Архiепiскап Арцемiй. Даравальная нядзеля
Сёння мы з Вамі прыйшлі ў храм, каб папрасіць благаславення на надыходзячы Вялікі пост. Што для нас азначае пост? Часта мы ўспрымаем пост чыста знешне, як абмежаванне ў ежы. Нашы сродкі масавай інфармацыі кажуць: “Нельга есці тое, нельга есці гэта”. Не ў гэтым сэнс посту.
Пост паводле Бажэственнага Адкравення быў нават устаноўлены ў Раі. Бог стварыў чалавека на свой узор, даў усе магчымасці для яго самаўдасканалення, і абмежаваў, як кажа Біблія: вось, гэта дрэва, ад гэтага дрэва плоду не еж. Вобразная мова Бібліі таго часу кажа, што была нейкая крыніца ведаў, якую чалавеку было яшчэ рана ўспрымаць. Як маленькаму дзіцяці кажуць не карыстацца нейкімі прадметамі, небяспечнымі для яго, так і чалавек на досвітку свайго развіцця не мог мець ведаў, бо яны былі б шкодныя для яго. У аснове фарміравання чалавечай асобы ляжыць давер: “Я давяраю Богу”. Бог сказаў мне “Не датыкайся”, значыць, я не датыкаюся.
Паўшы ангел, зафанабэрыўшыся і палічыўшы сябе роўным Богу, вось гэту заразу прыносіць чалавеку. Бог сказаў, што ты будзеш богападобны? Так. Ты прызначаны для абагаўлення? Так. Дык вось паспытай гэты яблык, і ты атрымаеш усю натуральную моц ведаў. А гэтыя веды зробяць цябе ўсемагутным, і ты будзеш роўным Богу. Вось нават сённяшняя атэістычная філасофія – я чалавек, я ўсемагутны, я бог. А ўсё гэта пачынаецца, так сказаць, з першых крокаў чалавечага жыцця.
І вось чалавек, зафанабэрыўшыся, заганарыўшыся, сваёй ганарлівасцю захлынуўшыся, слухае дыявала і каштуе гэты плод. І становіцца няздольным знаходзіцца з Богам тварам у твар, не здольны падтрымліваць зносіны з Богам. Як чалавек, які працяглы час знаходзіцца ў цемры і не бачыць святла, калі яго вывесці на святло, ён упадзе, ён страціць зрок, будзе боль невыносны. Як істота, якая ў падзямеллі вырасла, не можа бачыць святло, так і чалавек ужо не можа быць тварам у твар, падтрымліваць зносіны са сваім Творцам і Богам. Ён губляе благадаць вечнасці, страціўшы благадаць, ён стаў смяротным.
І, як кажа Біблія, “шед Адам плакася горько”. Гэтыя словы мы можам пачуць на каноне Андрэя Крыцкага. Уся Біблія, увесь Стары Запавет пранізаны плачам, пранізаны тугой чалавека па страчаным Раі. Мы страцілі Бога, мы шукаем Бога. Праведнікі старазапаветныя ідуць у пустыню, шукаюць, моляцца, шукаюць Бога, каб вярнуцца да Яго.
І вельмі знакавы 136 псалом, які спяваецца ў падрыхтоўчыя нядзелі Вялікага посту – “На реках Вавилонских тамо седохом и плакахом, внегда помянути нам Сиона”. Гэта значыць будучы ў Вавілонскім палоне, Ізраільскі народ знаходзіўся ў рабстве. Яго знішчалі, былі непасільныя працы і цалкам перакрэслена духоўнае жыццё: ніякага храма, ніякага рэлігійнага жыцця. І яны ўпотай сыходзілі са сваіх паселішчаў у каналы Вавілона або рэкі Вавілона, як іх называлі. І там на гэтых рэках у пустэльным месцы плакалі, крычалі, спявалі, усклікалі да Бога: “внегда помянути нам Сиона”. Дзе наша Айчына? Дзе наш родны дом? Дзе наш Храм? Дзе наш Бог? Дзе наша набажэнства? Дзе наша духоўнае жыццё?
Толькі з часам, на жаль, гэта туга па страчаным Раі як па адзінстве з Богам губляецца ў чалавечай душы. Мусульмане разумеюць рай як месца задавальнення, дараванае праведным, дзесьці яшчэ рай разумеецца ў матэрыяльным успрыняцці. А вось Богаадзінства, Богапазнанне ў чалавеку губляецца. Чалавек пераўтвараецца ў разумную жывёлу і жыве сваёй асалодай. Вось спытаем сябе: мэта нашага жыцця – Богапрыпадабненне? Не, мы проста хочам жыць камфортна. А прасцей выражаючыся, мэта жыцця – атрымаць паўнату асалоды ад жыцця. А асалода без развагі ёсць знішчэннем чалавечай асобы. А душа ні перад чым не можа спыніцца.
Паглядзіце на багатых: усё ў іх ёсць, а заканчваюць жыццё самагубствам, бо душа галадае. Душа змучылася ад тугі, яна стамілася, яна пакутуе, яна плача перад Богам. Душу можа асвяціць толькі Хрыстос – вобраз Жывога Бога, зносіны з Богам. І гэтай мэце служыў пост яшчэ ў Старазапаветнай Царкве. І гэтай мэце служыць пост і ў Новазапаветнай хрысціянскай Царкве.
І вось Вялікі пост быў устаноўлены ў гонар ажыццяўлення таінства Хрышчэння. Вось сёння як мы хрысцім людзей? Прыйшлі, заплацілі і сышлі, а назаўтра забылі. А ў старажытнасці хрысціяне 2 гады рыхтаваліся да таінства Хрышчэння. І хрысціліся дарослыя, якія пражылі жыццё, і напярэдадні Пасхі сыходзілі ў пустыню на 40 дзён, як Хрыстос. Яны знаходзіліся ў пустэльным месцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў, педагогаў духоўных, духоўнікаў. І потым прыходзілі ў Вялікую суботу, аглашэнныя, і прымалі хрышчэнне на Вялікдзень. Выходзілі ў белым адзенні на хрэсны ход, прымалі хрышчэнне як адраджэнне духоўнага жыцця чалавека, як усынаўленне Богам чалавека, як блудны сын вярнуўся да бацькі, хоць і страціў годнасць сынаўства, але прымаецца бацькам і ён уваходзіць у свой родны дом, на поўных правах сына. І вось таму таінства Хрышчэння – гэта ўнутранае нараджэнне чалавека ў новае жыццё, у жыццё ў Хрысце. І даецца белае адзенне, як бы вянчальнае, як сімвал шлюбу, саюзу Бога і чалавека.
Таінства Хрышчэння не паўтараецца. Але ёсць пакаянне, якое адраджае благадаццю чысціні. Благадаццю, якая ачышчае чалавека. Для гэтага даецца яму пост. І таму мы молімся, і самае асноватворнае значэнне посту – гэта ўсвядоміць сваю спустошанасць і сваю бязбожнасць, што ў нашай душы Бога няма. Наш храм пусты, ён разбураны. Як богаабраны народ, расплакацца і разрыдацца, каб Гасподзь адрадзіў нашу душу, каб адрадзіў наша жыццё, нашу рэлігійнасць, адрадзіў нашу поўную духоўнасць, адрадзіў нам пазнанне Бога.
А хто ёсць Бог? Для нас гэта неспасціжна з філасофскага пункту погляду. А Іаан Багаслоў проста і коратка кажа: “Бог – гэта любоў”. Неспасціжная ўласцівасць любові: Бог – любоў, крыніца любові. І ўсе нашы запаведзі, якія даў нам Бог, як Гасподзь кажа юнаку, заключаецца ў дзвюх запаведзях: любі Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усёй сваёй думкай, усёй сваёй істотай будзь з Богам, будзь адушаўлёным храмам, а бліжняга ўзлюбі, як самога сябе.
І вось святыя айцы кажуць, што мы любім толькі сябе. А віну гэту стараемся скінуць на бліжніх. Як Адам адказаў? Жанчына, якую ты мне даў (я ж Цябе не прасіў, а Ты мне даў жанчыну), вось яна дала мне яблык і я еў, яна вінаватая, а не я. І вось усё жыццё пранізана выяўленнем таго, на каго пераносім віну: хто вінаваты? Толькі не я. І наша жыццё пераўтварылася ў барацьбу за выжыванне, як у звяроў. І кожны стараецца падняцца па лесвіцы дабрабыту, нават закошт іншых людзей. І пэўна, ва ўсім гэтым вінаваты наш духоўны стан. Мы можам сказаць, што я невінаваты, што гэты чалавек мяне ненавідзіць, ён узводзіць паклёп. Гэта даказаць можна, гэта відавочна.
Беспрычынных з’яў не бывае. Як у Бібліі напісана? Бог разлютаваў сэрца фараона, і фараон стаў гнаць богаабраны народ у Егіпце, бо яны пакінулі сваю веру, страцілі сваю нацыянальную годнасць. І на іх апалчыўся фараон. Такі закон жыцця. Калі ў нас губляецца духоўны бок, Бог пасылае нам “санітараў”, Бог пасылае нам крыж нейкі: можа быць, хваробы, можа быць, яшчэ што-небудзь, ці людзі вакол нас прымушаюць нас задумвацца, што не мы творцы свайго лёсу, а Бог. І калі мы губляем Бога, то і жыццё наша бессэнсоўнае. І калі чалавек на мяне апалчыўся, значыць, я ў чымсьці вінаваты. Трэба ж ненавідзець не чалавека, а хваробу. Ён таксама хворы, як і я. Хвароба грэху ляжыць на ім, гэта праява яго хваробы, гэта яго стан, гэта ўласцівасць яго хваробы. Хіба я не павінен ненавідзець яго за гэта? Ён сам пакутуе, і я не магу яго асуджаць. Бог можа яго судзіць, а я магу маліцца за яго, і ў сваю чаргу папрасіць прабачэння, што я ў чымсьці правакую яго сваім жыццём: “Даруй мне”.
І як пачынаецца наша набажэнства, наша яднанне са слоў “Госпадзі, памілуй”, так узаемаадносіны людзей павінны пачынацца са слоў “Даруй мне”. Ва ўсім сябе лічыць вінаватым. Нават калі здавалася б беспрычынна хтосьці на цябе нападае. Прычына адна: неабходны для цябе крыж для лекавання твайго эгаізму, сябелюбства, самалюбства і ганарлівасці. Яго пасылае Бог памочнікам-санітарам, які дапамагае нам у справе нашага збаўлення.
Таму існуе закон жыцця, калі хтосьці цябе крыўдзіць, старайся па крайняй меры не адказаць злосцю, пастарайся змоўчаць, а потым пачні маліцца за яго. Бесы ж не любяць, калі моляцца. І потым, калі пачынаеш маліцца, аналізуеш усё, што адбываецца, пачынаеш вінаваціць самога сябе. Святыя лічылі сябе самымі грэшнымі. Свае добрыя справы яны лічылі заганнымі. Яны недастаткова правільна зрабілі – вось сапраўдная святасць. Таму мне трэба аналізаваць і ва ўсім лічыць вінаватым сябе. Мы хворыя, а я самы першы з іх і сваім хворым станам правакую вось такія ўзаемаадносіны.
У старажытных манастырах існаваў звычай. Калі пачынаўся пост, брація сыходзіла ў пустыню – хто мог. Бралі благаславенне і настолькі там складана было сярод звяроў дзікіх і без ежы, што некаторыя нават не вярталіся ў манастыр, спачывалі ў часе подзвігу. І таму, атрымаўшы прабачэнне, развітваліся: убачымся на Пасху, не ўбачымся – не ведаю, даруй мне, браце, я сыходжу маліцца і сыходжу каяцца ў сваіх грахах. І так гэта традыцыя перарасла ў чын прабачэння такога духоўнага плану: даруй мне ўсё тое дрэннае, што я зрабіў. Гэта перайшло і ў царкву ў свеце – як у старажытных манастырах, папрасіць адзін у аднаго прабачэння за ўсе правіны, якія мы зрабілі. Падысці, неяк высвятляць адносіны – усё гэта амаль немагчыма. А хаця б старацца, каб у душы ў мяне не было злосці да гэтага чалавека. Злосці адзін да аднаго, да людзей вакол мяне.
Мы вырачаны на адзіноту сваёй ганарлівасцю. І прычына нашага раздзялення – гэта наш эгаізм, наша сябелюбства і наша злосць. А Бог ганарлівым працівіцца, а змірэнным дае благадаць. Змірыся – і благадаць увойдзе ў тваё сэрца.
І Гасподзь збірае нас вакол сябе. І вобразам нашага сходу ёсць Еўхарыстыя, калі мы збіраемся ўсе разам. І ў часе ажыццяўлення еўхарыстыі мы ўсклікаем да Бога ў пакаянні, і Гасподзь злучае нас: дзе двое ці трое сабраныя разам, там і Я знаходжуся паміж вамі. Мы жывем надзеяй на прышэсце Бога. А Хрыстос яўляецца нам у Святых Тайнах, і калі мы прымаем Яго Цела і Кроў, Ён злучаецца з намі ў таінстве Бажэственнай літургіі. І пачынаецца яднанне ў Царкву. Еўхарыстычнае адзінства ў Царкве пачынаецца з агульнага пакаяння.
Таму будзем прасіць адзін аднаго прабачэння ў нашых грахах, я прашу ў сваю чаргу прабачэння за свае правіны, за сваё недастоінства, неадпаведнасць свайму пастырскаму пакліканню, і просім Вашых малітваў і Вашай ласкі і міласэрнасці.