Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 03 » 28 » Архiепiскап Арцемiй. Слова ў Нядзелю 2-ю Вялікага посту

Архiепiскап Арцемiй. Слова ў Нядзелю 2-ю Вялікага посту

Сённяшні нядзельны дзень імянуецца 2-й Нядзеляй Вялікага посту, ён таксама называецца Нядзеляй святлатворных пастоў.

Святая Царква дае гэтаму дню такую цікавую назву, бо мы ўспамінаем сёння свяціцеля Грыгорыя, архіепіскапа Фесаланіцкага, які ў сваёй працы і настаўленнях вучыў пра нястворанае, Фаворскае Боскае святло.

Менавіта малітва, устрыманне, пакаянне садзейнічаюць усведамленню чалавекам таго высокага прызначэння, якое мае кожны чалавек. І прызначэнне гэта – атрыманне збаўлення. Ідучы па шляху збаўлення, чалавек становіцца супольнікам Боскага святла ўжо тут, на зямлі. Ён азараецца, прасвятляецца, адухатвараецца гэтым няствораным святлом. Пацверджанне гэтаму мы бачым на прыкладзе ўсіх святых, якія неслі подзвіг веры і набожнасці. І пост дапамагае ўсякаму чалавеку быць супольнікам гэтага Боскага святла, таго самага святла, якім азарыўся Гасподзь у часе Свайго Праабражэння на вяршыні гары Фавор.

Калі мы гаворым пра Боскае святло і пра магчымасць быць яго супольнікам, гэта не азначае, што благадаць Божая, а значыць, у астатнім рахунку, і святло Фаворскае падаецца толькі найвялікшым падзвіжнікам за пэўныя заслугі. Не. Кожнаму чалавеку Гасподзь падае Сваю благадаць, але ў меру здольнасці кожнага прымаць яе. Перш, чым уваходзіць у высокія сферы духоўнага жыцця, чалавек павінен пачаць з самага галоўнага – з усведамлення сваёй грахоўнасці, таго, што ён нічога няварты перад Богам, з усведамлення сваіх немачаў і слабасцяў; з усведамлення таго, што без Бога ён не можа нічога. Вось з чаго трэба пачынаць сваё духоўнае жыццё: з усведамлення, што я самы грэшны і няварты перад Богам. Так пачыналі (ды гэтым і заканчвалі сваё зямное жыццё) усе святыя падзвіжнікі веры і набожнасці.

Нам жа трэба прайсці доўгі і складаны шлях духоўнага станаўлення. І пры гэтым трэба памятаць і ведаць, што для чалавека, які жыве ў свецкім грамадстве, у першую чаргу, неабходна захоўваць сябе не забруджаным ад свету, у якім ён жыве, таму што без гэтага усе набожныя намаганні і парывы марныя. І калі б кожны з нас клаў усе свае сілы на гэта, можна было б сказаць, што тое, чаму вучыў і прапаведаваў свяціцель Грыгорый, магчыма і для нас – для тых, хто жыве ў свецкім грамадстве; і мы таксама здольныя азарыцца, прасвятліцца, адухатварыцца гэтым благадатным нябесным святлом.

Паглядзіце, як гэта пераклікаецца з жыццём хрысціянаў першых стагоддзяў. Успомнім старажытны Халкідон. Бушуе маравая язва. Язычнікі сваіх родных і блізкіх, і хворых, і памерлых, выносяць на вуліцу, бо баяцца любога судакранання з імі. А хрысціяне ходзяць па вуліцах горада, падбіраюць трупы і хаваюць, забіраюць хворых і даглядаюць за імі. Язычнікі ўражваліся гэтай мужнасці, бясстрашнасці і чалавекалюбству і гаварылі з захапленнем: “Як яны жывуць! Адкуль у іх столькі любові?”… Кожны з нас павінен задаваць сабе пытанне: “А ці хрысціянін я? Ці жыве ў маім сэрцы Хрыстос?”

Так, сапраўднае хрысціянскае жыццё не простае і патрабуе праяваў нашай настойлівасці, няўхільнай энергіі і волі. Усё павінна быць сабрана ў адзін кулак: наша вера, наша любоў, наша воля, скіраваная на выкараненне ў сабе зла і далучэнне да святла. І як пераклікаецца з гэтым евангельскае чытанне, прапанаванае нам за сённяшнім набажэнствам. Паралізаванага чалавека ацаліў Хрыстос. Але як гэта адбылося? Гэты вялікі меў чатырох сяброў, якія даведаліся пра тое, што Іісус Хрыстос, які ажыццяўляў вялікія цуды, прыйшоў у іх горад. Яны верылі, што Іісус можа ацаліць іх сябра, і таму, узяўшы паралізаванага на насілкі, пайшлі да таго дома, дзе знаходзіўся Гасподзь. Але ўвайсці ў той дом яны не змаглі праз мноства народа, які знаходзіўся ў ім. Але паглядзіце, якая настойлівасць была ў гэтых людзей! Яны залезлі на дах дома, паднялі туды насілкі, разабралі частку даху і ў адтуліну апусцілі да ног Хрыста хворага сябра. І па веры гэтых людзей, бачачы іх настойлівасць, Збаўца ацаляе іх сябра. Так, усе мы, браты і сёстры, павінны праяўляць упартасць і настойлівасць у дасягненні станоўчых вынікаў у справе свайго духоўнага росту. Не стаянне на месцы, не адкатванне назад, а рух наперад, хоць не намнога, хоць крыху.

Мы жывем паводле прынцыпу “патраціць нейкі час на Хрыста”. Але Бог згодзіцца толькі на тое, каб усё наша жыццё было дарогай да Яго. Гэта не значыць, што трэба адмаўляцца ад асабістага і прафесійнага жыцця. Гэта значыць, што Хрыстос павінен быць дапушчаны намі ў самую сарцавіну нашага існавання, туды, дзе Яго зараз часцей за ўсё няма. Дзе ўжо вельмі даўно знаходзімся толькі мы самі, наша расслабленае “я”.

Мінула два тыдні з тых пор, як мы прачыталі канон Андрэя Крыцкага. Там ёсць словы, на якія мы павінны звярнуць увагу: “Душа – кажа прападобны Андрэй, – ты была ласкасардэчнай”. Ласкасардэчнай – значыць занадта мяккай і далікатнай, занадта выпешчанай самой сабой. Нам вельмі ўласціва песціць сябе, закалыхваць, адносіцца паблажліва да ўласных – не да чужых, вядома! – немачаў і грахоў. Мы пацягваемся, і пазяхаем, і адкладаем праполку нашага агарода на потым. Але вось яно прыйшло, гэта “потым”. Настаў Вялікі пост, і калі яшчэ, як не цяпер, прымацца за справу.

Пост – час нашага намагання. Мы працуем, стараемся што-небудзь зрабіць, неяк абмежаваць свае капрызныя ўнутраныя запыты. Мы імкнемся да Бога, каб Ён дакрануўся да нас Сваёй благадаццю, як некалі дакрануўся да расслабленага.

У Евангеллі Хрыстос, адпусціўшы грахі паралізаванаму і ацаліўшы яго ад хваробы, сказаў: “Атрымаўшы ацаленне, больш не грашы, каб не стала табе горш”. Адпусціўшы грахі паралізаванаму, Ён тым самым ацаляе яго душу. Звернем увагу, што Гасподзь называе расслабленага чадам, гэтым усынаўляючы Нябеснаму Айцу, звязваючы яго з бязгрэшным Богам. Гасподзь паказаў, што грахі служаць прычынай хваробы, і таму трэба перш за ўсё з душы выдаляць прычыну хваробы – грэх, тады спыніцца і хвароба, гэта значыць гібельнае ўздзеянне на цела наступстваў грэху.

Будзем прасіць у Госпада дапамогі ў нашым намеры і ў далейшым супраціўляцца грэху, бо перамагчы грэх можна толькі працяглай барацьбой з ім. Укаранім у сабе добры намер – барацьбу з грэхам – праз чытанне Святога Пісання, пост, малітву, наведванне храма Божага.

Строгае папярэджанне гучыць у сённяшнім апостальскім чытанні. Як моцна рызыкуе чалавек, грэбуючы сваім збаўленнем?! Як многа такіх хрысціянаў, вера якіх паступова становіцца халоднай, і якіх жыццёвыя плыні ўносяць ад Хрыста штодня ўсё далей. Вось ад таго мы і просім дапамогі Святога Духа, пасланага нам Госпадам, якога і заклікаем дапамагаць нам у нашай немачы і нашым малавер’і: “Прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усяго злога, і збаў, Добры, душы нашы”. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Слова ў Нядзелю 2-ю Вялікага посту
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut