Архiепiскап Арцемiй. Стрэчанне
Свята Стрэчання Гасподняга адзначаецца Царквой услед за светлымі днямі Хрыстовага Нараджэння і Богаяўлення, калі хрысціяне рыхтуюцца да подзвігаў посту, малітвы, сардэчнай скрушанасці. У стрэчанскім набажэнстве ёсць месца і радасці, і смутку, душэўнаму захапленню і ціхаму замілаванню, якое мяжуе з жалем.
Вяртаючы Немаўля Маці і благаславіўшы Яе і Іосіфа, па праву глыбокага старца, на якім спачываў Дух Святы, Сімяон у прарочым натхненні прадракае, што гэта Немаўля будзе прадметам спрэчак і супярэчнасцяў паміж Яго паслядоўнікамі і ворагамі. Хто любіць ісціну і імкнецца выконваць волю Божую, той уверуе ў Хрыста, а тыя, хто любіць зло і справы цемры, той узненавідзіць Хрыста і будзе ў апраўданне сваёй злосці ўсяляк узводзіць паклёп на Яго. Гэта, уласна кажучы, і споўнілася на прыкладзе кніжнікаў і фарысеяў і спаўняецца да нашага часу на прыкладзе ўсіх бязбожнікаў і хрыстаненавіснікаў.
Гэтыя прарочыя словы праведнага Сімяона: вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі – знаходзілі сабе пацверджанне на працягу дваццаці мінулых стагоддзяў. І ў наш час, як і ва ўсе часы, Хрыстос ляжыць адным для падзення, а іншым для паўстання, служыць прадметам супярэчнасцяў.
Свята Стрэчання Гасподняга – першае ахвярнае расстанне Маці Божай з Яе Боскім Сынам. Прыносячы Сваё Немаўля ў храм, Божая Маці прыносіла Яго ў ахвяру Богу. Першы раз, свабодна, паводле закону Свайго народа, яна аддавала Богу Народжанае ад Яе. Яна Яго аддала раз і назаўсёды. Гэта ахвярапрынашэнне працягвалася потым на працягу ўсяго Яе жыцця і стала крывавай ахвярай Галгофы.
Паглыбімся ў сутнасць радаснага, але і змешанага з ціхай ратавальнай тугой перажывання, якім была поўная чыстая душа Багамаці, што чула прарочыя словы святога старца Сімяона. Навучымся ад Яе, глыбей за ўсіх перажыўшай несправядлівасць, здзейсненую над Яе Сынам, поўнай адданасці волі Божай, гатоўнасці ўсё прымаць з удзячнасцю з дабрадзейных рук Божых, усё пераносіць з цярпеннем і любоўю.
Хрысціянства раскрывае сябе, – ці, вярней, Хрыста, Яго вучэнне, Яго дар – як збаўленне. Збаўленне не ад чагосьці, а збаўленне самога жыцця, так безнадзейна адарванага ад сваіх вытокаў, ад Бога, ад святла, ад неба, ад Ісціны і вечнасці.
Сустрэча праведнага Сімяона з Хрыстом – гэта сустрэча тварам да твара чалавека і Бога. Такая сустрэча магчымая ў жыцці кожнага з нас. І калі мы гаворым пра сустрэчу з Богам у глыбінях сваёй душы, многія людзі нават не ведаюць, як блізка да нас можа быць Гасподзь у нашым жыцці. Шчырая малітва, любая сапраўды добрая справа напаўняюць нас радасцю і асаблівай благадатнай ціхамірнасцю, і ў гэтым мы можам у яшчэ большай ступені адчуць прысутнасць Бога. У святых Божых храмах мы адчуваем цалкам асаблівую благадаць, а ў Святым Прычасці мы рэальна сустракаемся з Богам, аднаўляючыся ўсёй сваёй істотай.
Хрысціянін павінен заўсёды быць радасным. Але гэта радасць не ёсць радасцю беклапотнасці і лёгкага погляду на жыццё. Гэта радасць супольнасці з Богам, непарыўнага знаходжання са Хрыстом, поўнай паслухмянасці Яму і суўваскрасення з Ім.
Сёння мы адзначаем свята веры, веры чалавека, праведнага Сімяона, які многа-многа год з надзеяй чакаў, калі споўняцца словы, сказаныя яму праз Духа Святога аб прышэсці ў свет Збаўцы, які дае ўсяму чалавецтву жыццё вечнае, і яму самому, Сімяону, мудраму і вельмі старому чалавеку, які стаміўся ўжо ад зямнога жыцця, дасць нарэшце дазвол памерці, адысці ў іншы свет. І ўбачыць дакладна, а не як праз цьмянае шкло, убачыць яўна, што жыццё пражытае недарэмна, а з вялікім сэнсам – уваходжання ў вечнае жыццё, злучэння з Богам. Усё ліхое, сумнае, усе хваробы, несправядлівасці, якія за доўгія гады яму давялося перажыць, было таксама невыпадкова, а было прамысленча паслана Богам.
