Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь на апостальскае чытанне
Сённяшняе апостальскае чытанне з Першага паслання да карынфянаў святога апостала Паўла выкрывае як неруплівых, ганарлівых хрысціянаў увогуле, так і неруплівых пастыраў у прыватнасці. Хоць апостал Павел не ставіць сабе такой мэты, але, распавядаючы пра сябе, ён паняволі прымушае тых, хто чытае, у тым ліку і пастыраў, параўноўваць сябе з ім.
Гэты век – век мінучы. Разам з ім пройдуць і ўсе яго радасці, і ўсе яго беды і клопаты. Немінучы ж – век будучы, Царства Божае, якое і цяпер сярод нас. Гэта Царства, якое прыйшло ў свет з Іісусам Хрыстом, ёсць Царствам радасці Духа Святога, якой напоўнена жыццё сапраўды веруючага хрысціяніна (1 Сал. І, 6). Кажучы пра радасць Духа Святога, Апостал Павел нагадвае, што гэта духоўная радасць суіснуе з многімі жыццёвымі бедамі, якія непазбежна чакаюць вернікаў у гэтым веку. На жаль, хрысціяне часта пра гэта забываюць. Яны як быццам не памятаюць словы Збавіцеля пра тое, што Ён прынёс сваім паслядоўнікам, што жывуць у гэтым грэшным свеце, не матэрыяльнае багацце, не фізічнае здароўе, не поспех у справах, не гарантыі міру і спакою. Не, зусім наадварот, Збавіцель казаў, што той, хто веруе ў Яго, павінен несці свой крыж, следуючы за Ім. Менавіта такі вузкі і складаны шлях у Царства Божае.
Але карынфяне абралі шлях лёгкі і шырокі. Яшчэ ўчора язычнікі, яны прынялі хрышчэнне. Але гэта таінства яны зразумелі на язычніцкі манер, як магічны абрад, які аўтаматычна гарантуе ім ужо тут, на зямлі, бесклапотнае і дасканалае знаходжанне ў Царстве Божым. Падобны энтузіязм мы можам назіраць і ў сучасным хрысціянстве, асабліва часта ў новазвернутых, але не ўкаранёных у веры хрысціянах. Апостал Павел іранічна звяртаецца да такіх летуценнікаў, што адарваліся ад зямлі: “Вы ўжо насыціліся, вы ўжо разбагацелі, без нас вы сталі цараваць” (1 Кар. ІV, 8). Падкрэсліваецца слоўка “ўжо”. Магчыма, карынфяне знаходзіліся пад уплывам сучаснага ім філасофскага вучэння, якое сцвярджала: мудрэц ужо зараз набывае дасканаласць і стаіць над тленным светам. Пры гэтым, праўда, хрысціяне, што лічылі сябе “дасканалымі”, у рэальным жыцці варагавалі адзін з адным і здзяйснялі ўсялякія дрэнныя ўчынкі. Але гэтым абставінам “дасканалыя” неяк не надавалі значэння. Яны бачылі сябе вышэйшымі за ўсю гэту жыццёвую мітусню. Апостал Павел жадае звесці карынфянаў з іх уяўнага неба на рэальную зямлю. Ён ведае, што дасканаласць дасягаецца не скачком праз пакуты, але цяжкім шляхам скрозь пакуты ў Хрысце. Для яго ясна: праз Крыж – да славы, ад смерці – да Жыцця. Іншага шляху няма. І сам ён бачыць сябе да гэтага часу на шляху, далёкім ад мэты.
І вось, у рэзкім кантрасце з уяўным “духоўным палётам” карынфянаў Апостал апісвае сваё знешне ўбогае і наўрад ці зайздроснае існаванне. У той час як яны “лунаюць” над светам пакут у сваім ілюзорным “блажэнстве”, ён выконвае сваю буднічную місію, выпрабоўваючы мноства складанасцяў. Канечне, ён не скардзіцца, але проста канстатуе, што яго Евангелле Крыжа непазбежна фарміруе і сам лад жыцця. З горкай іроніяй малюе ён карыкатуру на завышаную самаацэнку карынфянаў, калі кажа, што ён безразважны, а яны – разумныя, мудрыя “ў Хрысце”. Але гаворка ўсё ж ідзе пра Хрыста распятага! Хрысціянскае існаванне заснавана на веры ў ратавальны Крыж; а для свету – гэта вар’яцтва, адсюль непазбежны антаганізм мудрасці гэтага свету і жыцця ў Хрысце. Менавіта Крыж Хрыстоў фарміруе жыццё Яго вестуна. Гэта Апостал адлюстроўвае паражальным пералічэннем сваіх жыццёвых бедстваў. Ён апісвае беднасць і складанасць свайго жыцця вандроўнага прапаведніка: ён блукае ў холадзе і голадзе, часта прыніжаны як апошняе смецце гэтага свету. Ён, Апостал Павел, які абвяшчае Слова аб Крыжы, стаіць не наверсе, а ўнізе, на апошнім месцы. Ён параўноўвае сваё становішча са становішчам на арэне вырачаных на смерць злачынцаў, якія на гладыятарскіх баях павінны былі служыць забавай для публікі, якая прагне крывавых відовішчаў. Такім чынам, Апостал параўноўвае сябе з тымі людзьмі ў рымскім грамадстве, у якіх аднятыя рэшткі чалавечай годнасці. Ніжэй стаяць ужо проста немагчыма. Не, Апостал Павел зусім не шукае пакут, не прамаўляе ім хвалебную прамову. Гэтыя пакуты вымушаныя, яны – наступствы той Весткі, якую ён павінен абвяшчаць.
Вось у чым заключаўся подзвіг святых апосталаў, вось у чым іх адрозненне ад звычайных хрысціянаў – у надзвычайных бедах. Апостал Павел стараўся зарабляць сабе на харчаванне сваімі рукамі, каб тыя, каму ён прапаведаваў, не спакушаліся і не гаварылі, што ён прапаведуе дзеля таго, каб яны яго мелі на ўтрыманні. Пагэтаму ён працаваў сам: днём прапаведаваў, а ноччу працаваў, для таго, каб яго пропаведзь была больш паспяховай, каб усе бачылі яго дасканалую бескарыслівасць.
Нягледзячы на ўсе прыніжэнні, ён не адказвае злом на зло, не помсціць, але заклікае Божае благаславенне на тых, хто зласловіць яго. І гэта, разумеецца, таксама ўспрымаецца светам як прымета слабасці і нікчэмнасці. У заключэнне ён у кантраст ганарлівасці карынфянаў называе сябе смеццем, водкідам грамадства. Так свет ацэньвае жыццё таго, хто нясе яму вестку збаўлення.
Між іншым, словамі “прах” і “водкіды” ў старажытных Афінах, канечне язычніцкіх, называлі самых заняпалых, нізкіх, бяспраўных людзей, падобна да таго, як зараз кажуць “падонкі” або “водкіды грамадства”. І калі горад спасцігала якое-небудзь бедства, напрыклад, язва або пошасць, тады гэтых людзей прыносілі ў свайго роду ахвяру – кідалі іх у мора і казалі: “Збаў нас ад нечыстаты”. Магчыма, апостал Павел параўноўвае сябе не з водкідамі ў літаральным сэнсе слова, а з гэтымі людзьмі, якія ў старажытным свеце ў чалавечых вачах былі нічога няварты.
Апостал Павел адназначна аддзяляе сябе ад іншых хрысціянскіх або ўяўнахрысціянскіх прапаведнікаў, называючы іх “настаўнікамі”, якія клапоцяцца пра карынфянаў (літаральна – “дзетавадзіцелямі”). Кажучы пра тое, што такіх дзетавадзіцеляў цэлая “цьма”, гэта значыць дзесяць тысяч, – насмешліва-іранічны намёк на партыйныя сваркі ў Карынфе.
Усведамляючы сваё прызванне і бацькоўскую годнасць, Апостал заклікае карынфянаў пераймаць яго, браць яго за ўзор. Паняцце “пераймання” было шырока распаўсюджана ў старажытнасці і азначала следаванне вучня дабрадзействам настаўніка. Але Апостал надае гэтаму паняццю незвычайны сэнс. Карынфяне павінны пераймаць не высокія дабрадзействы Апостала, але яго жыццё, што праходзіць пад знакам Крыжа. Апостал не дабіваецца прызнання ўласнай асобы. У цэнтры яго ўвагі Крыж Хрыстоў! Ён жадае прывесці карынфянаў да таго, каб яны зразумелі сэнс Евангелля. Яны павінны пераймаць яго, Паўла, бо сам ён арыентуецца на Крыж. Яны павінны сувымяраць сябе на ўзор Апостала, які пакутуе і які прымае жыццё з яго складанасцямі ў поўным давер’і да блізкасці Госпада і ўсё пераносіць у нястомнай вернасці Яму (1 Кар. ІV, 6-13). Ён не жадае вызначацца, не выстаўляе сябе на першы план, але верна служыць справе распятага Госпада (1 Кар. ІІ, 1-5). Ён – узор, бо сам бярэ сабе за ўзор Іісуса Хрыста (1 Кар. ХІ, 1).
Пераймаючы апостала Паўла, мы павінны памятаць, што народжаныя мы дабравесцем Евангелля. Унутры нас не павінна быць нічога іншага. Калі б мы следавалі гэтаму ў самым галоўным – у змірэнні і цярпенні – прыпадабніліся хаця б у нейкай ступені святому апосталу Паўлу. Змірэнне ёсць, як выразіўся адзін падзвіжнік, найвялікшым дабрадзействам, без якога немагчыма ўратавацца, але якое і адно можа ўратаваць чалавека. Амінь.