Гісторыя гарадзенскіх цэркваў вывучаецца з ХІХ ст., але нельга сказаць, што на ўсё пытанні атрыманы адказы[1]. У гістарыяграфіі склаўся шэраг памылковых меркаванняў, якія пераходзяць з адной працы ў другую. Напрыклад, лічыцца што ў Гародні існавала царква Св. Спаса. Меркаванне базуецца на дакуменце за 1514 г.[2], па якому свяшчэннік Марк атрымаў дазвол пабудаваць млын з гаццю на рацэ Котра на набытай зямлі[3]. Але тут ідзе гаворка пра Котру. На той час там існавала царква Св. Спаса[4]. Котра належала Юрыю Катовічу, аб чым згадваецца пра гэта ў справе за 1532 г.[5] Падзел маёмасці пасля яго сына Павела Катовіча, гарадзенскага маршалка і падкаморыя, адбыўся паміж яго дочкамі Паланеяй і Багданай утрымлівае важную згадку пра царкву Св. Спаса. Льву Масальскаму і Багдане адышлі маёнтак Ожскі з выплатай пазыкаў, дамы і пляцы ў Гародні, царква ў Котры Св. Спаса: “Всих домовъ и пляц в месте Городенскомъ лежачых, к церкви Котаровское светого Спаса з кгрунтеи церквны з домами поповскими из церквами, которая церковъ и домы в месте Городенскомъ” (1573)[6].