Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 11 » 07 » Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра багатага і Лазара

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра багатага і Лазара

Браты і сёстры! Сёння вы чулі Евангельскую прытчу пра багатага і Лазара (Лк. ХVI, 19-31). Быў нейкі багаты чалавек. У Евангеллі не ўзгадваецца яго імя. Імя – гэта духоўная, містычная сувязь чалавека з нябесным светам. Імя ў старазапаветны час давалася дзіцяці на восьмы дзень, які сімвалічна азначаў вечнасць.

Багач страціў вечнае жыццё, яго імя было выкраслена з нябеснай Кнігі Жыцця. Ён страціў сваю душу, пагэтаму Евангелле і не ўзгадвае яго імені. Яно кажа толькі: нейкі чалавек быў багаты (Лк. ХVI, 19). Гасподзь як быццам кажа нам: у кожнага чалавека ёсць імя, дадзена яму Богам. Гэта імя заключае ў сабе мэту існавання чалавека, яго прызванне аднавіць у сабе вобраз Божы праз дабрадзействы. І чалавек можа або рэалізаваць бажэственную задуму, першапачаткова заключаную ў яго імені, як у зародку, або не рэалізаваць. Калі чалавек змог яго рэалізаваць, змог вырасці ў поўную меру ўзросту Хрыстовага, то пасля смерці Гасподзь сустрэне яго, пазнае і назаве па імені. Калі ж чалавек гэты свой патэнцыял не рэалізоўваў, свайго прызначэння не ўсвядоміў і не апраўдаў, калі ён не вырас у тую меру, у якую павінен быў вырасці, калі не жыў па запаведзях Божых, то ў іншасвет ён пераходзіць нібы безыменным. Такім людзям Гасподзь кажа: “Адыдзіце ад Мяне тыя, хто робіць беззаконне, Я не ведаю вас”. У прытчы Гасподняй жабракі названы па імені, а багаты не названы, менавіта таму, што адзін сваё прызванне выканаў, а іншы не.

Ці мог багаты аказацца на ўлонні Аўраамавым? Канечне, мог. Дастаткова было ў нейкі момант заўважыць беднага Лазара, засаромецца ўласнага багацця і паспрабаваць, хоць бы часткова, раздзяліць яго з ім, залячыць раны. Паспрабаваць, пераразмеркаваўшы сваё багацце, тым самым выканаць свой доўг перад Богам, выканаць тыя самыя запаведзі, якія Гасподзь праз Майсея даў свету. Але багач не зрабіў гэтага. Ён быў проста па-чалавечы шчаслівы адтаго, што ён быў багаты.

Пэўна, складана было багачу выканаць свой доўг перад Богам, але галоўнае яго няшчасце заключалася ў тым, што багацце стала для яго зачараваннем, не толькі выпрабаваннем, але менавіта спакушэннем, на якое ён, на жаль, паддаўся.

Імя жабраку было Лазар. Слова “Лазар” азначае: “дапамога Божая”. Значыць, на гэтым чалавеку спачывала асаблівая моц і дапамога Божая. Многія з нас здзіўляюцца, пра якую дапамогу Божую можна гаварыць? Ён усё жыццё сваё быў хворы, галодны, ляжаў на зямлі. Як быццам увесь свет апалчыўся супраць яго, і неба не чула яго малітваў. Пра якую ж дапамогу Божую можна казаць тут?

Але ў сваёй хваробе і ў сваёй галечы ён не быў напоўнены злосцю і нянавісцю ў адносінах да багача, не быў напоўнены зайздрасцю. Бо не беднасць сама па сабе, але адухоўленасць, годнае ўспрыняцце гэтай беднасці дапамагае ўратавацца, дапамагае бедняку выканаць свой Бажэственны доўг. Калі ён, будучы ў беднасці, захавае сваю чалавечую годнасць, калі ён, будучы ў беднасці, не зайздросціць і ненавідзіць тых, хто багаты.

Калі цела жабрака ляжала на зямлі, душа Лазара вяла бой з трыма волатамі, якія патрасаюць увесь свет, якія бесперарыўна звяргаюць нас. Гэтыя тры волаты – асуджэнне, нараканне і адчай. І ў гэтай духоўнай барацьбе Лазар бліскуча перамог.

Змірэнным стаўленнем да сваіх бед і пакут бедны Лазар дасягае маральнай перамогі над сабой, бо, напэўна, складана яму было хварэць і галадаць, калі побач з ім было здароўе і задавальненне. Лазар не адчайваўся.

Памёр Лазар, і памёр багач. Але для аднаго смерць стала сном, салодкім сном, супакаеннем ад пакут і прац, пачаткам бясконцага блажэннага жыцця, а для іншага – страшнай чорнай ямай, дзе пануюць змрок і пекла.

Прападобны Ісаак Сірын казаў, што пякельнае мучэнне – гэта раскаянне чалавека ў тым, што ён не зрабіў, у тых грахах, за якія пры жыцці ён не прынёс пакаяння. Раскаянне ў будучым жыцці бясплоднае, яно ўжо не можа дапамагчы чалавеку, паколькі ў іншасвеце мы пазбаўлены магчымасці загладзіць свае грахі добрымі справамі. Менавіта гэта бясплоднае раскаянне і сімвалізуецца неспатольнай смагай.

Гэта тэма аказваецца вельмі актуальнай і для нашага часу, бо так сталася, што сённяшнее Евангельскае чытанне прагучала пасля дня, які доўга адзначаўся ў нашай краіне як свята 7 лістапада, калі многія беднякі спакусіліся тым, што калі яны беднякі, то яны праведныя. А раз багачы багатыя, значыць, яны грэшнікі, і яны, беднякі, маюць права ўсё адняць у багатых, у тым ліку і іх жыццё. І наша краіна спрабавала стаць той краінай, дзе не было б багатых. І яна стала краінай, дзе засталіся адны беднякі.

Паддаліся беднякі на гэта, вельмі тонкую, дыявальскую спакусу: адчуваць сябе – сірых і ўбогіх – соллю зямлі. Не таму, што яны былі адухоўленыя, змірэнныя і дастойныя, а проста таму, што яны былі бедныя, жабракі, беспрытульныя, і сталася так, што, знаходзячыся ў беднасці, яны спакусіліся тым, чым павінны былі б спакусіцца багачы.

Грамадства зайздрослівых беднякоў – вось, што было створана імі, і існавала ў нас, і існуе, у многім па сённяшні дзень. Бо і зараз, для пераважнай большасці беднякоў, стымулам жыцця ёсць атрыманне багацця, і немагчымасць атрымаць гэта багацце ўзмацняе іх перажыванні беднасці. Яны не толькі бедныя, але і зайздрослівыя. Яны не толькі пазбаўленыя жыццёвых даброт, але пазбаўлены і душэўнага спакою.

Аднак для таго, каб багатым не спакушацца сваім багаццем, а беднякам не спакушацца сваёй беднасцю, неабходна памятаць і захоўваць запаведзі Божыя. Калі мы ўспамінаем зямное жыццё Хрыста, Ён не ўяўляецца нам беспрытульным бедняком, якім Ён, па сутнасці, і быў, а ўяўляецца нам тым, хто мае сапраўдную годнасць чалавека, якую прыпадабняе чалавека Богу. І тыя абставіны, што ўцялеснены Гасподзь прайшоў па шляху бедняка з годнасцю багача, пэўна ж, адораны духоўным багаццем, для ўсіх нас павінен быць найважнейшым стымулам жыцця.

Большасць тых, хто прыходзіць у гэты храм, належаць да катэгорыі беднякоў, у той самы час, у сілу сваёй адукацыі, якія дастаткова развітыя і ўмеюць мысліць настолькі, каб па-хрысціянску ўсведамляць сваё становішча.

Будзем жа мы, хрысціяне, настолькі нешматлікія ў наш час, прыкладам таго, як належыць ставіцца і да беднасці, і да багацця, будзем прыкладам таго, які выбар трэба рабіць чалавеку паміж багаццем і беднасцю. І незалежна ад свайго матэрыяльнага становішча, будзем несці тое багацце, якое дасталася нам ад Бога праз Хрыста. Багацце хрысціянскага змірэння і чалавечай годнасці. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра багатага і Лазара
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut