Будаўніцтва храма
Гісторыя Пакроўскага сабора пачынаецца прыкладна сто гадоў таму . Пачатак стварэння храма не прадвяшчаў яму вялікай славы і гонару. Нягледзячы на архітэктурныя маштабы, было гэта досыць звычайнае будаўніцтва. Дзіўным з'яўляецца факт, што падзея асвячэння велізарнай гарнізоннай царквы не знайшла адлюстравання ані ў “Гродзенскіх губернскіх ведамасцях”, ані, што больш важна, у “Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях”.
Увогуле напісаць яго гісторыю аказалася досыць цяжка – усе дакуманты аб будаўніцтве, аб першых гадах існавання былі вывезеныя з Гродна ў Пецярбургскія архівы напачатку першай сусветнай вайны, так што нам пакуль невядома імя першых настаяцеляў сабора, амаль нічога не ведаем аб ходзе будаўніцтва, аб падзеях першай чвэрці стагоддзя, звязаных з ім. Час абыйшоўся так, што ў гістарычным здабытку гродзенцаў дайшлі да нас толькі асноўныя вехі ягонага існавання. Цяпер мы ўсяго толькі паспрабуем іх падсумаваць.
Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя царскі ўрад з мэтай сцвярджэння непахіснасці ўлады і праслаўлення вайсковай магутнаці імперскай арміі актывізаваў будаўніцтва крэпасных, гарнізонных і палкавых цэркваў. У 1900 годзе асобай камісіяй, створанай пры Галоўным штабе арміі, быў распрацаваны ўзорны праект вайскавой царквы дастатковай умяшчальнасці і параўнальна невялікага кошту. Такім праектам стала невялікая пяціглавая царква з трапезнай і высокай шатровай званіцай, выкананая ў “цагельным” стылі. Першая такая царква была пабудавана ў 1901 годзе ў Новым Пецяргофе для Каспійскага пяхотнага палка, а ўжо ў снежні таго ж года выйшла высокая пастанова: “Усталяваць да выканання на будучы час правіла, каб... праваслаўная царква ў выглядзе асобнага будынку была неад'емнай прыналежнасцю казармаў тых часцей войскаў, па статутах якіх ім нададзены прыходы”.
У 1901 годзе на патрэбы царкоўнага будаўніцтва Вайсковым ведамствам было дадзена 200 тысяч рублёў, у 1902-1903 гадах – па 450 тысяч рублёў і ў далейшым штогод аддавалася па 100 тысяч. За гэты час з'явілася столькі вайсковых храмаў, колькі іх не было пабудавана за два папярэдніх стагоддзя. У кожным з іх лічылася неабходным усталяванне невялікага мемарыяла і музею. [1]
Падрыхтоўка да царкоўнага будаўніцтва ішла і ў Гродзенскім гарнізоне. Такім чынам, першапачаткова наш сабор не з'яўляўся менавіта храмам-помнікам. Гэтаму “спрыялі” толькі наступныя трагічныя падзеі на Далёкім Усходзе, у якіх гродзенскі гарнізон панёс свае ахвяры.
Цікава, што першапачаткова гродзенскія ўлады былі супраць пабудовы вайсковай царквы на тым месцы, дзе яна стаіць цяпер. Тады сябры праваслаўнага Сафійскага брацтва звярнуліся па дапамогу да былога гродзенскага губернатара П.А. Сталыпіна, які недзе націснуў, і ўсё пайшло як мае быць.
Падчас вайны будаўніцтва царквы сцішылася, але пасля яе, пад уплывам як смутку, так і гонару за герояў, значна актывізавалася. Больш за тое, гарадское кіраўніцтва палічыла неабходным усталяваць пры храме музей і невялікі мемарыял у памяць герояў з Усходу, дзе гродзенцы маглі б ушаноўваць сваіх загінуўшых сяброў і сваякоў. Так нарадзілася ідэя храма-помніка.
Будавалі гарнізонную царкву як грамадзянскія, так і вайсковыя спецыялісты. Праект быў распра-цаваны ў інжынерным кіраванні Віленскай вайсковай акругі. За аснову будаўніцтва была ўзята ўзгаданая царква Каспійскага пяхотнага палка, аднак мясцовыя інжынеры ўняслі ў праект новыя архітэктурныя элементы, выкарысталі новыя будаўнічыя матэрыялы, дзякуючы якім яна атрымала свае непаўторныя рысы. Аўтарам праекту быў архітэктар М. Позараў. Пабудову вяла гродзенская інжынерная дыстанцыя, а ахова была перададзена 101 Пермскаму палку. Кіраваў работамі гродзенскі вайсковы інжынер-капітан Іван Еўграфавіч Савельеў (1861-1951).
Дапамагалі ў будаўніцтве грамадзяне, чыноўнікі ўсіх рангаў, афіцэры. Лёс сабора залежыў непасрэдна ад епіскапа Гродзенскага і Брэсцкага Міхаіла (Ермакова). Уладыка Міхаіл (свецкае імя Васіль Фёдаравіч Ермакоў) узначальваў нашую епархію з 1905 года, прыняўшы пасаду ад Ніканора (быў у Гродна з 26.11.1903 па 12.1905) ажно да першай нямецкай акупацыі горада ў 1915 годзе падчас першай сусветнай вайны і прыклаў шмат намаганняў, каб належным чынам завершыць будаўніцтва. Таксама не засталіся ўбаку протапрасвітар ваеннага і марскога духавенства Жалабоўскі, камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі генерал ад інфантэрыі Крыжывіцкі, загадчык інжынераў той жа акругі генерал-лейтэнант Аляксандраў, загадчык Гродзенскай інжынернай дыстанцыі палкоўнік Кайгародаў. Значныя намаганні па больш хуткаму адкрыццю храма праявілі сябры Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва. Дзякуючы іх намаганням, былі сабраны сродкі на аздабленне храма.
Стыль храма, як тады казалі, – рымская базіліка, а цяпер у літаратуры можна знайсці яго вызначэнне, як неарускі, псеўдарускі ці рэтраспектыўна-рускі.
У аснове храма ляжыць працяглы 3-нефавы аб'ём з 5-граннай апсідай і бакавымі рызніцамі. На галоўным фасадзе, кажучы мовай архітэктараў, створаны галоўны акцэнт – 10-метровая 8-гранная званіца з макаўкай. Вышыня званіцы з крыжом складае 18,5 сажэняў (39,5 метраў). На званіцы змяшчалася 9 званоў [2] вагой у 485 пудоў (у тым ліку самы вялікі звон важыў 301,5 пуда, а наступны – 109 пудоў). [3] Яе акаляюць невялікія шатры, таксама з макаўкамі. Над алтарнай часткай узведзены невысокі чацвярык з маляўнічым пяцікупаллем. Рызніцы таксама завершаны шатрамі з макаўкамі. Пры ўваходзе на франтальным фасадзе змешчаны двухкалонныя рундукі і высокія ганкі. Працяглыя бакавыя фасады на абодвух ярусах рытмічна расчлянёны праставугольнымі аконнымі праёмамі у багатых “церамных” ліштвах. Храм мае насычанае дэкаратыўнае ўбранне – прыкметы стылю – какошнікі, шырынкі, вітыя калонкі, магутныя сандрыкі, кілепадобныя броўкі арачных аконных праёмаў. Бела-дывановае дэкаратыўнае пакрыццё фасадаў маляўніча вылучаецца на цагляным карычнева-чырвоным фоне сцен. Шматколернасць узбагачаюць зялёныя дахі і шатры, вохрыстыя купалы.
Унутраная двусветлавая прастора храма 12 стаўпамі і перакінутымі цераз іх аркадамі падзелена на 3 нефы, перакрытыя плоскай столлю з маляўнічымі плафонамі, размалёванымі арнаментамі ў выглядзе старажытнарускай вязі. Па пярыметры зала апярэзана магутным прафіляваным карнізам. Сцены таксама размалёваны. Падлога кафляная з арнаментальным малюнкам. Прытворы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Разныя галоўны і бакавыя драўляныя іканастасы вылучаюць апсіду, маюць карычневую таніроўку і пазалоту, іх сілуэты фарміруюць 3-лопасцевыя кілепадобныя франтоны, цыбулепадобныя галоўкі. Над уваходам выступае кансольная галерэя хораў. [4]
Пабудова новай царквы абыйшлася ў 157 972 рублі, у тым ліку за зямлю аддалі 35 413 рублі. [5] Для параўнання, кошт браняносца – галоўнай марской карабельнай адзінкі, якіх за вайну згубілі 16 штук – складаў 9 мільёнаў рублёў.
30 верасня 1907 года новая царква была асвечана ў гонар Пакрова Прасвятой Маці Божай. Пры гэтай падзеі прысутнічала шмат гараджан, салдаты і афіцэры. Прысвячэнне сабора святу Пакрова было невыпадковым: з аднаго боку, гэта сімвалізавала заступніцтва Маці Божай за родную зямлю, з іншай – адзначала пачатковы этап бітвы на рацэ Шахэ, якая скончылася безвынікова, але з велізарнымі стратамі для абодвух бакоў (прыкладна, па 59 тысяч чалавек [6] ). Сімвалічны сэнс храма-помніка не вычэрпваўся яго прысвячэннем. Важнае значэнне меў таксама ўсталяваны хутка Хрэсны ход у свята Ўвахода Гасподня ў Іерусалім, дзе Пакроўскі сабор павінен быў абазначаць Град Нябесны. Апрача рэлігійнага сэнсу, гэтае шэсце напамінала сучаснікам аб гераізме воінаў, што загінулі. У памяць аб іх было таксама вырашана перадаць у новы храм такія рэліквіі гэтай вайны, як палкавыя іканастасы і іконы, якія былі з салдатамі падчас баёў. Гродзенскі Царкоўна-археалагічны Камітэт абвясціў аб зборы ўзнагарод, асабістых рэчаў, фотаздымкаў, дакумантаў тых, хто загінуў, і іншых сведчанняў подзвігаў гродзенцаў у руска-японскай вайне. Нажаль, лёс гэтага сабрання цяпер невядомы.
Вялікую ролю ў пераўтварэнні гарнізоннай царквы ў комплекс, які уключаў у сабе менавіта храм і музей, прасвятляючы сэнс помніка, адыгралі гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы Я.Ф. Арлоўскі, У.С. Манассейн, Д.М. Мілюцін, А.А. Турчыновіч, Д.Н. Кропатаў, Л.М. Саланевіч, протаіерэі Н.Р. Дзікоўскі, І.В. Карчынскі і іншыя. Яны былі ініцыятарамі збора сродкаў на стварэнне мемарыяльных дошак і ўкладальнікамі іх тэкстаў і знешняй аздобы.
Справа ў тым, што адразу пасля вайны сталічнае “Таварыства паўсямеснай дапамогі салдатам, якія пацярпелі на вайне, і іх сем'ям” даручыла мастаку-архітэктару С.А. Аўсяннікаву распрацаваць праект тыповай памінальнай дошкі. Замова была выканана і рэкамендавана таварыствам у якасці ўзору з мэтай наступнай вытворчасці і ўсталявання ў прыхадскіх храмах на радзіме тых, хто загінуў. Над надпісам “За Веру, Царя и Отечество живот свой положивших в войну с Японией в 1904-1905 гг.” павінна было ісці імя забітага, месца яго нараджэння і назва вайсковай часці, у якой ён служыў. Аздабляла дошку выява двухгаловага арла з вензелем Мікалая ІІ. Такія дошкі з'явіліся ў пачатку стагоддзя ў шматлікіх прыхадскіх храмах па ўсёй імперыі. [7]
Але гродзенцы ўзялі з узора толькі імперскі герб (арлы да нашага часу не захаваліся – бачны толькі след ад балтоў, якімі яны былі прывінчаныя), а вернападданіцкія выразы апусцілі. Вырашылі зрабіць толькі дзве дошкі з белага мармуру. Іх выраб даручылі майстру Б. Шышкевічу. Цяпер кожны можа прачытаць на тых двух дошках імёны герояў.
На першай дошцы змешчаны наступны тэкст:
“Офицеры и нижние чины 26 артиллерийской бригады, убитые и умершие от ран в войну с Японией в 1904-1905 гг.
Офицеры.
Штабс-капитан Николай Николаевич Лепешинский, умер от ран 29 сентября 1904 года при дер. Уй-Пинин.
Поручик Михаил Иосифович Толкачев, убит 16 февраля 1905 года при дер. Сыдяза.
Подпоручик Евгений Карлович Шпигель, умер от ран 26 сентября 1904 года при дер. Уй-Пинин.
Прапорщик Оскар-Людвиг Оскарович Таттер, убит 16 февраля 1905 года при дер. Сыдяза.
Прапорщик Вольдемар Игнатьевич Земит, убит 28 сент. 1904 года при дер. Уй-Пинин.
Нижние чины
Бомб.-лабар. Иван Васильевич Терентьев.
Младший фейерв. Степан Иванов Томко.
Канонир Григорий Денисов Попов.
Бомбар.-лабарат.Константин Степанов Дорофеев.
Канонир Павел Парфенов Кудрявцев.
Штб.-трубач Нестор Федоров Андрейчик.
Бомбардир-наводчик Кондратий Иоганесов Урих.»
Другая дошка прысвечана афіцэрам іншых фарміраванняў Гродзенскага гарнізона:
“ Офицеры Гродненского гарнизона, убитые и умершие от ран в войну с Японией.
101 пех. Пермский полк:
Подполковник Виктор Павлович Соколов, убит 20 августа 1904 года под Ляояном.
Штабс-капитан Иван Иванович Яковлев, убит в июле 1904 года в бою под Вафангоу.
Подпоручик Константин Константинович Федоров, убит в ноябре 1904 года на рекогносцировке.
102 пех. Вятского полка:
Капитан Сергей Петрович Мирчуков, убит.
Штабс-капитан Василий Степанович Кричинский, убит.
Подпоручик Сергей Маркович Аггеев, убит.
103 пех. Петрозаводского полка:
Подпоручик Александр Петрович Бабин, убит в июле 1904 года в бою под Вафангоу.
171 пех. Кобринского полка:
Штабс-капитан Виктор Иванович Минин, убит 20-го августа 1904 года у копий “Янтай”.
Подпоручик Александр Иванович Ивлиев, умер от ран.”
Гэтыя імёны былі выбраны з ліку воінаў гродзенскага гарнізона, але загінуўшых на той вайне гродзенцаў было нашмат больш, аб чым чытач ужо даведаўся з папярэдняй часткі нашай аповесці. Чаму на дошках не ўвекавечылі адразу ўсіх – цяпер невядома. Хутчэй за ўсё, гэтая думка проста не прыйшла ў галаву нашым краязнаўцам, бо царква належыла ўсё ж гарнізону.
Продолжение следует.
Степан СТУРЕЙКО
1 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на гродненщине. Часть 1. – Гродно, 2000, - с. 60-61
2 Цяпер на званіцы вісіць 6 званоў, яшчэ ў саборы ёсць 2 малых звана. З паверхняга агляду званоў вынікае, што ўсе яны зусім розныя, такім чынам, “калекцыя” званоў сабору зборная і няма пэўнасці, ці захаваліся сярод цяперашніх званоў тыя, першапачатковыя.
3 Орловский Е. Гродненская старина. Часть 1. Город Гродно. – Гродно, 1910, - с. 337
4 Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі. – Мн.:“Беларуская энцыклапедыя”, 2001, - с. 63
5 Орловский Е. Гродненская старина. Часть 1. Город Гродно. – Гродно, 1910, - с. 337
6 Апушкин В.А. Русско-японская война1904-1905 г.– М., 1911, - с. 141
7 Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на гродненщине. Часть 1. – Гродно, 2000, - с. 63-64