Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 01 » 07 » ВІНШАВАННЕ АРХІЕПІСКАПА АРЦЕМIЯ З НАГОДЫ СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ХРЫСТОВА

ВІНШАВАННЕ АРХІЕПІСКАПА АРЦЕМIЯ З НАГОДЫ СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ХРЫСТОВА

Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры!

Шчыра вітаю вас і сардэчна віншую з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, калі Сын Божы “пажадаў дзеля нашага збаўлення прыняць плоць ад Святой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам” ва ўсім падобным да нас, акрамя граху, якім была пашкоджана прырода чалавека і выправіць які і прыйшоў на зямлю Збавіцель.

Свята Нараджэння Хрыстова – свята вялікай надзеі на выратаванне чалавека. Па словах апостала Паўла, Сам “Хрыстос – надзея наша” (1 Цім. 1:1). “Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай” (2 Кар. 3:12), смела ўглядаючыся ў гістарычны далягляд падзей. У надыходзячым 2020 годзе мы будзем адзначаць 120-годдзе ўтварэння Гродзенскай епархіі. Час яе існавання – няпросты час суровых выпрабаванняў, якія вогненным віхрам прайшліся па нашай зямлі. Гэта і падзеі кастрычніка 1917 года, якія паклалі пачатак гвалтоўным пераўтварэнням у грамадскім жыцці дваццатых-трыццатых гадоў, што прывялі да ганенняў на веру і Царкву, калі мно”гія з вернікаў зведалі жорсткія пакуты за Хрыста, і дзве сусветныя вайны, калі ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця Царква падзяліла з народам, і часы так званых “адлігі” і “застою”, калі з былых рэспублік Савецкага Саюза менавіта БССР павінна была стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай.У мінулым ХХ стагоддзі Праваслаўнай Царквы Промыслам Божым наканавана было прайсці праз суровыя выпрабаванні: тысячы святароў і свецкіх зведалі жорсткія пакуты і прынялі лютую смерць за веру Хрыстову. Але, прайшоўшы праз усе выпрабаваніі Царква выстаяла, і зараз Праваслаўе з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця Гарадзеншчыны. Мы бачым адноўленыя старажытныя і пабудаваныя новыя храмы, новыя пакаленні вернікаў і святарства, бачым унёсак Царквы ў духоўнае жыццё нашай краіны.   

Хрыстос – надзея наша – з намі, як Ён Сам сказаў пра тое Сваім вучням (Мф. 28: 20). Ён з намі ў нашых радасцях і нягодах, ён са сваёй Царквой, якая ідзе па шляху любві да Бога і чалавека, які быў вызначаны Самім Збавіцелям.. І зараз, на мяжы часу, на парозе другога дзесяцігоддзя другога тысячагоддзя хрысціянства на нашай зямлі, Гасподзь звяртае да нас праз апостала Паўла Свае словы: “Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усякай радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяю” (Рым. 15,13).

Малітоўна жадаю ўсім у надыходзячым Новым годзе добрага здароўя і радасці, дапамогі Божай і Божага благаслаўлення, плёну ў працы і дабрабыту, узаемаразумення і спакою.

+ АРЦЕМІЙ,
архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

Нараджэнне Хрыстова
2019/2020 г.
г. Гродна

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut