Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра міласэрнага самараніна
У Нядзелю 25-ю па Пяцідзясятніцы ўспамінаецца прытча пра міласэрнага самараніна. Гэта прытча кажа пра тое, якімі павінны быць стасункі людзей паміж сабой і пра тое, якая галоўная запаведзь у вучэнні пра Царства Божае.
Такім чынам, нехта ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон. У Евангеллі няма нічога выпадковага. Здавалася б, Гасподзь выпадкова прамаўляе гэтыя два словы: “Іерусалім” і “Іерыхон”. Невыпадкова Гасподзь кажа пра тое, што з Іерусаліма ў Іерыхон ішоў чалавек. Іерусалім азначае спрадвечны, неразбэшчаны грэхам стан чалавека, а Іерыхон – горад грэху. І са стану блажэнства, з райскага стану чалавек ідзе да грэху. Гэтай дарогай ідзе ўсё чалавецтва. Гэта шэсце працягваецца і цяпер, і пагэтаму чалавек, які трапіў у рукі разбойнікаў, – гэта не толькі той евангельскі пакутнік, а гэта ўсе мы, бо ўсе мы ідзем гэтай самай дарогай з Іерусаліма ў Іерыхон, – ад святасці да грэху. І на нас нападаюць разбойнікі. А хто ж гэтыя разбойнікі? Гэта – дыявал, які нападае на кожнага чалавека, здымаючы з яго адзенне праведнасці і святасці, і наносіць яму мноства духоўных ран. А што гэта за духоўныя раны? Ды гэта тыя раны грахоўныя, якія ёсць на душы і на сэрцы кожнага з нас. Усе мы зраненыя і цяжка пакутуем.
Мінакі бачылі зраненага, голага чалавека, але не жадалі дапамагчы яму і губляць свой час. Магчыма, што яны самі баяліся трапіць у рукі разбойнікаў або атрымаць якую-небудзь нечаканую непрыемнасць. Так яго абмінуў святар, гэтаксама і левіт “падышоў, паглядзеў і прайшоў міма”. Але вось з’явіўся на дарозе і яшчэ адзін вандроўнік. Гэта быў самаранін, чужынец і нават вораг іудзеяў, бо іудзеі з самаранамі знаходзіліся ў адвечнай непрымірымай варожасці і паміж сабой не размаўлялі (Ін. IV, 9).
Убачыўшы зраненага, самаранін зжаліўся над пакутуючым чалавекам, амыў і перавязаў яго раны, пасадзіў на свайго асла і прывёз у найбліжэйшае паселішча, там ён памясціў яго ў гасцініцу і ўвогуле добра пра яго паклапаціўся. На другі дзень, калі ён рушыў далей, ён не пакінуў хворага незнаёмага на волю лёсу, а даручыў догляд за хворым апецы гаспадара гасцініцы, якому даў грошы і сказаў: “Паклапаціся пра яго, і калі болей што патраціш, я, калі вярнуся, аддам табе”.
Такім чынам, Гасподзь прывёў у прыклад самараніна – чалавека, які не належыць да “ісціннай веры”, да богаабранага народа ізраільскага. Іудзеі ставіліся да самаранаў з агідай, да іх не дакраналіся, з імі не размаўлялі. Паміж дзвюма нацыямі існаваў шматвяковы непераадольны бар’ер.
Падобная агіда да людзей, што належалі да іншага народа, да іншай веры, была глыбока непрымальнай для Хрыста. На працягу ўсяго Свайго зямнога жыцця Ён свядома пераадольваў бар’еры, створаныя чалавечымі рукамі. Менавіта пагэтаму Ён вельмі часта ў прытчах і пропаведзях прыводзіў у прыклад самаранаў, хананеяў, рымлянаў – усіх тых, да каго прававерныя іудзеі ставіліся варожа і пагардліва.
Такім чынам, дапамога, аказаная незнаёмаму чужынцу і, можа быць, нацыяльнальнаму ворагу, была ўважлівай, любоўнай і сур’ёзнай, без чакання якой-небудзь узнагароды ці нават “пакрыцця выдаткаў”. Адным словам, гэта было дзеянне “міласцівага сэрца”.
Нехта самаранін. Хто ж гэты самаранін? Пад самаранінам неабходна разумець Самога Хрыста Збавіцеля. І мы з досведу асабістага жыцця ведаем, што Хто, як не Гасподзь, аказвае Сваю шчодрую і багатую міласць нам, такім зраненым, настолькі цяжка пакутуючым? Хто, як не Гасподзь, падае ацаленне, падае радасць у гэтым зямным жыцці? Гасподзь яўляе нам паўнату міласэрнасці – тое, што пераўзыходзіць усякае чалавечае разуменне. І такой міласэрнасці павінны навучыцца ўсе людзі.
Гасподзь далей кажа, што самаранін узліў на хворага чалавека алей і віно. Што гэта? Пэўна ж, тыя благадатныя Таінствы царкоўныя, якія, шчодра льючыся на кожнага чалавека, ацаляюць яго немачы, і душэўныя, і цялесныя. Гэта Бажэственная благадаць, якая “немачных вылечвае і слабых умацоўвае”. У прытчы таксама гаворыцца пра тое, што гэты зранены чалавек быў пасаджаны на асла і дастаўлены ў гасцініцу. Пад гэтымі словамі неабходна разумець вечна жывое евангельскае вучэнне, якім кіруецца чалавек у гэтым зямным жыцці, і Царкву Хрыстову, у якой, як у лякарні, кожны з нас атрымлівае ацаленне сваіх немачаў, душэўных і цялесных. І асабліва – ў Таінстве пакаяння.
Самаранін, пакідаючы гаспадару гасцініцы зраненага чалавека, кажа: “Я пакіну табе два дынарыі, даглядай гэтага хворага чалавека”. Што мы павінны разумець пад гэтымі двума дынарыямі? Пэўна ж, не што іншае, як Святую Еўхарыстыю, як прычашчэнне Цела і Крыві Хрыстовай. Вось гэтыя два дынарыі, пакінутыя Хрыстом Збавіцелем для нашага ацалення. І звярніце ўвагу, браты і сёстры, на тое, як далей гаворыць Хрыстос. Ён ад імя гэтага самараніна кажа гаспадару: “А калі Я вярнуся, Я ўсё аддам”. І тут Гасподзь прадракае тое, што будзе Яго другое прышэсце, і Ён зноў прыйдзе на гэту зямлю. Нашто? Для таго, каб даць належнае па справах яго.
“Ідзі, і ты рабі гэтаксама” (Лк. Х, 37), – кажа нам сёння Іісус. Паўтараючы Яго, апостал Павел у сваім пасланні да эфесянаў, якое мы толькі што чыталі, піша: “Прашу вас жыць дастойна паклікання, да якога вы закліканы, з усёй пакорнамудрасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю” (Эф. IV, 1-2). Аднак ён гаворыць, што спагадлівасць наша павінна быць заснавана не на фанабэрлівай пагардзе, не на ўсведамленні перавагі моцнага над слабым, праведніка над грэшнікам, верніка над няверуючым, а на любові. Апостал заклікае жыхароў Эфеса, а разам з імі і нас, да лагоды і доўгацярпення, мяркуючы, што менавіта ў гэтым праяўляецца наша любоў адзін да аднаго. Тая самая любоў, без якой нікому з нас Царства Божае не наследаваць.
Здавалася б, як усё проста і зразумела! Гасподзь пакідае ўсім нам, яго паслядоўнікам, такую простую і ясную запаведзь – запаведзь пра любоў.
Але што мы маем у нашым з вамі жыцці. Пэўна ж, мы любім тых, хто нас любіць. Мы любім, магчыма, нашых найбліжэйшых родных. І тое, калі яны нам не надакучваюць, калі яны не дастаўляюць нейкіх клопатаў і праблем у нашым жыцці. А ў адносінах да ўсіх астатніх, – пра якую любоў можа ісці гаворка?! Вось і атрымліваецца, тое, што мы павінны выконваць, – не выконваем. Нам усё хочацца сказаць: “Госпадзі, можа быць, Ты нас чаму-небудзь іншаму навучыш? Можа быць, ёсць нейкія іншыя шляхі, якія вядуць у Царства Тваё Нябеснае?”
Пэўна ж, браты і сёстры, такіх прамых пытанняў Богу мы не задаем, але наша жыццё сведчыць пра тое, што мы пастаянна ставім перад Богам гэтыя пытанні. Калі ў нашым жыцці не будзе ўвасаблення гэтых запаведзяў – запаведзяў пра любоў да Бога і людзей вакол нас, то, канечне, ні пра якое Царства Нябеснае, ні пра якое набліжэнне да Бога не можа быць і гаворкі.
Вось тыя павучальныя ўрокі, якія ўсе мы павінны атрымаць з сённяшняга евангельскага апавядання. Толькі любоў, сапраўдная, шчырая, глыбокая, пабуджае чалавека да здзяйснення добрых учынкаў. Калі добрыя справы будуць за нас хадайнікамі на Бажэственным судзе, то давайце часцей задумвацца над тым, як мы жывем, што мы здзяйсняем і якіх сяброў мы маем у гэтым зямным жыцці.
Хрыстос прыйшоў на зямлю не справядлівую справу спраўляць, не за справядлівую справу змагацца. Ён прыйшоў любіць і спачуваць. Ён прыйшоў прыўзняць людзей над самімі сабой – вось такімі заганнымі, недасканалымі, якімі яны ёсць, асабліва тады, калі лічаць сябе праведнымі.
Давайце звернем увагу, паглядзеўшы вакол сябе: а хто мой бліжні? Тады Гасподзь увойдзе ў наша сэрца і пераканае, што вось ужо зараз трэба сапраўды пайсці і зрабіць гэтаксама, як зрабіў добры самаранін з прытчы. Амінь.