Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб ацаленнi апантанага хлопца
Сённяшняе евангельскае чытанне няпроста ў чарговы раз апавядае нам пра адну з бачных праяваў любові Бога ў адносінах да чалавека. Яна прымушае нас задумацца пра нас саміх у кантэксце таго, што ажыццяўляе Бог у гэтым свеце. Хоць гэта прагучыць парадаксальна, Бог настолькі напоўнены любоўю, што не можа не праяўляць любові.
Прывялі апантанага хлопца, які кожную квадру кідаўся то ў ваду, то ў агонь; і, паколькі Хрыстос адсутнічаў, бацька звярнуўся да вучняў. Але яны нічога не змаглі зрабіць. Хрыстос, які прыйшоў да вучняў, абурыўся духам і сказаў: о, родзе няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? – і ацаліў апантанага.
Пытанне, якое задаў Збавіцель, вось ужо трэцяе тысячагоддзе не знаходзіць адказу ў хрысціянаў. А сапраўды, колькі яшчэ Хрыстос будзе з намі? Колькі яшчэ пацерпіць нас? Чаму мы такія, што нас трэба цярпець?
Мы ўжо ведаем, што Гасподзь быў распяты і памёр на Крыжы. Як ведаем і тое, што Ён уваскрэс. Але мы вельмі рэдка ўсведамляем той факт, што Гасподзь працягвае жыць у гэтым свеце, у Сваёй Царкве, а значыць, у нас з вамі. Бо калі б мы сапраўды ўсведамлялі тое, што Хрыстос працягвае жыць у Царкве, мы былі б іншымі. Царква была б іншай.
Дык вось, церпіць Хрыстос нас, пакуль у нас ёсць хоць бы малае зерне роднасці з Ім. Ён нас церпіць як Сваіх, як родных, як членаў Сваёй сям’і. Мы ўсё-такі блізкія Яму па духоўнай крыві.
Гэтым і страшная наша заўсёдная спроба наладзіць з Богам дзелавыя адносіны. Ён да нас адносіцца як да Сваіх блізкіх, а мы да Яго – “ну ладна, пра веру мы пагаворым пазней, зараз перад намі стаяць нашмат больш важныя праблемы – заробку, хатняга бязладдзя, кар’еры; давай, Госпадзі, пра гэта зараз пагаворым”.
Мы верым у адным свеце, а жывем насычаным жыццём у іншым, і яны не перасякаюцца. І ў гэтым – раздвоенасць існавання хрысціяніна ў сучасным свеце. Звычайныя справы і паўсядзённае жыццё мы ўладкоўваем па запаведзях таго, хто Хрыста прывёў да Крыжа, а духоўнае жыццё, як нам здаецца, – па запаведзях Хрыстовых. І гэтыя дзве часткі нашага быцця ніколі не могуць быць сумешчаны, бо яны супрацьлеглыя.
У нас жыве (мы, можа быць, сабе ў гэтым не прызнаемся, але ён ёсць) страх весці паўнацэннае хрысціянска жыццё. Бо калі мы будзем паслядоўнымі хрысціянамі, нас могуць чакаць беды. Нас могуць выгнаць з работы, палічыўшы нас за звар’яцелых і неэфектыўных. Могуць папрасіць больш не прыходзіць дамоў, бо мы будзем сябе весці не так, як ад нас чакаюць, і нас зноў жа палічаць за звар’яцелых. І мы пагэтаму абмяжоўваем сваё хрысціянскае жыццё ў найлепшым выпадку чытаннем ранішніх і вячэрніх малітваў і зусім ужо базавымі рэчамі.
Душу немагчыма звесці выключна да абраду, да выканання рытуалу. Душу не выцягнеш з ціны толькі ранішнім і вячэрнім правілам, сухой праведнасцю. Што, малітвы не было ў вучняў? Апрача таго, Хрыстос быў побач з імі. Заўсёды. Кожны дзень і час. І нават у гэтай сітуацыі – нявер’е. Нявер’е, якое праявілася ў тым, што яны не змаглі ацаліць хворага. Ён для іх быў знешні, чужы. Яшчэ адзін наведвальнік вялікай чаргі ў паліклініцы.
Пакуль для нас знешні чалавек застанецца чужым – па той бок ад нас – то наша праваслаўе застанецца па той бок ад Бога, што б мы сабе пра гэта не казалі. Ніхто не просіць нас тут і зараз падняць з ложа хворага. Гасподзь бачыць і ведае нашы сілы. Але Ён таксама ведае, што іх нашмат больш, чым мы думаем. Што мы ў стане быць людзьмі патрэбнымі, патрэбнымі для Царквы, патрэбнымі для сваіх блізкіх і дальніх. Патрэбнымі, нягледзячы на тое, што мы так любім траціць свае здольнасці і час упустую. Патрэбнымі Хрысту – як дзеці, а не тыя чужыя і прышлыя, каго трэба цярпець.
Мы вельмі мала дзе хрысціянамі застаемся ў паўнаце, і вельмі мала з таго, пра што Евангелле апавядае, нам удаецца зрабіць у сваім жыцці. Але мы людзі не безнадзейныя, бо ўсё тое, што мы не можам зрабіць, робіць Хрыстос.
Ён ацаліў. І паўсюль, дзе чалавечай сілы, чалавечага розуму і таленту бракуе, там гэты недахоп успаўняецца Самім Хрыстом.
Мы павінны памятаць, што дыявал як змагаўся супраць Бога, так і працягвае змагацца, нават калі на першы погляд мы гэтага не заўважаем. І Гасподзь увёў нас у Сваю святую Царкву перш за ўсё для таго, каб мы ў сабе гадавалі веру, якая ёсць дарам Божым і падаецца нам у адказ на нашы малітвы, руплівасць і жаданне быць з Хрыстом, каб яна асвятляла наш жыццёвы шлях, дапамагала пераадольваць складанасці; каб яна ажыццяўляла ў нашым жыцці цуды і прыносіла добрыя плады ў жыцці людзей вакол нас.
Будзем прасіць Госпада, каб Ён прысутнічаў у нашым жыцці і Сам дзейнічаў праз нас на людзей вакол нас, на нашых блізкіх. Амінь.