Архiепiскап Арцемiй. Аб ацаленнi кроватачывай жанчыны і ўваскрашэннi дачкі Іаіра
Сённяшні евангельскі аповед паказвае нам, з аднаго боку, глыбіню велічы Бажэственнай любові, а з іншага, яе жывую чалавечнасць.
Чарговы раз Хрыстос прапаведуе, чарговы раз людзі прыйшлі, каб нешта атрымаць ад Яго, і гэта таксама вельмі па-чалавечы: бо многія як тады, так і цяпер нават не задумваліся пра веру ў Яго, як у Месію. Збаўца быў і застаецца неабходны многім людзям перш за ўсё як цудатворац і цаліцель.
Як часта людзям хочацца паахвяраваць усім, у тым ліку нават уласнай свабодай, каб апынуцца ў палоне тых, хто гарантуе табе дабрабыт, спакой і да таго ж яшчэ радасць жыцця і ўладу над гэтым светам. Гэтыя людзі, якія не мелі нічога, якія не разумелі нават часта, хто ж такі гэты дзіўны Настаўнік, Які абвяшчае Евангельскае дабравесце, ішлі да яго, калі не па збаўленне, калі не па ацаленне, то хаця б па суцяшэнне. Праз такі натоўп беднякоў, няшчасных хворых людзей, прабіраецца да Збавіцеля Іаір: яго дачка пры смерці. Іаір – старэйшына сінагогі, адзін з найбольш паважаных і праведных іудзеяў у дадзенай мясцовасці. Хрыстос адгукаецца на яго просьбу і ідзе да яго, але ідзе вельмі павольна, бо натоўп, які акружае Яго, перашкаджае Яму, і, напэўна, у душы Іаіра падымаюцца вельмі супярэчлівыя пачуцці: “Як наважваюцца гэтыя людзі, над якімі ён – начальнік, ён – гаспадар, перашкаджаць Збавіцелю. Нашто яны тут, калі яго дачка памірае?” Напэўна, усё гэта перажываў Іаір, і гэта таксама было па-чалавечы. Збавіцель ведае пра гэта і як быццам не заўважае звернутай да яго просьбы.
Ён працягвае гаварыць з іншымі людзьмі, і ў гэты час адбываецца дзіўны цуд: кроватачывая жанчына, прабраўшыся скрозь натоўп да Збавіцеля і не спадзеючыся на тое, што Ён зверне на Яе погляд, дакранаецца да Яго вопраткі. Жанчына, якая пакутавала на гэту хваробу, наогул не павінна была знаходзіцца сярод людзей. Маісееў закон на кроватачывых жанчын накладаў сур’ёзныя забароны. І тым не менш, яна накіравалася да Збавіцеля, баючыся, магчыма, нават прызнацца Збавіцелю, у чым заключаецца яе хвароба, вырашыўшы атрымаць благадатную дапамогу ад Збавіцеля непрыкметна нават для Яго Самога. Збавіцель кажа, што хтосьці дакрануўся да Яго, што часцінка сілы пакінула Яго. Пэўна ж, Ён ведае, хто дакрануўся да Яго. Гаворыцца гэта перш за ўсё для людзей. Ён вымушае жанчыну заявіць пра сябе. Гэта было вельмі рызыкоўна, але яна прызнаецца, што ў нечысціні прыйшла ў гэты натоўп, спадзеючыся атрымаць ацаленне, яўляючы нам подзвіг веры, які прывёў не толькі да ацалення плоці, але і да ацалення душы. Перад намі ўжо хрысціянка. Далейшы лёс яе нам невядомы, але перад намі менавіта тая ацалёная, якая стала хрысціянкай. Гэта несумненна: заявіўшы пра сваю знешнюю нечысціню, пра сваё парушэнне знешняга Старазапаветнага Закона, яна раптам атрымала ацаленне, і тым самым явіла ўсім прышэсце Новага Закона – закона благадатнага. Гэта быў вельмі сур’ёзны ўрок многім, у тым ліку і апосталам.
Але перш за ўсё гэта быў урок для Іаіра. Напэўна, Іаір, калі Збавіцель адхіліўся ад Яго і стаў гаварыць з гэтай жанчынай, у душы абурыўся: як жа так, ён, заможны чалавек, прыйшоў скрозь натоўп хворых і ўбогіх людзей да Настаўніка, а Настаўнік не на яго звяртае свой погляд, а на кагосьці іншага, тым больш, што ён прыйшоў да Яго, сапраўды, з вельмі важнай просьбай, з вялікай мальбой сваёй душы, і Збавіцель гаворыць не з ім, а з кроватачывай, пагарджанай усімі жанчынай. Напэўна, гэта бура паднялася ў душы Іаіра. Але менавіта, можа быць, у гэты момант Іаір знайшоў у сабе сілы пераадолець гнеў, пераадолець абурэнне і зноў напоўніцца надзеяй. І з гэтага моманта пачынаецца выпрабаване веры Іаіра. Бо ён мог абурыцца, мог, як начальнік народа, спагнаць свой гнеў на гэтай жанчыне, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна парушыла закон. Ён неяк забыў пра закон, ён па-ранейшаму чакае благадаці. І тады Збавіцель накіроўваецца ў яго дом.
Па дарозе Іаір даведваецца, што яго дачка мёртвая. Якім новым страшным выпрабаваннем становіцца для яго гэтая вестка. Менавіта калі Настаўнік, нарэшце, ідзе да яго, дачка яго памірае. А калі б Ён адразу пайшоў у яго дом, калі б Ён адразу адгукнуўся на яго просьбу, магчыма, дачка была б уратавана? Зноў бура перажыванняў, бура страсцей, чыста чалавечых страсцей. І Збавіцель гэта адчувае, бо і гаворыць яму: “Не бойся, толькі веруй”.
Хрыстос прыходзіць у дом Іаіра, і што ж бачыць Іаір, які шчыра хоча ўвераваць у тое, што ўсё-такі ўратуецца яго дачка? Ён бачыць сваю сям’ю, сваіх дамашніх у сполаху, у тузе, яны плачуць ад таго, што дачка Іаіра памерла. І зноў яго вера выпрабоўваецца. У дом, дзе толькі што памерла маладая дзяўчына, уваходзіць Збавіцель, які сцвярджае, што яна жывая. Людзі ў горы, і калі яны чуюць гэтыя словы Збавіцеля, яны шчыра абураюцца, гневаюцца. Вось чаму Збавіцель гаворыць, каб усе пакінулі Яго ў пакоі з гэтай памерлай дзяўчынай. І зноў пачынаецца выпрабаванне веры Іаіра і ўсіх яго дамашніх. Гнеў у іх сыходзіць, і яны зноў пачынаюць спадзявацца, бо, калі б не было гэтай надзеі, напэўна, не было б і ўваскрасення дачкі Іаіра. І Хрыстос ажыццяўляе цуд, у выніку якога памерлая ўваскрасае. І звярніце ўвагу на тое, у якой ступені Ён нават у гэты момант міласэрны, поўны любові ў адносінах да людзей: Ён гаворыць пра тое, што яна не памерла, але спіць, Ён спрабуе так ці іначай даць гэтым людзям магчымасць супакоіцца і праявіць сваю веру ў тое, што дачка Іаіра будзе здарова. А далей Збавіцель запрашае іх усіх у горніцу, Ён кажа пра тое, каб дачку Іаіра накармілі, каб вярнуліся людзі ў сваё звыклае кола рэчаў, як гэта часта бывае і з намі, калі хтосьці хварэе ў нас, а потым раптам мы чуем, што трэба проста гэтага чалавека накарміць і ўкласці яго спаць: нам здаецца, што хвароба ўжо сыходзіць ад яго. І тут Хрыстос, як сапраўдны ўрач, сапраўды лекар не толькі цела, але і душы, клапоцячыся не толькі пра збаўленне дачкі Іаіра, але і пра мір у яго доме, як быццам вяртае ўсіх дамачадцаў Іаіра да мірнага, размеранага жыцця, калі дачка яго была здаровай.
Хрыстос кажа, каб ніхто не гаварыў пра цуд, які адбыўся. Чаму Збавіцель не аднойчы ў Евангеллі папярэджвае пра тое, каб пра Яго цуды гаварылі як мага менш? Ды таму, што Ён вельмі добра ведае, што большая частка людзей сапраўды шукае ў веры перш за ўсё цуду, шукае перш за ўсё магчымасці здзівіцца цуду, штосьці атрымаць ад цуду. Большая частка людзей, нават тых, зто ідзе да Яго, не імкнецца проста ўвераваць у Яго, даверыцца Яму і пайсці ўслед за ім па любым шляху, па якім Ён павядзе іх, нават па шляху пакут. Ён вельмі добра ведае, наколькі зменлівы, наколькі эгаістычны чалавек, і, пэўна ж, калі многія людзі даведаюцца пра тое, што Ён ацаляе хваробы, уваскрашае памерлых, накіруюцца да Яго не для таго, каб выканаць Яго слова, увераваць у Яго як у Збавіцеля, а толькі для таго, каб штосьці атрымаць ад Яго. Ён ведае, што такія спакуслівыя думкі ўваходзяць у свядомасць нават апосталаў, што ж гаварыць пра іншых. Яго цуды – гэта не спроба павесці за Сабой людзей, павесці Сваёй здольнасцю пераадольваць законы прыроды, як нярэдка бывае ў наш час. Яго цуды – гэта перш за ўсё праявы Яго любові. А з іншага боку, гэта выпрабаванне нашай з вамі веры – веры не толькі тых, хто жыў тады, але і веры тых, хто жыве сёння, хто таксама прагне цудаў і часта не задумваецца аб тым, адкуль сыходзяць гэтыя з’явы, якія парушаюць законы прыроды: ад Бога ці ад дыявала.
Няхай жа Іаір, такі ж, як мы, немачны і грэшны чалавек, які таксама, як мы, вельмі часта эгаістычна, напэўна, падыходзіў да Бога, але ў нейкі момант цалкам аддаўся Яго волі, будзе для нас з вамі годным прыкладам. І што б у нашым жыцці ні здаралася, будзем, падобна да Іаіра, звяртацца па дапамогу Божую. Будзем, падобна да кроватачывай жанчыны, не саромеючыся сваёй немачы і тугі, не баючыся вырачы сябе на агіду з боку іншых людзей, вызнаваць веру ў Хрыста, і па нашай веры няхай будзе нам. Амінь.