Такая вера, пэўна ж, не церпіць ні мітусні, ні маладушша, ні паныласці, ні адчаю.
Чаго толькі не было, нават калі паглядзець на апошнія гады жыцця святога праведнага Сімяона, вакол яго. Першасвятары, фарысеі, цалкам сказіўшыя веру, збочыўшыя з сапраўднага шляху Божага, і садукеі, якія проста не былі вернікамі, не веравалі ў Госпада, атэісты – і ўсё гэта бачыў стараць Сімяон, і вера яго непахіснулася. Яго народ быў захоплены язычнікамі, краіна раздзелена на чатыры часткі, людзі, якія былі абраны тады і якія павінны былі са слоў прарокаў чакаць Збаўцу свету, Збаўцу ад зла, ад грахоў, ад вечнай смерці, чакалі па сутнасці якогасьці бунтаўшчыка, палітычнага дзеяча, які аднавіў бы былую зямную славу і магутнасць Ізраіля. Амаль нікога не засталося, хто сапраўды чакаў ісціннага Месію, але і ўсеагульнае памутненне розумаў не пахіснула веру святога праведнага Сімяона. Чаму? У Евангеллі гаворыцца пра гэта. Бо Дух Божы быў з ім, ён жыў з Богам. А вакол яго вера і адносіны з Жывым Богам былі заменены на рэлігійную ідэалогію.
Сёння свята вялікіх абяцанняў Божых, сёння свята выкананя цярпення ўсіх вернікаў, сёння свята праўды Божай, якая хай і не адкрываецца адразу перад намі, але для нас жа карысна, каб мы доўга цярпелі з цвёрдай надзеяй на Збаўцу, на ўсё тое, што было сказана ў Свяшчэнным Пісанні і не вагаліся сэрцам. Неўпарадкаванасць свету, рознага кшталту рэлігійныя і палітычныя захапленні не павінны агортваць сапраўднага верніка.
Хочацца прывесці два прыклады, як людзі перад канцом свайго жыцця чакалі гэтага абяцання Божага і мірна сыходзілі з гэтага жыцця ў жыццё вечнае. Адпускаў іх Гасподзь з гэтага жыцця, калі выконваў Свае абяцанні.
У лютым памерла вялікая падзвіжніца, схіманахіня Маргарыта, апошняя дзівееўская манахіня. Усе яе звалі Фрося, і яна сябе так называла – Фрося, хоць яна была схімніцай і памерла, калі ёй было 90 год. Ніколі яна не ганарылася сваім манаствам, хоць была манахіняй з 15 год, паслушніцай яшчэ таго Дзівееўскага манастыра. Яна прайшла, з нашага пункту погляду, вельмі цяжкое жыццё – лагеры, ссылкі, бяздомнае існаванне, выгнанне з манастыра, занядбанне мошчаў прападобнага Серафіма Сароўскага на вачах у яе, разбурэнне Дзівееўскай абіцелі, перамога бязбожжа. Было і больш страшнае – манахі і святары скідалі з сябе сан, гаварылі “Мы не веруем у Бога, калі такое адбываецца” і сыходзілі жыць у свецкае грамадства. Не мы ім суддзі, але было і такое. А яна цвёрда веравала ў абяцанне сваіх духоўных айцоў і маці, якія гаварылі, што зноў адродзіцца Дзівеева і апошняя дзівееўская манахіня, адна з дзівееўскіх паслушніц, дажыве да гэтага дня. Яна сустрэне мошчы прападобнага Серафіма Сароўскага, якія архіерэі і дзівееўскія сёстры на сваіх руках прынясуць у Дзівеева. Будуць створаны вялізныя дзівееўскія храмы. Адна з дзівееўскіх сясцёр павінна будзе ахоўваць святыні, якія засталіся ад прападобнага Серафіма – гаршчочак, у якім ён варыў снітку, траву, калі пасціўся на дальняй пустыньцы, епітрахіль, поручы, рукавіцы і свечку, якую апошняя дзівееўская манахіня запаліць перад уваходам у храм, калі будуць уносіць у дзівееўскі храм мошчы прападобнага Серафіма. Пэўна ж, калі дзяўчынка, пятнаццацігадовая Фрося, чула гэтыя абяцанні яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, разумеецца, яна не думала нават пра тое, што гэта ёй давядзецца ўсё – і захаваць, і выпрабаваць, і запаліць гэту свячу, і сустракаць мошчы прападобнага Серафіма. Ні на секунду не сумнявалася яна ў гэтых абяцаннях. Здавалася б, як можна было ў гэта паверыць? Вакол была закрытая зона, побач з горада Сарова зрабілі горад Арзамас-16, у якім выпускалі ядзерную зброю, пабочных людзей не пускалі ў Дзівеева, разбураны былі ўсе храмы Дзівееўскага манастыра, нават маленькага прыходскага храма не дазволілі пабудаваць. Таемна манахі прыязджалі ў Дзівеева, везучы на грудзях Святыя Дары, каб на Аўражнай вуліцы, дзе жылі манахіні, прычасціць іх і ціхенька з’ехаць, бо забіралі манахаў і саджалі іх у турмы. Не сумнявалася яна ў тым, што ўсё гэта адбудзецца. І вось адбылося тое, што мы ўсе ведаем, нягледзячы ні на што, дазволілі адкрыць Дзівееўскі манастыр, і схіманахіня Маргарыта дажыла да гэтага абяцанага ёй дня, калі яна ўжо немачная, у схіме, стаяла з гэтай вырабленай амаль сто год таму свячой, запаліўшы яе, і сустракала мошчы прападобнага Серафіма, якія нёс Патрыярх у храм Дзівееўскі, архіерэі і сёстры адроджанай Дзівееўскай абіцелі.
