Главная » Библиотека » Публикации » 2017 » 03 » 14 » Кніга як феномен беларускай культуры (з гісторыі беларускай кнігі)

Кніга як феномен беларускай культуры (з гісторыі беларускай кнігі)

Кніга – адно са старажытных вынаходніцтваў цывілізацыі. З’яўленне пісьменства i кнігі значна павялічылі магчымасці захавання і перадачы інфармацыі.

Спачатку кнігі былі рукапіснымі. Іх паходжанне вядзецца ад надпісаў, якія нашы продкі рабілі на каменнях, дрэве, папірусе, гліне, бронзе, бяросце. Так, старажытнейшыя з егіпецкіх папірусаў адносяцца да XXV ст. да н.э. У II-III ст.  н.э. для перапіскі кніг сталі карыстацца пергаментам – спецыяльна апрацаванай цялячай шкурай. Нарэшце, кітайцы вынайшлі паперу і ўсе народы паступова з XIV стагодзя сталі выкарыстовываць яе для пісьма.

Вядомы дзве асноўныя формы кнігі: кніга – світак і кодэкс – некалькі пласцін ці лістоў, якія злучаны ў блок. Кнігі ў тым выглядзе, у якім мы іх ведаем сёння, з’явіліся толькі ў Сярэднявеччы.

Рукапісныя кнігі на беларускіх землях з’явіліся з распаўсюджваннем хрысціянства. Першым кніжнікам сярод усходнеславянскіх князёў летапісы называюць унука Рагвалода, старэйшага сына Рагнеды і Уладзіміра – Ізяслава, які княжыў у Полацку з 988 па 1001 гг. Ніканаўскі летапіс згадвае, што менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з ягоным імем, якой замацоўваліся княжацкія граматы, лічыцца самым старажытным помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славянаў. Захаваліся яшчэ надпісы на прасліцах, на помніках “Рагвалодаў камень”, “Барысаў камень”, а таксама знойдзеныя пры раскопках прыстасаванні для пісьма (“пісалы”) і кніжныя засцёжкі ў Полацку, Менску, Браславе і інш., пячаткі князёў Усяслава і Барыса. Усё гэта сведчыць аб адносна шырокім распаўсюджванні пісьменства сярод насельніцтва, пачынаючы з канца Х стагоддзя.

Паступова складаліся традыцыі славянскай рукапіснай кнігі. На яе выгляд, тэхніку вытворчасці, мастацкае аздабленне вельмі паўплывала візантыйская традыцыя. Менавіта з грэчацкіх рукапісаў браты Кірыл і Мефодый у IX стагоддзі перакладалі на славянскую мову хрысціянскія богаслужбовыя кнігі. Па свайму прызначэнню старажытнейшыя кнігі на нашых землях падзяляліся на  богаслужбовыя і чэцьі – для чытання. Роля рукапіснай кнігі ў культурным і канфесіянальным жыцці старажытных княстваў на беларускіх землях была вялікай. Манастыры і цэрквы зрабіліся першымі культурнымі цэнтрамі, у якіх былі заснаваны школы, арганізавана перапіска кніг. Яны сталі першымі кнігасховішчамі, бібліятэкамі. Гэтыя культурныя цэнтры далі першых вучоных, кніжнікаў, пісьменнікаў, прапаведнікаў. Вакол царквы групавалася тагачасная інтэлігенцыя – адукаваныя людзі, носьбіты культуры. Славутымі прадстаўнікамі хрысціянскай кніжнай асветы і адукацыі на Беларусі з’яўляюцца Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і іншыя.

Цэнтрамі масавай вытворчасці рукапісных кніг на землях гістарычнай Беларусі былі скрыпторыі мітрапаліта ў Вільні, Наваградку, майстэрні віцебскага Маркава манастыра, супрасльскага Благавешчанскага, пінскага Ляшчанскага, жыровіцкага Успенскага манастыроў, скрыпторый Солтанаў у маёнтку Шышкіні каля Вільні, руская канцэлярыя Вялікага Княства Літоўскага. Стагоддзямі займаліся перапісваннем кніг пры многіх полацкіх, смаленскіх і віленскіх цэрквах.

