Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у свята Крыжаўздзвіжання
Пасля адшукання царыцай Аленай Галгофскага крыжа ён вельмі хутка стаў пераўтварацца ў царкоўнай свядомасці са зброі пакутлівай і ганебнай смерці Хрыста ў цудатворны знак, які гарантуе хрысціянам перамогі ў самых розных аспектах зямной гісторыі і нават у прыватным абывацельскім жыцці.
Мы носім яго на грудзях, мы вешаем яго на сцены, наносім выявы крыжа на вушаках дзвярэй, упрыгожваем крыжамі купалы храмаў і гэтак далей. Мы пачынаем успрымаць гэты крыж як заруку нашага жыцця ў гэтым свеце, жыцця, абароненага Богам, агароджанага Богам. Крыж успрымаецца як гарантаваная Богам абарона ад любых выпрабаванняў і любых спакус. Крыж становіцца, з аднаго боку, канечне ж, знакам нашай прыналежнасці да Царквы. Але перш за ўсё – своеасаблівым амулетам, абярэгам, як тая зброя, якая аберагае чалавека ад розных цёмных сіл, ад розных унушэнняў, сурокаў, нагавораў, які закліканы нас засцерагчы, як гэта ні парадаксальна гучыць, ад нашага крыжовага шляху. Парадаксальна, але Крыж, на якім быў распяты Збавіцель, Крыж і страшны шлях, пра які нагадвае нам сённяшняе Евангелле, вось гэты самы Крыж становіцца для нас чымсьці наўпрост нават супрацьлеглым таму, чым ён быў першапачаткова. Нам бы хацелася перарабіць Крыж у цудадзейны інструмент нашага спакою і радасці, ухіліцца ад нашэння крыжа, непрыкметна падмяніць крыжанашэнне – крыжаўздзвіжаннем. Але ці прыйдзем мы такім шляхам да Хрыста? У гэтым заключаецца вельмі небяспечная падмена, якая мае месца ў жыцці многіх з нас, хрысціянаў.
Зараз з’явілася вялікая колькасць людзей, якія, называючы сябе праваслаўнымі хрысціянамі, ніякай патрэбы ў зносінах з Хрыстом нават і не адчуваюць. Ім важней атрымаць ацаленне ад розных хвароб, ім важней атрымаць суцяшэнне ад розных жыццёвых нягод, пагэтаму яны часта звяртаюцца па дапамогу да тых ці іншых святынь.
На жаль, у многіх сучасных людзей моцна развіта зусім не правільнае ўяўленне пра хрысціянства і пра Хрыста. Многія прыходзяць у царкву і ўспамінаюць пра Бога, жадаючы, каб у іх жыцці ўсё было гладка, ціха, мірна і паспяхова. Але пры гэтым забываюць, што шлях хрысціяніна – гэта шлях крыжанашэння. Гэта значыць заўсёды – шлях нягод, заўсёды – барацьба з многімі спакусамі і выпрабаваннямі, барацьба і з дыявалам, які ваюе супраць нас, барацьба і з самім сабой – з тымі страсцямі і заганамі, якія жывуць у нас, барацьба з тым злом, якое акружае нас у свеце. Пэўна ж, гэта барацьба ажыццяўляецца не без тых многіх намаганняў, якія кожны чалавек павінен прыкласці, не без вялікага напружання фізічных і духоўных сіл. І мы нікуды не сыдзем ад гэтай барацьбы.
Жыццё ўсё роўна не пазбаўляе нас ад крыжа. Жыццё прапануе нам крыж, жыццё ўскладае на нас крыж. Хрыстос, пазбаўлены ў адрозненне ад нас усякага грэху, здольны адхіліць ад Сябе гэты Крыж, тым не менш узышоў на яго. Чаму? Ды таму, што па нашых грахах мы стварылі такі свет, у якім не аказваецца іншага зямнога шляху нават і для Богачалавека, каб пераўтварыць сябе ў гэтым свеце і гэты свет, акрамя шляху крыжовага. Мы павінны быць шчырымі перад сабой і прызнаць той факт, што менавіта мы вымусілі Бога прыняць Крыжовую смерць і крыжовыя пакуты. Гэта не Божы выбар, а выбар людзей. Таму і свет аказваецца настолькі жорсткі і адчужаны, што нават Богачалавеку даводзіцца ў ім пакутаваць, каб дабіцца якіх-небудзь зменаў жыцця гэтага свету па сутнасці. Менавіта крыж дае нам адзіна магчымы шанец змяніцца самім, а значыць, змяніць свет, зрабіўшы яго крыху больш блізкім да Хрыста, Які ўратаваў яго праз Крыж.
Бо калі мы адважваемся на сябе апранаць крыж, ускладаць крыжовае знаменне, значыць, мы бачна яўляем і Богу, і бліжнім, і самім сабе сваю гатоўнасць прыняць крыж, прыняць крыжовыя пакуты за нашых блізкіх. Любая выява Крыжа ёсць адначасова выявай сутнасці хрысціянскага жыцця, сутнасці жыцця хрысціяніна на Зямлі. Няхай не будзе гэта сутнасць Хрыстовага жыцця намі забытая. І няхай будуць крыжы вакол нас і на нас пабуджальнымі стымуламі да таго, каб жыццё наша стала жыццём з Хрыстом, жыццём, якім і жылі першыя хрысціяне, якія яшчэ не навучыліся пакланяцца Крыжу ў адзін з дзён каляндарнага года. Амінь.