Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра сейбіта
Сёння за Бажэственнай літургіяй мы чулі прытчу Госпада Іісуса Хрыста пра сейбіта. Калі мы задумаемся над гэтай прытчай і прыменім да жыцця людзей, то мы адчуем, што ў чатырох простых вобразах, звязаных з сейбітам і кінутым ім насеннем, заключаецца, напэўна, уся вельмі складаная, вельмі багатая панарама жыцця людзей, якія звяртаюцца да Бога.
У жыцці кожнага з нас узнікае тая самая сітуацыя, пры якой, успрыняўшы слова Божае, мы па розных прычынах адгукаемся на яго неналежным чынам.
Сённяшняе апостальскае чытанне, якое апавядае нам пра духоўны шлях святога апостала Паўла, дазваляе нам вярнуцца да Евангельскай прытчы цалкам у іншым кантэксце. Давайце паразважаем і пра апостала Паўла, і пра саму гэту прытчу. Што дазволіла фарысею Саўлу стаць святым апосталам Паўлам? Перш за ўсё тое, што вера ў Бога была справай яго жыцця. Што пытанне аб Богу вызначала ўсе яго ўчынкі і тады, калі ён быў фарысеем, і тады, калі ён стаў апосталам. І ўсё яго жыццё, і яго будучая пакутніцкая смерць былі вырашэннем пытання аб Богу, былі водгукам яго на слова Божае, якое спачатку ён увогуле не чуў і якое, аднойчы пачуўшы па-сапраўднаму, зрабіў сэнсам свайго жыцця і сэнсам сваёй смерці.
А ці сталі мы сапраўды лепшымі, больш адухоўленымі пасля таго, як прайшлі доўгі шлях нашага царкоўнага жыцця? Часамі – так, часамі – не. Мы вельмі лёгка навучыліся вырашаць сітуацыі нават царкоўныя чыста свецкімі шляхамі. Мы, адчуваючы сябе хрысціянамі, працягваем быць людзьмі гэтага свету. І нават больш за тое, у нас узнікае ўсведамленне таго, што, сцвердзіўшы сябе ў Царкве Божай сваімі шматгадовымі малітвамі, хаджэннем у храм, захаваннем постаў і неаднаразовага праслухоўвання святога Евангелля, мы страцілі здольнасць адрозніваць у сабе духоўнае і плоцкае, царкоўнае і свецкае. І вось гэта – вельмі сур’ёзная праблема. У нейкім канкрэтным выпадку мы, напэўна, можам адрозніць у сабе дух Божы і дух злобы. Але ў цэлым, на жаль, атрымліваецца так, што мы аказваемся не толькі нагляднай ілюстрацыяй усіх магчымых варыянтаў страты слова Божага, пра які кажа сённяшняя прытча. Мы як быццам увогуле страцілі здольнасць адгукацца на слова Божае – надта часта яно гучыць для нас, і надта рэдка па-сапраўднаму мы на яго адгукаемся. Адсюль непазбежны вынік: мы хрысціяне, якія мала каго могуць у чымсьці пераканаць з пункту погляду сапраўды хрысціянскага.
Святы апостал Павел, апынуўшыся ў нашым храме, ці пазнаў бы ў нас хрысціянаў, паглядзеўшы ў нашы вочы, зазірнуўшы ў нашы душы? Вельмі важна задумацца над гэтым.
Гучыць вечнае Евангелле, але ці не скралі мы гэта слова ў саміх сябе, прывучыўшы адзін аднаго да думкі аб тым, што, будучы кепскімі хрысціянамі, канечне, грэшнымі і немачнымі, мы можам цалкам спакойна прызвычаіцца да гэтай думкі, і ўжо нічога ні ад кога па сутнасці не чакаючы і не патрабуючы, нічога не чакаць і не патрабаваць ад саміх сябе? І вось гэта якраз і ёсць тая самая страшная перспектыва, пра якую кажа сённяшняя Евангельская прытча. Успамінаючы розныя сітуацыі, пры якіх зерне, слова Божае трапляе на нядобрую глебу, давайце ўсё-такі зробім гэту прытчу нагодай для сур’ёзных зменаў свайго жыцця.
Гасподзь кідае ў нас зярняты веры пастаянна. Але вельмі часта мы сапраўды прыпадабняемся і да дарогі, і да камянёў, і да глебы з цернямі. Для большасці тут прысутных, тых, хто знайшоў веру ў сталым узросце, калі многія сталі прыходзіць у яшчэ нядаўна амаль невядомае ці нават чужае для іх царкоўнае жыццё, гэта быў радасны прыход. Былі тыя, хто сапраўды проста, з радасцю, з лёгкасцю прымаў для сябе праваслаўную веру. Радасна і лёгка адгукаўся на слова Божае. Але зярняты веры траплялі ў іх душах на камяністую глебу. Іх душы сфармірваліся ў жыцці, у якім сапраўды пра Бога не было прынята ні думаць, ні гаварыць, не прынята было ўсклікаць да Яго. Бога не было ў іх жыцці, а быў груз год, пражытых у багаборніцтве. І трэба было мяняцца, мяняцца часта ўжо ў сталым узросце, мяняцца тады, калі мяняцца вельмі складана. Тым больш, што жыццё вакол мянялася і мяняла іх. Многія людзі проста апусцілі рукі ў плане свайго духоўнага жыцця. І ўсё, уласна кажучы. Засталося толькі прыляцець птушкам, каб скляваць зярняты веры, кінутыя ў душы людзей Хрыстом.
