Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 02 » 14 » Архiепiскап Арцемiй. Пра Закхея

Архiепiскап Арцемiй. Пра Закхея

Зусім няшмат часу застаецца да пачатку вельмі важнага перыяду ў жыцці кожнага веруючага праваслаўнага хрысціяніна – святога Вялікага посту. Каб гэты час для ўсіх нас быў спрыяльны і ратавальны, Святая Царква пачынае нас загадзя рыхтаваць да яго.

Сёння за Бажэственнай літургіяй мы чулі апавяданне апостала і евангеліста Лукі, якое распавядае нам пра тое, як некалі Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хрыстос праходзіў праз Іерыхон (Лк. ХІХ, 1-10). І цяпер гэты горад знаходзіцца недалёка ад Іерусаліма і ад Іарданскай пустыні, ад таго месца, дзе, згодна з паданнем, адбылося Хрышчэнне нашага Госпада. У Іерыхоне жыў Закхей. Нам мала вядома пра гэтага чалавека, але тое, што вядома, дае нам магчымасць уявіць яго вобраз. Гэты чалавек, верагодна, быў багаты, бо быў начальнікам зборшчыкаў падаткаў. Паводле сённяшняй тэрміналогіі ён быў начальнікам падатковай паліцыі. Іерыхон славіўся вытворчасцю і гандлем бальзаму, і пасада зборшчыка падаткаў была асабліва важнай і разам з тым выгаднай і прыбытковай. Таксама мы ведаем, што падаткі збіраліся не на карысць Іудзейскай дзяржавы, а на карысць прыгнятальнікаў – на карысць Рыма. І таму тымі, хто збіраў гэтыя падаткі, пагарджалі і іх ненавідзілі сярод простага народа. Ды і мытнікі часта злоўжывалі сваім становішчам і бралі падчас з лішкам, больш, чым належала, і гэта таксама выклікала ў адносінах да іх і раздражненне, і гнеў.

Гэты чалавек, верагодна, быў немалады і быў вельмі невялікага росту. Звернем нашу ўвагу на тое, як перакладаецца імя Закхей. Яно азначае “праведнасць” або “справядлівасць”. Як недарэчна гучала гэта імя, калі ў яго жыцці не было справядлівых учынкаў. Верагодна, ён чуў пра Хрыста Збавіцеля. Складана сказаць, ці верыў ён у Яго як у Месію, хутчэй за ўсё ў Яго верыў як у вялікага прарока і цудатворца, які здзяйсняў не толькі цуды ацалення, але нават уваскрашаў мёртвых. І калі Закхей пачуў пра тое, што Хрыстос ідзе па вуліцах Іерыхона, у яго з’явілася вялікае жаданне ўбачыць Хрыста, нягледзячы на тое, што Яго акружаў шумны людскі натоўп. І што ж робіць Закхей, каб здзейсніць сваё жаданне? Ён забягае наперад натоўпу і, убачыўшы квітнеючую смакоўніцу, залазіць на яе, каб з вышыні гэтага дрэва ўбачыць Іісуса, які будзе праходзіць. Напэўна, смешная была карціна: дарослы чалавек, які займае высокае становішча ў грамадстве, як дзіцё залазіць на дрэва. Але Закхей, нягледзячы на тое, што падумаюць пра яго людзі, здзяйсняе гэты, здавалася б, безразважлівы ўчынак. Заўважым, што гэта адбываецца на вачах у падпарадкаваных і тых, хто ставіцца да яго непрыязна і чакае выпадку, каб пасмяяцца з яго і асудзіць. Ён залез на дрэва толькі дзеля таго, каб убачыць Збавіцеля, больш ён ні на што не спадзяваўся.

І калі Хрыстос падышоў да дрэва, на якім знаходзіўся Закхей, Ён падняў свой погляд і сказаў: “Закхей! Злазь з дрэва, сёння мне трэба быць у цябе”. Відавочна, ведаючы добрую маральную прыхільнасць Закхея, з якой ён жадаў убачыць Госпада, што гэта была не пустая цікаўнасць, Гасподзь удастоіў дом Закхея Сваім наведваннем. Мы можам толькі меркаваць, з якой радасцю Закхей спусціўся з дрэва і пабег дамоў, каб падрыхтавацца да гэтай сустрэчы. Ён толькі хацеў убачыць Хрыста, а Той абяцаў прыйсці да яго дамоў. Праўда, Хрыста за гэты ўчынак асудзіў натоўп. Людзі пачалі наракаць: як жа так, чаму гэты праведнік ідзе ў дом грэшніка? Але што адбываецца з Закхеем далей? Вялікая радасць з нагоды таго, што Гасподзь не адцураўся яго як грэшніка, канчаткова абудзіла сумленне Закхея і ажыццявіла поўны маральны пераварот у яго душы. Усведамляючы, што яго сумленне нячыстае ў спосабах прыдбання маёмасці, ён прынародна дае ўрачыстае абяцанне загладзіць свой грэх празмернай схільнасці да багацця: “Госпадзі, калі я каго пакрыўдзіў, то вярну ў чатыры разы больш, і палавіну таго, што маю, я гатовы раздаць жабракам”. Бо Закон прымушаў таго, хто ўкраў, уплаціць у чатыры разы больш (Вых. ХХІІ, 1). І Хрыстос прамаўляе вельмі важныя словы не толькі для Закхея, але і для ўсіх нас. Ён кажа пра тое, што, сапраўды, гэта сын Аўраама, бо адбылося яго збаўленне. Пакаянне Закхея – гэта ўзор сапраўднага пакаяння, якое не абмяжоўваецца толькі бясплодным шкадаваннем аб зробленых грахах, але імкнецца загладзіць гэтыя грахі супрацьлеглымі ім добрымі справамі.

