Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра злых вінаградараў
У сённяшнім евангельскім чытанні мы чулі прытчу Госпада нашага Іісуса Хрыста пра злых вінаградараў. Гэту прытчу прамовіў Гасподзь Іісус Хрыстос незадоўга да Яго распяцця і смерці.
У ёй Сын Божы іншасказальна апісаў усю гісторыю ўзаемаадносінаў ізраільскага народа з Богам. Таксама гэтай прытчай Ён прадказаў і тое, што давядзецца Яму перажыць: распяцце і смерць па нагаворы іудзейскіх першасвятароў, якія абураліся Яго пропаведдзю і Яго справамі і бачылі ў Ім разбуральніка бацькоўскіх паданняў. Бо для іх вінаграднікам была, канечне ж, Святая зямля. У гэтым вінаградніку, у гэтым грамадстве старазапаветных іудзеяў сапраўды фарміраваліся адносіны, якія вельмі адрознівалі іх ад усіх навакольных язычніцкіх народаў. Але поўнай дасканаласці на зямлі не бывае. І будучы больш дасканалымі за іншыя народы, іудзеі былі яшчэ далёкія ад той самай Бажэственнай задумы аб чалавеку, якую трэба было ўвасобіць у гэтым свеце.
Вось чаму Бог пасылаў ім сваіх пасланнікаў. Так, яны сапраўды старанна выконвалі прадпісанні старазапаветнай рэлігіі. Але тое, што яны рабілі, было не тым, чаго чакаў ад іх Гасподзь. Вось чаму даводзілася пастаянна накіроўваць у гэты вінаграднік старазапаветнага Ізраіля ўсё новых і новых пасланнікаў Божых. І ўсё было марна. Паступова працаўнікі наважыліся ўявіць сябе яго гаспадарамі і захацелі ў сапраўднасці стаць імі. Вось чаму, калі Гасподзь паслаў Свайго Сына, яны забілі Яго. І ўдумаемся, што Хрыстос распавядае слухаўшым Яго іудзеям гісторыю пра Самога Сябе, гісторыю аб іх саміх ужо не як аб працаўніках вінаградніка, а як аб катах і забойцах праведнікаў, як аб забойцах Бога. Прытча пра злых вінаградараў, як і ўсе прытчы Госпада Іісуса Хрыста, мае дачыненне не толькі да таго, што адбывалася ў часы зямнога жыцця Збавіцеля, але і да таго, што адбываецца ў нашы дні. Гэта прытча адлюстроўвае нам усю гісторыю чалавечага роду.
Прытча гэта гучыць у нашай Царкве, і вельмі часта мы вось так і суадносім яе выключна са старазапаветным Ізраілем. Аднак мы не можам не разумець, наколькі актуальная гэта прытча для кожнага перыяду гісторыі Царквы, наколькі актуальная яна і для нашага часу. Бо мы, з лёгкасцю забыўшы нядаўнія дзесяцігоддзі ваяўнічай бязбожнасці ў нашай краіне, за апошнія дваццаць год прызвычаіліся да думкі аб тым, што ў нас адбываецца такое інтэнсіўнае вырошчванне вінаградніка, такое інтэнсіўнае адраджэнне царкоўнага жыцця, што цяпер увесь свет павінен натхнёна глядзець на нас і ўражвацца ад нашага сучаснага рэлігійнага адраджэння. Яшчэ нядаўна мы былі разбуральнікамі вінаградніка, і ўжо зараз праз нейкія дваццаць год ён прынёс такія плады, гэты самы разбураны намі вінаграднік, што ўсе павінны падзівіцца з таго, наколькі ж адкрыта менавіта нам Бажэственнае адкравенне. Новы вінаграднік, новая Святая зямля, – “Русь Святая”.
А між іншым пры ўважлівым поглядзе на саміх сябе і на тое, што адбываецца ў наш час, на тое, што мы называем рэлігійным адраджэннем у нашай краіне, мы можам убачыць карціну, якая надзвычай добра нагадвае тую, пра якую гаворыць сённяшняя прытча. У першай палове ХХ стагоддзя, гэта значыць зусім нядаўна, нашы “вінаградары” адважыліся на тое, каб пасланнікаў Бога знішчыць. Так з’явіўся ў нас сабор навамучанікаў. Вінаграднік перастаў быць вінаграднікам на дзесяцігоддзі. Але вось па міласці Божай подых свабоды пранёсся над нашай краінай, над гэтым самым апусцелым вінаграднікам, і з’явіліся новыя парасткі, якія нагадваюць вінаград. Толькі ўжо надта дзікі вінаград – не той салодкі, акультураны стагоддзямі царкоўнай набожнасці, стагоддзямі царкоўнай творчасці вінаград, а нейкі дзіўны дзікі вінаград, які больш нагадвае не хрысціянскую веру, а нейкае язычніцтва са своеасаблівымі магічнымі дзеяннямі і містычнымі адкравеннямі.
Мы ўжо даўно забылі Хрыста і ўжо нават не чакаем Яго. Ужо нават не хочам меркаваць, што Ён існуе – нам так добра стала ў гэтай Царкве без Яго. Са сваімі звычаямі, традыцыямі, храмамі з пазалочанымі купаламі, са звонам, які прымушае не думаць аб псеўдахрысціянскім вінаградарстве.
Сапраўды, Царква – гэта вінаграднік, які апрацоўваць павінны мы ўсе, гэта як бы сукупнасць вінаграднікаў. Гэта нашы сем’і, нашы прыходскія абшчыны. Але галоўнае заключаецца ў іншым – ад нас у многім залежыць, чым будзе плоданасіць той вінаграднік, у якім мы закліканы быць вінаградарамі. Трэба пастаянна ўсцепліваць у сабе памяць менавіта пра Хрыста, Які ў нейкі момант прыходзіць, і прыходзіць неаднаразова ў наш з вамі вінаграднік за кожнай Бажэственнай літургіяй. Звярнуўшыся да Яго, злучыўшыся з Ім, мы атрымліваем магчымасць не згубіць вось тое самае пачуццё лучнасці з Хрыстом, якое, як здаецца, губляецца вельмі многімі з нашых адзінаверцаў у тым “дзікавінаградным” царкоўным жыцці, якое квітнее вакол нас. Як лёгка страціць гэта нам і як гэта лёгка страчваецца іншымі. І пастараемся, пачуўшы яшчэ раз сённяшнюю прытчу задумацца над тым, як жа нялёгка ва ўсе часы людзям, якія шчыра спрабуюць апрацоўваць вінаграднік, не страціць гэта пачуццё сувязі з Хрыстом, каб гэты вінаграднік сапраўды стаў вінаграднікам Божым, а не месцам знеслаўлення Бога, знявагі Бога і нават забойства Бога, якой нярэдка станавілася зямная Царква ў сваёй гісторыі.
Прытча пра злых вінаградараў, што прагучала зараз, звяртае нас, як, мабыць, нямногія прытчы Гасподнія, да разважанняў пра наша царкоўнае жыццё. Нават больш за тое: напэўна, у першую чаргу гэта прытча звернута да святароў – усіх часоў і ўсіх хрысціянскіх народаў. Хрыстос меў на ўвазе цалкам канкрэтныя падзеі старазапаветнай гісторыі і, канечне, папярэджваў апосталаў пра свой далейшы лёс у гэтым свеце і лёс Царквы, якую Ён заснаваў. Тут і звернутасць у мінулае, і адначасова разважанне пра будучыню.
Мы без цяжкасцяў знойдзем аналогіі ў далейшай гісторыі Царквы – і сярэдневяковай, і Царквы Новага часу, – прыклады таго, як часта тыя, хто выступаў ад імя Бога, у гэтай самай Царкве зневажалі гэтага Бога. Падмяняючы ясныя, вельмі ў чымсьці простыя, а таму так складана выконваемыя запаведзі Збавіцеля нейкімі сваімі мудрагельствамі, за якімі стаіць, па сутнасці, толькі адно – адшуканне спосабу падмяніць Царкву Хрыстовую. Прапануецца такі аблегчаны, адаптаваны для кожнага антыхрыста варыянт хрысціянства, у якім усё ўжо адбылося і “ўсё будзе добра”.
Магчыма, гэта канструкцыя і нагадвае Царкву па сваім знешнім выглядзе. Але ці Царква гэта тых, да каго была звернута сённяшняя прытча? Ці Царква гэта тых, хто, пачуўшы сённяшнюю прытчу тады, дзве тысячы год таму, пайшоў тым самым шляхам, што і прарокі? Вось пытанне, якім мы павінны задацца. Але пры гэтым мы павінны памятаць тое, што не трэба шукаць сапраўдную Царкву дзесьці без нас. Царква – гэта мы. І яна такая, якімі мы ёсць. Пагэтаму кожны чалавек, задаючыся сур’ёзным і вельмі важным пытаннем аб тым, ці не прафануе ён царкоўнае жыццё ў гэтым свеце, ці не стаў ён прыхільнікам тых, хто гнаў прарокаў і праведнікаў, павінен звяртацца да самога сябе. І задаваць сабе пытанні цалкам вызначаныя: а ці жыве ў ім Хрыстос, а ці жыве ў ім хрысціянін? Паглядзім яшчэ раз адзін на аднаго і задумаемся над тым, чаму наша Царква так часта не нагадвае Царкву Хрыстову. Ды таму, што мы самі так рэдка нагадваем сапраўдных хрысціянаў. Будзем жа жыць, не зачароўваючыся сабой, пераадольваючы сябе, і ісці тым самым шляхам, пра які пастаянна нагадвалі гнаныя прарокі і праведнікі, гнаныя менавіта за тое, што не дазвалялі людзям жыць у адчуванні знаходжання ў Царкве, якая забыла Бога. Амінь.