Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 12 » 26 » Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра пакліканых на шлюбную вячэру

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра пакліканых на шлюбную вячэру

Сёння Святая Царква за Бажэственнай літургіяй прапанавала нам евангельскае чытанне, якое нагадала нам прытчу Хрыста Збавіцеля пра пакліканых на вячэру. Вобраз святочнай бяседы Гасподзь успамінае, калі кажа, па сутнасці, пра будучы лёс Царквы.

Той самай Царквы, якая ў яго абліччы, у абліччы Богачалавека прыйшла ў гэты свет і адкрыла свае абдымкі для ўсіх. І сапраўды, мы ўсе з вамі ведаем, што канцэнтрацыяй у царкоўным жыцці ёсць трапеза. Трапеза Гасподняя, Бажэственная Літургія, на якой мы спажываем Цела і Кроў Хрыстову. Прымаем у сябе самога Бога, як Ён прымае нас вось у гэту асаблівую рэальнасць Царквы Хрыстовай.

Гасподзь, Які стварыў свет для таго, каб падзяліцца з ім вечнай, Бажэственнай радасцю, сустракаецца, аднак, у гэтым свеце з халоднай адмовай.

Карціна, якая нам даецца ў сённяшнім Евангеллі, такая простая і так дакладна апісвае ўсе станы нашай душы, усе прычыны, па якіх нам на Бога няма часу, да вечнасці няма цікавасці. У кожнага была свая прычына, але ўсё-такі яны як бы змовіліся паміж сабой, бо прычына была ва ўсіх адна – гэта перавага ўсякіх зямных і свецкіх спраў перад духоўнымі, перад тым, што служыць збаўленню чалавека, таму пакліканню чалавека, якое вышэй за ўсякае пакліканне знешняе. Сэнс жыцця вызначаецца вернасцю пакліканню найвышэйшаму, найвышэйшым ідэалам, духоўным ідэалам.

Трапеза Гасподняя, на якой хлеб і віно, што са старажытнасці сімвалізуюць паўнату зямнога быцця. Становячыся Целам і Крывёй Хрыстовай, здольныя напоўніць наша жыццё радасцю. Гэта – любоў Бога да нас, гэта ўзаемная любоў у астатнім рахунку і выяўляецца ў кожнай Бажэственнай Літургіі.

Святы Грыгорый Палама кажа, што ў тым і падабенства наша з Богам, што Ён нам уручыў зямлю і дар, здольнасць творчай працы і любові. Але калі мы ў гэту зямлю сыдзем, забыўшыся, што жыццё глыбейшае, шырэйшае, што над зямлёй знаходзіцца неба і што чалавечая любоў адкрываецца да меж бясконцасці праз Божую любоў, тады мы страчваем і зямное і нябеснае. Менавіта пра гэта казаў Збавіцель у гэтай прытчы, перад тым як выкрыць старазапаветных кніжнікаў і фарысеяў і тых, хто стаяў на чале тагачаснай царквы, што прывялі гэту царкву да поўнага краху. Менавіта пра гэта Ён казаў: вы страцілі разуменне, для чаго вы робіце тую справу, якую робіце.

У іудзеяў часоў Хрыста склаўся ўтылітарны падыход да рэлігіі. За выкананне якога-небудзь абрадавага прадпісання яны чакалі сабе адпаведнай узнагароды ад Бога ў выглядзе зямных даброт. Жывыя зносіны з Богам і духоўнае адраджэнне не складалі асновы іх рэлігійнага жыцця. Таму ў храме і аказаліся сталы гандляроў, таму храм і пераўтварыўся ў невядома што. І Ён узяў бізун і стаў выганяць іх з храма. Таму царква аказалася безблагадатная, таму старазапаветная царква аджыла свой век, і павінна была адбыцца замена новай царквой, новым запаветам.

Гэта прытча набывае асабліва злавесны характар для нас пасля таго досведу, які мы прайшлі ў дваццатым стагоддзі. Тады ў пачатку дваццатага стагоддзя большая частка хрысціянаў прычашчалася толькі раз на год. З нейкага моманту Еўхарыстыя пачала адыходзіць на другі план у царкоўным жыцці вельмі многіх людзей. Потым сталася так, што і прычасціцца цэламу пакаленню праваслаўных хрысціянаў амаль не было дзе. Аднятая ў нас была Трапеза Гасподняя.

Але вось зараз, здавалася б, ёсць магчымасць быць на Трапезе Гасподняй. На жаль, у многіх сучасных людзей моцна развіта цалкам няправільнае ўяўленне пра хрысціянства і пра Хрыста. Многія прыходзяць у царкву і ўспамінаюць пра Бога, жадаючы, каб у іх жыцці ўсё было гладка, ціха, мірна і добра.

У іудаізме нярэдка паняцце Царства Божага звязвалі са знешняй перамогай Ізраіля і фантастычным дабрабытам на зямлі.

Абміршчэнне і ёсць скіраванасць хрысціянства да ажыццяўлення гэтай ідэі.

Тыя, хто называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, каму запаведана адзінства веры ў Хрысце, раздзіраюць рызу Хрыстовую, вядомыя палітычнымі меркаваннямі бязбожных уладатрымальнікаў.

Абміршчэнне, якое адбываецца цяпер у цэрквах, сведчыць пра іудаізацыю хрысціянства. У чым гэта праяўляецца? Ва ўсёпаглынальнай і пераважнай увазе сучаснага хрысціянства да зямных каштоўнасцяў.

Ідзе працэс, які не новы ў гісторыі, з якім мы сутыкаліся і ў хрысціянстве ў цэлым, і ў гісторыі Рускай Царквы – працэс, у асноўным, несвядомай падмены хрысціянства язычніцтвам, падмены хрысціянскай духоўнасці язычніцкай.

Бо не толькі знешнія абставіны, знешнія справы могуць перашкаджаць нашым зносінам з Богам. Нас ад гэтых зносінаў могуць адцягваць і нашы ўнутраныя справы. Напрыклад, нашы перакананні ў тым, што ў Царкве, у рэлігійным жыцці зносіны з Богам, служба Божая не ёсць самым галоўным.

І вось так непрыкметна не толькі знешнія абставіны, але і наша ўнутраная дэзарыентаванасць паступова ў нашым жыцці Трапезу Гасподнюю, Бажэственную Літургію адштурхоўвае кудысьці на перыферыю.

Еўхарыстыя – толькі час, свабодны ад наведвання святых мясцін, ад прыкладвання да святынькаў, ад наведвання старцаў, ад хрэсных хадоў. І так паступова наша царкоўнае жыццё пераўтвараецца ўвогуле ў нейкае адмысловае адцягненне сябе ад галоўнага, ад Еўхарыстыі.

Але калі людзі, якія, здавалася б, думаюць пра Бога, скіраваныя да Яго, робяць усё для таго, каб пазбегнуць галоўнай сустрэчы з Богам на Святой Еўхарыстыі, калі яны напаўняюць пустату свайго жыцця – ёсць нават такі тэрмін зараз – бажэственнымі ўражаннямі, што гэта, як не прафанацыя веры, што гэта, яе не пераўтварэнне хрысціянства ў праваслаўнае язычніцтва, ад якога ўжо так грунтоўна пакутавалі і нашы з вамі продкі, і ад чаго пакутуем і мы самі. Хрысціяне ідуць да Бога акалічнымі шляхамі, закрыўшы для сябе прамы шлях.

Самы ж страшны спосаб багаборніцтва і знішчэння Праваслаўнай Царквы ў цяперашні час – гэта скажэнне ісціннага хрысціянства і падмена яго лжывым.

І нам з вамі пастаянна хочацца стаць сведкамі якойсьці незвычайнай падзеі, цуду, які патрасае ўяўленне. Хочацца нам, каму таемна, неўсвядомлена, а каму і яўна, каб заміраточылі раптам іконы, каб ацаліліся ад пакутлівых хвароб блізкія і знаёмыя, каб Сіла Божая яўна і відавочна перамагла ў свеце і неадменна на нашых вачах, пры нашым экспертным удзеле.

Каб раз і назаўсёды, у выніку цудоўнай падзеі зрабіліся мы праведнікамі, без асаблівага напружання, без празмерных намаганняў.

Сапраўдны цуд, ды і сапраўдная мудрасць: жыць у гэтым свеце і заставацца хрысціянамі.

Толькі тады жыццё чалавечае атрымлівае для нас з вамі, хрысціянаў, сапраўдны сэнс, калі кожны з нас падпарадкоўвае сваё пакліканне тутэйшае ідэалам хрысціянства, духоўным евангельскім, і ажыццяўляе іх у сваім жыцці. Тады гэта пакліканне, гэта справа, якую мы робім тут на зямлі кожны ў сваёй галіне, не толькі атрымлівае сэнс, але прыносіць кожнаму з нас радасць сапраўдную, мір сапраўдны, задавальненне і поўнае ўсведамленне сваёй чалавечай сапраўднай годнасці. А для гэтага неабходна адгукнуцца на покліч Божы, на покліч Царквы. У гэтым сэнс сённяшняй евангельскай прытчы.

Пэўна ж, мы ўсе пакліканы Богам. І пакліканы ўжо даўно. І ў кожнага ёсць свой жыццёвы досвед.

Еўхарыстыя велічная і цалкам безабаронная. Бо міма яе лёгка можна прайсці амаль кожны дзень года. Што і робіць значная частка людзей, у тым ліку і хрысціяне. А Гасподзь чакае нас на ёй. Мы павінны зрабіць вельмі няпросты выбар паміж Богам і яго Святой Трапезай і ўсімі шматлікімі душэўна-забаўляльнымі сурагатамі, якімі вякамі запаўняюць пакліканыя, але не абраныя хрысціяне сваё цёплахалоднае жыццё.

Кожны з нас, рана ці позна, чуе заклік Божы ў сэрцы сваім, жаданне штосьці зрабіць у сваім жыцці, штосьці змяніць, кудысьці пайсці, штосьці камусьці сказаць, у чымсьці пакаяцца, штосьці атрымаць ад Госпада, нарэшце! Тады мы павінны абраць менавіта гэты шлях, не ўхіліцца, не пагрэбаваць ім, а паследаваць за Госпадам Яго шляхам. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра пакліканых на шлюбную вячэру
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut