Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 05 » 30 » Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Нядзеля 7-я пасля Пасхі

Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Нядзеля 7-я пасля Пасхі

Пасля святкавання Узнясення Гасподняга, Святая Царква адзначае памяць айцоў Першага Усяленскага Сабора.

Сённяшняе евангельскае чытанне – чытанне нядзелі, што выпадае паміж двума святамі, Узнясеннем і Пяцідзясятніцай, – як быццам звяртае нас да мінулага. У ім мы чуем зварот Хрыста да Бога-Айца ў момант надыходзячых страшных падзей – Яго крыжовай смерці і моманта расстання Яго са Сваімі вучнямі. У тых словах, якія прамаўляў Збавіцель яшчэ да Сваёй крыжовай смерці, Ён выразіў вялікае Адкрыццё пра тое, што Царква, ужо пазбаўленая магчымасці быць бачна з уцялесненым Хрыстом на гэтай зямлі, будзе валодаць асаблівай апекай Госпада пра Яе.

Звяртаючыся да Бога-Айца, моліць Ён не за ўвесь свет, але перш за ўсё менавіта за гэтых нямногіх Сваіх вучняў. Ён кажа пра тое, што ў далейшым будзе названа Царквою. Казаў пра тых, каго Ён пакідаў у свеце выконваць Яго ўласную місію – місію пераўтварэння гэтага свету, місію ўратавання гэтага свету.

З часоў апостальскіх у хрысціянскай Царкве пачалі ўзнікаць ерасі і расколы. Святы апостал Павел, як мы чулі, пераконваючы пастыраў Эфескай Царквы бадзёра пасвіць стада Хрыстова, казаў: бо я ведаю, што па маім адыходзе прыйдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць стада; і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць прапаведаваць скажона, каб пацягнуць вучняў за сабою (Дзеян. ХХ, 29-30).

Вораг роду чалавечага, вораг ісціны і дабра, які ўзброіў поўных паклёпу і хітрасці сыноў чалавечых супраць Самога Збавіцеля, не пакінуў у спакоі і яго паслядоўнікаў, і спачатку ўзводзіў ганенні на хрысціянаў, якія працягваліся амаль трыста год, потым стараўся ўнесці ў глыб самога грамадства хрысціянскага разбуральную заразу мудрагельства і непадпарадкавання Богам абвешчанаму вучэнню апостальскаму.

Прасвітар Арый, які жыў у той час у Александрыі, пачаў вучыць, што Хрыстос – Сын Божы па благадаці, а не па існасці. Гэта значыць у выніку свайго зямнога жыцця, служэння і адданасці Богу, Іісус стаў Сынам Божым. За тое, што Ён ажыццявіў на зямлі, Бог узвысіў Яго, уваскрасіў з мёртвых і узнёс на Нябёсы. Такая была ідэя Арыя, калі гаварыць коратка, звернутая да хрысціянаў у пачатку ІV стагоддзя.

Калі гаварыць пра Хрыста не як пра Бога, ва ўсім роўным Богу Айцу і Богу Духу Святому, а як пра найдасканалейшае стварэнне Божае, то разбураецца важны догмат хрысціянскай веры – вучэнне пра Святую Троіцу. Бо калі Хрыстос не Бог, то ўсё хрысціянства падлягае разбурэнню, як усякая справа чалавечая, і збавенне наша не мае пад сабой ніякой трывалай апоры.

Тады праваслаўныя епіскапы, якія адстойвалі ідэю Богасыноўства Хрыста па існасці, па прыродзе, ад вечнасці, а не па благадаці, сабралі Першы Усяленскі Сабор. Гэта было ў 325 годзе. Саборным розумам было выражана праваслаўнае вучэнне пра Хрыста Збавіцеля як Сына Божага, Другую Асобу Святой Троіцы – вечнага Бога, Адзінасутную, роўную ва ўсім Богу Айцу. Упершыню ў гісторыі Царквы быў абвешчаны адзіны Сімвал хрысціянскай веры. І кожны раз, калі народ Божы, які ў імя Свайго Збавіцеля збіраецца, каб ажыццявіць вялікае Таінства Падзякі, гучыць і будзе гучаць да скону дзён гэты Сімвал. Сэнс у тым, што вера не павінна быць пашкоджана,  і менавіта гэта прагучала на Саборы.

Вучэнне Хрыста канкрэтнае. Гэта не маса агульнапрынятых словаў пра тое, як добра будзе чалавеку ў Царстве Нябесным. Хрыстос кліча чалавека ў Царства Нябеснае не на спацыр і не праз спацыр. Хрысціянства, будучы рэлігіяй радасці, чакае ад чалавека працы. Не патрабуе самакатавання, не прапаноўвае прыдумаць сабе крыж, а прапаноўвае быць верным Хрысту ў штодзённых жыццёвых абставінах. Пагэтаму мала словы Збавіцеля выслухаць, мала апрануць на сябе нацельны крыж. Трэба, як сённяшняе Евангелле кажа, усё гэта прыняць. Прыняць не праз вуха, а праз руку, не праз слуханне, а праз дзеянне. І толькі ў гэтым выпадку становіцца ясна, што ярмо Хрыстова прыемнае, а цяжар Яго лёгкі (гл. Мф. ХІ, 30).

Пагэтаму галоўнае ў Праваслаўі не веданне зместу Евангелля і дагматычнага багаслоўя, а далучанасць да таго досведу, які стаіць за словамі.

У 1930 г. навамучанік нашай Царквы свяціцель Фадзей, архіепіскап Цвярскі, менавіта ў гэты дзень прамовіў наступнае: “Праславім жа памяць айцоў Першага Усяленскага Сабора, і не столькі словамі пахвальнымі вуснаў, колькі вернасцю запаветам айцоў у жыцці. Айцы Сабора не ад сябе нанова прамаўлялі ісціну, а выткалі яе ў Сімвале веры са слоў Бажэственнага Пісання, старажытных, вечных. Ці ж не павінны мы з гэтай прычыны нязменна ахоўваць “Нікейскую веру” як запавет жыцця, нязменную заруку збаўлення?”

Дарагія браты і сёстры, праслаўляючы сёння Святых Айцоў, якія сцвердзілі праваслаўную веру, будзем маліць Госпада, каб Ён дапамог і ўсім нам ахоўваць праўдзівую святую бажэственную веру да канца нашага жыцця і гэтай верай дасягнуць жаданай блажэннай вечнасці. Амінь.

Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Нядзеля 7-я пасля Пасхі
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut