Главная » Библиотека » Публикации » 2017 » 12 » 20 » Жыццёвы крыж творцы – быць вуснамі Бога

Жыццёвы крыж творцы – быць вуснамі Бога

«Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць» (Ян 1: 1-3).

Я невыпадкова пачаў цытатай з Бібліі. На маю думку, паэтычны зборнік духоўнай лірыкі адзінаццаці аўтараў «Каложскі дабравест» і з’яўляецца тым самым Божым Словам, праз якое ўсё пачалося. Тым Словам, якое ўсяляе надзею і веру, якое вядзе пры дапамозе рытму і рыфмы ў іншы, адрозны, Божы свет, дзе ў рэшце рэштаў душа знаходзіць доўгачаканы спачын і супакой.

Назва зборніка «Каложскі Дабравест» вельмі трапна адпавядае яго зместу, сутнасці. Як звон старадаўняй Каложы заклікае вернікаў да набажэнства, супольнай малітвы, так гэтая кніга заклікае нас да роздуму пра нашае мінулае, пра штодзённасць і будучыню. І чытач разам з паэтамі можа паспрабаваць знайсці адказы на пытанні, якія раз-пораз узнікаюць у кожнага: дзеля чаго мы прыйшлі ў гэты свет, у чым нашае прызначэнне, што ёсць пачатак, а што канец, Хто ёсць Бог.

Вершы зборніка заклікаюць да аб’яднання, саборнасці вернікаў усіх канфесіяў: праваслаўны ты, каталік, пратэстант ці мусульманін… Так, магчыма, мы і звяртаемся да Бога па-рознаму, выконваем розныя рытуалы, але ўсе мы просім Яго аб адным і тым жа: аб любові, здароўі, шчасці, дабрабыце. Так і творы, сабраныя пад вокладкай «Каложскага Дабравесту», выконваюць, па сутнасці, тую ж функцыю – функцыю малітвы. А калі ўжо зусім проста – гэта кранальная, шчырая, нязмушаная размова з Богам.

Размова на мове, якую Бог даў нам для стасункаў. Сталася так, што ў нашай краіне дзяржаўнымі з’яўляюцца дзве мовы. Але мова, дадзеная нам Богам, не руская, нашая мова – беларуская! Менавіта на ёй размаўляе з намі Усявышні, словы толькі на гэтай мове здольныя крануць нашую душу, здольныя прымусіць яе затрымцець, зазвінець і выявіць сваю сапраўдную сутнасць.

Некаторыя, мяркую, мне запярэчаць, што гэта не так. Але словы, прамоўленыя па-беларуску, нават у рускамоўных беларусаў выклікаюць слёзы. Малітва на нашай мове кранае сэрцы ўсіх беларусаў, таму што гэта мова нашай душы. Мы можам усё сваё жыццё размаўляць і думаць выключна па-руску і нават не здагадвацца аб сапраўднай сутнасці сваёй душы.

…Але – вернемся да выдання. Вершаваныя творы гэтага зборніка напісаныя на мове нашай душы. І толькі гэтае Божае Слова здольнае ацаліць нашыя сэрцы і душы ад розных хваробаў і ачысціць нас ад нашых грахоў і пошасці нячыстага. Мне здаецца, што калі б рускамоўныя беларусы прачыталі гэты зборнік, то абавязкова пераканаліся б у гэтым і знайшлі ў маіх словах рацыянальнае зерне.

Я настойліва раіў бы прачытаць гэтыя творы ўголас, каб адчуць рытм, вібрацыю паветра. Слова, прамоўленае ўголас, уздзейнічае інакш. Спярша, вылецеўшы з нашых вуснаў, яно скіроўваецца да адрасата гэтага паслання, а потым вяртаецца назад, прасякнутае цеплынёй і любоўю.

Яшчэ адным плюсам зборніка з’яўляецца тое, што побач з творамі ўжо вядомых паэтаў змешчаныя творы маладых талентаў, якія робяць першыя крокі ў паэзіі. Што праўда, гэтыя крокі даволі ўпэўненыя і цвёрдыя. І побач з Данутай Бічэль, Зьнічом (Алегам Бембелем), Юркам Голубам ды іншымі паэтамі маладыя творцы выглядаюць як вартыя пераемнікі і прадаўжальнікі традыцыяў сваіх старэйшых паплечнікаў. Няма сумневу, што яны падораць усім нам нямала выдатных твораў, якія годна прадставяць нашую краіну ў сусветнай літаратуры.

Разам з творамі ў зборніку змешчаныя кароткія біяграфіі аўтараў і згадкі пра іх творчы ўнёсак у скарбонку нашай літаратуры.

Творы аўтараў, хоць і аб’яднаныя цудатворным покрывам хрысціянскай духоўнасці і непахіснасцю веры ў Бога, усё ж вельмі розныя. Адныя спрабуюць зразумець Сусвет і Бога праз спасціжэнне сябе і сваёй сутнасці, як Алег Бембель:

…і ўбачыў – за ззяннем бясконцых кругоў

дапытлівых думак – спакусна-прыгожых –

аб тайнах апошніх абіцеляў Божых:

…Дом Божы – ля каменя сэрца майго…

          («…ад бэзавых пахаў маленства майго»).

Другія знаходзяць духоўную падтрымку ды сілкаванне сваёй веры і творчасці ў далёкім мінулым. Магчыма, дзякуючы гэтаму яны бачаць тую несправядлівасць, якая пануе на абшарах нашага краю, як, да прыкладу, Данута Бічэль. У некаторых радках яе вершаў адчуваецца востры боль і неспакой за лёс нашай Радзімы, за нашую будучыню. Здавалася б, мы цяпер жывем у вольнай і незалежнай Беларусі, але разам з тым нібы ў палоне. Скаваныя кайданамі, ланцугамі ворага, мы маўкліва назіраем, як неўпрыкмет душаць і вынішчаюць нашую памяць і нашую мову:

Ад узнікнення духоўных пачаткаў,

каб задыхнуліся мы ў цемнаце,

вораг душу вынішчае ў нашчадкаў,

мову і памяць адняў у дзяцей.

          («Правілы паводзін»)

Але ўжо ў вершы «Спас» з яе грудзей вырываецца заклік не галасіць і не плакаць па Спасе Хрысце, а значыць, і па нашым краі. Хрыстос не памёр, Ён вечна жывы! Ён перамог забыццё, адолеў і скарыў смерць, паўстаў з магілы насуперак катам і ворагам Божым. А цяпер Ён, Хрыстос, дапаможа і нам, беларусам, абудзіцца, паўстаць, уваскрэснуць з мёртвых. У Ім нашая сіла і нашае збавенне, Ён нашая паходня і штандар, які выведзе нас з палону цемры да святла і волі.

Трывожныя погляды на нашу будзённасць і будучыню гучаць і ў Анатоля Брусевіча. Дык што чакае нас, калі мы гатовыя славіць каго заўгодна, а саміх сябе паліваем брудам, лічым ледзьве не смеццем гэтай зямлі? Нашая краіна ператварылася ў краіну абсурду, дзе амаль кожны спрабуе прымераць на сябе ролю кагосьці іншага і ўсё жыццё гатовы быць гэтым іншым, але толькі не самім сабою.

Трэція, як Вольга Агапонава, глядзяць на будучыню і прышласць нашага народа праз прызму веры. Гэтыя радкі, на маю думку, вельмі трапна характарызуюць нас на нашым гістарычным раздарожжы:

«Даруецца ці мне мая бяздзейнасць?» –

Ён моўчкі крыкнуў з су-маленнем.

І ўбачыў ў плямах… інакрыж,

Які народы памянялі на прэстыж,

Пакінуць не змаглі і несці – адракліся…

          («Апошні Суд»)

Апроч высокіх тэмаў у зборніку знайшлося месца і простаму, чалавечаму – любові да блізкіх і родных людзей. Людзей, якія ўжо сышлі з зямнога жыцця, але ж па-ранейшаму працягваюць жыць у памяці тых, хто іх любіў і працягвае любіць. А самае галоўнае – працягвае верыць, як Алена Бабіч, што яны не памерлі, а жывуць у іншым вымярэнні, нябачным нашаму воку.

Непакоіць аўтараў вершаваных радкоў і «малая» Айчына – родная вёска, якая гібее, памірае. Непазбежную смерць свайго роднага куточка апісаў Павел Каспяровіч.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, зазначу, што «Каложскі Дабравест» – гэта не проста зборнік вершаў на духоўную тэматыку, а нешта большае. У ім – падтрымка кожнага з нас, пасланая нам Нябесным Айцом праз сваіх сыноў і дочак, жыццёвае прызначэнне якіх – умацоўваць у нас веру і надзею на лепшую будучыню. Іх наканаванне – быць гонарам і сумленнем нашага народа, выкрываць хібы і заганы нашага сучаснага і мінулага, паказваць шлях у лепшае заўтра, заклікаць суайчыннікаў да шчырай і плённай працы на карысць нашага агульнага дома – Беларусі.

Сяргей БЛІНКОЎСКІ, лесаруб Круговіцкага лясніцтва, Ганцавіцкі раён

Жыццёвы крыж творцы – быць вуснамі Бога
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut