Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 12 » 04 » Архiепiскап Арцемiй. Уводзіны ў храм Маці Божай

Архiепiскап Арцемiй. Уводзіны ў храм Маці Божай

Царкоўнае паданне захоўвае звесткі аб тым, як Дзева Марыя, якой споўнілася ўсяго тры гады, была ўведзена ў Іерусалімскае свяцілішча.

Яна паднялася па прыступках і ўзышла на цвінтар, дзе яе сустрэў першасвятар Захарыя і ўвёў у Святое Святых – у тую частку храма, дзе Сам Гасподзь Бог яўляў Сваю прысутнасць, недаступную нікому, акрамя аднаго першасвятара, ды і то толькі адзін раз у год, калі было свята Дня ачышчэння.

І вось Божай благадаццю свяцілішча Іерусалімскага храма адкрываецца Богаабранай Атракавіцы, і Прасвятая Дзева ўводзіцца ў Святое Святых, нябачна для свету несучы ў Сабе вялікую ахвяру, новую жывую ахвяру – Бога і Чалавека Іісуса Хрыста.

Гэта паданне легла ў аснову двунадзясятага свята Уводзінаў у Храм Прасвятой Багародзіцы.

І невыпадкова сённяшняе апостальскае чытанне апавядала нам вельмі ярка, вельмі выразна пра старазапаветную скінію.

Перш за ўсё таму, што Прасвятой Багародзіцы, Дзеве Марыі суджана было стаць, падобна да скініі, месцам, у якім быў прысутны Гасподзь Бог. Гэта дзяўчынка, якая цудоўным чынам нарадзілася ў бясплодных на працягу многіх год Іаакіма і Ганны, стала тым сувязным звяном паміж чалавекам і Богам, дзякуючы якому стала магчыма вяртанне чалавека да Бога. І адбылося гэта дзякуючы таму, што менавіта ёй суджана было даць сваю чалавечую сутнасць уцялесненаму Богу.

У гэты свет, каб пераўтварыць яго, павінен быў прыйсці Сам Бог, павінен быў далучыцца да Свайго стварэння самым непасрэдным чынам, гэта значыць стаўшы чалавекам, гэта значыць прыпадабніўшыся да адной са створаных істот, каб зрабіць магчымым не проста збаўленне людзей, але пераўтварэнне ўсяго чалавечага роду.

Але тут і яўляе сябе тая ніць, якая звязвае Бога і чалавека. І гэтай ніццю стала Дзева Марыя. У гэтым свеце павінен быў з’явіцца чалавек, менавіта чалавек, які па сваіх якасцях павінен быў пераўзыходзіць усіх людзей, якія жылі да яго, каб аказацца здольнымі ўмясціць у сябе Бога, Які стварыў свет. Нараджэнне Маці Божай, Уводзіны Яе ў храм – гэта ўсё падзеі, якія сведчаць аб яўленні ў свеце гэтага найдасканалейшага чалавека.

Канечне яна была незвычайным чалавекам, і гэта яе незвычайнасць, якая ў многім стала плодам праведнасці пакаленняў яе продкаў, явіла сябе тады, калі Дзеву Марыю трохгадовай дзяўчынкай прывялі да храма. Святыя Іаакім і Ганна заўсёды ўспрымалі нараджэнне Марыі як вялікі цуд Божы, яны ведалі, што гэта дзіця дадзена Богам і прызначана для Бога, але не дадзена ім яшчэ ведаць, якую менавіта вялікую місію  суджана будзе ажыццявіць Прасвятой Багародзіцы. Даўшы зарок прысвяціць гэту дзяўчынку Богу, даўшы зарок пакінуць яе на выхаванне сярод цнатлівых, якія выхоўваліся на працягу многіх гадоў пры Іерусалімскім Храме, бацькі прывялі ў трохгадовым узросце Дзеву Марыю ў Храм.

Прасвятую Багародзіцу, якая была дзяўчынкай, якой не належала ўваходзіць у Святое Святых, Першасвятар увёў не проста ў храм, але менавіта ў Святое Святых – тое самае месца, дзе па веры старазапаветнай Царквы прысутнічаў Гасподзь Бог. У гэта месца нават сам першасвятар уваходзіў аднойчы ў год. Такім чынам першасвятар яшчэ старазапаветнай Царквы прызнаў у гэтай маленькай дзяўчынцы не просто вялікую праведніцу будучых часоў, але ён прызнаў у Ёй тую провідна абвешчаную яшчэ святым прарокам Ісаяй Дзеву, праз якую павінен быў прыйсці ў гэты свет Месія.

Уявім сабе, як гэта трохгадовая дзяўчынка ўпарта ўзбіралася па крутых прыступках, якія вялі ў Іерусалімскі Храм.

Менавіта яна пачала той шлях вяртання да Бога, па якім усім нам суджана ісці.

Свята Уводзінаў у храм Прасвятой Багародзіцы навучае нас адзінству з Богам, навучае кожнага з нас, як мы можам сустрэць Бога. Мы павінны прайсці той самы шлях, што прайшла Прасвятая Уладычыца наша Багародзіца, узыходзячы па прыступках храма – ад аднаго дабрадзейства да іншага. Без малітвы, без храма немагчыма ачышчэнне нашай душы і нашага жыцця, немагчыма нам стаць домам Жывога Бога.

Храм займае асаблівае месца ў жыцці чалавека, таму ў ім прысутнічае Боская благадаць.

Дарэчы, пра гэта добра ведалі ганіцелі Царквы. Знішчаліся храмы, каб не было месца, дзе чалавек перажывае рэальны досвед зносінаў з Богам, каб не адчуваў ён гэтага моцнага, магутнага сведчання пра Бога, каб не меў ён гэтага жыццёвага доказу Боскага быцця!

Большасці нашых сучаснікаў не патрэбен Хрыстос, не патрэбна Царква і нават не патрэбна Прасвятая Багародзіца, бо яны не ведаюць і не хочуць ведаць сутнасць таго, што абвясцілі Яны. Але ім патрэбны гарантыі спакою, дабрабыту, захавання таго часткова абцяжарвальнага жыцця, без якога яны, вядома, абысціся не могуць. А гэта жыццё – без Хрыста, па-за Хрыстом; а значыць, і па-за памяццю аб Прасвятой Багародзіцы. І ніякімі рэліквіямі, ніякімі паясамі немагчыма адмахнуцца ад таго відавочнага факту, што 20 год свабоднай пропаведзі аб Хрысце паказалі нам, як слаба адгукаецца яна сярод нашых сучаснікаў. Не толькі таму, што іх душы ачарсцвелі, але і таму, што мы, сучасныя хрысціяне, пакліканыя яўляць сабой вобраз Царквы Хрыстовай, так не падобныя да тых хрысціянаў, з якімі яшчэ да Свайго ўспення змагла ўсё ж набыць спакой і радасць Прасвятая Багародзіца.

Сёння, як і прадказвалі святыя іерархі, настаў час пакаяння, калі нам дадзена магчымасць адрадзіць духоўнае жыццё, адрадзіць царкоўнае ўладкаванне, адрадзіць хрысціянства ў нашай з вамі айчыне. І мы яшчэ не толькі шукаем шлях, нам яшчэ вельмі складана пасля гэтага палону, пасля ўсіх гэтых хвароб, пасля ўсяго гэтага гвалту вызначыцца з нашым духоўным жыццём.

Будзем жа ўслед за Прасвятой Багародзіцай, па яе малівах, па яе апецы перад прастолам Усявышняга ісці па гэтым цярністым шляху, падымацца па гэтых крутых прыступках, якія вядуць нас да Бога. Бо толькі да дыявала ў пекла спускацца вельмі лёгка, скатваючыся ўніз па прыступках лесвіцы нашых грахоў і немачаў. Шлях да Бога па лесвіцы нашых дабрадзействаў значна больш складаны, але гэта праца па сілах будзе нам, калі мы, падобна да Прасвятой Багародзіцы, пойдзем па крутых прыступках нашых жыццёвых нягод і выпрабаванняў. І хай вобраз гэтага вялікага святога немаўля, пра якое мы ўзгадваем сёння, няхай вобраз Дзевы Марыі, Прасвятой Багародзіцы будзе ўмацоўваць і натхняць нас на нашым складаным шляху ўзыходжання да Бога.

Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Уводзіны ў храм Маці Божай
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut