Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб ацаленнi двух сляпых і апантанага нямога
У апостальскім пасланні мы чулі сёння словы, якія былі звернуты не толькі да рымлянаў, але і да кожнага з нас: “Пагэтаму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую” (Рым. ХV, 7).
Хрыстос прыняў нас такімі, якімі мы ёсць: сляпымі, кульгавымі, сухімі, апантанымі. Ён, не грэбуючы нечысцінёй паўшага чалавека, дакранаецца да нашай апаганенай плоці, Ён уваходзіць у наш апаганены грэхападзеннем лёс не для таго, каб асудзіць і пакараць, а для таго, каб “спасці тое, што загінула” (Мф. ХVІІІ, 11).
Цуды, апісаныя ў сённяшнім Евангеллі, маюць дачыненне не толькі да сляпых, што сталі відушчымі, і да нямога, што загаварыў, нейкі больш глыбінны сэнс заключаны ў гэтых дзвюх падзеях, сэнс, які яўна не зводзіцца да чыста клінічнай праблемы выздараўлення ад хваробы.
Справа, канечне, не ў ацаленні цела. Важней за ўсё – несмяротная чалавечая душа, дзеля вечнага быцця якой уцялесніўся, памёр і ўваскрэс наш Збавіцель.
Вельмі часта мы ў сваім жыцці маем справу з наступствамі, а не з прычынай. Ёсць хвароба, якая сапраўды палохае: гэта душэўнае захворванне людзей цялесна здаровых, жыццёва паспяховых, але страціўшых здольнасць жадаць найвышэйшага. Такая хвароба вядзе не проста да смерці, але да вечнай пагібелі.
Нуда, маркота, упадак волі да жыцця, тамленне духу, разгубленасць, – ці не ўласціва гэта для большасці, для пераважнай большасці сучасных людзей, і, на жаль, моладзі? Жах бязмэтнасці і жах бяссілля, – вось два жахі, якія паражаюць цяпер многіх.
Незадаволены, губіць ён час у забавах, якія не ствараюць, а разбураюць асобу яго, адзінства волі, думкі і пачуцця.
Той, хто не ведае Бога, не жыве, а цягне неасэнсаванае існаванне драпежнага або пераследаванага, сытай ці загнанай жывёлы.
Бяснуецца сучасны чалавек, які страціў гармонію сіл сваіх унутры сябе, пустатой мучыцца ён. Але падобна да таго, як у нас саміх заключаецца прычына, так у нашай жа душы закладзены і сродак да лекавання гэтай хваробы – пакаяння. Ведаючы гэта, мы павіны ўсёй душой захацець вызваліцца ад грэху. Хто ўбачыў свае грахі, той, са слоў святога Ісаака Сірына, блажэннейшы за таго, хто ўдастоіўся ўбачыць ангела.
Ацаліць нас, нашу сляпую і нямую душу, вярнуць чалавеку зрок, вярнуць яму святло можа толькі Хрыстос – Святло Ісціннае, таксама як і насыціць несмяротную душу можа толькі Бог – не ідэя Бога, а Бог жывы, Існы. Бога недастаткова мець у розуме, у мысленні, але трэба даць Яму месца ў нашым сэрцы, у нашай волі, у жыцці паўсядзённым.
“Будзь пастаянна заняты Богам, бо Бог усяму навучыць цябе і адкрые Святым Духам вышняе – нябеснае і ніжняе – зямное”, – кажа прападобны старац Паісій Велічкоўскі.
Справа нашага збаўлення ажыццяўляецца таемнай сустрэчай Бажэственнай благадаці і нашай уласнай волі, скіраванай да Госпада.
На тое і дадзена нам свабодная воля, каб мы ўсімі сіламі шукалі Госпада, а знайшоўшы – следавалі за Ім.
Нам з вамі пастаянна хочацца стаць сведкамі якой-небудзь незвычайнай падзеі, цуду, які патрасае ўяўленне. Хочацца нам, каму таемна, неўсвядомлена, а каму і яўна, каб заміраточылі раптам іконы, каб ацаліліся ад пакутных хвароб блізкія і знаёмыя, каб Сіла Божая яўна і відавочна перамагла ў свеце і абавязкова на нашых вачах, пры нашым экспертным удзеле.
Каб раз і назаўсёды, у выніку цудоўнай падзеі, зрабіліся мы праведнікамі, без асаблівага напружання, без празмерных намаганняў.
А такое пасіўнае чаканне цуду асуджана Самім Госпадам. Малітва і ўздыханні, калі за імі не следуе духоўная актыўнасць, прыводзяць да самападману, да душэўнай пустаты і да расчараванняў. Мы закліканы ў меру сваіх сіл, у меру тых дараванняў, якія кожнаму з нас даў Гасподзь, вучыцца таму хрысціянскаму подзвігу, які ажыццяўлялі ўсе святыя падзвіжнікі веры і набожнасці, а не сядзець склаўшы рукі, і не плыць па цячэнні, бо па цячэнні плыве толькі здохлая рыба.
Сапраўдны цуд, ды і сапраўдная мудрасць: жыць у гэтым свеце і заставацца хрысціянамі. Жыць сярод граху і распаду і не злавацца, не асуджаць, не праклінаць бязбожнікаў.
Не бянтэжцеся, калі прыйдзецца зазнаць мноства няўдач на гэтым шляху.
Мы павінны ведаць, што жыццё хрысціяніна – гэта жыццё, спалучанае з пастаянным подзвігам, з пастаянным напружаннем.
Калі Гасподзь кажа Сваім вучням пра “закваску фарысейскую” (Мф. ХVІ, 6), Ён, пэўна, мае на ўвазе рэальную для іх небяспеку заразіцца самім і заразіць іншых крывадушнай набожнасцю, якая асабліва страшная таму, што падмяняе сапраўдную працу душы, якая называецца пакаяннем, сімуляцыяй такой працы, яе выяўленнем, своеасаблівай духоўнай паказухай.
І тут мы зноў задумваемся над гэтай здольнасцю чалавека, а значыць кожнага з нас, спрабаваць вераваць у таго Бога, якога мы самі ствараем у сваёй душы. Мы хочам верыць у Бога, мы хочам спадзявацца на Бога, мы хочам атрымліваць ад Яго нейкую дапамогу, бо нам вельмі хочацца, каб гэта Бог быў такім, якім ён павінен быць па нашым меркаванні.
Калі паглядзім на нашу гісторыю, то колькі разбураных і яшчэ захаваных вавілонскіх вежаў нашага нядаўняга мінулага нагадваюць нам пра тых ідалаў, якіх стваралі нашы з вамі продкі ў нядаўнім мінулым і дзеля якіх прыносілі мільёны чалавечых ахвяр. Але самае страшнае, калі людзі пачынаюць вераваць у такога Бога, які адпавядае іх меры духоўнага развіцця. І так бывае вельмі часта. Невыпадкова так многа разладаў узнікае і паміж хрысціянамі аб тым, які Хрыстос сапраўдны. Хрыстос іх царквы, Хрыстос іх прыходу, Хрыстос іх настаяцеля, Хрыстос іх уласны ў параўнанні з іншымі Хрыстамі. І тут дыявал ловіць чалавека самым вытанчаным спосабам. Людзі бачаць Царкву Хрыстову, бачаць хрысціянаў, і бачаць, наколькі непадобныя яны адзін да аднаго.
Хрысціяне і не павінны быць аднолькавымі па сваіх асобасных дараваннях, але іх павінен аб’яднаць той адзіны сапраўдны Хрыстос, пра Якога апавядае Евангелле, і Які так рэдка прысутнічае ў душы многіх хрысціянаў. Няхай сённяшняе Евангельскае чытанне, якое выкрывае фарысеяў у тым, што яны, не верачы Хрысту, не прынялі Бога, бо стварылі Бога на свой уласны ўзор, – няхай сённяшняе Евангельскае чытанне прымушае нас задумацца, а ці дарагі нам Бог такі, які Ён ёсць, магчыма, у многім яшчэ схаваны ад нас? Ці гатовыя мы прыняць Бога такім, якім Ён прыйшоў у гэты свет? Ці гатовы мы пагэтаму змяніцца самі, каб пазнаўшы Хрыста, перамяніць і ўласную душу і навакольны свет? Амінь.