Максім Багдановіч як інтэрпрэтатар культуры
Слова «інтэрпрэтацыя» з лацінскай мовы перакладаецца як тлумачэнне, або пасрэдніцтва. У гэтым сэнсе Максім Багдановіч – сапраўдны інтэрпрэтатар. Ён бярэ на сябе ролю пасрэдніка паміж беларускай культурай і культурай астатняга свету, каб растлумачыць суайчыннікам: без далучэння Беларусі да сусветных каштоўнасцей адраджэнне краіны немагчымае. Пра гэта наш тэкст.
Гаварыць пра Максіма Багдановіча як пра інтэрпрэтатара, гэта не значыць разглядаць яго толькі як перакладчыка. Хаця, звычайна, калі гаворка ідзе пра пасрэдніцтва ў літаратуры, звычайна маецца на ўвазе перакладчыцкая дзейнасць. Безумоўна, М. Багдановіч бліскуча ўзнаўляў па-беларуску Авідзія, Гарацыя, Поля Верлена, Генрыха Гейнэ, Фрыдрыха Шылера і іншых еўрапейскіх паэтаў, ні колі не сумняваючыся ў тым, што добры твор узбагачае не толькі тую літаратуру, дзе ён узнік, але і тую літаратуру, дзе працягвае сваё жыццё ў выглядзе перакладу. У гэтым сэнсе М. Багдановіч, вядома, выступае як інтэрпрэтатар, пасрэднік паміж замежнай і айчыннай літаратурай. Усведамляючы важнасць далучэння айчыннага прыгожага пісьменства да скарбаў сусветнага вербальнага мастацтва праз пераклады, рыхтаваў М. Багдановіч і першы зборнік вершаў. Перакладам, якіх назбіралася нямала, паэт планаваў адвесці апошні аддзел кнігі і назваць яго «З чужой глебы». На жаль, задума не была рэалізаванай. У «Вянок» упляліся толькі невялічкі ўрывак з «Метамарфозаў» Авідзія (верш «Грамада зорак «Карона»») і тры перакладныя вершы з украінскай мовы: Агафангела Крымскага, Мікалая Чэрняўскага і Олеся (Аляксандра Кандыбы).
Але, як мы ўжо адзначылі, Багдановіч-перакладчык не зусім тоесны Багдановічу-інтэрпрэтатару. Нават калі не ўлічваць згаданыя пераклады Авідзія і ўкраінскіх паэтаў, аўтар «Вянка» і так рэалізаваў сябе як інтэрпрэтатар. І тут не маецца на ўвазе інтэрпрэтацыя М. Багдановічам, напрыклад фальклорных вобразаў ці матываў, эстэтычных ці маральных ідэй. Хаця і гэта таксама дазваляе нам гаварыць пра паэта ў герменеўтычным кантэксце. Пасрэднікам паміж беларускай культурай і другімі культурамі М. Багдановіч становіцца дзякуючы шматлікім эпіграфам, якімі наш паэт шчодра аздабляе свае творы. У «Вянку» сустракаем эпіграфы, узятыя ад пятнаццаці аўтараў, прадстаўнікоў рускай, французскай, італьянскай, нямецкай, польскай і беларускай літаратуры. Найбольш эпіграфаў, дарэчы, было пазычана ад рускіх і французскіх аўтараў. З аднаго боку, эпіграфы сведчаць усяго толькі аб захапленні М. Багдановічам тымі ці іншымі замежнымі пісьменнікамі, але ж з іншага боку, эпіграфы дазвалялі беларускаму чытачу «пачуцца заадно» з вядомымі на ўвесь свет творцамі. Цікава і тое, што аўтары эпіграфаў істотна адрозніваюцца паміж сабой, незалежна ад прыналежнасці іх да адной нацыянальнай літаратуры. Так, Францыю, напрыклад, прадстаўляюць цалкам розныя творцы – Поль Верлен, Сюлі-Пруд (Рэнэ Франсуа Арман Пруд), Віктор Гюго, Нікала Буало, Шарль Агюстэн Сент-Бёў. Расія прадстаўлена Афанасіем Фетам, Аляксандрам Пушкіным, Валерыем Брусавым, Яўгенам Баратынскім і Канстанцінам Фафанавым. Прычым, з А. Фета, А. Пушкіна і В. Брусава эпіграфы ўзяты двойчы. Італьянскую літаратуру «прэзентуюць» і часава і эстэтычна аддаленыя Дантэ Аліг’еры і Джавані Праці. Ёсць таксама ў «Вянку» радкі немца Генрыха Гейнэ, паляка Францішка Жыгліньскага і беларуса Янкі Купалы. Як бачым, «кампанія» ў апошняга атрымалася вельмі прыстойная. І, канешне, беларускі паэт не выпадкова патрапіў у «аўтары эпіграфаў» для зборніка М. Багдановіча. Гэта быў чарговы, добра прадуманы крок да збліжэння «беларускага» і «еўрапейскага». Ролю ж пасрэдніка паміж імі, або інтэрпрэтатара бярэ на сябе аўтар «Вянка». Варта таксама дадаць, што кожны верш М. Багдановіча, укаранаваны эпіграфам, гэта яшчэ і арыгінальная інтэрпрэтацыя, тлумачэнне пэўнай думкі, выказанай тым ці іншым творцам.
Аднак ёсць у творчай спадчыне М. Багдановіча яшчэ адна рэч, якая дазваляе казаць пра яго як пра інтэрпрэтатара. На ўвазе маецца цыкл вершаў «Песні», у які ўвайшлі творы (песні) «Сербская», «Руская», «Украінскія», «Скандынаўская», «Іспанскія», «Японскія», «Персідскія». Пры жыцці аўтара гэты цыкл не друкаваўся, магчыма, па прычыне незавершанасці. Упершыню быў апублікаваны ў 1927 годзе з аўтографаў, датаваных 1915 г.: Творы М. Багдановіча: У 2-х т. (Пад рэд. І. І. Замоціна). Мн.: Выд-ва Інбелкульта., 1927 – 1928.
Дадзены цыкл у большай ступені, чым іншыя творы М. Багдановіча, арыгінальныя і перакладныя, адпавядае мастацка-эстэтычнай праграме паэта па далучэнню «беларускага» да «сусветнага» і наадварот. Дарэчы, «Песні» доўгі час лічыліся дакладным перакладам аўтэнтычных фальклорных твораў, хоць насамрэч гэта толькі паэтычнае наследаванне. Як вядома, пераклад заўсёды прайграе арыгіналу, бо не магчыма цалкам узнавіць ідэйна-вобразную структуру іншамоўнага твора, яго «унутранае жыццё». У «Песнях» гэтая стыхія не аднаўляецца, але нанова ствараецца М. Багдановічам на аснове мастацка-эстэтычных законаў і прынцыпаў, на якіх грунтуецца творчая свядомасць, асновы светасузірання, ментальнасць нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. Так, напрыклад, у песні «Сербскай», з якой распачынаецца цыкл, ужо з першых радкоў выбудоўваецца выключна сербская парадыгма вобразаў і матываў: з’яўляецца вобраз Косавага поля, як сімвал сербскай мужнасці і трагедыі (у 1389 на Косавым полі сербы пацярпелі паразу ў бітве з туркамі, пасля чаго адбыўся хуткі заняпад краіны і страта дзяржаўнасці), вобраз дэлібаша, ліхога наезніка, які гіне з-за сваёй зухаватасці. Прыгадаем, што пасля падзей на Косавым полі ў сербскай старажытнай літаратуры ўзнік так званы «косаўскі цыкл», які праслаўляў адвагу сербскіх ваяроў, удзельнікаў бітвы. Гэты цыкл стаў асноўнай крыніцай народнага песеннага эпасу. М. Багдановіч таксама апявае адвагу героя, праўда яго героем становіцца шэршань:
Хто там едзе па Касову полю?
Едзе ў полі дэлібаш адважны -
Слаўны шэршань на жуку рагатым.
Дзень ён едзе, і другі, і трэці,
На чацверты к мору пад’язджае,
Што калюжай у людзей завецца.
Аднак прыём алегорыі, ужыты беларускім паэтам, уласцівы і сербскаму фальклору, як уласцівы сербскім народным песням прыём паўтарэння, ці дзесяціскладовы памер, таксама выкарыстаны аўтарам «Сербскай» песні.
Сапраўдным рускім нацыянальным каларытам прасякнута і «Руская» песня, у якой ажывае праваслаўная традыцыя святкавання Пасхі з яе абавязковым, самым любімым у моладзі атрыбутам – цалаваннем. Яна імітуе адну з найбольш адметных жанравых разнавіднасцей рускіх народных песень, звязаных з харэаграфіяй – карагодную песню:
Я, дзяўчынушка, ў карагод пайшла
Ды са ўсімі там павіталася.
Ах, са ўсімі там павіталася,
Я са ўсімі цалавалася,
Толькі з мілым пастыдалася.
Працуючы над песнямі «Украінскімі», М. Багдановіч звяртаецца да выключна украінскага жанру народнай паэзіі – каламыйкі (назва паходзіць ад прыкарпацкага горада Каламыя, у ваколіцах якога ўзніклі гэтыя прыпеўкі, а таксама аднайменны танец) і стварае вершы, ідэнтычныя як па форме, так і па зместу гэтым унікальным песенным мініяцюрам:
У каго ты, дзяўчынанька, тварай удалася?
Ці то ў бацьку, ці то ў матку, ці ў суседа Яся?
----------
Стаў хлапчына ля дзяўчыны, каламыйку грае,
На дзяўчыніны істужкі нешта пазірае.
Ды не так ён на істужкі, як на тыя вочы,
Як на тыя, браце, вочы, што цямней ад ночы.
Наследаванне народна-песенным традыцыям сербаў, рускіх і украінцаў, тонкае адчуванне беларускім паэтам асаблівасцей светапогляду гэтых народаў тлумачыцца іх блізкасцю з беларускай культурай, агульнымі славянскімі каранямі. Але з такой самай віртуознасцю М. Багдановіч стварае адпаведнікі песен народаў, далёкіх ад беларусаў і геаграфічна, і ментальна. Так, песня «Скандынаўская» і сваёй будовай, і зместавым напаўненнем нічым не адрозніваецца ад арыгінальных балад скандынаўскіх народаў: паэт выбірае характэрны памер – спалучэнне адзінаццаціскладовага радка з васьміскладовым, уключае традыцыйныя рэфрэны, выкарыстоўвае распаўсюджаны матыў гібелі двух закаханых – юнака Аскара, які загінуў у бітве і дзяўчыны Інгеборг, якая кінулася ў мора, даведаўшыся пра смерць нарачонага:
Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
- Так вецер суворы пяе -
I горкую долю спаткала яна.
- Шкада нам, шкада нам яе.
У песнях «Іспанскіх» М. Багдановіч таксама вельмі дакладна і тонка з дапамогай тыповых для рамансу мастацка-выяўленчых сродкаў перадае атмасферу гэтай краіны, дух і тэмперамент іспанскага народа:
«Найяснейшая сіньёра.
Правялебнейшая донна,
Донна Клара, донна Клара,
Загубілі вы мяне!
Ах, без вас і дзень, як поўнач,
3 вамі — поўнач, быццам дзень.
Донна, донна! Вы узялі
Ад маіх слядоў зямлі
І зрабілі нагаворы
3 чарадзейных чорных кніг».
Гэтак жа натуральна выглядаюць і бадай самыя экзатычныя песні ў цыкле – «Японскія», напісаныя ў форме танкі, традыцыйнай для японскай паэзіі:
Ах, як спявае
Сінявокая птушка
Ў муках кахання.
Сціхні, птушачка, сціхні,
Каб не тамілася я.
Здзіўляюць непадробным усходнім каларытам і песні «Персідскія», у якіх М. Багдановіч па-майстэрску наследуе лепшыя ўзоры персідскага паэтычнага фальклору, захоўваючы ўсе яго мастацкія атрыбуты:
Я ўсё забыў на свеце і ведаю адно:
Зюлейка маладая, што старае віно.
Я ўжо упіўся ёю, — цяпер віном уп’юся...
Паглядзім, хто хмяльнейшы: Зюлейка ці яно?
Як бачым, цыкл «Песні», створаны паводле фальклорна-эстэтычных традыцый таго ці іншага народа, істотна ўзбагачае айчынную літаратуру новымі формамі, стылістыкай, іншымі выяўленчымі сродкамі. Разам з тым «Песні» сталі яскравым сведчаннем шырокіх, фактычна неабмежаваных магчымасцей беларускай мовы, у чым і заключалася задума дадзенага цыклу, на высокім узроўні рэалізаваная Багдановічам-інтэрпрэтатарам.
Анатоль Брусевіч, дацэнт, кандыдат філалагічных навук