Архiепiскап Арцемiй. Слова ў Нядзелю па Богаяўленні
Калі воды Іарданскія, прадказваючы будучае сашэсце ў пекла, самкнуліся над галавой Сына Божага, Ён, Бязгрэшны, далучыўся да ўсякай бяды, да ўсякай нечыстаты роду чалавечага. Сапраўды, у гэта страшнае імгненне Ён стаў нашым братам.
Хрышчэнне Гасподняе – гэта пачатак крывавага шляху, які вядзе на Галгофу. Хрышчэнне Гасподняе мае падабенства з жахам Гефсіманскага саду, з адрынутасцю крыжовай смерці і з сашэсцем у пекла.
Вось “цана Ацанёнага” (Мф. ХХVII, 9). Вось чаму роўнае сыходжанне Сына Божага ў каламутную, цяжкую, смяротную Іарданскую купель! Вось што патрасае прарока, таго самага, якога бессаромная і духоўна сляпая, так званая народная традыцыя называе “Купалам”, гэта значыць тым, хто “купае”! Якая, сапраўды, “скамянелая нячуласць”, якое глупства духоўнае патрэбна для таго, каб у свядомасці нарадзілася менавіта вось гэта слоўка!
І вось менавіта ў памяць гэтых вялікіх і драматычных эпізодаў Свяшчэннай Гісторыі мы, годныя прадаўжальнікі гэтай бездухоўнай язычніцкай традыцыі, ладзім цяпер скандальныя карагоды вакол палонак, кашчунна званых намі “Іардань”! Забыўшы пра сэнс і значэнне згаданых Царквой падзей, поўных глыбокай тугі і смутку, тысячы людзей накіроўваюцца да скаваных ільдом вадаёмаў, каб пераўтварыць велічную трагедыю самапрыніжэння Сына Божага ў ганебны фарс, у нейкі экстрэмальны спорт, які ўражвае сваёй бессэнсоўнасцю, пераконваючы саміх сябе і ўсіх навокал у тым, што гэта і ёсць самае сапраўднае пакаянне, і менавіта таму, хто тройчы з галавой акунецца ў ледзяную ваду, будуць прабачаны ўсе яго цяжкія грахі!
Гэта непазбежная рызыка для здароўя, якая ажыццяўляецца свядома і добраахвотна. Рызыка, якая ўступае ў супярэчнасць з Евангеллем. Хрыстос адказвае дыявалу, які Яго спакушаў: “Напісана таксама: “не спакушай Госпада Бога твайго” (Мф. ІV, 7). Хочаш быць паслядоўнікам Хрыста – не рызыкуй ні жыццём, ні здароўем тады, калі для рызыкі няма найвышэйшай мэты служэння іншым.
А колькі такіх людзей, якія самаздавальняюцца хрышчэнскім купаннем, мяркуючы, што яно ёсць самым дзейсным доказам веры, але дзеля большага палец на палец не пакладуць, каб вырвацца з улады граху.
Няўжо і праўда мы, хрысціяне, мы, хто вызнае “адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў”, мы, з усімі нашымі малітвамі, постамі, пакаяннямі, слязамі, пакутлівымі пошукамі сэнсу жыцця, выглядаем у вачах гэтых “экстрэмалаў” такімі ідыётамі, калі так проста ўсё вырашае нырэц у палонку? Няўжо для таго дзве тысячы год таму прагучаў у свеце голас нашага Збаўцы: “…пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае” (Мф. IV, 17), каб у адказ на гэты адвечны Божы заклік я публічна загаліўся і, нягледзячы на траскучы мароз, кінуўся б з усяго дуру ў ледзяную ваду? Не, штосьці тут, вашамосць, не так! Калі свята Пасхі пераўтвараецца ў свята фарбаваных яек, калі шэсце Госпада на “добраахвотную страсць” у дзень Яго ўваходу ў Іерусалім успрымаецца намі як магчымасць усяго толькі і зрабіць, што “асвяціць вербачку”, а ўспамін трагічнага сыходжання Збаўцы ў ацяжэлую ад грэху чалавечага Іарданскую купель становіцца нейкай воднай феерыяй, тады мы з вамі насамрэч усё яшчэ “народ, што сядзіць у цемры” (Мф. IV, 16). Тады нам сапраўды рана лічыць сябе народам-баганосцам, а самы час выконваць запавет нашага Госпада і, “седзячы ў валасяніцы і попеле” (Лк. Х, 13), каяцца і плакаць аб сваёй бясконцай ганебнасці.
На жаль, мы хочам, пачуўшы словы Госпада пра тое, што “наблізілася Царства Нябеснае”, свабодна ўвайсці ў гэта Царства, не прыкладаючы пры гэтым ніякіх высілкаў, ніякіх намаганняў, не ажыццяўляючы ніякага подзвігу. Але ж так не бывае. Немагчыма, нічога не робячы, падымацца па прыступках духоўнага самаўдасканалення. “Царства Божае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго” (Мф. ХІ, 12) – вось простая ісціна, якую ўсе мы павінны запомніць.
Царства Нябеснае наблізілася – яно недалёка ад нас – і мы ад яго, але, не прыклаўшы намаганняў, мы не ўвойдзем у яго. Гасподзь Сам праходзіць большую частку той адлегласці, якая нас ад Яго аддзяляе, але толькі наш шлях насустрач Яму ніхто за нас не пройдзе.
Звычайна пакаянне нам уяўляецца як журботны стан, калі мы ўспамінаем тое зло, якое зрабілі, той грэх, якім жылі, усю нашу ўласную няпраўду, і са скрушаным сэрцам, з болем у душы звяртаемся да Бога аб дараванні, аб ацаленні.
Але не толькі ў гэтым пакаянне. Слова пакаянне мае значэнне ‘змена розуму’ або ‘змена душы’. Пакаянне заключаецца перш за ўсё ў тым, каб павярнуцца тварам да Бога. Гэта пераварот у жыцці. Гэта момант, калі, пражыўшы, магчыма, доўгі час у аддаленні ад Бога, гледзячы ва ўсе бакі толькі каб не ўбачыць Яго, толькі каб не сустрэцца вачыма з Яго поглядам, мы раптам разумеем, што толькі ў Ім мы можам атрымаць тую паўнату, якую шукаем.
Святыя Айцы кажуць нам, што тады Бог даруе наш грэх, калі мы адчуем да яго нянавісць. Той, хто ўзненавідзеў свой грэх, сам знойдзе спосаб, як яго выставіць за тыя ж дзверы, праз якія ўпусціў яго.
І калі мы з вамі прыходзім у храм не для таго, каб каяцца, – не для таго, каб змяніцца, а толькі каб спажываць нейкія даброты, няхай сабе і духоўныя – мы яшчэ духоўна мёртвыя. Толькі не трэба адчайвацца: пакуль жыццё не скончылася, наша збаўленне ў нашых руках. Дзверы Царства адчыненыя для ўсіх. Будзем каяцца – і ўвойдзем у гэтыя дзверы.
Шукайце Царства Божага, куды ўвойдуць толькі тыя, хто належыць цяпер благадатнаму Царству Хрыстоваму не па імі, а па веры і ўчынках сваіх. З кожным днём ясней і гучней чуецца голас Нябеснага Жаніха: “Вось, неўзабаве прыйду, пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае”. Амінь.