Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у Нядзелю 5 па Пяцідзясятніцы, апосталаў Пятра і Паўла
У Нядзелю 5-ю чытаецца аповед пра падзеі ў краіне Гергесінскай. Тут зноў адкрываецца вялікая міласэрнасць Божая да тых, хто пакутуе, і сіла Гасподняя, якой павінуецца разбуральная сіла злых духаў.
Святая Царква бачна ўзнаўляе нячуласць людзей да яўнай праявы сілы Божай, глухату да веры, калі не цэніцца нябеснае, а зямны дабрабыт становіцца даражэйшым за міласэрнасць і спачуванне да блізкіх.
Апантаныя – людзі, мучымыя нячыстай сілай… Іудзейскае грамадства адрынула іх… Але Хрыстос не атаясамлівае чалавека і зло, што яго мучыла. Ён выгнаў бясоў і ўратаваў ад іх беснаватых…
Свінні ў Старым Запавеце – сімвал нечыстаты. Гасподзь Сваім загадам указаў, што бесы належаць да сферы зла. Патапленне апантаных свіней у моры ясна паказвае, што бывае з душой, калі яе апаноўвае зло. Дазволіўшы бясам увайсці ў свіней, Гасподзь выканаў закон Маісееў, які забараняў не толькі есці, але і трымаць свіней, і ахоўваў душы людзей ад усяго злога, а ацаленнем апантаных Хрыстос паказаў, што не сам чалавек бывае крыніцай зла, ён – ахвяра бясоўскай злосці…
Гасподзь пазбавіў жыхароў краіны Гергесінскай небяспек, пад якія ставілі іх апантаныя. Іх уразіла, што адбылося з іх свіннямі. Вялікая іх прыхільнасць да зямных даброт, што яны асцерагаюцца, як бы знаходжанне ў іх Збавіцеля не прычыніла ім новых страт. І яны ўмольваюць Хрыста адысці ад іх меж.
Так часта і мы гонім ад сябе Бога, баючыся, каб Ён Сваёй любоўю не разбурыў грахоўны лад нашага жыцця.
- Сыдзі, – гаварылі Хрысту гергесінцы, якія аддалі перавагу статку свіней, а не здароўю сваіх братоў… – Сыдзі, – сказалі Хрысту іудзеі, – мы не хочам Тваёй страшнай пропаведзі пра змірэнне і любоў, – і забілі Хрыста… Людзі ўсю сваю гісторыю гоняць Яго, бо Ён перашкаджае ім гінуць у салодкім забыцці. І праз усю гісторыю гучыць гэты крык: сыдзі! Ты стаіш на нашым шляху да дабрабыту, да бестурботнасці, да забыцця…
Гэта кажа праз усю гісторыю чалавечы род. А мы? Няўжо мы адзіныя, з невялікай жменькай вучняў, гэтага страшнага слова, прама ці ўскосна, ніколі не кажам і ніколі не сказалі?
Бо зусім нядаўна быць вернікам лічылася злачынствам. І мы не толькі саромеліся сваёй веры, але і адракаліся ад Хрыста. З нашай маўклівай згоды разбураліся храмы, знішчалася Царква.
А хіба сёння хрысціянства стала сэнсам нашага жыцця? Мы так і не прынеслі пакаяння ў нашым богаадступніцтве і богаборніцтве. І мы зусім спакойна з гэтым згаджаемся.
Самотны і чалавек, які вызнае Хрыста сваім Богам і Збавіцелем. Самотны перш за ўсё таму, што “раб не большы за свайго гаспадара”, бо, калі мы наважыліся аднойчы следаваць за Хрыстом, нам непазбежна давядзецца раздзяліць з Ім увесь цяжар гэтага шляху.
Сёння мы праслаўляем памяць святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Няма тых хвароб, выпрабаванняў, выгнанняў, таго чалавечага гора, якія б не зазналі гэтыя святыя, прапаведуючы слова вечна жывой евангельскай ісціны ва ўсіх вядомых тады кутках зямлі.
Рознымі былі гэтыя два чалавекі, розным было іх паходжанне, адукацыя, розныя заняткі. Гэта ўсё было ў пачатку іх зямнога жыцця. Але наколькі падобныя яны былі адзін да аднаго пасля таго, калі Гасподзь заклікаў іх да служэння: якой палымянай, шчырай любоўю да Хрыста гарэлі сэрцы гэтых людзей! З якой руплівасцю, не лянотна, трываючы мноства бедаў, ганенняў, катаванняў, здзекаў, мучэнняў, прапаведавалі яны слова Хрыстова!
Апостал ёсць сведкам і пасланнікам. Гасподзь пасылае апосталаў у свет. Яны Яго пасланнікі, яны сведкі. У сённяшнім апостальскім чытанні (2 Кар. ХІ, 21––ХІІ, 9) нам апавядаецца пра досвед сведчання апостала Паўла. Ён кажа: “пяць раз я зазнаваў бічаванне”. Тройчы ён быў пабіты палкамі. Аднойчы ён быў пабіты камянямі. Але ён не загінуў, ён цудам застаўся жывы.
