Архiепiскап Арцемiй. Аб ацаленнi дзесяці пракажоных
Вера твая ўратавала цябе! Але які сэнс схаваны ў гэтым слове – “вера”? Якая вера? Якое жыццё? Бо і мы таксама веруем, але ці так, каб і нам пачуць рашучае слова: “Ідзі, ты ўратаваны!” Кароткае евангельскае слова звернута да нас – прыйдзі і ўбач, навучыся вызнанню веры.
Чалавек бясконца звяртаецца да Бога і патрабуе, патрабуе даброт: шчасця, самазадаволенасці, здароўя. Ён падбягае да Бога са сваёй патрэбай, але не жыве Ім, і кожны раз, атрымаўшы прасімае, вяртаецца да звыклага ранейшага грахоўнага жыцця. І гэта бясплодная мітусня чалавека каля Бога ўсё часцей і часцей выклікае ў пракажоных душах нараканні на свайго Творцу, нараканні на ўсё. Тады Бог становіцца вінаватым ва ўсім: гэта Ён не адказвае на просьбы-патрабаванні, гэта Ён не дае чалавеку ўсю паўнаўту жыццёвага шчасця. А тое, што сам чалавек не жыве паводле прадпісанняў Божых і ў законе Божым, што ён пажынае горыч разбуранага сваімі ж беззаконнямі жыцця, не прыходзіць да яго на разум. Няма ў яго сапраўднай веры, сапраўднага жыцця духу, і не скончыцца збаўленнем жыццёвы шлях яго.
Збаўленне чалавека ажыццяўлялася, ажыццяўляецца і будзе ажыццяўляцца ва ўсе часы толькі верай і толькі ў Царкве. Ва ўсе часы праказа грэху, якая паразіла ўвесь род чалавечы, вылечваецца, ацаляецца толькі там і толькі Збавіцелем Богам.
Мы зноў і зноў, як іудзеі, патрабуем цудаў. На жаль, вельмі часта нашы паломніцтвы да святых мясцін, нашы паездкі да цудатворных ікон, нашы пошукі “празорлівых” старцаў – не што іншае, як патрабаванне новых доказаў. Як быццам мала нам Крыжа Гасподняга, быццам ужо не пераконвае нас “пот, Яго, як кроплі крыві, якія падаюць на зямлю” (Лк. ХХІІ, 44)! Мы прагнем і патрабуем новых цудаў, а насамрэч нам варта было б спалохацца іх, як спалохаўся калісьці апостал Пётр цудоўнага ўлову так, што “жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі” (Лк. V, 9). “Чаго баяцца, – скажа ўшанавальнік правілаў, – трэба падзякаваць і паставіць свечку, ды і ўсё тут!” Зусім як дзевяць пракажоных: сказана паказацца да святара, вось мы і ідзём паказвацца!
Не! Цуд, які адбыўся ў нас на вачах, патрабуе ад нас іншага жыцця! Ён патрабуе ад нас імклівага змянення, неадкладнага пакаяння, адчайнага парыву да святасці. Прасцей кажучы, такога ўчынку, які ажыццявіў ачышчаны ад праказы самаранін: ён хутка забыў усё, “вярнуўся, голасна славячы Бога, і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму” (Лк. ХVІІ, 15-16). Гэта енк пакаянны, гэта жаданне неадкладна змяніцца.
Не той хрысціянін, хто заклапочаны толькі шуканнем цудаў і ажыццяўленнем жэстаў. Перахрысціцца – не значыць памаліцца, і паставіць свечку да іконы – не значыць аддаць сваё сэрца Хрысту.
Можна, канечне, паспрабаваць пражыць жыццё “адсюль датуль”, дакладна адмяраючы і бліжнім, і далёкім меру сваёй спагады ў іх праблемах, можна і з Самім Богам свае адносіны выбудаваць такім чынам, як гэта сфармуляваў яшчэ адзін выканальнік закона: “пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю” (Лк. ХVІІІ, 12). Можна паспрабаваць, аднак наўрад ці гэта спроба ўвянчаецца поспехам. Наўрад ці ў адказ на такі руплівы падлік уласных дабрадзействаў “рахункавод” пачуе настолькі чаканае для нас усіх: “устань, ідзі, вера твая ўратавала цябе” (Лк. ХVІІ, 19). Вера ратуе, а не дакладны падлік надуманых добрых якасцяў!
Большая, чым закон, вышэйшая, чым закон, – любоў. Гэта значыць, менавіта любоў, як гэта і было адзначана Хрыстом, ёсць канцэнтраваным выражэннем праўды закона.
Мы ведаем, што трэба рабіць, “каб наследаваць жыццё вечнае” (Мк. Х, 17). Мы ведаем, што трэба пакінуць, калі адважваешся адправіцца следам за Хрыстом. А сёння мы даведаліся, што Гасподзь Міласэрны не толькі “справы прымае, але і намер вітае”, бо не паспелі яшчэ няшчасныя хворыя дайсці да тых, каго ім указаў Хрыстос, як ачысціліся ад праказы! Аказваецца, дастаткова часам проста адважыцца на штосьці, проста адправіцца ў шлях, каб адразу, хутка дасягнуць мэты. Ці не вынікае з таго тое, што наша непаспяховасць у барацьбе з грахамі заснавана на адсутнасці рашучасці, ад лянівай павольнасці, ад таго, што мы ўжо зжыліся, зрасліся з імі, а таму і не можам паверыць у цуд уласнага ацалення. Праз уласнае малавер’е, можа быць, і здаецца нам, што Богу з Яго сусветным маштабам няма ніякай справы да маленькага няшчаснага чалавека. Аказваецца, ёсць! Таму Бог і становіцца слабым немаўлём, таму Ён і памірае на Крыжы, таму і ацаляе зачумленых праказай, таму і стукае ў сэрца кожнага чалавека з надзеяй на веру ў адказ, любоў і ўдзячнасць.
Бог ацаляе нас ад грэху. Бог не дае нам трапіць у адчай, калі многія гады мы не ў стане справіцца з уласнымі заганамі і страсцямі. Бог узнагароджвае нас дзіўнай здольнасцю не адмаўляцца ад намаганняў, ад барацьбы, ад надзеі ў сітуацыях, здавалася б, безнадзейных. Бог даў нам усім, тут прысутным, веру. Бог да цяперашняга часу не адняў яе ад нас, бо Ён любіць і шкадуе нас, грэшных, і не хоча, каб мы адчаіліся і загінулі. Бог стварыў Царкву і надзяліў Яе правам “вязаць і рашыць”, гэта значыць прабачаць грахі, аднаўляць і падымаць упаўшага чалавека, зноў і зноў даваць яму шанец вечнага блажэнства.
Мы павінны дасягнуць такой веры, якая ратуе, а не толькі дапамагае ў нашых зямных патрэбах. Калі мы людзі разважлівыя, калі мы сапраўдныя хрысціяне, то мы разумеем, што, уласна, толькі такая вера і патрэбна. Такая вера ратуе чалавека, якую веру пахваліў Гасподзь Іісус Хрыстос у ацалёным пракажоным – веру, якая вядзе да Хрыста, якая прымушае следаваць за Ім, каяцца і плакаць. Усё астатняе, нават і цуды, – гэта толькі сродкі для дасягнення сардэчнай веры, веры вялікай, узвышанай і сапраўднай, якая ачышчае чалавека і напаўняе яго сэрца мірам і вялікай удзячнасцю да Бога.
Удзячны Госпаду той, хто любіць Яго ўсім сэрцам, не раздзяляе сэрца паміж светам і Богам. Удзячнасць – гэта светлая і радасная сіла ў рэлігійным пачуцці. Ва ўдзячнасці адкрываецца бясконцая глыбіня вызнання чалавечага сэрца, гатовага спяваць, хваліць Невымоўнага Бога і дзякаваць Яму.
Калі б мы толькі паставілі сабе задачу ўсё сваё зямное жыццё прысвяціць падрыхтоўцы да жыцця нябеснага, то кожны міг зямнога жыцця стаў бы для нас крыніцай радасці і славаслоўя Госпаду, бо Айцец Нябесны падасць нам яшчэ часу для ўдасканалення і дасягнення вечнага збаўлення.
Любімай малітвай святога Іаана Златавуста былі словы: “Слава Богу за ўсё!”
Ганарлівае сэрца не можа дзякаваць Богу, ганарлівае сэрца заўжды злоснае, яно заўсёды збянтэжанае, яно заўсёды незадаволенае. Сэрца ганарлівага не ведае духоўнай радасці – найвышэйшага шчасця. Толькі змірэнным адкрываюцца таямніцы Божыя і таямніцы Бажэственнай любові, толькі змірэнны можа дзякаваць Богу за ўсё.
Мы ўсе грашым няўдзячнасцю, бо надзвычай прывязаны целам сваім, страсцямі сваімі да зямлі. Як рэдка бывае, што мы ўсім сваім сэрцам і душой звяртаемся да Бога і менавіта Яму дзякуем за тое, што нам дадзена. Гэта вельмі важны момант, момант удзячнасці Богу, дзеля Якога мы збіраемся ў храме. Набажэства так і называецца “Еўхарыстыя”, гэта значыць “Дзякаванне”. І сёння Царква звяртае ўвагу гэтым чытаннем на тое, што ўдзячнасць павінна сыходзіць знутры нашага сэрца, знутры нашай душы і нашага цела. Гэта ўдзячнасць адносіцца непасрэдна да Бога, і адзіная магчымасць, калі мы можам гэта зрабіць, гэта – Бажэственная Еўхарыстыя. Але гэта таксама і наша з вамі, чалавечая справа, бо мы па сваёй волі, па сваім шчырым жаданні збіраемся разам, каб дзякаваць Богу за ўсе Яго дабрадзействы, за ўсе Яго ацаленні, за ўсё тое, што Ён дае нам у жыцці.
Дай Бог, браты і сёстры, каб усё наша жыццё была няспыннай удзячнасцю Богу за Яго невымоўныя міласці да нас усіх. Амінь.