Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 11 » 14 » Архiепiскап Арцемiй. Пра апантанага ў Гадарынскай краіне

Архiепiскап Арцемiй. Пра апантанага ў Гадарынскай краіне

Евангельскі аповед аб ацаленні Гадарынскага апантанага – адна з самых, бадай, глыбокіх гісторый, якія апавядаюцца ў Евангеллі. Перад намі прытча і разам з тым перад намі вельмі выразны, патрасальны сваімі гістарычнымі дэталямі аповед, які ў той самы час набывае глыбокі, на ўсе часы немінучы сімвалічны сэнс.

Мірна жылі гадарынцы ў маёмасцях сваіх. Стаўшы плоццю, яны сталі глухімі да чужых пакут, да пакут няшчасных. Лёгка пераадольваючы страх перад апантанымі, што палохаюць усю ваколіцу, яны раптам спалохаліся Хрыста! – Які нясе людзям мір і любоў. Цэлы горад, выйшаўшы насустрач, умольвае Яго сысці ад межаў іх. Бо толькі для таго і выйшлі ўсе, каб прагнаць! “Сыдзі, сыдзі ад нас, сыдзі з нашых межаў!” – казаў народ, які аддаў перавагу таму, што яму было дорага: неўсхваляванасці жыцця.

У абліччы гадарынцаў лёгка можа ўбачыць сябе кожны чалавек, які акапаўся ў сваім матэрыяльным дабрабыце, як у мэце свайго жыцця. У абліччы гадарынцаў можа бачыць сябе і грамадства і цэлы народ, які апусціўся ў духоўнае мяшчанства, выдаліўшы са свайго мыслення Бога і імкненне да Яго. Вакол іх склаўся звыклы для іх парадак жыцця. Парадак дзелавы, але духоўна пусты. Яны да гэтага парадку прызвычаіліся, і няма ў іх ні думкі, ні патрэбы, каб у гэтым парадку што-небудзь змяніць. Стаўшы плоццю, яны баяцца ўсякай перамены ў іх знешняй абстаноўцы. Таму і гоняць яны ад сябе думку пра Бога, пра Хрыста як Адкупіцеля. Гоняць ад сябе думку пра сваю адказнасць за жыццё.

Кожны чалавек, тым больш хрысціянін, нясе адказнасць за пануючае ў свеце зло, за поспех у гэтым свеце духа цемры.

Мы ўсе часта гаворым пра тое, што дэградацыя чалавечай асобы падчас робіць яго бачным сузіральнікам дэманічнага свету. Чалавек, разбурыўшы сваю душу, становіцца сваім для дыявала. Бес нічога не можа зрабіць без удзелу чалавека. Яму патрэбен нейкі субстрат, знаходзячыся ў якім ён з’яўляўся б у свет.

Кожны чалавек, і асабліва хрысціянін, павінен усведамляць, што ён нясе адказнасць не толькі за ім асабіста здзейсненае зло, за асабістыя правіны супраць Бога і бліжняга, але і за пануючае ў свеце зло, якому ён не процідзейнічае.

Не кажучы ўжо пра грамадства ў цэлым, у якім як панавалі раней, так і цяпер пануюць варожасць, падазронасць і непрымірымасць, у самой Царкве Хрыстовай мы назіраем асабістую варожасць, раз’яднанасць, раздзяленні, а часам і ўсякага роду нецярпімасць, узмоцненую прымхлівасцю, палітычнымі схільнасцямі, ганарлівасцю і духам непрабачэння.

Досвед тысячагоддзяў даказаў немагчымасць збаўлення свету шляхам механічнага яго пераўтварэння. Знешняму механічнаму пераўтварэнню свету, у якім знікае чалавечая асоба, у якім чалавек пераўтвараецца ў вінцік машыны або ў нумар у статку сытых жывёлаў, Творца і Прамысліцель свету супрацьпастаўляе – у абліччы Іісуса Хрыста – збаўленне свету Ісцінай – што сапраўднае збаўленне свету магчыма толькі праз прасвятленне душ, іх уваходжанне ў Царства Божае. А Царства Божае – унутры вас, – кажа Гасподзь.

Мы жывем у эпоху сусветнай барацьбы цемры са святлом. І кожны з нас, усведамляе ён гэта ці не ўсведамляе, хоча таго ці не хоча, ёсць саўдзельнікам гэтай барацьбы.

Гэты аповед, якому ўжо дзве тысячы год, для нашай краіны гучыць больш, чым актуальна. У ХХ стагоддзі мы самі перажылі гэта ўсяленне ў душу нашага народа легіёну бясоў. І тая дэмаграфічная, геапалітычная катастрофа, якая была перажыта нашай краінай – гэта паўтарэнне гісторыі ў Гадарынскай краіне.

З таго часу прайшло многа складаных і нават трагічных год. Мы так многа ўсе гэтыя гады гаварылі пра тое, што адбылося ў нашай краіне, пра тое, што нам трэба было б пакаяцца. Але ж на самай справе зараз усё больш і больш, адчувальней за іншых гучыць іншы голас, які прамаўляе тыя словы, якія сказалі ў сённяшняй евангельскай гісторыі жыхары Гадарынскай краіны, якія патрабавалі, каб Хрыстос сышоў ад іх. Гэтаксама наша краіна зараз не хоча расставацца з эпохай, калі наш народ нагадваў статак звар’яцелых свінняў.

І праз усю гісторыю гучыць гэты крык: сыдзі! Ты стаіш на нашым шляху да дабрабыту, да бесклапотнасці, да стабільнасці, да забыцця… Гэта кажа праз усю гісторыю чалавечы род.

Самай галоўнай формай нашага пакаяння, якое не патрабуе ніякіх слоў, мусіць стаць маўклівая гатоўнасць кожны дзень старацца жыць па-хрысціянску. Ёсць адзіны шлях выйсці са стану апантанасці: быць хрысціянінам тут і зараз.

Гадарынскі апантаны, які стаў у сваім ацаленні не проста здаровым чалавекам, а хрысціянінам, вяртаецца ў тую краіну, якая адрынула яго Настаўніка, яго Збавіцеля, каб прапаведаваць слова Яго сваім заблукалым супляменнікам.

Цуд сённяшняга Евангелля – тое, што Гасподзь можа здзейсніць з кожным чалавекам і з усім чалавецтвам – раскрываецца цалкам у таямніцы Крыжа Хрыстовага і Яго Уваскрасення.

Кожны з нас заклікаецца выканаць волю Божую аб сабе і быць удзельнікам волі Божай, якая хоча, каб усе людзі ўратаваліся.

У барацьбе за аздараўленне ці ўратаванне свету нельга недаацэньваць асабістага над сабой подзвігу. У гэтай барацьбе супраць бясоў, якія ваююць супраць нас, ёсць адзіная моц – Гасподзь. Вось дзе надзея наша, вось дзе супрацьяддзе ад таго яду, які ўспрымаем мы з наваколля.

Калі мы будзем імкнуцца да загартаванасці душы, чысціні і святасці, жывучы ў любові да Бога і людзей, тады не будзем мы цацкай для бясоў.

Малітва, як нішто іншае, абараняе нас ад бясоў. Не толькі за сябе – маліцеся за бліжніх вашых, за ўсіх тых хрысціянаў, якія імкнуцца ісці па шляху Хрыстоваму.

Будзем пільна ставіцца да ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне. Не будзем баяцца гэтай барацьбы. Не будзем баяцца таму, што гэту барацьбу да нас з вамі ажыццяўлялі тысячы, дзясяткі, сотні тысяч такіх самых людзей, як і мы, і гэтыя людзі сёння ў абліччы святых стаяць перад прастолам Божым. Яны сваім жыццём даказалі, што дыявала можна перамагчы з дапамогай Божай. Памятаючы пра гэта, будзем пастаянна прасіць Госпада, каб Ён дапамагаў нам у нашай нялёгкай барацьбе з дыявалам.

Невыпадкова, таму нават у малітве, якую мы называем “Малітвай Гасподняй” і якая чытаецца намі некалькі раз на працягу дня, мы, звяртаючыся да нашага Нябеснага Айца, просім, каб Ён не ўвёў нас у спакусу і збавіў нас ад злога.

Падобна да ацалёнага апантанага, будзем хадзіць і сведчыць пра Хрыста не словам як такім, але сваім жыццём, тым, што вакол нас, можа быць, камусьці будзе лепш, хтосьці стане больш адухоўленым, а хтосьці нават знойдзе Хрыста. Бо евангельская гісторыя заканчваецца менавіта так, аптымістычна! Гэта і будзе наша пакаянне.

Дык аддадзім нашы з вамі сэрцы нашаму Госпаду! Будзем, паводле запавету апостала Паўла, бадзёрымі, цвярозымі і маліцца Богу аб тым, каб Гасподзь не ўвёў нас у спакусу і збавіў нас ад злога. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пра апантанага ў Гадарынскай краіне
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut