Архiепiскап Арцемiй. Хрышчэнне Гасподняе
У пачатку кнігі Быцця мы чытаем пра тое, як над водамі лунаў подых Божы і як з гэтых вод узнікалі ўсе жывыя істоты.
У Старым Запавеце воды ўвасабляюць жыццё, яны ёсць знакам міласці Божай, і ў свяшчэнных кнігах воды ўяўляюць сабой сімвал ачышчэння, амавення, абнаўлення. Вада для старажытнага чалавека была не чым іншым, як сімвалам самога жыцця. І вось у гэту ваду апускаецца, з ёй злучаецца Бог, які прыйшоў у свет для яго ўратавання і адраджэння.
Тыя, хто ішоў за Іаанам Хрысціцелем апусціцца ў воды Іардана, ажыццяўлялі не адно з многіх рытуальных амавенняў, уласцівых для іудзеяў той пары. Яны сапраўды, натхнёныя выкрывальным словам апошняга старазапаветнага прарока, хацелі змяніць сваё жыццё, яго сутнасць. Але яны не маглі гэтага зрабіць, бо ў свеце не было Бога. Не прыйшоў яшчэ ў свет Бог, Які зробіць немагчымае для чалавека магчымым. І пераўтворыць яго пакаянную скрушанасць аб сваіх грахах у пераўтваральнае, ачышчальнае пераадоленне грэху.
Хрыстос прыйшоў на Іарданскія воды; у гэтыя воды ўжо не бязгрэшнай зямлі, а нашай зямлі, да самых сваіх нетраў апаганенай чалавечым грэхам і здрадніцтвам. У гэтыя воды прыходзілі амывацца людзі, якія каяліся па пропаведзі Іаана Прадцечы. Нам нават складана ўявіць, якая бездань чалавечага грэху была ў водах Іардана! І вось менавіта туды, у бяздонне чалавечага грэху, цяпер сыходзіць Гасподзь, каб амыць, ачысціць і асвяціць кожнага чалавека.
Бог прыходзіць з грэшнікамі, якія каюцца, раздзяліць іх пакаянне. Ён раздзяляе з людзьмі любы іх жаль, і ў прыватнасці самы галоўны жаль – тугу аб сваіх грахах. Вось чаму свята Хрышчэння – гэта свята паражальнай лучнасці бязгрэшнага Бога з мнагагрэшным чалавекам.
Гэты момант Хрышчэння Гасподняга – адзін з самых страшных і трагічных момантаў Яго жыцця. Хрыстос бярэ на Свае плечы ўвесь жах чалавечага грэху, чалавечага падзення і акунаецца ў гэтыя воды, якія ёсць водамі смерці, вобразам пагібелі, нясуць у сабе ўсё зло, увесь яд і ўсю смерць грахоўную.
Хрышчэнне Гасподняе – гэта пачатак крывавага шляху, які вядзе на Галгофу. Бязгрэшны Гасподзь уваходзіць у воды Іардана для таго, каб прыняць на Сябе грахі ўсяго чалавецтва. Прымаючы хрышчэнне Іаанава, Хрыстос атаясамлівае Сябе з усімі людзьмі, усімі – без выключэння – грэшнікамі, якім патрэбна дараванне, уратаванне, адраджэнне… Атаясамлівае Сябе з усімі і з кожным з нас. Сваім хрышчэннем Ён сведчыць, што прыйшоў не для таго, каб судзіць і асуджаць, не для таго, каб знешне з вышыні Сваёй дасканаласці і Боства даць нам закон і правілы, а для таго, каб злучыцца з намі, каб, стаўшы адным з нас, зрабіць нас удзельнікамі Свайго дасканалага і бязгрэшнага жыцця.
Прышэсце Бога да Свайго тварэння святкуем мы ў радасны і светлы дзень Богаяўлення. А гэта значыць, што чалавек ад гэтага часу не адзінокі.
Прыйшоў Збаўца, асвяціў ваду, і цяпер, хто б у гэту ваду не ўвайшоў, ён заўсёды ачысціцца. І мы, пражываючы вельмі часта грахоўнае жыццё, бываем пры гэтым перакананымі, што сама па сабе святая вада гарантуе нам ачышчэнне. І вось гэта глыбокая няпраўда, якая выяўляецца асабліва бачна ў кожнае свята Богаяўлення. У храмах з’яўляюцца людзі, якія звычайна ў храмы не прыходзяць, у надзеі на тое, што атрыманая імі святая вада дазволіць ім без веры ў Бога, без надзеі на Бога, без надзвычай цяжкай працы пакаяння аб сваіх грахах вырашаць свае праблемы.
Калі задумваешся над тым, колькі тонаў святой вады было выліта ў гэтым свеце, асабліва за апошнія дваццаць год, то нявольна задаешся пытаннем: а чаму ж так мала змянілася жыццё ў нашай краіне? Што толькі не асвячалі за гэтыя гады! Але чаму тыя, хто ўдзельнічаў у гэтым асвячэнні, хто амываўся ў гэтых водах, хто акрапляўся гэтай вадой, застаюцца ранейшымі людзьмі, людзьмі, якія не ведаюць Бога? Ды таму, што адбываецца страшнае святатацтва, вельмі часта і ў многіх мясцінах. Людзі, не ўзяўшы на сябе цяжар той працы, якую ўсклаў на сябе сам Збаўца, спрабуюць, як гэта звычайна бывае для іх, па-спажывецку падысці і да гэтай святыні. І ўскласці цяпер ужо гэту надзею на гэту ваду, замест таго, каб спадзявацца на Бога, Які асвячае яе.
Святкуючы якую-небудзь падзею з жыцця Хрыста, мы павінны задумвацца над тым, у чым яго сэнс і якую адказнасць ускладае на нас свята. На жаль, людзі падыходзяць да святаў меркантыльна і пытаюцца: “Якую я магу атрымаць са свята выгаду?” І таму імкнуцца больш набраць святой вады, але не навучыцца святому ладу жыцця, імкнуцца гэтай вадой асвяціць кватэру, але не асвячаць яе малітвамі і праслаўленнем Бога.
На жаль, асабліва сёння, калі мы ў такой большасці прыходзім у храмы па хрышчэнскую ваду, мы забываем пра самае галоўнае; забываем пра тое, што тут павінна адбыцца мая асабістая сустрэча з Богам. І многія галоўным для сябе лічаць усяго толькі ўзяць “вадзічку”. Але давайце задумаемся, ці будзе карыснай проста ўзятая “вадзічка”, ці дапаможа яна пры хваробах маёй душы і целу? Бо ацаляе не вада, а Гасподзь праз гэту ваду! Давайце памятаць пра гэта! Для чаго мы сёння прыйшлі ў храмы Божыя? Для таго, каб сустрэцца з Богам. Усе мы павінны імкнуцца да збаўлення, а святая вада ёсць сродкам для гэтага. Збаўленне ажыццяўляецца і Боскім, і чалавечым намаганнем. Чалавек павінен прыйсці і пакаяцца ў грахах. Гасподзь жа прыйдзе ўзяць на Сябе гэтыя грахі.
Спадзяюся, што і мы з вамі прыйшлі па святую ваду з разуменнем, з перажываннем таго, што Бог дапаможа нам толькі ў адным выпадку: калі мы дапаможам Яму ўвайсці ў наша жыццё, пераўтварыць яго, асвяціць яго і зрабіць вартым прысутнасці ў ім Бога.
Слава Богу за Яго бясконцую міласць. Слава Богу, што Ён абнаўляе і чалавека, і яго лёс, і свет, у якім мы жывем!