Рэлігійныя матывы ў творчасці народных паэтаў Беларусі: Пятрусь Броўка
У Дзень беларускага пісьменства ў Свята-Пакроўскім саборы г. Гродна прайшла культурна-асветніцкая імпрэза пад назвай “Рэлігійныя матывы ў творчасці народных паэтаў Беларусі”.
Калі мы размяркоўвалі паміж удзельнікамі нашай імпрэзы тэмы выступленняў, я адразу адчуў, што постаць Петруся Броўкі найменш прывабная. Ніхто моцнай зацікаўленасці адносна аналізу паэзіі Петруся Броўкі не выказваў. Таму, як адзін з арганізатараў, я вымушаны быў узяць на сябе адказнасць за пошук рэлігійных матываў у паэзіі гэтага народнага паэта Беларусі.
Яшчэ некалькі гадоў таму я набыў паэтычны зборнік П. Броўкі і прачытаў яго, таму нейкае веданне яго паэзіі ў мяне было. Трэба сказаць, што ўжо тады я быў здзіўлены, што ў гэтага паэта такое гучнае імя, і раптам паэзія сярэдняга ўзроўню. Я падзяліўся сваімі думкамі з вядомым гарадзенскім паэтам Юркам Голубам, на што ён карэктна заўважыў, што Броўка не такі ўжо і слабы паэт.
І я ўзяўся за працу.
Свой аналіз я пачаў з таго, што азнаёміўся з біяграфіяй паэта і ўбачыў наступнае. Пятрусь Усцінавіч Броўка нарадзіўся ў 1905 годзе на Віцебшчыне, скончыў вясковую царкоўнапрыходскую школу (тут я адразу зацікавіўся), але ўжо ў 13 гадоў паэт трапляе на працу ў валасны ваенны камісарыят, затым працуе ў валвыканкаме. У 18 гадоў абіраецца сакратаром камсамольскай ячэйкі, праз год – старшынёй сельсавета. Крыху пазней пераходзіць на працу ў акруговы Полацкі савет ЛКСМБ.
Я зразумеў, што рэлігійных матываў у паэзіі таго перыяду не будзе. Тым больш упэўніўся, калі прачытаў, што малады П. Броўка захапляўся не толькі С. Ясеніным, але і У. Маякоўскім. Апрача таго, ў сваіх успамінах П. Броўка зазначаў: “асабліва прыцягвала мяне сваёй злабадзённасцю паэзія Дзям’яна Беднага”.
Тады я ўспомніў чыюсьці параду, што паэтаў трэба чытаць з канца, і перагартаў вершы апошніх гадоў жыцця паэта. І нават там не знайшоў ніводнага рэлігійнага матыву. Да каго звяртаўся паэт у апошнія гады жыцця, так гэта да роднай зямлі, чалавека, неба, але не да Бога.
Што і не дзіўна, бо яго імя, як піша Ларыса Рублеўская ў артыкуле “Паэт і бронза”, стала сінонімам словазлучэння “беларускі савецкі пісьменнік”. Пятрусь Броўка быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам ЦК Кампартыі БССР, акадэмікам АН БССР, Героем Сацыялістычнай Працы, лаўрэатам дзвюх Сталінскіх, Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР і БССР, узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР.
Пасля гэтага, каб быць шчырым даследчыкам, я прачытаў 5 тамоў паэзіі П. Броўкі і значную частку крытычнага матэрыялу. І знайшоў у паэзіі паэта мноства цікавых, хутчэй антырэлігійных і антыклерыкальных матываў і разважанняў.
У паэме “1914”, напісанай у 1933 г. і прысвечанай Першай Сусветнай вайне, паэт апісвае негатыўны вобраз папа Анемпадзіста. У паэме “Мінск” у главе “Тры слупы імперыі” паэт піша аб Праваслаўнай Царкве як аб частцы Самадзяржаўя. І ўжо пазней, у вершы да свайго пяцідзесяцігоддзя, паэт успамінае сваю камсамольскую маладосць і піша: “як мы змагаліся з папом і самагонам”.
Але не толькі пафас камсамольскай маладосці з сатырычным стаўленнем да рэлігіі быў уласцівы паэзіі Петруся Броўкі. Ужо ў пазнейшым перыядзе яго творчасці я знайшоў больш глыбокія разважанні.
Неяк размаўляючы з манахам Іаанам Бембелем, паэтам, насельнікам Свята-Успенскага (Жыровіцкага) манастыра, я пачуў ад яго словы на адрас Петруся Броўкі: “Усе яны, вясковыя хлопчыкі, былі недалёка ад Бога”.
Падобныя думкі выказвае і Альгерд Бахарэвіч у сваім артыкуле “Квадратны рай” на сайце “Радыё Свабода”: “Як колішні вучань царкоўнапрыходскай школы, Пятрусь Броўка на ўсё жыццё захаваў рэлігійнае ўспрыманне свету… Пасталеўшы, такія людзі, за што б яны не ўзяліся, займаюцца адным: распрацоўкай сваіх версій раю і пекла”. Прыкладам служаць два вершы пад аднолькавай назвай “Рай”, напісаныя ў 1964 і 1979 гг. Апошні прывяду ў якасці прыкладу:
Ну, дзе той рай… Каб дамагаўся
З нас кожны выйсці ў райскі шлях,
Як быў малым, ён падабаўся
Ў кутках хацін на абразах.
Глядзеў я цэлыя гадзіны
І думаў: добра быць святым –
Ў раі той бог, што на пярыне,
Блакіт аблокаў па-над ім.
Напэўна, бог не ведаў долу –
Ў раі зямлі і не відаць,
Нашто зямля яму? Анёлам
Без ежы хораша спяваць.
Мне божы рай не кінуў следу,
Хоць быў я згодны на слугу…
Падрос. І я, набыўшы ведаў,
Дзе рай знайшоў, сказаць магу.
Любіў на неба я дзівіцца,
Аблокі – толькі сустракай,
А чым не рай каля крыніцы?
А пад бярозкай чым не рай!
Ну возьмем мы хаця Палессе –
І шум садоў і гул дуброў…
А чым не рай на ўзгорку ў лесе,
Дзе шмат суніц, баравікоў?
Сяджу пад дубам, пад кашлатым,
Які нікому не скрануць…
Ну, чым не рай, дзе мне дзяўчаты
Лепш за анёлаў тых пяюць?
Калі б нас лёс куды ні кінуў
І дзе б нам у гасцях не быць –
Ёсць столькі раяў на Айчыне,
Што іх нікому не злічыць.
(1979)
У вершы “Імя”, напісаным у 1967 г., П. Броўка параўноўвае сябе з апосталам Пятром. Для мяне гэты верш падаўся вельмі цікавым – як духоўныя разважанні члена ЦК Кампартыі і як водгук яго рэлігійнага выхавання:
Нават птушак, звяроў зваць адзіным найменнем няможна,
Дрэвы маюць імя, хоць з адзінаю назваю лес.
А тым больш чалавек, яго ж трэба хоць неяк адрозніць,
Шмат імёнаў даюць, і відаць з іх у кожнага сэнс.
Што ж, імя як імя. Не бацькі, а ў царкве мне давалі,
Кажуць – Пётра я – камень, толькі з крэмнем магчыма раўняць.
Пётра я, ды не той, што ў раю з залатымі ключамі,
Толькі рай, каб ён быў, я б хацеў ля яго пастаяць.
На пасадзе такой не пісаў бы лірычныя вершы.
Душ людскіх я б аналізы добра рабіў,
І, прымаючы захад, быў бы я і напэўна цвярдзейшым,
Бо ў жыцці, вось бяда, я такім непахісным не быў…
…Я б забыўся пра гэта, няхай, мала што я сустрэціў,
Адышло ўсё з гадамі, адляцела ў паветра, як дым.
Я б такое зрабіў, і са мной былі б згодны на свеце.
Пётрам Правільным звалі б, хай не клікалі б Пётрам святым…
Гэты верш мяне акрыліў. Аказваецца, нават і ў П. Броўкі ёсць рэлігійныя матывы. Калі я потым наўскідку перагортваў томікі А. Куляшова, М. Танка і П. Панчанкі, такіх роздумаў я не сустрэў, але магу і памыляцца. Але пасля верша “Пра чырвоную зорку” мая ўзрушанасць знікла. У артыкуле “Незабыўны Пётр Усцінавіч” у часопісе “Полымя” Танад Чарказян піша: “Ён быў верным сынам таго грамадства, у якім жыў. І нішто не магло парушыць яго святых перакананняў…”:
Калі б хто запытаўся
Аб пачуцці маім:
Што люблю я найболей,
Захапляюся чым?
Адказаць бы не здолеў
Я, напэўна, шчырэй:
За чырвоную зорку
Мне нішто не мілей.
Бо яна гадавала
З ёй з маленства я рос
Мне чырвоная зорка –
І мой бог і Хрыстос…
Падобны настрой адчуваецца і ў вершы “Крыжы і зоркі”:
У кожным часе воблік свой,
Між іх,
Як быццам рубяжы, –
Калісьці над усёй Масквой
Крыжы, крыжы, крыжы, крыжы…
…Як год семнаццаты прыйшоў,
Крыжы схіліліся
На ніз,
І зоркі з полымя сцягоў
Ўзляцелі пераможна ўвысь.
Але калі вярнуцца да словаў манаха Іаана Бембеля, то паэт звяртаўся да свайго дзяцінства і ў сваіх позніх вершах:
Як да бярна бярно кладзецца,
Як жытны колас вырастаў,
Што не буслы малых прыносяць,
Яшчэ з маленства я пазнаў.
Не мог жа аніяк паверыць,
Што не стаіць, плыве зямля,
Шукаў на небе калясніцу,
Якую мчаў святы Ілля…
Чакаў дзядоў я на Каляды,
Куццю ім ставячы як след.
Ва ўсім тады быў з бабкай згодны,
І быў мне ясны цэлы свет..
Ішлі гады. І я выходзіў
З тае дзіцячай прастаты,
І раскрываліся мне тайны,
Нібы з пупышак тых лісты…
Гэтыя ваганні паміж рэлігійным выхаваннем дзяцінства і сталым светапоглядам дзеяча савецкай культуры (літаратуры, улады) не пакідалі П. Броўку да канца жыцця.
Але апошні верш, які напісаў паэт перад смерцю ў 1980 г., называецца “Савецкі чалавек” і скончваецца словамі:
Мне жыць і жыць без дум аб смерці,
І скрозь мой дом – далёка й бліз.
Вядзе маё наперад сэрца
Адзіны надпіс – Камунізм.
Напрыканцы хочацца ўзгадаць словы другога народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “Быў век, быў час, была эпоха…”
Савецкая ўлада праз свайго кіраўніка Хрушчова яшчэ ў пачатку 60-х гг. XX ст. прагназавала ў 1980 г. канчатковае ўсталяванне камунізму, а наконт БССР кіроўныя колы Савецкага Саюза казалі, што гэта краіна павінна стаць першай атэістычнай рэспублікай. Калі народны паэт Беларусі піша ў 1980 г. свой апошні верш з апошнім словам “камунізм”, значыць па-іншаму і быць не магло. Якім быў народ, такімі і былі яго народныя паэты.
Iерэй Павел КАСПЯРОВIЧ