Ну а ў якасці птушак выступалі розныя абставіны, у тым ліку добра вядомыя жыццёвыя цяжкасці, спакусы, якія спазнавалі многія з нас. Мы адчувалі, што Царква не дазваляе нам з лёгкасцю змяніцца самім, змяніць людзей вакол нас. Патрэбна была праца, патрэбна было камень пераўтвараць у пладаносную глебу. А мы да гэтага не былі гатовыя. Гэта была спакуса, праз якую многім прайсці не ўдалося.
Але былі тыя, хто прыкладваў намаганні для таго, каб хоць у нечым змяніць сваё жыццё, застацца ў Царкве, нягледзячы ні на што, нягледзячы на тое, што ў Царкве нямала сваіх праблем, нямала людзей, якія ўвогуле, будучы на першы погляд царкоўнымі, Хрыста па сутнасці ігнаруюць, з Хрыстом не жывуць. І было вакол жыццё з грузам штодзённых абавязкаў, клопатаў. Трэба было неяк на гэта адгукацца. Трэба было неяк гэтаму супрацьстаяць. Будзем паступова выкараняць тыя церні, якія перашкаджаюць нашай веры. Так разважалі многія, забываючы пра тое, што церні паступова і занялі месца тых парасткаў, у якія павінна было прарасці насенне веры. Гэтыя людзі і па сёння могуць заставацца ў Царкве, могуць лічыць сябе хрысціянамі. Але невыпадкова Хрыстос кажа пра тое, што калі настануць выпрабаванні, гэтыя людзі акажуцца без веры. Усвядомяць, што няма ў іх веры. Уласна кажучы, гэта і мы бачым сёння.
Застаецца трэці вобраз – вобраз глебы, якая сімвалізуе з’яўленне ў душы чалавека дыявала. Мы не думалі пра дыявала, бо царства яго ўмацавалася грунтоўна ў нашым жыцці. Але пра Бога ўспаміналі, і ўспаміналі не таму, што вельмі хацелі быць з Ім, а таму, што перыядычна стамляліся знаходзіцца з дыявалам, быць яго служкамі. Мы не заўважалі пры гэтым, што насамрэч дыявал даўно ўжо авалодаў нашымі душамі. У Царкве стала з’яўляцца нямала людзей, якія вельмі баяліся дыявала, антыхрыста. Успомніце ўсе тыя праблемы з ІНП, са штрых-кодамі, з пашпартамі, якія не трэба было прымаць. Галоўнае – абараніцца ад дыявала, і ўсё будзе добра. На самай справе гэта не была спроба ўратавацца ад дыявала, які даўно запоўніў сабой жыццё. Гэта была чарговая спроба не быць з Хрыстом, падмяніць Хрыста. Людзі, якія так многа думалі пра дыявала, пры гэтым забывалі Хрыста. І гэта быў яшчэ адзін спосаб умацавання дыявала ў жыцці людзей.
Так разважаючы над гэтай прытчай, сапраўды пачынаеш бачыць, наколькі глыбокі і супярэчлівы духоўны свет не чалавека ўвогуле, а цябе самога, бо, у прынцыпе, кожны з нас можа знайсці ў сваім жыцці эпізоды, сугучныя тым ці іншым чынам з гэтай прытчай. Ну, і што ж нам застаецца?
У прытчы ідзе гаворка пра благадатную глебу нашай душы. Але, відаць, яна яшчэ не стала той благадатнай глебай, яе яшчэ трэба апрацоўваць. Але апрацоўваць яе вельмі складана, яна бывае вельмі неўрадлівай. Неабходна цяжкая, штодзённая праца выхавання душы. А гэтага нам вельмі не хочацца. Таму мы шукаем самыя розныя варыянты для таго, каб пазбавіць сябе ад гэтай, па сутнасці, адзіна патрэбнай нам працы. Пры чым пры гэтым мы працуем у поце твару ў самых розных кірунках. Што мы толькі не робім, якія толькі заняткі сабе не знаходзім, каб толькі не быць з Богам, не думаць пра Бога, не жыць па-Божаму. Дай Бог, каб сённяшняя прытча адгукнулася ў нашых душах неяк асабліва адчувальна. І дай Бог, каб мы заняліся нарэшце галоўным: апрацоўкай нівы ўласнай душы.