Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 01 » 31 » Архiепiскап Арцемiй. Аб спадзяванні на багацце

Архiепiскап Арцемiй. Аб спадзяванні на багацце

Да Збаўцы звяртаецца паспяховы, аўтарытэтны ў іўдзейскім грамадстве чалавек. Такі быў і згаданы ў Евангеллі паводле Лукі нехта з начальнікаў або заможны юнак, які спытаў у Збаўцы: “Настаўнік добры! Што мне рабіць, якія варта панесці асаблівыя подзвігі, асаблівыя дабрадзействы, каб наследаваць жыццё вечнае?

Гэты князь, з пункту гледжання грамадства, быў чалавекам вельмі паспяховым, як быццам надзеленым ад Бога асаблівымі прывілеямі. У іўдзейскім народзе заможнасць прыраўноўвалася да нейкай абранасці і гэты чалавек, такім чынам, займаў асаблівае становішча ў Старазапаветнай Царкве.

Гэты багаты юнак шанаваў Хрыста як аднаго з простых іўдзейскіх настаўнікаў. Гасподзь і размаўляе з ім як чалавек. Іісус сказаў яму: чаго ты называеш Мяне добрым? Калі не шануеш Мяне як Месію, то нашто ліслівіш Мне гэтым найменнем? Яно належыць аднаму толькі Богу, бо ніхто не добры, як толькі адзін Бог. Бо, калі ты прызнаеш Іісуса з Назарэта ўсяго толькі адным з многіх настаўнікаў, тады кашчунна ўшаноўваць Яго як Бога і звяртацца да Яго так, як належыць звяртацца толькі да Бога.

Адхіліўшы такім чынам залішнюю і неналежную ліслівасць, што прагучала ў пытанні юнака, Гасподзь дае і прамы адказ на яго пытанне: “Калі сапраўды хочаш наследаваць жыццё на небе, то выканай запаведзі закона Божага, якія для таго дадзены чалавеку, каб накіроўваць яго да вечнага жыцця”. Юнак відавочна меркаваў, што Гасподзь кажа пра нейкія асаблівыя, невядомыя яму запаведзі, а таму спытаў: “Якія?” Юнак жадае атрымаць ад новага вялікага і добрага Настаўніка звесткі пра якія-небудзь новыя запаведзі. Але Гасподзь указаў яму на звычайныя старазапаветныя запаведзі Дзесяціслоўя.

Прачытаны сёння ўрывак з Евангелля набывае асаблівую выразнасць, калі прыгадаць, што размова паміж законнікам або юнаком, які пытаўся аб вечным жыцці, і Хрыстом паследавала адразу ж за тым, як Хрыстос сказаў, хто менавіта ўвойдзе ў Царства Нябеснае, хто ўнаследуе вечнае жыццё.

Толькі што падыходзілі да Хрыста дзеці, тоўпячыся вакол Яго, і вучні іх адганялі, і Хрыстос, звяртаючыся да вучняў, сказаў: “Не перашкаджайце ім падыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае, і калі не станеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў яго…”

Але ўсё, што Збаўца гаварыў, гэта ўсё для натоўпу, а для асабліва абраных павінен быць і асаблівы шлях у Царства Божае. “Што ж мне рабіць?”

Той, хто задаў такое пытанне, ужо саграшыў тым, што задаў яго. Ён захацеў пачуць пахвалу і што-небудзь асаблівае для сябе…

Шукаць кампліментаў у Адкупіцеля нашых грахоў і Збаўцы гінучага чалавецтва, выкарыстоўваць магчымасць гаварыць з Усёведным і Усемагутным для таго, каб павыхваляцца, што ўсе запаведзі Закона Божага “захаваў я ад юнацтва майго”, можа толькі чалавек выхвальны і славалюбны, які канчаткова страціў розум і сорам! Ён у палоне сваёй маёмасці, матэрыяльнай і духоўнай. Ён жа і перад Хрыстом стаіць, як акцёр перад люстэркам, таму ён і пытаецца: “што мне рабіць, каб наследаваць жыццё вечнае?” І гэта насамрэч аказваецца проста ганебным і нікчэмным какецтвам.

Евангельскі юнак быў багаты сваёй праведнасцю, і гэта праведнасць стала сцяной паміж ім і Богам. Наша ўласнае высокае меркаванне аб саміх сабе Царква называе ганарлівасцю. Гэта тое самае пачуццё, якое пабуджае юнака з сённяшняга евангельскага чытання, не здрыгануўшыся, заявіць, што ён з маладых год выканаў усе запаведзі Закона Божага. Гэта тое самае пачуццё, якое прымушае чалавека палаць нянавісцю нават да святара, калі ён наважыцца выкрыць яго ў якім-небудзь грэху, у якой-небудзь згубнай схільнасці. Добра, калі кожны з нас, як і выкрыты Хрыстом юнак, усяго толькі “адышоў са смуткам”. У гэтым смутку праглядаецца хоць нейкае змірэнне, хоць нейкі пачатак пакаяння. Большасць жа людзей пасля выкрыцця ў грэху адольвае не ціхі смутак, а пякучая злоба, ды не на ўласную недасканаласць, а на таго, хто гэту недасканаласць выкрыў. Часцей за ўсё мы маскіруем нашы слабасці і страсці, спрабуем апраўдаць іх абставінамі жыцця, дрэннай спадчыннасцю, нарэшце, бясоўскімі інтрыгамі. Заўсёды хочацца выглядаць праведнікам, заўсёды хочацца думаць пра сябе добра, сцвердзіцца ва ўласнай грахоўнай праваце.

Таму і шукаем мы асаблівых “старцаў”, якія змаглі б ацаніць нас “годна”, а мы ў сваю чаргу назавем іх “прадбачлівымі”, “святымі”, “добрымі”. Нам мала Евангелля, вучэння Царквы. Для асабліва абраных павінен быць і асаблівы шлях у Царства Божае. Нам патрэбны асаблівыя, таемныя адкрыцці “празорлівага духаўніка”. Бо мы “сапраўдныя вернікі”, “ісцінна праваслаўныя” і “сапраўдныя дзеці ісціннай Царквы”. А ўсе вакол – гэта натоўп, які нічога не разумее, а самае галоўнае – нам не падпарадкоўваецца.

Як вядома, найлепшы спосаб абароны – нападзенне. Вось тыя, каго Царква самім фактам свайго існавання выкрывае ў грэху ганарыстасці, і гатовыя, абараняючыся з усіх сіл ад папрокаў уласнага сумлення, шукаць грэшнікаў вакол сябе, у блізкіх і далёкіх краінах, але толькі не ў саміх сабе.

Протаіерэй Аляксандр Ельчанінаў напісаў неяк пра людзей, падобных да гэтага начальніка іўдзейскага: “Ёсць рэлігійнасць, цесна зблытаная з эмоцыямі эстэтычнымі, сентыментальнымі, страснымі. Гэта рэлігійнасць лёгка ўжываецца з эгаізмам, славалюбствам, пажадлівасцю. Людзі гэтага тыпу шукаюць пахвалы і добрага меркавання духаўніка аб іх, споведзь іх вельмі цяжкая, бо яны прыходзяць на споведзь паскардзіцца на іншых, паплакаць, яны задаволеныя сабой, лёгка абвінавачваюць іншых. Нядобраякаснасць іх рэлігійнай экзальтацыі лепш за ўсё даказваецца лёгкім пераходам да раздражнёнасці і злосці. Людзі гэтага тыпу знаходзяцца далей ад магчымасці сапраўднага пакаяння, чым закаранелыя грэшнікі”. Да гэтых слоў айца Аляксандра няма чаго дадаць.

Разважаючы над сённяшнім евангельскім чытаннем, паспрабуем усё ж зразумець, што насамрэч важнейшае: наша самазадаволенасць, самасвятасць, духоўны падман, пахвала, якую мы так дбайна шукаем тут і зараз, або вечнае блажэнства з Хрыстом у будучым веку? Гасподзь няхай падасць нам трываласці ў веры і, галоўнае, следаваць за Ім, і тады Ён Сам нас ад усяго пазбавіць вядомымі Яму спосабамі. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Аб спадзяванні на багацце
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut