Архiепiскап Арцемiй. Перамога Праваслаўя
Іканаборства – з’ява гісторыі і духоўнай культуры Візантыі, рэлігійна-палітычны рух у VIII – пачатку ІХ стст., вялікая смута ў розумах людзей, якая мела наступствамі многія і страшныя рэпрэсіі, бо тыя, хто змагаўся з іконамі, выкарыстоўвалі не толькі сілу пераканання, але і палітычную ўладу, з апорай на якую знішчалі і прыгняталі ўсіх, хто захоўваў веру праваслаўную.
Паводле меркавання многіх гісторыкаў, у цэнтры іканаборскага канфлікту была не столькі палеміка паміж прыхільнікамі і ганіцелямі ікон, колькі барацьба паміж дзяржавай і Царквой, якая паступова сыходзіла з-пад кантролю Імперыі.
Адбывалася хрысціянскае асвячэнне ўлады, на манетах Хрыстос нагадваў самога імператра. Вобраз імператара ўзаемазвязаны з вобразам Бога, імператар – памазаннік Божы, Яго прадстаўнік на зямлі.
Парой ікона і манета з выявай Хрыста ўспрымаліся як адзіны вобраз – адзінства зямной, імператарскай улады і ўлады Хрыста, улады Боскай. Іканаборства ўзнікла ў выніку спробы дзяржаўнай улады змяніць рэлігію згодна з патрэбамі дзяржавы.
Усё, што адбылося тады ў Візантыйскай імперыі, гісторыя іканаборства – гэта важнае сведчанне таго, што ўлада ніколі не павінна ўрывацца ў свяшчэнную прастору Царквы. І адначасова таго, як не павінна рабіць і царкоўная ўлада, падпарадкоўваючыся рашэнням улады дзяржаўнай, калі гэтыя рашэнні разбураюць Царкву і прычыняюць каласальную шкоду вернікам.
Пагэтаму сёння мы адзначаем той факт, што Царкоўнае домаўладкаванне шануе дзяржаўную ўладу, аднак прыгэтым не падпадае пад яе залежнасць.
Сёння ўспамінаецца тое дзіўнае дзеянне, якое мела дачыненне да імператара Феофіла, ганіцеля святых ікон, які раскаяўся перад смерцю. І гэтым дзіўным дзеяннем ёсць грамадскае пакаянне, малітва і пост. Гэтыя подзвігі былі здзейсненыя за яго ў першую сядміцу посту, і імператар атрымаў ад Госпада прабачэнне правінаў.
Таму сёння прадметам нашага святкавання ёсць тое, што ўлада Царквы не павінна вызначацца моцнымі гэтага свету. Царква павінна гучна заяўляць аб сваёй прысутнасці ў грамадстве, аднак прыгэтым не пераўтварацца ў свецкую ўладу.
Адны запэўніваюць сябе і нас, што праваслаўе – гэта нейкая нацыянальная ідэалогія. Мы ж павінны ведаць, што праваслаўе – гэта пошук жыцця ў Богу і што ўсякае дзяржаўнае і нацыянальнае ўладкаванне жыцця для нас другаснае.
Іншыя кажуць, што праваслаўе – гэта “культурная спадчына”. Мы ж павіны ведаць, што праваслаўе – гэта не стварэнне культурных формаў, а запаветнае спазнанне Духа Святога.
Праваслаўная Царква зазнала ганенні і прыгнёт на працягу многіх стагоддзяў – і арабы, і крыжакі, і манголы, і туркі, і бальшавікі ў Савецкай Расіі. Гісторыя нашай Маці-Царквы ведае канчыну мітрапаліта Філіпа ад рук ка́та, і смерць ад голаду свяціцеля Гермагена, і зняволенне патрыярха Нікана. “Сімфонія” дзяржавы і Царквы ў Расіі заставалася толькі добрым пажаданнем, царкоўная іерархія знаходзілася пад пастаянным ціскам з боку свецкага чыноўніцтва.
Але Царква выстаяла, захавала сваю веру і сваё адзінства. Няглядзячы на лютыя ганенні, Праваслаўная Царква не страціла сваю веру, сваё літургічнае паданне. Дагматычнае вучэнне Праваслаўнай Царквы засталося непашкоджаным, і яна па-ранейшаму захоўвае тую самую веру апостальскую, веру айцоўскую, веру праваслаўную, якую прапаведавалі айцы і вучыцелі Царквы.
Таму галоўнае ў праваслаўі не веданне зместу Евангелля і дагматычнага багаслоўя, а далучанасць да таго досведу, які стаіць за словамі. Такім чынам, адстойваючы Ісціну ад аблудаў, Царква клапоціцца не пра адцягненае багаслоўе, а пра нашу далучанасць да жыцця вечнага, якая і ёсць веданнем адзінага сапраўднага Бога.
Гасподзь нам даў найвялікшую духоўную зброю ў абароне Ісціны – гэта пакаянная малітва.
Мы сёння молімся, каб адпаўшыя вярнуліся да веры ісціннай, да Хрыста ў Царкву Яго. Будзем жа маліцца за нашу Царкву, якой пагражаюць сёння і лжэвучэнні, і расколы. Будзем маліцца за нашу Айчыну, каб яна зноў вярнулася да Хрыста. Будзем маліцца і за нас саміх, каб у астатнія дні Вялікага посту дамагчыся поспеху ў духоўным ацаленні. Будзем маліцца аб тым, каб Гасподзь дараваў нам дух ісціннай і праваслаўнай малітвы і ўвёў нас у радасць Свайго Уваскрасення.