Архiепiскап Арцемiй. Дзень памяці свяціцеля Мікалая Цудатворца
Святасць схавацца не можа. Яна – свяча, пастаўленая на падсвечнік, і горад, які стаіць на версе гары. У першым выпадку яна асвятляе прастору вакол сябе. У другім – яе відаць здалёк, з якога боку да яе ні набліжайся. Такі Мікалай Цудатворац.
Свяціцель пражыў дзівоснае жыццё, дасягнуўшы вялікай моцы духа, і гарачай верай сваёй наблізіўся да Бога настолькі, што Бог падарыў яму асаблівую моц – моц ажыццяўляць цуды.
Святая Царква імянуе вялікага Мірлікійскага архіпастыра вобразам лагоднасці. Лагоднасць – гэта хрысціянскае дабрадзейства, сутнасць якога складана ўсвядоміць сучаснаму чалавеку. Лагоднасць ёсць знешняй праявай чалавечага змірэння. Гэта асаблівыя адносіны да Бога, да людзей навокал і да самога сябе. У змірэнні чалавек саступае сваё цэнтральнае месца – Богу.
Св. Ісаак Сірын кажа, што збаўленне даецца не дабрадзействам, але змірэнню, што ад іх нараджаецца, і калі змірэння не будзе, то дарэмныя ўсе дабрадзействы і ўсе намаганні знешняй набожнасці. Правільнае духоўнае жыццё ўціхамірвае чалавека. Гэта самае галоўнае.
Трэба мець вялікую сілу, каб так пражыць жыццё. У аснове лагоднасці ляжыць пэўны светапогляд – хрысціянскі погляд на жыццё, і ён фарміруецца хрысціянскай верай. Вось чаму мы гаворым, што свяціцель Мікалай ёсць “вобразам лагоднасці”, бо ён быў “правілам веры”. Калі жыццё сваё заснаваць на веры, то тады ўнутранае змірэнне і лагода стануць натуральнай праявай гэтай веры.
Свяціцель Мікалай выяўляецца з Евангеллем, і гэта сведчыць пра тое, што ён дасягнуў святасці менавіта на шляху выканання евангельскіх запаведзяў. Ён звяраў сваё жыццё з Евангеллем. Менавіта таму яго жыццё стала настолькі цудоўным, паўнацэнным і сапраўды хрысціянскім і явіла ўзор таго, якім павінна быць жыццё хрысціяніна.
Свяціцель Мікалай жыў верай. Уся гісторыя Царквы – гэта гісторыя барацьбы за чысціню веры, і свяціцель Мікалай быў актыўным барацьбітом за захаванне веры праваслаўнай.
У часы рымскіх ганенняў непахісны вызнаўца Імя Хрыстовага, Свяціцель Мікалай зазнаў зняволенне ў вязніцы. Антрапалагічнае даследаванне мошчаў паказала, што немачы, на якія хварэў свяціцель Мікалай, уласцівыя таму, хто даволі доўга прабыў у зняволенні, а менавіта – у цеснай і сырой турме. Пашкоджаныя суставы, пазваночнік і косці грудной клеткі сведчаць аб тых мучэннях, якія зазнаў ён у турме – яго катавалі на дыбе. Радыялагічнае даследванне чэрапа паказала шырокае ўнутранае коснае ўшчыльненне чэрапнай каробкі, што вучоныя нават тлумачаць шматгадовым уплывам холаду вязніцы і яе сырасці.
У душы свяціцеля Мікалая, як у найчысцейшым люстэрку, адлюстраваліся ўсе хрысціянскія дабрадзействы. У зямным жыцці ён быў шчодрым дабрачынцам і мужным вызнаўцам, малітоўнікам і поснікам, апорай слабых і абаронцам пакрыўджаных, поўным любові і ведаў настаўнікам. Тая велічная прастата, з якой праходзіў зямны шлях свяціцель Мікалай, ёсць натхняльным прыкладам для ўсяго роду хрысціянскага.
Сёння, праслаўляючы свяціцеля Мікалая як правіла веры і вобраз лагоднасці, мы глядзім на яго як на прыклад для пераймання. З уласнага досведу нам вядома, што свяціцель Мікалай чуе нашы малітвы, адгукаецца на нашы патрэбы, дапамагае нам, калі нам патрэбна дапамога, калі ў нас складаныя жыццёвыя абставіны, калі мы молімся за кагосьці блізкага. Атрымаўшы ад Бога дзівосную благадаць адгукацца на гэтыя малітвы, ён прыходзіць на дапамогу. Як пры жыцці свяціцель дапамагаў тым, хто ў бедах, так і цяпер дапамагае тым, хто звяртаецца да яго з малітвай.
Шмат перацярпеў свяціцель Мікалай Цудатворац. Слова пра Бога, слова Царквы ніколі, ні ў адну эпоху, не стане лёгкім для ўспрымання людзьмі. Бо для таго, каб прыняць гэту Божую ісціну, каб прыняць гэта найвялікшае нябеснае адкрыццё, трэба многім адмовіцца ад самога сябе, трэба перамяніць лад жыцця, трэба перамяніць лад думак па запаведзях Божых, а гэта вельмі цяжка.
Менавіта таму тыя, хто не здольны прыняць Божую ісціну, знеслаўляюць тых, хто гэта слова абвяшчае.
Евангельскае слова звернута не толькі да архіерэяў, але да ўсяго народа Божага. Гэта значыць, што кожны вернік, калі ён усвядомлена ўспрымае сваю веру, калі ён імкнецца жыць па законах веры, тым больш, калі ён прапаведуе праўду Божую, – становіцца непрымальным для тых, хто гэту праўду абражае. А ў гісторыі было ўсякае – і знеслаўлялі, і аддзялялі, і ўзводзілі паклёп толькі за хрыціянскія перакананні…
Сёння мы жывём у той час, калі сведчанне пра Хрыста асабліва запатрабавана людзьмі. Многія разумеюць, у якім тупіку аказваецца ўсё чалавецтва, увесь чалавечы род, і прагнуць пачуць гэта сведчанне, прынесенае ў мір Госпадам нашым і Спасіцелем. Але заўсёды былі, ёсць і будуць людзі, якія не толькі не прымуць гэта сведчанне, але і накіруюць свой гнеў і злосць на тых, хто прапаведуе Хрыста. Менавіта таму Царква Божая, якая знаходзіцца ў чалавечай гісторыі, імянуецца Царквой ваяўнічай, – бо яна змагаецца за тое, каб мір Божы перамог у родзе чалавечым. Яна не змагаецца са зброяй у руках – яна змагаецца са словам Божым у руках і ў свядомасці.
І да гэтай барацьбы маюць дачыненне не толькі архіерэі і святары, але і ўвесь народ Божы. І, магчыма, галоўная выснова, якую мы павінны сёння зрабіць са святкавання дня памяці свяціцеля і цудатворца Мікалая, – тое, што ўсе мы, і святары, і міране, маем дачыненне да яго справы – да таго, да чаго Гасподзь усіх нас заклікаў. Гэта наш доўг – прапаведаваць Хрыста Распятага (1 Кар. І, 23) і Уваскрэслага, прапаведаваць і сцвярджаць у свеце мір Хрыстоў.
Памятайце прыклад свяціцеля Мікалая і тыя Евангельскія словы, што былі сёння нам усім абвешчаны. Няхай гэтыя словы адгукнуцца ў вашай душы, у вашай свядомасці, у вашых справах. Няхай гэтыя вялікія словы адлюструюцца ў жыцці ўсіх нас, усёй нашай Царквы, якая ідзе па шляху вялікага і лёсаноснага сведчання аб Хрысце Распятым і Уваскрэслым.
Будзем маліцца свяціцелю, каб ён ніколі не пакідаў нас сваёй благадатнай прысутнасцю. Будзем звяртацца да яго не толькі ў крытычныя моманты, але і ў паўсядзённым жыцці. Вопыт вернікаў паказвае, што свяціцель Мікалай адгукаецца нават на просьбы аб нікчэмных і нязначных рэчах. Ён, несумненна, адзін з самых дзейсных нашых памочнікаў. Ён сярод тых, хто стаіць у прастола Божага і хто хадайнічае аб нашым збаўленні. Амінь.