Гасподзь глядзіць не на аблічча, не на становішча чалавека ў грамадстве, не на адносіны да яго людзей, а на яго сэрца. Бывае так, што сэрца грэшнага чалавека бліжэй да Бога, чым сэрца таго, хто лічыць сябе праведнікам, бо ў сэрцы гэтага грэшніка ёсць жыццё, а сэрца чалавека, які знешне падаецца праведнікам, але насамрэч аслеплены і заняволены ганарлівасцю, бывае нібы мёртвае ці каменнае. Такі чалавек знешне ніяк не здаецца грэшным. Утрымліваецца ад цяжкіх грахоў, але не таму, што ён сапраўды праведнік і любіць Бога, а таму, што яму ўсё абыякава і дэманы яго не спакушаюць, бо ён не вядзе барацьбы. Апантаны адной з самых страшных страсцей – сардэчным акамяненнем, – ён знаходзіцца ў спакоі і лічыць сябе бясстрасным, часам людзі вакол яго лічаць яго такім гэтаксама. І наадварот, ёсць людзі грэшныя, якія палі і застаюцца ў гэтым стане падзення, але ў іх ёсць жыццё. Такі чалавек можа паўстаць, ачысціцца і ўзвысіцца да незвычайнага духоўнага стану, часам такога, што нават і ўявіць сабе цяжка. Мы ведаем шмат падобных прыкладаў з царкоўнай гісторыі, і, у прыватнасці, прыклад Закхея, – чалавека паўшага, але з жывым сэрцам.

Царква, прапаноўваючы нам гэта евангельскае апавяданне як прыклад сапраўднага, жыццёвага пакаяння, кажа: якімі б мы не былі – паўшымі, занядбанымі, згубленымі, са страшнымі грахамі (а грахі вымагання і здрадніцтва з’яўляюцца самымі страшнымі, агіднымі і ганебнымі грахамі), – але нават і ў такім стане не трэба адчайвацца. Трэба толькі праявіць руплівасць, – як бы ўзвысіцца, падобна да Закхея, які ўлез на смакоўніцу, над распаўсюджанымі ўяўленнямі пра дабро і зло, узвысіўшыся над сабой і паклаўшы ўзыходжанне ў сэрцы, тады Гасподзь увойдзе ў дом нашай душы, і наша пакаянне ў часе Вялікага посту прынясе плады. Гэты ўрок падае нам евангельскі Закхей. Так, ён грэшны чалавек, але ён сустрэўся з Хрыстом і перарадзіўся, стаў зусім іншым. Вось такімі ж іншымі павінны стаць і мы. І гэта перараджэнне павінна ажыццяўляцца ў таінстве споведзі. Прыгадаем, што грэчаскае слова “метаноя” перакладаецца на беларускую мову як “змена розуму”, г. зн. перамяненне чалавека. Кожны з нас павінен перамяніцца, змяніцца на працягу свайго жыцця. Чатыры сядміцы яшчэ аддзяляюць нас ад Вялікага посту, але Царква ўжо сёння кажа нам пра пакаянне. Кожны з нас павінен адарвацца хаця б на вышыню невялікай смакоўніцы ад гэтай зямлі. Закхей, адарваўшыся ад зямлі, атрымаў Неба: Гасподзь Сам прыйшоў да яго.

Так Закхею, “што сядзіць у краіне і цені смерці”, “заззяла святло” (Мф. IV, 16). Так ён, ненавідзімы ўсімі супляменнікамі, стварыў “годны плод пакаяння” (Мф. ІІІ, 8), пра які казаў Прадцеча тым, хто прыходзіў да яго на Іардан прымаць воднае хрышчэнне. І калі мы, чада Царквы Хрыстовай, пры падвядзенні выніку свайго жыцця сапраўды хочам пачуць ад Суддзі ўсіх суцяшальныя словы: “цяпер прыйшло збаўленне дому гэтаму” (Лк. ХІХ, 9), нам ужо зараз, пакуль жыццё наша не скончылася, неабходна перш за ўсё, забыўшыся на ганарлівасць, забыўшыся на так званае пачуццё ўласнай годнасці, прападабніцца да іерыхонскага мытара Закхея і гэтаксама, як ён, захацець “адзінага на патрэбу” – бачыць Іісуса!

І калі мы хочам, каб Гасподзь прыйшоў да нас, у наш дом, які называецца сэрцам, то мы павінны хоць трохі адарвацца ад зямлі з усім яе грэхам. Дай Бог, каб усе мы з вамі, помнячы пра сваё высокае прызначэнне, годна пранеслі высокае званне сыноў і дачок нашага Бога. Дай Бог, каб у сэрцы кожнага з нас, як і ў сэрцы Закхея нарадзілася шчырае жаданне бачыцца пастаянна са сваім Госпадам.

Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пра Закхея
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut