супраціўляемся спакусам і застаемся ў гэтым Боскім полі жыцця.
Малітвай жа спыняецца ўсякае злое памкненне душы і ўсякі помысел, ад якога раздражняецца страсць. Малітва яднае нашу думку, нашу душу, наша сэрца з крыніцай жыцця і дае найвялікшую сілу, здольную перамагчы сілу дыявальскую. Мы духоўна, інтэлектуальна, фізічна становімся здаравейшымі за тых, хто жыве ў полі дыявальскага прыцягнення, і перамагаем дыявала і плады яго спраў. І цела наша паступова набывае неадчувальнасць у дачыненні да зла.
Сённяшняе Евангельскае чытанне заканчваецца на першы погляд дзіўнымі словамі: Хрыстос раптам кажа пра няверны род, які акружае Яго, і далей па-прарочы абвяшчае, што Ён будзе распяты тымі, хто вакол Яго.
Пропаведзь Хрыстова суправаджалася тым, што побач з Ім было мноства людзей, але дзе былі ўсе гэтыя людзі, калі Хрыстос апынуўся на крыжы? Куды падзеліся ўсе тыя ацалёныя паралізаваныя, апантаныя, сляпыя, кульгавыя?
І гэта, на жаль, мае месца на працягу многіх стагоддзяў. Людзі ідуць да Бога для таго, каб атрымаць ад Яго нешта зямное, датыкальнае, канкрэтнае тут і зараз.
Часы заўсёды былі складаныя, складаныя былі яны і тады, калі Збаўца хадзіў па гэтай зямлі, як уцялеснены Богачалавек, і ў наступныя стагоддзі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя хворыя, якія не атрымалі ніякай медыцынскай дапамогі і якія ляжалі на вуліцах, былі старыя, якія паміралі пад адкрытым небам, людзям было страшна, людзям было складана, і ўсе яны ўсклікалі да Госпада, каб Ён дапамог ім, уратаваў іх. Усё гэта было, і людзі спадзяваліся толькі на Бога. І тым не менш, калі Бог прыйшоў у гэты свет і многім з іх падаў тое, чаго яны прасілі, яны ў самы цяжкі момант пакінулі Яго.
Пройдуць стагоддзі, і чалавецтва пачне само сваімі сіламі спраўляцца з многімі бедствамі і журбой. Медыцына пазбавіць чалавецтва ад многіх страшных, асабліва эпідэміялагічных хвароб, ад якіх памірала насельніцтва цэлых гарадоў, стануць усё радзей узнікаць войны, па вуліцах гарадоў будзе хадзіць не так страшна, як у тыя часы: з’явіцца паліцыя, службы сацыяльнага забеспячэння, старыя будуць атрымліваць пенсіі, але непрыкметна храмы пачнуць пусцець менавіта таму, што ва ўсе часы большая частка людзей ішла да Хрыста не для таго, каб штосьці даць Яму, не для таго, каб стаць лепшымі, дасканалейшымі, а для таго, каб штосьці атрымаць ад Яго. І тады, калі людзі навучыліся самі забяспечваць сябе зямным дабрабытам, многім з іх Бог стаў не патрэбны. Як тады, так і зараз толькі вельмі нямногія ішлі да Хрыста, каб стаць лепшымі, каб пакаяцца, каб устаць побач з Ім, каб несці побач з Ім Яго, Хрыстоў крыж.
І мы зараз у часе Вялікага посту павінны задацца пытаннем – а нашто мы ідзем да Хрыста, што мы чакаем ад Яго, ці хочам мы ад Яго толькі штосьці атрымаць, нічога Яму не даючы, ці ёсць усё-такі ў нас хоць малая здольнасць бескарысліва сказаць Яму, што мы любім Яго, гатовыя раздзяліць з Ім Яго крыжовы шлях, Яго пакуты за ўсіх нас? Гэта пытанне патрабуе вельмі шчырага і вельмі глыбокага адказу.
Не ўсякі чалавек ведае, для чаго ён ідзе да Хрыста, і час Вялікага посту дадзены для таго, каб кожнага з нас прымусіць задумацца над гэтым.
Калі б кожны з нас задумваўся над гэтым часцей, ён бы, напэўна, зразумеў, што вельмі складана вераваць у Хрыста бескарысліва, любіць Хрыста проста таму, што Ён дасканалы, проста таму, што Ён любіў нас.
Ён ужо тады ведаў, што ўсе гэтыя людзі, якія бягуць за Ім, адхіснуцца ад Яго тады, калі Яму будзе патрэбна іх дапамога, іх спачуванне. Хрыстос, ацаляючы, дапамагаючы тым, хто да Яго прыходзіць, ужо тады ведаў, што многія з тых, каму Ён дае ацаленні, каму Ён дае зямное шчасце, у імя гэтага зямнога шчасця пакінуць Яго ў той момант, калі Яму будзе патрэбна чалавечая дапамога. Успомнім пра гэта зараз, задумаемся над тым, ці змаглі б мы быць з Хрыстом, калі Ён быў адзін, калі Ён пакутаваў, і амаль ніхто з людзей не прыйшоў да Яго на дапамогу.
І зусім невыпадкова Хрыстос нагадвае бацьку гэтага няшчаснага юнака пра тое, што ёсць у жыцці нешта больш значнае для яго самога, чым хвароба яго дзіцяці, – вера ў Бога. Бог праяўляе Сваю любоў. Бог словам Сваім пераўтварае гэты свет, бо слова Яго напоўнена любоўю, якой так бракуе ў гэтым свеце.
Збаўца папярэджвае сваіх вучняў, што Яму, Таму, Хто адорвае гэты свет любоўю, належыць выпрабаваць на Сабе найвялікшую нянавісць тых людзей, якіх Ён любіў. І што Яго вучні застануцца без Яго. І што яны павінны быць гатовыя да гэтага. Яны павінны быць гатовыя аказацца здольнымі любіць так, як любіць Ён.
Нешматлікія цуды, якія Ён ажыццяўляў, былі праявай Яго любові, Яго спачування, Яго самааддачы ў адносінах да людзей. Сваімі цудамі Ён не набываў Сабе людзей – Ён ратаваў іх. Сваімі цудамі Ён не браў ад гэтага свету ўсё, што мог узяць, – Ён адорваў Яго. І вось калі мы станем здольныя адорваць свет, а не спажываць свет, магчыма, мы акажамся здольнымі, насуперак натуральнаму для гэтага адпаўшага ад Бога свету закону ўзаемапаглынання, тварыць дабро і любоў, як тварыў Хрыстос.
Ідучы да Бога з жаданнем пазбавіцца таго ці іншага няшчасця, калі мы гэты шлях праходзім да канца, мы атрыміваем нешта большае – радасць зносінаў з Богам, нягледзячы ні на кога і ні на што. Вось чаму так важна было Хрысту паспець да Сваёй крыжовай смерці данесці да апосталаў гэту самую галоўную ісціну царкоўнага жыцця: зносіны з Богам – гэта шчасце, зносіны з Богам – гэта радасць, зносіны з Богам – гэта вырашэнне ўсіх нашых праблем, якімі б невырашальнымі яны ні здаваліся нам. Але для гэтага трэба прыйсці да Бога бескарысліва і з чыстым сэрцам. Для гэтага трэба перамяніцца. Амінь.