Архiепiскап Арцемiй. Пра цудоўны ўлоў рыб
Сённяшні евангельскі аповед звяртае наш погляд да вельмі важнай праблемы ў жыцці чалавека. Мы ўсе добра з вамі ведаем, што апостал Пётр і яшчэ шэраг апосталаў былі рыбакамі. Амаль кожны выхад рыбакоў на іх промысел у воды гэтага возера ўтойваў у сабе не толькі небяспеку патануць у часе буры, што нечакана магла пачацца.
Іншай, не менш цяжкай адметнасцю іх працы было тое, што не заўсёды ўдавалася ім злавіць столькі рыбы, каб яе хапіла не толькі на продаж, а проста на ўтрыманне сваіх сем’яў. Гэта была сапраўды цяжкая праца.
І вось, у адзін з дзён, калі не давялося ім атрымаць добры ўлоў і яны вярнуліся ўжо даволі стомленыя ад сваіх марных намаганняў на возеры, да іх прыйшоў Іісус. Прыйшоў, каб абвясціць ім слова аб іх збаўленні, слова аб перамяненні іх душ.
І вось гэтыя рыбакі, якія марна працавалі на возеры, раптам сустракаюць чалавека, які пачынае ім гаварыць нейкія высокія словы. Нескладана здагадацца, якія словы сыходзілі з вуснаў некаторых з іх.
З нейкага моманту Гасподзь перарваў Сваю пропаведзь і проста прапанаваў ім яшчэ раз закінуць сеткі ў ваду. Апостал Пётр прама і шчыра сказаў Хрысту, што яны спрабавалі злавіць рыбу і не злавілі анічога. І, тым не менш, ён адгукнуўся на просьбу гэтага дзіўнага прапаведніка закінуць яшчэ раз сеткі ў ваду. І сеткі напоўніліся рыбай у такой колькасці, што давялося нават клікаць на дапамогу іншых рыбакоў. Так, сапраўды, такога прапаведніка ёсць за што паважаць. Калі слова гэтага прапаведніка тоіць у сабе добры ўлоў, няхай застаецца з намі і наперад кіруе нашымі дзеяннямі – вось што маглі сказаць яны пасля вельмі ўдалага ўлову.
Але не такой была рэакцыя апостала Пятра і іншых будучых апосталаў. Яны раптам чамусьці жахнуліся. Гэта была рэакцыя спантанная, рэакцыя, якая з’явілася адразу на прысутнасць Божую, якую адчуў чалавек.
Верагодна, ужо тады будучыя апосталы адчулі ў гэтым прапаведніку не проста добрага чалавека, які валодае асаблівымі, звышнатуральнымі здольнасцямі адорваць людзей нейкімі матэрыяльнымі дабротамі. Яны адчувалі нешта зусім іншае, нейкае іншае жыццё. Ім стала страшна ад таго, што побач з імі стаіць чалавек, які заклікае да высокіх, духоўных подзвігаў, і ад таго, што настолькі чаканая імі рыба раптам перастала мець для іх хоць які сэнс.
Яны просяць Збавіцеля сысці, адысці ад іх, да неўразумення, відаць, многіх сваіх калег па рыбалоўным промысле. Як жа? Нашто Яму сыходзіць? Наадварот, заставайся з намі! Але не. Калі мы будзем такімі, якімі мы ёсць, мы не зможам быць побач з Табой. А каб быць побач з Табой, мы павінны перастаць быць тымі, кім мы ёсць. І Хрыстос адгукаецца на іх унутраны парыў. Ён кажа ім, каб яны пакінулі ўсё і сталі лаўцамі людзей. І яны пакідаюць усё і ідуць за Хрыстом. Ідуць у невядомасць, ідуць у жаданні перамяніцца і стаць новымі людзьмі, здольнымі жыць не толькі інтарэсамі гэтага свету.
Вось гэта, здавалася б, такая простая і ясная гісторыя, але паспрабуйце сумясціць яе з кантэкстам нашага царкоўнага жыцця, ды нават уласнага жыцця. І вы ўсвядоміце, што вельмі многія з нас, у тым ліку і мы самі, вельмі часта звяртаемся да Бога ў надзеі на атрыманне тых самых даброт, якіх чакае наша душа менавіта ў гэтым свеце. Мы паводзім сябе не як будучыя апосталы, а як іншыя рыбакі, якія захапіліся гэтым самым уловам і гатовыя да таго, каб Хрыстос заставаўся з імі, але не для таго, каб перамяняцца разам з Ім, у імя Яго, а для таго, каб Ён дапамагаў ім з меншым намаганнем набываць тое, што ім неабходна ў гэтым жыцці, і толькі ў гэтым і ні ў якім іншым.