Духоўна вельмі блізкі быў да Дзівееўскага манастыра вялікі падзвіжнік, архіепіскап Арсеній (Стадніцкі), вызнанне і мучаніцтва якога адбывалася ў 30-я гг. Тады, незадоўга да смерці пасля страшных катаванняў і прыніжэнняў, на апошнім допыце, раптам ён гаворыць мірна і спакойна, цалкам не маючы зла да людзей, якія былі перад ім, кажа: “А я ведаю, што прыйдзе час, калі сам народ знішчыць бязбожную ўладу на Русі, адродзяцца храмы, манастыры, а самае галоўнае, адродзіцца вера і адродзіцца шлях людзей ад смерці да жыцця вечнага. Ні на ёту ў гэтым не сумняваюся”. Сказаў ён гэта пасля катаванняў, пасля страшных засценкаў, перад немінучай смерцю. Гэта абяцанне ад Духа Святога ён атрымаў за сваё вызнанне ў турме, і вызнаваў гэта ён няхай нават перад людзьмі, якія не верылі яму, нядобразычліўцамі, але якія занеслі гэта ў свае дакументы. Дакументы гэтыя трапілі ўжо да нас, сённяшніх людзей, для ўмацавання нашай веры, пачулі мы голас архіепіскапа Арсенія (Стадніцкага) з 1938 года.
Разумеецца, мы можам толькі маліцца і прасіць у Госпада, каб і наша вера малітвамі такіх людзей была ўмацавана і наша надзея на Госпада ніколі не магла б пахіснуцца, нягледзячы ні на якія няшчасці, зло, паклёпы, вятры. Памолімся, каб іх малітвамі, заступніцтвам і абаронай Гасподзь дапамог нам годна несці сваё хрысціянскае званне ў гэтым свеце, прыняць у сваё сэрца Бога і ніколі не расставацца з Ім, і спрабаваць так засумаваць па Богу, так засумаваць у гэтым мітуслівым жыцці, як гэта было з праведным Сімяонам Богапрыімцам. І тады, у канцы гэтага пакутлівага шляху нас чакае Стрэчанне – наша сустрэча з нашым Збавіцелем.
Гэта вялікае адкрыццё аб тым, што і смерць чалавека можа быць вялікай радасцю, калі гэта смерць адбываецца дзеля Хрыста, калі гэту смерць благаслаўляе Збавіцель.
Свята Стрэчання звяртае наш мысленны погляд менавіта да гэтай, вельмі пакутлівай, вельмі страшнай праблеме ў жыцці кожнага з нас – праблеме смерці. Смерці, якая для многіх насамрэч адкрывае шлях да вечнага збаўлення, да вечнай радасці.
Такое гэта, на першы погляд, ціхамірнае і радаснае, амаль дзіцячае свята Стрэчання Гасподняга. За ім стаіць вера, а таксама шматвяковая малітва аднаго адзінага чалавека і вялікая радасць яго ад гэтай малітвы, што дала яму адкрыццё Хрыстова. З гэтай думкай, з гэтым пачуццём і з гэтымі цудоўнымі словамі: “Цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка…”, правядзем сённяшні дзень, правядзем наша жыццё, якому папярэднічае свята Стрэчання, будзе і нашым з вамі Стрэчаннем з Госпадам Іісусам Хрыстом.
Амінь.