Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 12 » 06 » Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра безразважнага багача

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра безразважнага багача

У сённяшнім евангельскім чытанні (Лк. ХІІ, 16-21) мы чулі прытчу пра так званага безразважнага багача.

Гэта прытча кажа пра тое, што ў жыцці чалавека заўсёды павінна прысутнічаць вымярэнне, якое святыя айцы называлі памяццю смяротнай, гэта значыць думка пра тое, што ўсё, што мы маем у гэтым свеце, усё, што можам тут атрымаць, – любое матэрыяльнае багацце, любы поспех ёсць часовымі і мінучымі. Ніхто з нас не ведае, калі спасцігне яго смерць: мы можам разлічваць на доўгія гады, а смерць прыйдзе і забярэ нас нашмат раней, чым мы планавалі.

Святыя айцы запаведавалі нам праводзіць кожны дзень так, быццам гэта апошні дзень жыцця, – жыць на мяжы нашых магчымасцяў, з усёй адказнасцю перад Богам за кожнае слова, якое мы прамаўляем, за кожную справу, якую здзяйсняем. Мы павінны хадзіць перад абліччам Божым, помнячы пра тое, што Гасподзь спытае нас за кожную справу, кожнае слова і нават за кожную думку, у тым ліку і за грахоўныя помыслы, якія мы або дапускаем углыб сябе, або праганяем з малітвай.

Таму так важна, каб наша зямное жыццё, напоўненае мітуснёй, бедамі, перажываннямі, клопатамі, спешкай, пастаянным усведамленнем таго, што мы не паспелі зрабіць штосьці патрэбнае, перарывалася момантамі судакранання з вечнасцю, якія мы перажываем, калі ўдзельнічаем у Бажэственнай Літургіі, у агульнай малітве аднаго з адным.

У жыцці кожнага з нас павінна прысутнічаць рэлігійнае духоўнае вымярэнне, жывое пачуццё прысутнасці Бога. Мы павінны памятаць: усе нашы поспехі і паразы, усе нашы назапашванні і страты тут, на гэтай зямлі, маюць мінучы характар. Усё гэта мінае – застаецца толькі наша душа перад абліччам Божым.

Гасподзь сказаў, што мэта людзей не заключаецца ў тым, каб толькі збіраць сабе, а каб у Бога багацець.

Што значыць у Бога багацець? Звычайна, калі мы гаворым пра гэту прытчу, наша ўвага галоўным чынам засяроджваецца на тым, што не трэба збіраць, не трэба залішне багацець, не трэба залішне паддавацца вось гэтаму захапленню страсцю нажывы. Але не ў гэтым справа. Гасподзь сказаў самае важнае: “у Бога багацець”. А што гэта такое?

Вось мы думаем, магчыма, што мы ў Бога багацеем: веруем, ходзім у царкву, наведваем службы, захоўваем пасты, ведаем малітвы, ведаем набожны ўклад жыцця. Ці значыць гэта, што мы ў Бога багацеем?

Яшчэ не значыць, дарагія браты і сёстры. Бо знешні набожны ўклад жыцця, і малітвы, і святы, і пасты, і захаванне ўсіх уставаў царквы, і звычаі незвычайна патрэбны, яны ратавальныя, карысныя, але для каго яны карысныя? Для нас, а не для Бога. Для нашай дасканаласці, а не Богу гэта трэба, Богу гэта непатрэбна, Ён дасканалы.

А “ў Бога багацець” што значыць? Гэта значыць прыпадабняцца Богу, гэта значыць у сваім жыцці мець тыя рысы, у характары, у дзейнасці, ва ўчынках, якія ўласцівы Богу.

Канечне, паміж нікчэмным чалавекам і Богам невымерная прорва. Бог – абсалютная дасканаласць, мы ж – абмежаваныя духоўна істоты. Гэта верна, але Гасподзь нам сказаў: “Будзьце дасканалыя, як Айцец ваш Нябесны дасканалы”. Значыць, мы можам і павінны пераймаць Бога, мы можам і павінны станавіцца ўсё больш дасканалымі. Можа быць, мы ніколі не дасягнем такой дасканаласці, але мы на шляху да гэтай дасканаласці. “Багацець у Бога” – гэта значыць багацець у тыя рысы, якія ўласцівы Богу.

Бог ёсць абсалютная любоў. Мы не можам мець абсалютнай любові, мы абмежаваныя істоты, але мы можам прыпадабняцца Богу, маючы любоў да бліжняга свайго – і любоў да Бога, канечне, але любоў да Бога дасягаецца толькі праз любоў да бліжняга. Любоў да Бога і любоў да чалавека – яны непарыўна злучаныя. Бог ёсць любоў, і мы можам багацець у Бога, багацець у любоў.

Бог ёсць абсалютнае дабро. Мы можам тут на зямлі тварыць добрыя справы, быць добрымі – і, багацеючы ў дабро, мы можам багацець у Бога, Які ёсць абсалютным дабром.

Бог ёсць абсалютнай міласэрнасцю. І мы пакліканы да таго, каб яўляць гэту міласць і міласэрнасць у адносінах да бліжніх нашых і такім чынам багацець у Бога.

Бог ёсць абсалютнай ісцінай і святлом. Мы можам быць адлюстраваннем ісціны Яго, адлюстраваннем бажэственнага святла ў адносінах да іншых людзей. Мы не можам быць крыніцай ні змроку, ні злосці, ні цемры, ні невуцтва, ні прымхлівасці, але крыніцай святла, радасці, светлага, сапраўднага ў адносінах да людзей. На нас можа адлюстроўвацца святло Божае, як мы спяваем: “И свет Твой, Господи, знаменася на нас, в разуме поющих Тя: пришел еси и явился еси. Свет неприступный”.

“У Бога багацець” значыць мець любоў, тварыць дабро, быць крыніцай святла і ісціны, прасвятлення, радасці і ўсякага дабра для бліжніх нашых і для ўсякага іншага чалавека.

Сэнс жыцця кожнай асобы заключаецца ў тым, каб усцепліваць і ўдасканальваць гэтыя пачуцці любові, дабра, праўды, красы, міласэрнасці, святла, ісціны. Калі чалавецтва гэтым займаецца, – тады толькі яно “ў Бога багацее”, богапрыпадабняецца.

Цэнтр і мэта ў тым, каб кожны з нас, грамадства і ўсё чалавецтва ўдаскаланальвалася ў дабры ў імя таго абсалютнага, сапраўднага ідэалу, які быў прынесены на зямлю Госпадам Іісусам Хрыстом і абвешчаны нам у Яго Святым Евангеллі.

Нам з вамі трэба ведаць, што ў першую чаргу мы закліканы служыць людзям, любіць людзей, сеяць дабро і праўду, і красу, і святло ў іншых сэрцах, а для гэтага быць самімі носьбітамі гэтага добрага і святога. Мы павінны Богу прыпадабняцца, у Бога багацець. Тады і наша цудоўная, прыгожая знешняя набожнасць будзе адлюстраваннем нашага ўнутранага настрою. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра безразважнага багача
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut