Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 3-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы
Сённяшняе Евангельскае чытанне апавядае нам тую частку Нагорнай пропаведзі, у якой гаворыцца, што чалавек не можа служыць Богу і мамоне (“мамона” – гэта старажытнаяўрэйскае слова, якое азначае багацце).
Гасподзь нагадвае, што немагчыма служыць двум гаспадарам: калі чалавек будзе спрабаваць гэта зрабіць, то абавязкова, дагадзіўшы аднаму, не зможа дагадзіць іншаму. Служэнне Богу і служэнне мамоне несумяшчальныя.
Гасподзь нас вучыць: “Шукайце найперш Царства Божага і праўды Яго”. Нам нагадваецца тут пра каштоўнасць душы, пра голас сумлення, як голас Бога ў чалавеку.
У Нагорнай пропаведзі Хрыстос звяртае ўвагу Сваіх паслядоўнікаў на тое, што павінна быць самым галоўным у жыцці чалавека: служыць трэба не зямному багаццю, не зямным мэтам, а Богу. Гасподзь – гэта цэнтр духоўнага жыцця, і ва ўсіх Сваіх павучэннях Збаўца нагадвае пра гэта. Ён заклікае нас не да гультайства, нядбаласці, ляноты і бяздзейнасці, а да таго, каб мы свой унутраны погляд, сваё ўнутранае вока засяродзілі на Богу. Калі чалавек злучаецца з Богам, ён ужо не сваімі сіламі выконвае запаведзі і робіць добрыя справы, а Сам Бог праз яго і ў ім пачынае дзейнічаць.
Бадай, для нашага часу, для нашага сённяшняга дня характэрна тое, што, можа быць, галоўным ідалам многіх з нас, у тым ліку і хрысціянаў, стаў ідал зямнога дабрабыту. Здавалася б, мы маем права жадаць сабе зямнога дабрабыту, бо нашы бацькі і дзяды былі пазбаўлены падчас самых элементарных магчымасцяў простага чалавечага жыцця.
Сапраўды, мы ўсе раптам усвядомілі тое, што навакольнае жыццё, краіна, у якой мы нарадзіліся, ёсць даволі ўбогім відовішчам з пункту погляду матэрыяльнага дабрабыту. Паглядзіце, як у цяперашні час пераважная большасць людзей вакол нас, імкнуцца так ці іначай менавіта да ўтылітарных даброт. І хрысціяне ў дадзеным выпадку не ёсць выключэннем.
І здаецца, што немагчыма ўжо ад гэтага адмовіцца. Здаецца настолькі для нас гэты недасканалы свет, у якім мы пакутуем, стаў сапраўдным светам, што іншага свету мы ўжо не хочам, і ўсякі напамін нам пра іншага чалавека нас раздражняе, палохае, стамляе, але мы не хочам гэтага ведаць. Бо Царква заклікана да таго, каб яўляць у гэтым свеце вобраз іншага свету, і мы, хрысціяне, закліканы менавіта да гэтага.
У трэцюю нядзелю пасля Тройцы Беларуская Праваслаўная Царква адзначае памяць святых зямлі Беларускай.
Свята беларускіх святых – гэта сцверджанне таго, што кожны народ мае душу. Самае найвышэйшае, чыстае і найлепшае выражаюць менавіта святыя. Свята ўсіх святых беларускіх становіцца пытаннем пра апошні сэнс быцця народа.
Углядаючыся ў вобраз святых, мы павінны, перш за ўсё, навучыцца пераймаць іх жыццё, іх подзвіг, іх любоў, іх змірэнне, іх жаданне пакласці жыццё сваё за тое, каб не на словах, а на справе ажыццявілася выкананне запаведзяў Хрыстовых.
Святасць – гэта стан зноў набытай цноты, цэласнасці, цэльнасці.
Святыя гэтаксама, як і мы, існавалі ў свеце, які не быў пазбаўлены спакус і бед. Іх мастацтва жыць – гэта не мастацтва ўнікаць спакус, гэта мастацтва іх пераадольваць.
Жыццё не абыходзіцца без бясоўскіх атак. Немагчыма іх абмінуць. Але можна хавацца, спрабуючы стварыць сабе стэрыльную абстаноўку. І мы часта так і робім.
Наша айчына за гады бязбожнасці ў духоўна-маральных адносінах згубіла вельмі многае з таго, што назапасіла за стагоддзі свайго існавання.
Святыя зямлі беларускай сёння моляцца за нас, каб шматлікія страшныя, чорныя старонкі нашай гісторыі ніколі не паўтарыліся. Цяпер, каб наша дзяржава магла адрадзіцца – трэба адрадзіць у ёй рэлігійны дух. Немагчыма дасягнуць уратавання і паўнаты жыцця сілай дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага ўздзеяння.
Тым, хто хоча спасцігаць духоўную ісціну, свабодную ад любых ідэалагічных ціскоў, трэба будзе доўга, з пакаянным змірэннем, атрымліваць урокі з нашай шматпакутнай гісторыі.
Усё дадасца нам, калі мы выканаем галоўную ўмову, пастаўленую нам нашым Богам: захаваем душу сваю, тую саму душу, за якую Хрыстос узышоў на Крыж, – захаваем яе для Царства Нябеснага!
Святыя зямлі Беларускай указваюць галоўную, адзіна надзённую мэту адведзенага нам зямнога часу – набыванне Святога Духа ў сэрцах нашых.
Давайце памолімся, каб Гасподзь малітвамі святых падзвіжнікаў умацаваў у нашых сэрцах веру, каб іх малітвамі Гасподзь даў нам беззапаветную любоў да Царквы і да зямной Айчыны нашай, каб нішто не змагло адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе. Будзем “сваякамі” беларускім святым не толькі па плоці, але і па духу! Усе святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас! Амінь.