На жаль, многія з нас менавіта так і будуюць адносіны з Богам у глыбіні сваёй душы. Пэўна ж, мы хочам стаць лепшымі, мы хочам стаць дасканалейшымі, але для гэтага Бог павінен даць нейкую аснову. У тым ліку пажадана матэрыяльную. А тады мы ўжо пачнем удасканальвацца. Пагэтаму дай нам паболей рыбы і мы пойдзем за Табой, пакінуўшы ўсё на схіле гадоў, каб перад смерцю паспрабаваць удасканальвацца. А можа быць, удасканальвацца ўжо не будзе чаму, ды і не будзе каму. Бо чалавечае жыццё, па сутнасці, вызначае духоўную і цялесную прыроду чалавека.
Мы не ведаем адназначна, як склалася жыццё кожнага з рыбакоў, што сталі сведкамі цуду Хрыстовага. Але мы ведаем, што тыя, хто пайшоў за Ім, на чале са святым апосталам Пятром, пакінулі сваю годную, сумленную, складаную прафесію рыбакоў і набылі сваё высокае, выракшае іх на шэраг пакут і подзвігаў, мучэнняў і радасцей пакліканне служэння Хрысту. Так, тое пакліканне, якое ўтойвала ў сабе небяспеку смерці для кожнага з іх. Смерць гвалтоўную, за Хрыста. Трэба думаць, што для пераважнай большасці з нас так пытанне ніколі не стаяла і ніколі не паўстане. І, тым не менш, паглядзім на саміх сябе прама. Хіба не спрабуем мы вельмі часта, ідучы за Хрыстом, непрыкметна цягнуць за сабой сваю, хай і не рыбную, сетку ў надзеі, што яна будзе напаўняцца па меры таго, як мы будзем следаваць за Хрыстом, усё новымі і новымі каштоўнасцямі, каштоўнасцямі менавіта гэтага свету. І атрымаецца так, што, пакліканыя стаць з лаўцоў рыб лаўцамі людзей, мы аказваемся ў становішчы тых, хто аддае перавагу сумяшчэнню несумяшчальнага, а значыць, робіць свой выбар ілжывым. Па сутнасці, наша царкоўнае жыццё пачынае пераўтварацца ў своеасаблівую лоўлю рыбы ў каламутнай вадзе.
Не будзем чакаць ад нашага царкоўнага жыцця напаўнення нашых сетак, а будзем гатовыя да таго, каб унутрана дыстанцыявацца ад звыклага для нас кола каштоўнасцей, даверыцца Хрысту, Які заклікае быць лаўцамі людзей.
У жыцці многіх людзей, якіх Гасподзь кліча на служэнне, бываюць такія самыя ці падобныя падзеі. Калі Бог яўляецца чалавеку на яго жыццёвым шляху, калі чалавек выразна адчувае Божую прысутнасць.
Пэўна ж, Гасподзь прама не заклікае ўсіх нас да апостальскага служэння як такога, але элемент апостальскага служэння прысутнічае ў жыцці ўсіх хрысціянаў. Мы павінны сведчыць аб Хрысце кожны ў сваёй якасці, кожны на сваім нейкім чалавечым попрышчы. Іншая справа, што вельмі часта мы так сведчым аб Хрысце, што не тое, што не вабім да Яго людзей, адштурхоўваем ад Яго. Бо, ведаючы Хрыста, яны ведаюць нас, тых, хто называе сябе хрысціянамі, і губляюць усякі інтарэс і давер да Хрыста. Пакліканне кожнага з нас – явіць людзям Хрыста. Таму, чарговы раз чуючы аповед пра пакліканне першых апосталаў, будзем задумвацца над тым, што гэты аповед апісвае падзею, якая павінна адбыцца ў жыцці кожнага хрысціяніна. Зададзімся пытаннем, а ці было гэта сапраўдным пакліканнем у нашым жыцці? Напэўна, было, калі мы зараз у храме. Але ці адгукнуліся мы на яго так, як адгукнуліся на яго гэтыя рыбакі, адным імгненнем стаўшыя апосталамі?