Ларыса Геніюш - дабраславенне Зельвы
Калі заходзіш у зэльвенскую Свята-Троіцкую царкву, злева на сцяне адразу заўважаеш мемарыяльную дошку з выявай Ларысы Геніюш, якая нібы прамаўляе да вернікаў радком з верша: “На зямлі беларускай мае алтары”. А на царкоўным цвінтары з дабраславення мітрапаліта Філарэта яшчэ ў 2003 годзе быў усталяваны помнік паэтцы.
Наведнікі царквы ведаюць: Ларыса Антонаўна была шчырай верніцай і прыхаджанкай старога местачковага храма, нават у часы ваяўнічага атэізму наведвала багаслужбы.
Помнік нібы знаходзіцца ў ахоўным полі царквы. Ды і хата Геніюшаў ад яе – праз вуліцу. Зэльвенцы сталага веку ўспамінаюць, што Ларысу Геніюш у царкве можна было пазнаць па квяцістай хустцы, а таксама па беларускай мове, якая надзвычай прыгожа гучала з яе вуснаў. У сваіх успамінах паэтка так занатавала свае пачуцці ў перадвелікодную раніцу: “Святочны, харошы дзень. Збіраюся ў царкву. Неабходна пад прывычны духоўны спеў пагутарыць з сабою і ўсе наносныя нядобрыя пыліначкі на сваей душы змыць кароткай і шчырай малітваю, каб душа заззяла. Толькі з сільнай і чыстай душою можна ісці на цярпенні. З дымам усіх кадзілаў і з полымем пахучых васковых свечак будзе роўнай стужачкай узвівацца ў неба малітва мая за Беларусь. Ёсць аб чым пагутарыць з вялікай Справядлівасцю і ў адчаі свайго сто разоў нелітасціва раненага патрыятызму папрасіць і паверыць у цуд! Вера – гэта вялікая сіла, якая не здраджвае і не падводзіць”.
І з высокага пастамента Ларыса Геніюш малітоўна звяртаецца да Усявышняга: “Божа, барані Беларусь!” – гэтыя словы адліты ў метале, яны найперш кідаюцца ў вочы тым, хто падыходзіць да помніка. Штогод 9 жніўня, на дзень нараджэння паэткі, у храме праходзіць памінальная служба, на якую збіраюцца прыхільнікі яе паэзіі. Набажэнствы служацца па-беларуску, пра што Ларыса Антонаўна ў свой час магла толькі марыць.
Помнік збіраліся спачатку ўсталяваць на пляцоўцы перад пасялковым саветам. Але мясцовая ўлада спахапілася, што Геніюш не рэабілітавана, а значыць – не мае права на ўшанаванне. Гады два справа з помнікам не зрушвалася з месца, пакуль ініцыятыву на сябе не ўзяў кіраўнік гісторыка-асветнага клуба “Спадчына” Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў уласнаручную рэзалюцыю ўладыкі: “Бог благаславіць добрую справу”. Энергічны і напорысты Анатоль Белы ў той жа дзень паехаў у Зэльву і ўсталяваў помнік на царкоўным цвінтары.
Такіх “буры і націску” зэльвенскія ўлады аніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня тагачасны настаяцель Свята-Троіцкай царквы быў выкліканы ў райвыканкам, дзе яму было загадана цягам трох дзён дэмантаваць помнік. Святар паказаў чыноўнікам благаславенне Філарэта і сказаў, што такога ж благаславення на дэмантаж не мае. Улады заняліся “вывучэннем сітуацыі”.
На абарону помніка выступіла беларуская інтэлігенцыя. У Зэльвенскі райвыканкам быў накіраваны ліст-зварот, які падпісалі народныя пісьменнікі Беларусі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і акадэмік Радзім Гарэцкі. У звароце гаварылася, што “разбурэнне асвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэндэнтным актам вандалізму і выкліча абурэнне грамадзян Беларусі і розгалас па ўсім свеце”. На шчасце, цвярозы розум перамог тады цемрашальскія памкненні чыноўнікаў, і помнік застаўся на месцы.
А праз сем гадоў у зэльвенскай царкве быў адчынены невялічкі музей Ларысы Геніюш. Яго стварыў і ўзяў пад сваю апеку настаяцель храма протаіерэй Георгій Субаткоўскі, з якім мы сустрэліся на царкоўным падворку.
– Ойча Георгій, гэта выглядае даволі нязвыкла – музей у царкве, прысвечаны свецкаму чалавеку. Чаму вы вырашылі яго стварыць?
– Бо Ларыса Геніюш была не толькі выдатнай паэткай, але і шчырай верніцай, сталай прыхаджанкай нашай царквы. Нават у бязбожныя часы, калі рэлігійныя пачуцці людзей зневажаліся, яна заставалася вернай храму, як магла бараніла святароў. Хрысціянскі светапогляд Ларысы Антонаўны выразна адлюстраваны ў яе паэтычнай творчасці, у яе вельмі шмат вершаў з духоўным зместам. Да таго ж у атэістычныя часы яна была рэпрэсавана, восем гадоў правяла ў ГУЛагу. Як такога чалавека не ўшанаваць? Наш музей пакуль даволі сціплы. Сярод экспанатаў – асабістыя рэчы Ларысы Геніюш, аўтографы на кнігах, нямала рэдкіх фотаздымкаў. Прыносяць людзі, ахвяруюць.
– У экспазіцыі я бачыў старое Евангелле ў чырвонай аксамітнай вокладцы. Яно з хаты Геніюшаў?
– Не, тут такая гісторыя. Калісьці, яшчэ да вайны, у нашым храме служыў протаіерэй Мікалай Пратасевіч, а яго пераемнікам стаў сын Дзіянісій, якога потым перавялі на службу ў Варшаву, адкуль ён і прыслаў у Зэльву тое Евангелле. Кніга была ў пастаянным царкоўным ужытку, яе вокладка моцна знасілася. І тады Ларыса Геніюш узяла Евангелле дахаты і абшыла яго дарагім аксамітам. Тады ён быў дужа дэфіцытным, модніцы рэдка маглі пашыць з яго спадніцу ці блузу. Адрэз аксаміту Ларысе Антонаўне даслалі сябры з Аўстраліі. Замест таго, каб пашыць з тканіны адзенне, паэтка “адзела” ў яго Евангелле. Таму і трапіла яно ў музейную вітрыну.
– Пры вашым папярэдніку ўлады спрабавалі знесці помнік паэтцы. А пазней такіх памкненняў больш не было?
– Дзякуй Богу, не было. А каму ён замінае? Людзі, якія ідуць у царкву, міжволі звяртаюць увагу на помнік, падыходзяць да яго. А ў прытворы храма вісіць мемарыяльная шыльда Ларысы Геніюш, таксама людзі бачаць. Ніколі не ўзнікала ніякіх пярэчанняў, наадварот, прыхаджане цікавяцца, падыходзяць і дзякуюць. Мне расказвалі, што раней раённыя ўлады вырашылі не садзейнічаць царкве, бо на яе тэрыторыі ўсталяваны “несанкцыяваны” помнік. Быццам бы на гэты конт была дырэктыва вышэйшых уладаў. Але цяпер у нас добрыя адносіны. Усе па-добраму і са спачуваннем ставяцца да памяці Ларысы Геніюш. Скажам, у прыватных размовах згаджаюцца, што яе даўно трэба рэабілітаваць і вывучаць яе вершы ў школе.
– І царква, і хата Геніюшаў знаходзяцца на вуліцы Савецкай. У 2010 годзе была спроба перайменаваць яе, надаць ёй імя Ларысы Геніюш. 133 жыхары Зэльвы падпісаліся за гэта, але іх галасы ўлада праігнаравала. А вы, ойча Гергій, не супраць былі б, каб вуліца нарэшце змяніла сваю назву?
– На жаль, шмат вуліц у нашых гарадах па-ранейшаму называюцца Савецкімі, што, бясспрэчна, з’яўляецца перажыткам мінулай атэістычнай эпохі. Яны нам проста дасталіся ў спадчыну. У некаторых гарадах змены ў вулічнай тапаніміцы ўжо адбыліся, будзем спадзявацца, настане чарга і Зэльвы. Вядома ж, вуліцу варта назваць у гонар Ларысы Геніюш. У нашага архірэя, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, была задума зрабіць музей менавіта ў хаце паэткі, але яе вельмі цяжка рэалізаваць, бо там пражываюць тры сям’і. Каб забяспечыць іх раўнацэнным жытлом, патрэбны вялікія сродкі, якіх царква не мае. Адна з цяперашніх гаспадынь геніюшаўскай хаты – наша прыхаджанка, яна разумее мемарыяльны статус дома, але больш ёй жыць няма дзе.
– На тым доме да 100-годдзя Ларысы Геніюш была ўсталявана мемарыяльная шыльда, зробленая вядомым скульптарам Аляксандрам Шатэрнікам. Але павісела яна толькі чатыры дні. Па распараджэнні тагачаснага зэльвенскага ідэолага Юрыя Кулікова (цяпер ён займае пасаду намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама) шыльду знялі. Не шкодзіла б яе вярнуць на месца.
– Я асабіста быў бы рады бачыць шыльду на хаце, але гэта залежыць не ад мяне.
– Часам мне тэлефануюць знаёмыя і незнаёмыя людзі і кажуць: мы блукаем па зэльвенскіх могілках, падкажыце, як знайсці магілу Ларысы Геніюш. Можа быць, пры могілкавай браме размясціць інфармацыйны стэнд? Падобны стэнд я бачыў на могілках ва Ушачы, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.
– Гэта добрая ідэя. Праўда, тут неабходна звярнуцца па дазвол у райкамунгас, які гаспадарыць на могілках. Са свайго боку мы будзем садзейнічаць. Людзі павінны ведаць месцы апошняга спачыну сваіх герояў, а Ларыса Антонаўна, бясспрэчна, герой свайго часу, класік беларускай літаратуры і вялікі вызнаўца праваслаўнай веры ХХ стагоддзя. Гэта было зразумела ўжо ў 1983 годзе, падчас пахавання. Тады развітацца з Геніюш прыйшлі некалькі тысяч чалавек, па сутнасці, адбыўся вялізны хрэсны ход. Людзі не пабаяліся аддаць даніну павагі паэтцы, хоць многім з іх пагражалі пэўныя рэпрэсіі. З іх боку гэта была свядомая ахвяра.
– Уладыка Арцемій чытаў мне на памяць верш Ларысы Геніюш пра Жыровічы. А ў вашай душы якія яе творы выклікаюць найбольшы водгук?
– Усе творы Геніюш адгукаюцца ў маёй душы. Калі мы праводзілі літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Ларысе Антонаўне, мае дзеці (іх у мяне трое) дэкламавалі геніюшаўскія вершы з царкоўнага амбона. Памятаю, што адна з дачок таксама ўпадабала радкі пра жыровіцкі манастыр: “Жыровічы, славутая мясціна, / здаўна праложаны для нас дзядамі шлях. / Малітвы боль у цяжкую хвіліну / мы на тваіх складаем алтарах…” І мне тое было прыемна, бо духоўная семінарыя ў Жыровічах – мая альма-матэр.
– У наступным годзе будуць адзначацца 110-я ўгодкі Ларысы Геніюш. Як правіла, 9 жніўня ў Зэльве аказваюцца занятымі і зачыненымі ўсе прыдатныя памяшканні. Нядаўна пры царкве з’явіўся прыходскі дом з прасторнай залай. Пусціце пры неабходнасці?
– Наша царква і прыходскі дом адчынены для ўсіх людзей добрай волі. Дарэчы, з благаславення ўладыкі Арцемія ў прыходскім доме ўжо двойчы адбываліся Геніюшаўскія чытанні. Думаю, і ў наступным годзе праблем не будзе.
– У вас вялікі прыход, шмат працы. Але мне вашы прыхаджане цішком паведамілі, што “наш бацюшка ўсё вучыцца і вучыцца”. Вы атрымліваеце нейкую дадатковую адукацыю?
– Вучыцца ніколі не позна, веды ніколі лішнімі не бываюць. Сам Гасподзь сваіх апосталаў называе вучнямі. Сваю першую адукацыю я, паўтаруся, атрымаў у Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах. Потым тры гады вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, перавёўся ў Мінскую акадэмію, дзе стаў кандыдатам багаслоўя. Пасля вучыўся ў магістратуры Варшаўскай духоўнай акадэміі і абараніў магістарскую дысертацыю. Цяпер заканчваю дактарантуру і спадзяюся, што мае веды прынясуць карысць людзям.
– На заканчэнне нашай гутаркі згадаю радкі Ларысы Геніюш: “Сёння не вабіць аблічча святыні, / хочацца ў поле ісці сцежкай вузкай / і, як калісьці Хрыстос у пустыні, / маліцца і плакаць душой беларускай”. Хіба недастаткова верніку (сёння ж усе адукаваныя) проста чытаць Біблію, каб лічыцца добрым хрысціянінам?
– Справа ў тым, што само Свяшчэнне Пісанне ўспрымалася рознымі людзьмі па-рознаму. Па-свойму разумелі словы Хрыста апосталы, па-свойму – Понцій Пілат, і зусім па-свойму – Юда. Мы ў праваслаўнай царкве разумеем іх так, як разумелі апосталы, і гэта перадаецца ад пакалення да пакалення. Калі нехта возьме Свяшчэннае Пісанне і пачне тлумачыць яго як уздумаецца, то царква ўспрыме гэта з насцярожанасцю. Зразумейце: ні адукацыя, ні месцазнаходжанне не набліжаюць чалавека да Бога. Павінна быць адпаведнае памкненне душы.
– У часы Ларысы Геніюш у зэльвенскай царкве беларуская мова з вуснаў святароў не гучала. А цяпер?
– Перыядычна мы служым літургію на беларускай мове. Наш царкоўны хор ужо навучыўся прыгожа спяваць па-беларуску. Наша епархіяльнае кіраўніцтва гэтыя крокі заўжды благаслаўляе. Не патрабуе, а менавіта прыхільна ставіцца. Памятаю, калі я заканчваў семінарыю, мітрапаліт Філарэт настаўляў нас, будучых святароў: па магчымасці здзяйсняйце багаслужбы і прамаўляйце пропаведзі на беларускай мове. Мы так і робім. Царква для ўсіх, і калі ёсць людзі, якія хочуць чуць малітвы на роднай мове, – калі ласка.
Протаіерэя Георгія Субаткоўскага зэльвенцы паважаюць – і як святара, і як захавальніка памяці вялікай паэткі. Дарэчы, прозвішча Геніюш яна атрымала якраз у Зэльве, прыехаўшы сюды ў 1935 годзе як Ларыса Міклашэвіч і выйшаўшы замуж за маладога лекара Івана Пятровіча Геніюша. Выпускнік славутага Карлавага ўніверсітэта ў Празе, ён разам з жонкай адбыў восем гадоў у ГУЛагу, а па вяртанні на радзіму доўгі час працаваў у мясцовай бальніцы, застаўшыся ў памяці зэльвенцаў самым лепшым доктарам.
Нейкі знак звыш сёння бачыцца ў тым, што Міклашэвічанка стала менавацца Геніюш. У перакладзе з лацінскай genius азначае не толькі геній, але і дух-ахоўнік, які апякуецца чалавекам ад калыскі да магілы і спрыяе яму. Існуе нават выраз genius loci, што азначае – дух месца, ён аберагае пэўную мясцовасць. Genius Зэльвы – Ларыса Геніюш, гэткі абавязак Усявышнім быў ускладзены на яе разам з прозвішчам.
Міхась СКОБЛА