Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя ў Нядзелю 4-ю Вялікага посту
У чацвёртую нядзелю Вялікага посту мы святкуем памяць святога прападобнага і баганоснага айца нашага Іаана Лесвічніка, які шмат зрабіў для таго, каб адкрыць нам сэнс духоўнага жыцця. Узыходжанне да Бога немагчыма без моцнай веры. І таму невыпадкова сёння, у дзень памяці Іаана Лесвічніка, калі Царква прапануе задумацца пра шляхі духоўнага ўзыходжання, мы чулі Евангелле паводле Марка, дзе гаворыцца пра веру як абавязковую ўмову цуду.
Сённяшняе Евангельскае чытанне паведала, як пакутны бацька апанаванага дэманам юнака маліў аб тым, каб Хрыстос уратаваў яго сына, і Хрыстос сапраўды ацаліў яго. Такое ацаленне патрэбна і нам. Але што асабліва важна, гэта тое, што ацаленне можна атрымаць толькі тады, калі ты захочаш стаць іншым чалавекам – не проста з хворага стаць здаровым, а з грэшніка стаць праведнікам. Калі ты ўверуеш у Хрыста, калі захочаш пакаяцца ў сваіх грахах, толькі тады разам з адпушчэннем тваіх грахоў усе твае немачы, усякая твая журба, усе хваробы будуць ацалёныя.
Тут нам варта звярнуць увагу на тое, што мы таксама павінны працягнуць сваю руку Хрысту. Гэта працягванне Яму рукі ёсць выражэннем нашай гатоўнасці да дзеяння. Хрыстос, узяўшы за працягнутую да Яго руку, падыме нас ацалёнымі ад нашых страсцей і пакут.
Дык ці неабходныя малітва і пост для таго, каб з нас выйшла ўсякае зло, якое прыносіць дыявал, які карыстаецца і нашай уласнай неруплівасцю? Безумоўна, неабходныя. Бо толькі постам утаймоўваецца цела і робіцца неўспрымальным да ўздзеяння дыявальскіх энергій. Мы супраціўляемся спакусам і застаемся ў гэтым полі жыцця.
Малітвай жа робіцца нерухомым і ўціхамірваецца ўсякі злы парыў душы і ўсякая думка, ад якой раздражняецца страсць. Малітва яднае нашу думку, нашу душу, наша сэрца з крыніцай жыцця і дае найвялікшую моц, здольную перамагчы дыявальскую сілу. Мы духоўна, інтэлектуальна, фізічна робімся здаравейшымі за тых, хто жыве ў полі дыявальскага прыцягнення, і перамагаем дыявала і плады яго спраў. І цела наша паступова набывае нерухомасць да зла.
Сённяшняе Евангельскае чытанне заканчваецца на першы погляд дзіўнымі словамі, Хрыстос раптам гаворыць пра няверны род, які знаходзіцца побач з Ім, і далей Ён прадвяшчае, што будзе распяты тымі, хто вакол Яго.
Пропаведзь Хрыстова суправаджалася тым, што побач з Ім было мноства людзей, але дзе былі ўсе гэтыя людзі, калі Хрыстос аказаўся на крыжы? Куды падзеліся ўсе тыя ацалёныя: паралізаваныя, апанаваныя дэманамі, сляпыя, кульгавыя?
І гэта, на жаль, суправаджаецца на працягу многіх стагоддзяў. Людзі ідуць да Бога для таго, каб атрымаць ад Яго нешта адчувальнае на дотык, зямное, канкрэтнае тут і зараз.
Часы заўсёды былі складаныя, складаныя былі яны і тады, калі Збаўца хадзіў па гэтай зямлі як уцеляснёны Богачалавек, і ў наступныя вякі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя хворыя, якія не атрымлівалі ніякой медыцынскай дапамогі і якія дзесяцігоддзямі ляжалі на вуліцах, былі старыя, якія паміралі пад адкрытым небам, людзям было страшна, людзям было складана, і ўсе яны ўсклікалі да Госпада аб тым, каб Ён дапамог ім, уратаваў іх. Усё гэта было, і людзі спадзяваліся толькі на Бога. І тым не менш, калі Бог прыйшоў у гэты свет і многім з іх дараваў тое, што яны прасілі, яны ў самы цяжкі для Госпада момант пакінулі Яго.
Пройдуць стагоддзі, і чалавецтва пачне само сваімі сіламі спраўляцца з многімі бедамі і няшчасцямі. Медыцына пазбавіць чалавецтва ад многіх страшных хвароб, асабліва ад эпідэмічных, якія ўносілі насельніцтва цэлых гарадоў, стануць усё радзей узнікаць войны, па вуліцах гарадоў не так страшна будзе хадзіць, як у тыя часы: з’явіцца паліцыя, службы сацыяльнага забеспячэння, старыя будуць атрымліваць пенсіі, але непрыкметна храмы пачнуць пусцець менавіта таму, што ва ўсе часы большая частка людзей ішла да Хрыста не для таго, каб штосьці даць Яму, не для таго, каб стаць лепшым, дасканалейшым, а для таго, каб штосьці атрымаць ад Яго. І тады, калі людзі навучыліся самі забяспечваць сябе зямнымі дабротамі, многім з іх Бог стаў непатрэбны. Як тады, так і цяпер зусім нямногія ішлі да Хрыста, каб стаць з Ім побач, каб несці разам з Ім Яго, Хрыстоў крыж.
І мы зараз у часе Вялікага посту павінны задацца пытаннем – а нашто мы ідзем да Хрыста, што мы чакаем ад Яго, ці хочам мы ад Яго ўсяго толькі штосьці атрымаць, нічога яму не даючы, ці ёсць усё-такі ў нас хоць малая здольнасць бескарысліва сказаць Яму, што мы любім Яго, гатовы раздзяліць з Ім яго крыжовы шлях, Яго пакуты за ўсіх нас? Гэта пытанне патрабуе вельмі шчырага і вельмі глыбокага адказу.
Не ўсякі чалавек ведае, нашто ён ідзе да Хрыста, і час Вялікага посту закліканы кожнага з нас прымусіць задумацца над гэтым.
Калі б кожны з нас задумваўся пра гэта часцей, ён бы, напэўна, зразумеў, што вельмі цяжка ўвераваць у Хрыста бескарысліва, любіць Хрыста проста таму, што Ён дасканалы, проста таму, што Ён любіў нас.
Ён жа ўжо тады ведаў, што ўсе гэтыя людзі, што бягуць за Ім, адхіснуцца ад Яго тады, калі Яму будзе патрэбна іх дапамога, іх спачуванне. Хрыстос, ацаляючы, дапамагаючы тым людзям, што прыходзяць да Яго, ужо тады ведаў, што многія з тых, каму Ён дае ацаленні, каму Ён дае зямное шчасце, у імя гэтага зямнога шчасця пакінуць Яго ў той момант, калі Яму будзе патрэбна чалавечая дапамога. Успомнім пра гэта зараз, задумаемся над тым, ці змаглі б мы быць з Хрыстом, калі Ён быў адзін, калі Ён пакутаваў, і амаль ніхто з людзей не прыйшоў да Яго на дапамогу.
І зусім невыпадкова Хрыстос нагадвае бацьку гэтага няшчаснага юнака пра тое, што ёсць у жыцці нешта больш значнае для яго самога, чым хвароба яго дзіцяці, – вера ў Бога.
Бог праяўляе Сваю любоў. Бог словам Сваім пераўтварае гэты свет, таму што слова Яго напоўнена любоўю, якой так нестае гэтаму свету.
Збаўца папярэджвае сваіх вучняў, што Яму – Таму, Хто адорвае гэты свет любоўю – давядзецца спазнаць на Сабе найвялікшую нянавісць тых людзей, якіх Ён любіць. І што Яго вучні застануцца без Яго. І што яны павінны быць гатовы да гэтага. Яны павінны быць гатовы аказацца здольнымі любіць так, як любіць Ён.
Нешматлікія цуды, якія Ён тварыў, былі праявай Яго любові, Яго спачування, Яго самааддачы ў адносінах да людзей. Сваімі цудамі Ён не набываў Сабе людзей – Ён ратаваў іх. Сваімі цудамі Ён не браў ад гэтага свету ўсё, што мог узяць, – Ён адорваў яго. І вось калі мы набудзем такую здольнасць адорваць свет, а не спажываць яго, можа быць, і мы станем здольнымі, насуперак натуральнаму для гэтага адпаўшага ад Бога свету закону ўзаемапаглынання, тварыць дабро і любоў, як тварыў Хрыстос.
Ідучы да Бога з жаданнем пазбавіцца таго ці іншага няшчасця, калі мы гэты шлях праходзім да канца, мы атрымаем нешта большае – радасць зносінаў з Богам, нягледзячы ні на кога і ні на што. Вось чаму так важна было Хрысту паспець да Сваёй крыжовай смерці данесці да апосталаў гэту самую галоўную ісціну царкоўнага жыцця: зносіны з Богам – гэта шчасце, зносіны з Богам – гэта радасць, зносіны з Богам – гэта вырашэнне ўсіх нашых праблемаў, якімі б невырашальнымі ні здаваліся яны нам. Але для гэтага трэба прыйсці да Бога бескарысліва і з чыстым сэрцам. Для гэтага трэба перамяніцца. Амінь.