Галоўным матэрыялам, які выкарыстоўваўся для стварэння кніг на беларускіх землях да сярэдзіны XVI ст. быў пергамент. Перапісчыкі карыстался часцей за ўсё гусінымі ці надрэзанымі трасніковымі палачкамі для пісьма. У якасці чарніл  выкарыстоўвалі адвары раслін цёмна - карычневага і чорнага колеру. Мініацюры стваралі тэмпернымі фарбамі. Завяршала аздабленне кнігі вокладка, якая ўяўляла сабой дзве абцягнутыя скурай дошчачкі. Дадактова выкарыстоўвалася цісненне па кожы, разнастайныя металічныя накладкі, эмалевыя ўстаўкі.

Для напісання старажытных славянскіх рукапісных кніг выкарыстоўваліся дзве славянскія азбукі – кірыліца і глаголіца. Аднак паступова галоўныя пазіцыі заняла кірылічная рукапісная кніга. Перапісванне кніг было сапраўдным каліграфічным мастацтвам. Кнігі маглі стварацца пад заказ. Іх, як вялікую каштоўнасць, перадавалі з аднаго манастыра ў другі, ахвяравалі, завяшчалі. Таму зараз складана ўстанавіць месца стварэння той ці іншай рукапіснай кнігі. На аснове параўнання некаторых асаблівасцей тэхнікі стварэння і ўпрыгожвання да кніг, якія з’явіліся на беларускіх землях, можна аднесці Тураўскае Евангелле (XI ст.), Полацкае (XII-XIV ст.), Аршанскае (XIII ст.), Лаўрышэўскае, Мсцiжскае Евангелля, Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр (усе адносяцца да XIII-XIV ст.). Важным помнікам мастацкага аздаблення беларускіх кніг з’ўляецца Радзівілаўскі летапіс (XVст.), Дзесяціглаў, Ваўкавыскае, Сапегаўскае Евангелля ( XVI ст.). Перапісваліся і богаслужбовыя тэксты, прызначаныя для спеваў – ірмалогіі, напрыклад – Супрасльскі Ірмалогій ( XVII ст).

Такім чынам, найбольш старажытным помнікам беларускай рукапіснай кнігі з’ўляецца Тураўскае Евангелле. Яно было перапісана невядомым “спісацелем” у XI ст. Тураўскае Евангелле па сваім складзе ўяўляе сабой «апракос кароткі» — зборнік евангельскіх чытанняў на перыяд ад Пасхі да Духава дня на ўсе дні тыдня, а ад гэтага часу да Вялікага посту — толькі на суботнія і нядзельныя. Знойдзена толькі 10 лісткоў гэтага Евангелля і то выпадкова ў  скрыні з-пад вугля. У 1865 г. знаходка была дастаўлена ў Віленскую публічную бібліятэку.