І далей апостал кажа, што яму давялося зведаць: ён быў у небяспецы на моры, тройчы цярпеў караблекрушэнне, быў у небяспецы ад разбойнікаў, ад аднапляменнікаў, ад язычнікаў і нават ад ілжэбратоў.
Гэта азначае, што сведчанне, якое неслі людзям апосталы, – не бяскрыўднае сведчанне. Фундамент Царквы трымаўся ў барацьбе і пакутах. Галоўная праблема, з якой адразу ж сутыкнуліся апосталы і працягвае сутыкацца Царква – гэта адрозненне яе ідэалаў ад ідэалаў грамадства. Язычніцкае грамадства не было гатовае прыняць словы Бажэственнага адкрыцця, якія неслі грамадству апосталы. І мы ведаем, з чым сутыкнулася Царква. Яны сутыкнулася з прамымі ганеннямі. Але, як сказаў вялікі Тэртуліян, вучыцель Царквы ІІ стагоддзя, кроў мучанікаў – семя хрысціянства, і ніякое ганенне не было здольным спыніць пропаведзь апосталаў. Гвалтоўна было спынена жыццё святых апосталаў, а за імі – мноства іх паслядоўнікаў.
Другі раз за ўсю гісторыю Царква сутыкнулася з такім моцным і арганізаваным гвалтоўным непрыняццем свайго слова ў нашай краіне. ХХ стагоддзе ўвайшло ў гісторыю Царквы як стагоддзе найбольш жорсткіх ганенняў, якія па сваёй вычварнасці і сіле не могуць параўнацца нават з ганеннямі часоў Рымскай імперыі. А ў аснове ўсяго – тое самае разыходжанне ў прынцыпах, у ідэях. Царква прапаведавала тое, што не прымала бязбожнае грамадства.
Мы ведаем, што жыццё святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла завяршылася па-мучаніцку. Пётр быў распяты ўніз галавой у Рыме ў часе ганення пры імператару Нероне, а апостал Павел у той самы час трываў у Рыме смяротнае пакаранне, будучы усечаны мячом. Большасць апосталаў былі забіты і засведчылі сваю вернасць Хрысту не толькі подзвігам жыцця, але і самой смерцю!
Сёння, успамінаючы святых першавярхоўных апосталаў, мы молімся ім, каб яны былі хадайнікамі і малітвеннікамі і за нашу Царкву-мучаніцу, Царкву-спаведніцу, за народ наш перад Прастолам Божым.
Здаецца, што сёння хрысціянскія ісціны не аспрэчваюцца; больш за тое, уключаюцца ў грамадскую мараль. Часам дзяржава, праяўляючы павагу да гэтых прынцыпаў, падтрымлівае хрысціянскае ўспрыняцце жыцця. Так было ў старажытнай Візантыі, у Расійскай імперыі. Фармальная згода вельмі лёгка пераўтвараецца ў крывадушнасць. Калі фармальна ўсе згодныя, а жывуць так, як быццам увогуле ні Бога, ні Хрыста няма і не было. Не было паслання Збавіцеля, не было пропаведзі святых апосталаў. І тады хрысціянская ісціна становіцца пэўнай часткай культурнага слою таго ці іншага грамадства, але памірае, не аплодненая рэальнымі чалавечымі ўчынкамі.
Як важна, каб Царква прыносіла плод! Працягваць апостальскае служэнне – гэта значыць жыць па-апостальску, злучаць слова са справай.
Мы сёння павінны спалучаць наша слова са справай. Мы павінны адрадзіць дух апостальства, ахвярнага служэння Царквы народу свайму. Не ў знешняй красе прыгажосць Царквы.
Мы павінны памятаць вялікае прызначэнне Царквы Апостальскай – быць сведкамі пра Хрыста ўваскрэслага. І гаворка ідзе не толькі пра архіерэяў, святароў, хоць пра іх у першую чаргу, але і пра ўвесь наш веруючы народ.
Калі мы будзем жыць па-хрысціянску, калі словы Евангелля будуць не толькі захоўвацца ў нашай памяці, але і ажыццяўляецца ў нашым жыцці – вось тады мы сапраўды будзем працягваць справу святых апосталаў, пераўтвараючы свае сэрцы, сваё жыццё, жыццё сваіх сем’яў, пераўтвараючы жыццё нашага народа, аказваючы найвялікшае духоўнае ўздзеянне нават на тых, хто пакуль далёкі ад таго, каб назваць сябе праваслаўным хрысціянінам.
Узносячы малітвы святым першавярхоўным апосталам Пятру і Паўлу, памолімся за краіну нашу, за народ наш. Памолімся аб тым, каб апостальскае пакліканне Царквы ніколі не згасала, але каб гэта служэнне – праз подзвіг святароў, архіерэяў, манахаў, міранаў, праз подзвіг народа – заўсёды ззяла свету, як ззяе свету Слова Божае. Амінь.