Па меркаванні некаторых даследчыкаў Полацкае Евангелле – унікальны рукапісны помнік XII ст. перапісала сама Ефрасіння Полацкая. Па іншым звесткам, яно належала Троіцкаму манастыру і выкарыстоўвалася  як напрэстольнае. Напісана яно на пергаменце, аздоблена мноствам ініцыялаў старажытнавізантыйскага тыпу. Кніга была вывезена падчас вайны з Іванам Грозным і па невядомых прычынах падзелена на дзве часткі. Зараз адна з іх знаходзіцца ў Маскве, другая – у Санкт -Пецярбургу. Рукапіснае Аршанскае Евангелле XII-XIII ст. было знойдзена ў 1812 г. сярод утвары, якую раскідалі французы. Ёсць меркаванне, што яно было створана ў Полацку. Напісана яно на пергаменце уставам другой паловы XIII ст. Захавалася 142 старонкі без пачатка і канца. Памешчыкам Меленеўскім яно было перададзена ў 1874 г. у Кіеўскі музей духоўнай акадэміі. Лаўрышэўскае Евангелле было створана ў пачатку XIV ст. у Лаўрышэўскім манастары пад Наваградкам. Напісана на пергаменце, уключае 183 старонкі,багата ілюстравана. Было вывезена ў Кракаў, дзе зараз і знаходзіцца ў бібліятэцы князёў Чартарыйскіх. Мсціжскае Евангелле, па меркаванню даследчыкаў, было створана ў Менску ў канцы XIII - пачатку XIV ст., захавалася на 187 пергаментных старонках, аздоблена 1 застаўкай і 350 ініцыяламі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. Так, на літары “В” намаляваны селянін з лапатай. У аздабленні ініцыялаў выкарыстоўваўся так званы звярыны стыль. Элементы ініцыялаў ў ім выконваліся ў выглядзе пляцення, злучаліся з цудоўнымі формамі жывёл і раслін. На срэбраных пласцінах пераплёту Мсціжскага Евангелля выгравіраваны фігуры евангелістаў і Хрыста на крыжы. Знаходзіцца Евангелле ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Муляж – у Барысаўскім дзяржаўным музеі.

У ВКЛ рукапісныя кнігі існавалі да XVIII ст. Частка з іх трапіла на тэрыторыю Беларусі з Заходняй Еўропы, дзе на працягу III-XIV стагодзяў склаліся свае традыцыі рукапіснай кнігі. Перапісаныя ў італьянскіх, французскіх, нямецкіх скрыпторыях, яны трапілі на беларускія землі ў бібліятэкі Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай, Віленскай іезуітскіх акадэмій. Гэтыя кнігі былі пераважна напісаны на лацінскай мове.

Мінула шмат стагоддзяў, пакуль на Белаpyci з'явілася першая друкаваная кнiгa. Пачынальнікам кнігадрукавання сярод усходніх славян стаў Францыск Скарына. Нарадзіўся Скарына ў канцы XV стагоддзя ў Полацку. Пачатковую адукацыю атрымаў у сваім родным горадзе. Потым вучыўся ў польскім горадзе Кракаве i італьянскім горадзе Падуі. Стаўшы выдатным вучоным, Скарына вырашыў узяцца за друкаванне кнiг на старабеларускай мове. На Радзіме ўмоў для друкавання не было, i ён паехаў у чэшскі горад Прагу. Тут у 1517 годзе выйшла ў свет першая друкаваная кнiгa “Псалтыр”, выдадзеная Скарынам. Пазней ён перавёз сваю друкарню на Радзіму, дзе прадоўжыў любімую справу. Пры афармленні кнiг Скарына шырока выкарыстоўваў ілюстрацыі. Асобныя літары алфавіта, з якіх пачынаўся тэкст, ён упрыгожваў пэўнымі малюнкамі, каб лягчэй запаміналася. Каля «К» — казлянятка, каля «3» — звер, каля «Л» — лён, а да літары «Я» намаляваў свой партрэт. Увогуле ім выдадзена каля 25 розных найменняў кніг. Скарына зрабіў першы друкаваны, ілюстраваны, навучальна-асветніцкі пераклад асноўнай часткі Бібліі на мову, набліжаную да старабеларускай. Выдаючы паасобку кнігі Старога Запавету, друкар аздабляў іх тытульнымі лістамі, гравюрамі, мастацкімі застаўкамі перад тэкстам, віньеткамі, загалоўнымі літарамі – ініцыяламі. Ён рабіў усё, каб кніга была даступнай і зразумелай простаму чытачу: упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі  падзяліў радок на словы, а сам тэкст – на абзацы. Асаблівае месца сярод ілюстрацый скарынаўскіх кніг займае тройчы выкананы гравюра-партрэт самаго першадрукара – рэч нечуваная на тыя часы!

Прадаўжальнікам справы Скарыны стаў вядомы беларускі друкар i вучоны Сымон Будны. Як i Скарына, ён быў вельмі адукаваным чалавекам, валодаў мнoгiмi мовамі. У 1562 годзе Сымон Будны выдаў першую кнігу на беларускай мове аб хрысціянскай веры – “Катэхізіс”. Яна была надрукавана ў Нясвіжы. Праз некалькі месяцаў была надрукавана другая кніга С. Буднага – «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам», якая не захавалася. З 1563 г. друкарня ў Нясвяжы перайшла на друкаванне кніг выключна польска–лацінскімі шрыфтамі. Быў выдадзены нотны зборнік – «Нясвіжскі спеўнік» (1563), у які ўвайшлі 40 псалмоў і 110 песень з нотамі. У 1589 г. выйшла апошняе вядомае выданне С. Буднага: новая рэдакцыя «Новага запавету». 

Адным з паслядоўнікаў Ф. Скарыны можна з поўным правам лічыць Васіля Цяпінскага. Ен таксама, як і Скарына, надаваў вялікае значэнне кнігадрукаванню і распаўсюджанню кніг сярод народа. Захавалася толькі адно выданне В. Цяпінскага – «Евангелле», надрукаванае на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Год выхаду кнігі ў свет не пазначаны (прыблізна 70–я гады XVI ст.). Найбольш адметнай у выданні з'яўляецца прадмова В. Цяпінскага, вядомая толькі ў рукапісным выглядзе.

Важнае масца ў гісторыі кнігадрукавання і культурнага развіцця Беларусі займае дзейнасць друкарні ў Заблудаве. Заблудаўская друкарня была заснавана ў канцы 60–х гадоў XVI ст. на Гродзеншчыне, у маёнтку беларускага магната Рыгора Хадкевіча і на яго сродкі. Актыўны ўдзел у яе арганізацыі прынялі Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. У 1568 г. у Заблудаўскай друкарні пачала друкавацца першая кніга – «Евангелле вучыцельнае», якая убачыла свет 17 сакавіка 1569 г. Кніга надрукавана фарматам у аркуш, у дзве фарбы. Другое і апошняе выданне заблудаўскай друкарні – «Псалтыр з Часаслоўцам» – выйшла ў свет 23 сакавіка 1570 г.

Праз паўстагоддзя пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны кірылічнае кнігадрукаванне ў Вільні адрадзіла друкарня Мамонічаў. У 1575 г. у друкарні Мамонічаў выйшла першае выданне – «Евангелле напрастольнае». Праз год быў выдадзены «Псалтыр». У 1856 г. Мамонічам было даручана надрукаваць першае афіцыйнае выданне – «Трыбунал», падпісанае адказнай асобай – канцлерам А. Валовічам. У 1588 г. Мамонічы выпусцілі яшчэ больш важнае выданне – «Статут Вялікага Княства Літоўскага».

Важным напрамкам у беларускім кірылічным кнігадрукаванні з'явілася дзейнасць брацкіх друкарняў, якія адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер беларускай культуры, мовы, пісьменнасці.

У 1589 г. Віленскае праваслаўнае брацтва, арганізаванае пры Траецкім манастыры, атрымала каралеўскі прывілей на друкаванне кніг. Кнігавыдавецкая дзейнасць брацтва развівалася па двух напрамках: друкаванне падручнікаў для брацкіх школ, кніг для чытання, слоўнікаў, а таксама багаслоўнай літаратуры.

У мястэчку Еўе, у маёнтку праваслаўнага князя Багдана Агінскага, братчыкі заснавалі новую друкарню, у якой з 1611 г. пачалі выдавацца кнігі на царкоўнаславянскай мове. У 1616 г. выйшла беларускамоўнае «Евангелле вучыцельнае». Першае выданне «Букварь» было надрукавана ў Еўі. Складальнікамі яго былі манахі Святадухаўскага манастыра. У 1619 г. выйшла «Граматыка славянская». Каля 1633 г. у Еўі была заснавана першая паперня, якая вырабляла паперу для брацкіх друкарняў. Сярод унікальных выданняў першай паловы XVII ст. варта назваць «Новы запавет з Псалтыром» (Вільня, або Еўе, 1641), «Дыёптру» (Еўе, 1642), «Евангелле» (Вільня, 1644) і інш.

З другой чвэрці XVII ст. віленская і еўінская друкарні паступова саступаюць месца новым, створаным праваслаўнымі брацтвамі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі: у Куцейне пад Оршай і Магілёве.

У 1630 г. пры Куцеінскім манастыры (пад Оршай) пачала сваю дзейнасць друкарня пад кіраўніцтвам Спірыдона Собаля. У Куцейне С. Собаль пачаў працаваць над Псалтыром з дадатковымі главамі. Апрача «Псалтыра» ён надрукаваў тры кнігі – «Буквар» (1631), «Малітваслоў» (1631), «Часаслоў» (1632). Манахі Куцеінскага манастыра пачалі выпускаць творы сучасных аўтараў, а таксама павучальныя кнігі. Упершыню ў гісторыі беларускага кірылаўскага кнігадрукавання ў Куцейне з'явілася свецкая жанравая ілюстрацыя. Майстры куцеінскай друкарні дасягнулі значных поспехаў у развіцці беларускай кніжнай ксілаграфіі. З пачаткам вайны паміж Масквой і Польшчай у 1654 г. куцеінская друкарня была перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. У 1676 г. яе маёмасць перадалі на Друкарскі двор у Маскве.

У пачатку XVII ст. у Магілеве пры царкве ў імя ўваходу ў Іерусалім узнікла царкоўнае брацтва, якое заснавала сваю друкарню. У 1636 г. у Магілёў перасяліўся С. Собаль, дзе пачаў працаваць у брацкай друкарні. За тры гады С. Собаль надрукаваў «Буквар славенскай мовы» (1636), «Псалтыр» (1637), «Тэстамент цара Васіля да сына Льва» (1638), перавыданні «Апостала» (1637) і «Актоіха» (1638).

У XVII ст. у мястэчку Любча (Навагрудскі павет) існавала буйнейшая рэфармацыйная друкарня на Беларусі, у дзейнасці якой атрымалі далейшае развіццё асветніцкія, мастацкія і паліграфічныя традыцыі Ф. Скарыны. Друкарскія матэрыялы былі прывезены з Вільні.

У любчанскай друкарні выдаваліся зборнікі вершаў, творы антычных аўтараў, працы гісторыкаў, філосафаў. У Любчы быў надрукаваны шэраг навуковых дапаможнікаў. Кнігі любчанскай друкарні афармляліся сціпла, выкарыстоўваліся ксілаграфіі, наборны арнамент. Упершыню ў беларускім кнігадрукаванні для ілюстрацый шырока ўжываліся гравюры на медзі.

Такім чынам, гісторыя беларускай кнігі – старажытная і вельмі насычаная. Яе з’яўленне абумоўлена распаўсюджаннем хрысціянства і звязана ў першыя стагодзя свайго існавання менавіта з перапісваннем ці друкам Бібліі і іншай хрысціанскай літаратуры. Наяўнасць шэрагу скрыпторыяў, майстэрнь, тыпаграфій па вытворчасці кнігі сведчыць аб вялікай ролі, якую адыгрывала кніга ў жыцці нашых продкаў. Вялікі ўплыў на станаўленне сучаснай не толькі беларускай, але і еўрапейскай кнігі аказала наватарская друкарская дзейнасць Ф. Скарыны. Кнігу заслужана можна лічыць адным з атрыбутаў беларускай культуры.

Аўтар: Аэліта Дзятчык,
вучаніца 8 “А” класа ДУА “Гімназія г. Шчучына”

Кіраўнік: Алена Лісоўская,
выкладчык гісторыі  ДУА “Гімназія г. Шчучына”

14 сакавіка 2017 года
горад Шчучын

Кніга як феномен беларускай культуры (з гісторыі беларускай кнігі)
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut